Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віданава: “Альтэрнатыва тэлекнопцы “Выкл.” – кампутарная клавіша “Старт”


Ірына Віданава
Ірына Віданава

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Ірына Віданава. Сёньня Ірына разважае пра маладую беларускую журналістыку.


– Мне ўпершыню давялося паўдзельнічаць як дэлегату ў зьезьдзе БАЖу. Прыемна, што арганізацыя зьяўляецца эфэктыўнай і прэстыжнай, што гаворка вялася ня толькі пра праблемы, зь якімі сутыкаюцца незалежныя СМІ, але і аб прафэсійнай дзейнасьці. Радасна, што ня толькі выжыла незалежная журналістыка, рэспубліканскія і рэгіянальныя выданьні, але – колькасьць сябраў БАЖу, у тым ліку маладых.

Ірына Віданава. Нарадзілася ў Менску. Дзесяць год таму скончыла гістарычны факультэт БДУ. Пазьней займалася ў асьпірантуры, дасьледавала гісторыю Беларусі. З 1998 да па 2003 год была галоўнаю рэдактаркаю часопіса “Студэнцкая Думка”. Выкладала гісторыю Беларусі ў Ліцэі пры БДУ, працавала выкладчыкам на катэдры “Гісторыі старажытных часоў і сярэдніх вякоў Беларусі” гістфакультэта БДУ.

Два гады вучылася ў ЗША, дзе скончыла магістратуру па спэцыяльнасьці “Грамадзкая палітыка і міжнародныя адносіны”. Цяпер займаецца незалежнымі аналітычнымі праектамі.

І ўсё ж такі было крыху сумна, бо пазіраючы на твары маладых журналістаў, хоць і нешматлікіх, але прадстаўленых у залі, мне прыгадалася: тыя незалежныя моладзевыя выданьні, якія напачатку 2000-х будзілі, правакавалі, інфармавалі і натхнялі моладзь, на жаль, да сёньня не дажылі. “Навінкі”, “Молодежный проспект”, “Беларуская молодежная”, “Студэнцкая думка”...

Можа, гэта і натуральны працэс. Моладзь часта загараецца, распачынае нешта, а потым пераключаецца на іншае. Да таго ж зьяўляюцца новыя, больш прывабныя для моладзі інфармацыйныя тэхналёгіі. Інтэрнэт тут безумоўным лідэрам.

Тым ня менш, у суседняй Літве з насельніцтвам менш за 3.5 мільёна, выдаецца моладзевы часопіс “Pravda” накладам у 30 тысяч. Папулярны моладзевы часопіс “Chili”у Даніі, дзе жыве 5.5 мільёна, выходзіць накладам у 80 тысяч. Я перакананая: і ў Беларусі, каб не перасьлед, эканамічны прэсінг, ціск і закрыцьці, была б таксама каляровая палітра моладзевай прэсы. Магчыма, выданьні, што я пералічыла раней, зьніклі б усё роўна, але на іх месцы нарадзіліся б новыя, іншыя, але таксама яркія і дзёрзкія.

І ўсё ж, як закаранелая аптымістка, я радуюся, што моладзь, безумоўна, зьяўляецца піянэрам і флягманам у галіне новых СМІ. Зьявіліся папулярныя моладзевыя он-лайн праекты, мульты-медыя часопіс на кампакт-дысках, выдаюцца бюлетэні, лякальныя газэткі ды самвыдатаўскія зіны; тысячы маладзёнаў вядуць свае блогі, якіх толькі ў ЖЖ больш за 30 тысяч.

І яшчэ адно назіраньне: за ўсе гэтыя гады дзяржава так і ня здолела стварыць уплывовае праўладнае моладзевае выданьне.

Чаму? Таму што, на мой погляд, моладзевыя СМІ становяцца папулярнымі толькі тады, калі ствараюцца яны свабоднымі і крэатыўнымі маладымі людзьмі.

Можна загнаць студэнтаў у псэўда грамадзкую арганізацю і нават прымусіць падпісацца на дзяржаўную газету, але змусіць чытаць, слухаць і глядзець нецікавае ды фальшывае практычна немагчыма.

Недарма ў тэлевізары ёсьць кнопка “Выкл.”, а ў кампутары – клавіша “Старт”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG