Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скрабец: “Суд над забойцам мае адбыцца ў бліжэйшы час”


Сяргей Скрабец
Сяргей Скрабец

Грамадзкі рэдактар тыдня Сяргей Скрабец. Сёньня Сяргей Скрабец расказвае пра ўнутраную стратэгію эўрапейскіх сілаў Беларусі.


– Сёньня яна заключаецца ў тым, каб знайсьці дастойнага кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах наступнага году. І вызначыць патрабаваньні да яго. Адным зь іх мусіць стаць наступнае: ніякіх кампрамісаў зь дзейным рэжымам і яго прадстаўнікамі…

Сяргей Скрабец нарадзіўся ў Лідзе, яму 46 гадоў. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі другога скліканьня, узначальваў апазыцыйную дэпутацкую групу “Рэспубліка”.

У 2007-2008 гадах актыўна ўдзельнічаў у працы Беларускай сацыял дэмакратычнай Грамады – абіраўся сябрам Цэнтральнай Рады, кіраваў сталічнай суполкай, працаваў першым намесьнікам старшыні партыі.

Ад сёлетняга сакавіка Сяргей Скрабец зьяўляецца старшынёй Цэнтральнага Аргкамітэту БСДП(С) – Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі “Свабода”.

Я думаю, за пятнаццаць гадоў нават дзіцяці ўцяміла – дэмакратычных пераўтварэньняў у нашай краіне пры Лукашэнку ня будзе! Сотні тысячаў людзей былі вымушаныя эміграваць зь Беларусі ў пошуках лепшага жыцьця. І цяпер працуюць у Расеі, Эўропе, Амэрыцы – паўсюль, апроч роднай краіны.

Сусьветны крызіс, які толькі пачаў праяўляцца ў нас, застанецца тут назаўсёды, калі не адбудуцца перамены. Таму трэба ратаваць краіну ад “лукашызму”. Трэба вяртаць адукаваных спэцыялістаў і выводзіць яе з крызісу.

Любыя перамовы з рэжымам могуць прывесьці да зьнішчэньня Беларусі, як дзяржавы. І гора-палітыкі кшталту спадара Мілінкевіча самі таго ня ведаючы садзейнічаюць найгоршаму варыянту разьвіцьця падзеяў.

Зараз наша задача ў тым, каб аб’яднаныя дэмакратычныя сілы на сваім бліжэйшым кангрэсе вызначыліся са стратэгіяй і з адзіным кандыдатам.

Мы ня ў стане ўсталяваць у краіне дэмакратыю ў прамым сутыкненьні з рэжымам, які скарыстоўвае супраць іх усю моц дзяржаўнай машыны. Іх задача – рыхтаваць глебу для дэмакратычных пераменаў, укараняючы ў грамадзтве перакананьні ў жыцьцёвай неабходнасьці такіх зьмен, дэлегітымізучы рэжым у вачах большасьці. Нават тых, хто ўваходзіць у дзяржаўны мэханізм.

Раней ці пазьней гэтая праца дасьць плён, жаданьне пераменаў абавязкова выявіцца ў нейкай форме. Магчыма, гэта будуць сацыяльныя пратэсты. Раптоўная праява масавай незадаволенасьці чарговымі фіктыўнымі выбарамі. Магчыма, гэта будуць апераджальныя дзеяньні знутры рэжыму ці звонку.

Рэальны шанец для перамогі дэмакратыі даюць бліжэйшыя прэзыдэнцкія выбары, якія, на мой погляд, адбудуцца напрыканцы наступнага году. Эўрапейскія сілы мусяць імкнуцца да вылучэньня на іх адзінага кандыдата ў прэзыдэнты.

Ён павінен адпавядаць шэрагу патрабаваньняў, сярод якіх – здолець прэзэнтаваць грамадзтву эўрапейскую плятформу, зь ідэяй інтэграцыі Беларусі ў Эўразьвяз. Натуральна, гэты чалавек мусіць быць здольным атрымаць падтрымку большасьці выбаршчыкаў. Не зважаючы на небясьпеку – абараніць сваю перамогу ва ўмовах масавых фальсыфікацый.

Фактычна – быць здольным ахвяраваць сваім жыцьцём дзеля перамогі.

Свабода не прыходзіць сама: яе можна толькі вырваць з рук тых, хто хоча вечна панаваць над намі.

Сёньня – дзясятая гадавіна зьнікненьня Юрыя Захаранкі. У 18 гадзін АГП прапануе акцыю на Плошчы. Я таксама там буду. У краіне засталіся людзі, якія здольныя ахвяраваць жыцьцём, здольныя змагацца зь нелегітымнай уладай.

Красоўскі, Захаранка, Ганчар, Завадзкі – гэта ўсё ахвяры рэжыму. І мы ведаем вінаватых у іх забойстве. І лічым: суд над забойцам павінен адбыцца ў бліжэйшы час.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG