Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады будуць “вельмі сур’ёзна” працаваць над мараторыем


Нацыянальны сход Беларусі зноў атрымае статус адмыслова запрошанага ў Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы толькі пасьля таго, як будзе прыняты мараторый на сьмяротнае пакараньне. Так пастанавілі сёньня ў Страсбуры дэпутаты Парлямэнцкай асамблеі. Як ставяцца да гэтага рашэньня беларускія палітыкі і праваабаронцы?


Праваабаронца Валянцін Стэфановіч лічыць вельмі важнай умовай патрабаваньне эўрапейцамі мараторыю на сьмяротнае пакараньне:

“Гэта не зьяўляецца абавязковай умовай для аднаўленьня статусу. Датычна Беларусі гаворка пакуль не ідзе пра паўнавартаснае сяброўства ў Радзе Эўропы, дзе забарона сьмяротнага пакараньня — умова абавязковая. Але тым ня менш нашы ўлады кажуць, што яны нібыта гатовыя да ўвядзеньня мараторыю. Сёлета мы такіх выказваньняў чулі шмат. Але, акрамя гаворкі, справа ніяк ня рухаецца. Хоць для вырашэньня дастаткова ўказу прэзыдэнта альбо адпаведнага зьмяненьня парлямэнтам Крымінальнага кодэксу. Ёсьць рашэньне Канстытуцыйнага суду. Паколькі ў Канстытуцыі запісана, што сьмяротнае пакараньне носіць часовы характар, то ня трэба ніякіх рэфэрэндумаў. І гэта адлюстравана ў рашэньні Канстытуцыйнага суду ад 2004 году”.

Намесьнік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў Ігар Карпенка мяркуе: “Над гэтым пытаньнем трэба працаваць”:

“У прынцыпе, у нас апошнім часам значна гуманізавалі крымінальнае заканадаўства. Скарочаны шэраг артыкулаў, паводле якіх ужывалася сьмяротнае пакараньне. Я ведаю, нават паводле размоваў з калегамі-дэпутатамі, што мы гатовыя працаваць у гэтым кірунку і далей з усімі зацікаўленымі, прынамсі са структурамі выканаўчай улады і з грамадзянскай супольнасьцю таксама. Тут павінна быць пэўная заканадаўчая ініцыятыва. Але яна патрабуе і сур’ёзнай падрыхтоўкі. Грамадзкая каардынацыйная рада пры Адміністрацыі прэзыдэнта ўжо абмяркоўвала гэтую праблему. Мы, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў мінулага скліканьня, таксама наведвалі некалькі калёніяў. Адным словам, нам трэба ў гэтым кірунку вельмі сур’ёзна папрацаваць”.

Анатоль Лябедзька, сустаршыня Палітрады аб’яднаных дэмсілаў Беларусі, сёньня знаходзіцца ў Страсбуры, дзе ён прадстаўляе пазыцыю АДС:

“Я канстатую, што ў нас розныя прыярытэты і мэты. Мы выступаем за тое, каб Беларусь мела прадстаўніцтва ў Радзе Эўропы і ў Парлямэнцкай Асамблеі. Улады ж зацікаўленыя толькі атрымаць статус адмыслова запрошанага як нейкі доказ таго, што чыньнікі, якія прывялі да замарожваньня статусу, ужо ліквідаваныя.Таму мы будзем пасьлядоўна змагацца за тое, каб Беларусь адпавядала стандартам Рады Эўропы. І гэта можа прывесьці да пэўных істотных зьменаў у краіне. Ну, а ўлады будуць спрабаваць атрымаць статус спэцыяльна запрошанага і, хутчэй за ўсё, далей не ісьці і на гэтым спыніцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG