Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчыма цалкам перайсьці на айчынныя лекі?


Апошнім часам некаторыя імпартныя лекі падаражэлі амаль ў два разы. Гэта пры тым, што імпартныя лекі і былі істотна даражэйшыя за беларускія аналягі. Міністэрства аховы здароўя паставіла перад фармацэўтычнай галіной задачу — стварыць і вырабляць максымальна больш айчынных лекаў, аналягічных імпартным па эфэктыўнасьці, але больш танных.

Нядаўна ў прэзыдэнцкай газэце “Советская Белоруссія” апублікаваная дыскусія “Навошта закупляць тое, што вырабляецца ў нас” — пра лекавае імпартазамяшчэньне. Ці магчыма перайсьці на беларускія лекі?

На імпартныя прэпараты даводзіцца да 70% усіх лекавых сродкаў, якія прадаюцца ў беларускіх аптэках. Доля беларускіх складае прыкладна 30%. А ўсяго ў краіне вырабляецца 656 найменьняў лекаў. Для параўнаньня: зараз у сьвеце выкарыстоўваецца прыкладна 6 тысяч лекавых прэпаратаў.

Ёсьць адмысловы загад міністра аховы здароўя: у клініках, стацыянарах шпіталяў выкарыстоўваць перадусім айчынныя лекі. Лекарам рэкамэндавана выпісваць рэцэпты таксама на беларускія лекі. Ну а льготнікам — толькі беларускія лекі.

Лекар-анколяг на ўмовах ананімнасьці пацьвердзіў:

“Указ усё ж такі ёсьць, калі беларускія вырабляюцца і імпартныя — аддаваць перавагу беларускім, рэкамэндаваць беларускія. Але ў анкалёгіі ўсё ж такі я не магу сказаць, што большасьць беларускіх лекаў. Не, канечне, бо ў Беларусі шмат чаго не вырабляецца на сёньняшні момант”.

У аптэках стала менш імпартных лекаў. Некаторыя істотна падаражэлі: да прыкладу, нямецкі анальгетык “катадалон” да Новага году каштаваў 29580 рублёў, цяпер — 39900.
У нас справы вельмі ня дрэнныя, усё нармальна па лекавых сродках, і таварныя запасы ў найлепшым выглядзе, і росту цэнаў няма.
Дарэчы, даражэлі й беларускія лекі: “нэўрабэкс” каштаваў 3690 рублёў, цяпер — 6540 рублёў. Гэта нягледзячы на перасьцярогі ўраду пазбаўляць ліцэнзіі тыя суб’екты гаспадараньня, якія ўзьнялі кошты болей чым на 20%.

Чыноўнік высокага рангу адмовіўся даць інфармацыю, чаму і на колькі імпартных лекаў закупаецца менш, чаму так вырасьлі цэны:

“У нас справы вельмі ня дрэнныя, усё нармальна па лекавых сродках, і таварныя запасы ў найлепшым выглядзе, і росту цэнаў няма — пра гэта дакладваю кожны дзень на плянёрцы. Але толькі ня трэба нічога пісаць, спасылацца на мяне. Я ніякіх камэнтараў не даю без дазволу Міністэрства аховы здароўя, без спэцыяльнага ўказаньня”.

Паводле інфармацыі кіраўніцтва прадпрыемства “Белфармацыя”, прырост продажаў лекавых сродкаў айчыннай вытворчасьці ў аптэках штогод складае 20%. Спэцыяліст у галіне фармакалёгіі на ўмовах ананімнасьці распавёў:

За беларускі асартымэнт вельмі моцна б’юць, так бы мовіць.
“Усе аптэкі павінны мець шырокі асартымэнт беларускіх прэпаратаў, любыя аптэкі, незалежна ад формы ўласнасьці. Бо выйшла нават адмысловая пастанова Міністэрства аховы здароўя, якая абавязвае выкладаць беларускія лекі на бачныя месцы. За беларускі асартымэнт вельмі моцна б’юць, так бы мовіць. Бо па аптэках ходзяць пастаянныя праверкі, і калі ў цябе няма аднаго-двух найменьняў, можаш мець вельмі сур’ёзныя праблемы”.

Адмыслоўца паведаміў, што ёсьць таксама ўказаньне Міністэрства аховы здароўя абмежаваць паступленьне імпартных прэпаратаў квотамі, ускладненьнем сыстэмы рэгістрацыі і сэртыфікацыі. І ўсё ж такі: ці можна абысьціся бязь імпартных лекавых сродкаў? Меркаваньне лекара-анколяга:

Самыя складаныя, самыя найноўшыя мы пакуль не вырабляем у сябе.
“На сёньняшні дзень мы ня можам абысьціся, гэта так. Некаторыя лекі можам самі вырабляць, бо субстанцыі мы бяром у замежных партнэраў Некаторыя прэпараты можам замяніць, але ня ўсе. Самыя складаныя, самыя найноўшыя мы пакуль не вырабляем у сябе, і ня зможам абысьціся без імпарту. Можа, праз гадоў 50 і ўсё зможам рабіць, але на сёньняшні момант толькі часткова”.

Бальшыня новых лекаў прыдумляецца, распрацоўваецца, ствараецца ў ЗША, Вялікай Брытаніі, Нямеччыне. Пакуль жа Беларусь у фармацэўтычным сьвеце больш вядомая як краіна-вытворца “джэнэрыкаў” — танных аналягаў арыгінальных лекаў, кажа на ўмовах ананімнасьці вядомы лекар-гэматоляг:

За апошнія сто гадоў тут ня створана ніводнага лякарства.
“Калі вы спытаецеся ў любога лекара, які мае дачыненьне да клінікі, да фармакалёгіі, якія лекі створаныя расейскамоўным сьветам (маюцца на ўвазе краіны СНД: Беларусь, Расея, Украіна, нават Казахстан). Ведаеце, што ён вам адкажа? За апошнія сто гадоў тут ня створана ніводнага лякарства”.

Што да джэнэрыкаў, працытую артыкул спадарыні Хрусьціцкай “Арыгінальныя лекі і джэнэрыкі” з навуковага часопісу “Медицинские новости”: “Дасьледаваньні, праведзеныя ў Расеі і за мяжой, паказалі, што лекавы эфэкт джэнэрыка ў два, а часам і ў тры разы ніжэй… У Беларусі вырабляюцца пераважна „старыя“ джэнэрыкі, прэпараты, тэрмін дзеяньня патэнтнай абароны якіх даўно (20-30 гадоў таму) скончыўся…”

Бальшыня беларускіх лекаў ня мае міжнароднага стандарту GMP — сыстэмы забесьпячэньня якасьці.
Але ёсьць яшчэ адна праблема беларускіх фармацэўтычных прадпрыемстваў. Бальшыня беларускіх лекаў ня мае міжнароднага стандарту GMP — сыстэмы забесьпячэньня якасьці, кажа спэцыяліст у галіне фармакалёгіі:

“Ёсьць такі панятак: сэртыфікацыя па крытэрах GMP. Ні менскі завод „Белмэдпрэпараты“, ні Барысаўская фармфабрыка не сэртыфікаваныя на гэты стандарт. З новазбудаваных — „Лекфарм“ пад Лагойскам, у яго больш якаснае абсталяваньне, таблетачная вытворчасьць сэртыфікаваныя стандартам GMP. Іх лекі можна рэкамэндаваць сваякам і знаёмым. Выснова напрошваецца сама сабой: лепш выбіраць вытворцаў сэртыфікаваных”.

У Беларусі сэртыфікаваныя стандартам GMP толькі 4 вытворчыя ўчасткі трох фармацэўтычных прадпрыемстваў Беларусі.

Нават з грашыма не заўсёды можна купіць эфэктыўныя лекі.
І яшчэ: у Беларусі даволі абмежаваны выбар лекаў у аптэках. У Расеі, ва Ўкраіне асартымэнт ў два разы большы, і нават калі ёсьць грошы, не заўсёды можна купіць эфэктыўныя лекі:

“Да прыкладу, ваш сваяк трапіў у рэанімацыю зь вельмі складанай пнэўманіяй, і яму патрэбны дарагі, эфэктыўны антыбіётык. Нават калі вы маеце грошы, у Беларусі не заўсёды можна яго набыць. Калі гэта такі стацыянарны прэпарат, выкарыстоўваецца ў шпіталях, яго можа ня быць у сувязі з праграмай імпартазамяшчэньня. І ў аптэках яго можа ня быць”.

Гэта пацьвярджае і лекар-анколяг:

“Што да анкалёгіі — толькі ў камэрцыйных аптэках ёсьць калі-некалі тое-сёе. А ў дзяржаўных аптэках наагул няма шмат якіх анкалягічных лекаў, бо ўсё, што закупляецца, разыходзіцца толькі па клініках ці па аптэках, дзе абслугоўваюць па бясплатных рэцэптах. А так, каб захацеў і купіў штосьці лепшае, больш эфэктыўнае за ўласныя грошы — такога не атрымаецца”.

На форумах падчас абмеркаваньня артыкулу “Навошта закупляць тое, што вырабляецца ў нас” у газэце “Советская Белоруссія”, на сайце неабыякавых мэдработнікаў doktar.net народ выказвае амаль аднадушныя меркаваньні: няхай імпартныя лекі будуць нятанныя, у чалавека павінен быць выбар. Цытую: “Імкненьне прасоўваць на айчынны рынак лекі айчыннай вытворчасьці не павінны адбіцца на праве выбару беларуса. Людзі павінны мець інфармацыю пра новыя прэпараты і мець магчымасьць іх купіць, а лекары павінны распавядаць пацыентам пра ўсе лекавыя навінкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG