Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прэзэнтавалі “Неизбывное” Аляксандра Дракахруста


Сёньня ў Менску адбылася прэзэнтацыя апошняй кнігі паэта Аляксандра Дракахруста, які два з паловаю месяцы таму пайшоў з жыцьця. Кніга называецца “Неизбывное” (“Непазбыўнае”).

Як і папярэднія зборнікі паэзіі Дракахруста, яна пераклікаецца з вайной, але асноўная тэма кнігі – каханьне. І прысьвечаная яна паэтавай жонцы Дзіне Манаевай, якая пакінула гэты сьвет за паўгоду да самога Аляксандра Дракахруста.

Прадмову да апошняй кнігі паэта-франтавіка Аляксандра Дракахруста напісаў яго сябар, літаратар Валянцін Тарас:

“Саша не зьбіраўся паміраць, а зьбіраўся жыць, як гэта ні цяжка. Нават задумы нейкія новыя былі. Ва ўсялякім разе, мы зьбіраліся правесьці гэтую прэзэнтацыю тут, у гэтай залі, прыкладна для гэтай самай аўдыторыі, удвух. І без маёй прадмовы...”

Валянцін Тарас падчас прэзэнтацыі

Але паэт Аляксандар Дракахруст не дажыў да прэзэнтацыі. Ён пайшоў з жыцьця праз 5 дзён пасьля свайго 85-годзьдзя. А апошні верш напісаў літаральна за пару дзён да свайго cыходу. Згадвае блізкі сябар паэта, літаратар Сямён Букчын:

“Мне здаецца, ён жыў і для нас, і для мяне. Таму што калі ён пайшоў з жыцьця (я не хачу ўжываць слова сіроцтва), але нейкая сувязь часоў абарвалася. Сышоў апошні інтэлігент. Аляксандар Абрамавіч быў інтэлігентам у найвышэйшым значэньні гэтага слова. Я не ўключаю туды дабрыні, далікатнасьці, выхаванасьці, культуры. І мне вельмі важна было дакрануцца, прытуліцца да гэтай яго высакароднай якасьці”.

Выступае Сямён Букчын

Сябар, літаратар Уладзімер Няхамкін (Мехаў) распавёў:

“У мяне дома ёсьць усе кнігі Аляксандра Дракахруста з надпісамі аўтара. Аля для мяне пражытае жыцьцё паэта і сябра, яго біяграфія – гэта аповесьць, асобны сюжэт, дзівосны і гераічны, характэрны для прамінулага XX стагодзьдзя”.

У 1937 быў рэпрэсаваны бацька, 17 гадоў правяла ў высылцы маці. Потым – Вялікая Айчынная вайна, служба на Далёкім Усходзе, праца ў вайсковай газэце... Аляксандар Дракахруст – аўтар шматлікіх зборнікаў вершаў: “Колер шчасьця”, “Мае вы гады-эшалёны”, “Далёкая сувязь”, “Мая Пляніда”, кнігі ўспамінаў “Што было, тое было”.

Літаратурны крытык Сямён Букчын заўважыў, што зь цягам часу Аляксандар Дракахруст стаў пісаць лепш, больш пранікнёна:

“Яго муза стала трагічнейшай, яна стала мудрэйшай. І разам з тым яна стала нейкай прасьветленай... Гэтая кніга поўная трагізму, гэта плач па памерлай жонцы, гэта плач па тым жыцьці, якое ён пражыў разам зь ёй. У гэтым сэнсе гэта вельмі кранальная кніга”.

Валянцін Тарас і Юры Дракахруст

Апошняя паэтава кніга выйшла дзякуючы падтрымцы сыноў – Юрыя і Алега, а таксама дзякуючы выдаўцу Зьмітру Коласу і рэдактарцы Фаіне Злоцінай.

Гаворыць сын паэта Юры Дракахруст:

“Я хачу згадаць адзін бацькаў верш, прысьвечаны маці:

“И остался бы, честное слово,
С этим сном, не стареющим сном...
Только б снова, ах, только бы снова
Ждать тебя на ветру ледяном...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG