Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяніс Васкабовіч: У нашым заканадаўстве хапае пралазаў для чыноўнікаў


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня — Дзяніс Васкабовіч. Яму 36 гадоў, нарадзіўся і вырас у Менску. Архітэктар. Закончыў Беларускую політэхнічную акадэмію, мае двух сыноў. Жывуць яны ў прыватным сэктары, які патрапіў пад бульдозэрнае руйнаваньне ў сувязі з будаўніцтвам мэтро. Сям’і Дзяніса, ягоныя суседзям былі прапанаваныя ўладамі ўмовы перасяленьня, якія значна пагаршаюць умовы іхняга пражываньня. Напрыклад, жылплошча зьмяншаецца ўдвая, кватэры на гарадзкім ускрайку. Цягам тыдня спадар Васкабовіч раскажа пра тое, як ён разам з сотнямі іншых менчукоў спрабуе адстаяць свае законныя правы. Сёньня — размова аб прававых аспэктах праблемы зносу прыватнага сэктару ў Менску.
Як ні парадаксальна, аднак дзейнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь дастаткова добра абараняе правы ўласьнікаў зносімых дамоў.

Асноўная праблема тут у тым, што прававыя нормы не сыстэматызаваныя, таму той, хто дабіваецца праўды, мусіць стаць сапраўдным экспэртам у палажэньнях Жыльлёвага, Грамадзянскага, Зямельнага кодэксаў, вывучыць некалькі пастановаў Саўміну, прэзыдэнцкіх указаў, дадатковай інфармацыі да іх.

Указ нумар 58 кіраўніка краіны, які ўступае ў сілу 1 траўня 2009 году, дастаткова добра прапісвае парадак працэдуры атрыманьня, разьліку, выплаты кампэнсацыі за дамы, што зносяцца. Аднак і ў ім, на жаль, пакінутыя пралазы для чыноўнікаў мясцовых адміністрацыяў, каб парушаць правы грамадзянаў.

Для ўласьніка дому важна добра ўяўляць працэдуру таго, як у яго забіраюць участак для дзяржаўных патрэбаў ці пад канкрэтнага інвэстара. Бо менавіта тут, на гэтым этапе, і адбываецца большасьць парушэньняў. А страта правоў на зямлю моцна ўскладняе далейшы судовы разбор адносна зносу нерухомасьці.

Згодна з патрабаваньнямі заканадаўства, землеўладкавальная служба яшчэ на этапе збору інфармацыі, неабходнай мясцоваму выканкаму для прыняцьця рашэньня пра лёс участку, павінна вызначыць, што ў каштарыс аб’екту неабходна ўнесьці пэўны аб’ём выдаткаў на адсяленьне, у тым ліку — на выдзяленьне новага жытла замест таго, што зносіцца.

Таму землеслужба падчас збору інфармацыі абавязаная падпісаць ва ўласьніка заключэньне аб выдзяленьні ўчастку для патрэбаў забудоўніка. На гэтай падставе Менгарвыканкам прымае адпаведнае рашэньне аб зямельным участку.

Зьвяртаю ўвагу, што блянк заключэньня мусіць абавязкова ўтрымліваць пункт “Пры ўмове…”, што мае на ўвазе вылучэньне ўласьнікам умоваў, на якіх узгадняецца забіраньне ўчастку для наступнага вызначэньня затратаў на кампэнсацыю за аб’ект зносу.

Таксама зьвяртаю ўвагу, што на гэтым этапе ўласьніку дастаткова важна заявіць свае патрабаваньні што да спосабу і памераў кампэнсацыі, кіруючыся пры гэтым пунктам 4 “Палажэньня пра парадак і ўмовы разьлікаў, зьвязаных са зносам ці пераносам жылых дамоў…” і пастановай Саўміну ад 30.03.2007 году (нумар 407).

У выпадку, калі да адпаведнага рашэньня мясцовага выканаўчага і распарадчага органу грамадзянін выбраў права на выдзяленьне яму кватэры, жылога дому і збудаваньняў пры ім замест жылога дому, які зносіцца, то інвэстар мусіць набыць яму ці то кватэру, ці то жылы дом са збудаваньнямі. Тое самае тычыцца працэдуры пераносу і аднаўленьня будынкаў, уключна з разьбіраньнем, транспартаваньнем, зьбіраньнем, заменай пашкоджанага ў адпаведнасьці зь дзейнымі нормамі і расцэнкамі.

Таксама хачу адзначыць, што ў выпадку, калі прадстаўнік забудоўніка альбо землеўладкавальнай службы навязвае вам сваю думку пра тое, што ўзгадненьне працэдуры адбору ўчастку не залежыць ад спосабу і памеру кампэнсацыі, вы маеце права адмовіцца. Тут спасылацца трэба на Кодэкс “Аб зямлі” ад 23 ліпеня 2008 году. Паводле яго зямельныя адносіны ў краіне будуюцца на прынцыпах “адзінства лёсу зямельнага ўчастку і разьмешчаных на ім капітальных пабудоваў…, галоснасьці і ўліку грамадзкай думкі” адносна ўсяго, што тычыцца абароны правоў землекарыстальнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG