Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымаць! Абшукаць! Адабраць!


Лідэра руху “Маладая Беларусь” Артура Фінькевіча на беларуска-польскай мяжы мытнікі вывелі зь цягніка і забралі ў яго ноўтбук.

СЛУХАЦЬ:


Гэта ня першы выпадак, калі актывістам на мяжы наладжваюць пільны кантроль і забіраюць у іх асабістыя рэчы. У так званы “чорны сьпіс” час ад часу трапляюць моладзевыя актывісты і некаторыя грамадзкія і палітычныя дзеячы. У камітэце мытнага кантролю паведамілі, што пакуль не гатовыя даць камэнтар.

Артур Фінькевіч цяпер знаходзіцца ў Варшаве. Ён паведаміў, што надгляд стаў для яго нечаканым. Амаль дзьве гадзіны мытнікі запаўнялі неабходныя паперы, каб пакінуць на мяжы ноўтбук Артура. Тым часам у купэ цягніка, у якім ехаў апазыцыянэр, мытнікі ператрэсьлі ўсе матрацы і бялізну.

Артур Фінькевіч
Артур Фінькевіч: “Яны запатрабавалі, каб я ўсё вывернуў з кішэняў. Перагледзелі ўсе мае рэчы на наяўнасьць сродкаў запісу і носьбітаў інфармацыі. Усё гэта працягвалася рэальна каля дзьвюх гадзін. Цягнік стаяў. Мяне ўсе былі вымушаныя чакаць.

Усё гэта, безумоўна, непрыемна, бо ўсе іншыя людзі, якія ехалі разам са мной, маглі падумаць, што я нейкі там злачынца. Калі я пытаўся, на падставе чаго будуць рабіць надгляд, яны паведамілі, што ня могуць даваць такую інфармацыю“.

Артуру Фінькевічу паведамілі, што ў выпадку неабходнасьці ноўтбук могуць трымаць да 30 сутак.

Павал Севярынец
Сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец цягам году кожны раз, як перасякаў мяжу ў тым ці іншым напрамку, праходзіў праз асабісты надгляд. Ён упэўнены, што яго ўнесьлі ў “чорны сьпіс” з адзінай мэтай — каб дадаць нязручнасьцяў пры замежных паездках.

“Безумоўна, гэта забірае час, безумоўна, гэта непрыемна. Безумоўна, затрымліваеш цэлы аўтобус ці нават самалёт. Гэта, хутчэй, форма псыхалягічнага ціску. Гэта спроба адбіць жаданьне езьдзіць, гэта й спроба пасеяць нейкую варожасьць паміж апазыцыянэрамі і іншымі людзьмі, як кажуць. Гэта прадуманая гэбэшная тэхналёгія”.

Аляксей Шэін
Аляксей Шэін заўсёды праходзіць на мяжы асабісты надгляд. Ён перакананы, што самім мытнікам гэтая працэдура не падабаецца. Падчас надгляду ён неаднойчы пытаўся, на падставе якога загаду дзейнічаюць памежныя службоўцы.

“Гэты сьпіс увесь час мяняецца. Адных уносяць у сьпіс, іншых — выкрэсьліваюць. Відаць, папросту ёсьць такое жаданьне, каб усе праз гэты канвэер прайшлі.

Па вялікім рахунку абсалютна няма ніякага сэнсу ў гэтых надглядах, таму што, напрыклад, пытаюцца, ці ёсьць носьбіты інфармацыі, флэшкі, ноўтбукі. Гэтыя ж памежнікі выдатна разумеюць, што, калі я захачу вывезьці нейкую інфармацыю за мяжу, то можна разьмясьціць яе ў інтэрнэце і забраць потым нейкі тэкст ці фотаздымкі проста, прыехаўшы ў нейкую краіну.

Яны паўтараюць адно і тое ж: “Вы ж ведаеце, мы людзі паднявольныя”.

Жана Літвіна
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна два гады таму была ў “чорным” сьпісе. Яна распавяла, што яе выводзілі зь цягніка ці аўтобуса і пераглядалі ўсе асабістыя рэчы. Але апошнім часам яна перасякае мяжу без праблемаў.

У 2007 годзе на мяжы мытнікі забралі больш за два дзясяткі кампутараў у студэнтаў-каліноўцаў і некаторых палітыкаў. Яны казалі, што дзейнічаюць згодна з загадам і кампутары пакідаюць для праверкі.

Некаторым студэнтам пасьля гэтага давялося зьвяртацца ў пракуратуру і суд, каб прымусіць мытнікаў вярнуць забраную маёмасьць.

У камітэце мытнага кантролю адмовіліся адказаць на пытаньне, чаму адных і тых жа людзей кожны раз правяраюць на мяжы пільней, чым іншых пасажыраў. У прэсавай службе спаслаліся на адсутнасьць інфармацыі, параілі накіраваць ліст камандаваньню і пачакаць пісьмовага адказу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG