Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым запомніцца Сэмюэл Гантынгтан?


24 сьнежня памёр аўтар “Сутыкненьня цывілізацый і ператварэньня сусьветнага ладу”. Яму быў 81 год.

Хантынгтан, які быў актыўным выкладчыкам Гарвардзкага ўнівэрсытэту да 2007 году, зьяўляецца аўтарам, суаўтарам або выдаўцом 17 кніг. Але ў памяці шырокага кола чытачоў ён застанецца перш за ўсё дзякуючы сваёй кніжцы 1996 году, якая называецца “Сутыкненьне цывілізацый і ператварэньне сусьветнага ладу” (“The Clash of Civilizations and the Remaking of World Order”).

Гэтая кніжка, якая прынесла Гантынгтану сусьветную вядомасьць і сталася аб’ектам зацятых акадэмічных спрэчак і дэбатаў, была “пашыранай вэрсіяй” артыкулу, які ён апублікаваў у 1993 годзе ў амэрыканскім часопісе „Foreign Affairs”.

Гантынгтан сьцьвярджае ў сваім “Сутыкненьні цывілізацый”, што асноўнымі прычынамі будучых канфліктаў і войнаў на сьвеце ня будуць суперніцтвы дзяржаваў за першынство ў гандлі, панаваньне над нейкай тэрыторыяй ці насаджэньне сваёй ідэалёгіі, а розьніцы ў рэлігіі, гісторыі, мове і традыцыі.

Паводле Гантынгтана, сусьветнае супрацьстаяньне дзьвюх ідэалягічных сыстэмаў з часоў „халоднай вайны” – даволі малаістотнае ў параўнаньні з “глыбока канфліктнымі адносінамі паміж ісламам і хрысьціянствам”.

Гантынгтан падзяліў сьвет на сем канкурэнтных цывілізацый, дадаючы магчымую восьмую: японскую, кітайскую, індуісцкую, ісламскую, праваслаўную, заходнюю, лацінаамэрыканскую і (магчымую) афрыканскую. Мяжа паміж заходняй і праваслаўнай цывілізацыямі, паводле Гантынгтана, прабягае празь Беларусь і Ўкраіну.

Сьцьвярджэньне Гантынгтана пра “цывілізацыйную” натуру будучых сусьветных канфліктаў супярэчыць вядомаму тэзысу іншага амэрыканскага палітоляга, Фрэнсыса Фукуямы, які ў сваёй кнізе “Канец гісторыі і апошні чалавек” („The End of History and the Last Man”, 1992) прадказваў, што з канцом “халоднай вайны” скончылася гісторыя, якая разумеецца як ідэалягічная эвалюцыя чалавецтва. Фукуяма сьцьвярджае, што заходняя ідэалёгія, вядомая пад назвай лібэральнай дэмакратыі, перамагла ў сусьветным ідэалягічным супрацьстаяньні, гэткім чынам закончыўшы гістарычнае разьвіцьцё чалавечага роду.

Тэрарыстычная атака на Сусьветны гандлёвы цэнтар у Нью Ёрку 11 верасьня 2001 году ды пазьнейшая вайсковая ангажаванасьць ЗША ў Аўганістане і Іраку сталіся выразным ды адначасова злавесным пацьвярджэньнем паліталягічнага прадказаньня Гантынгтана.
Падзеі пасьля 11 верасьня 2001 году сталіся злавесным пацьвярджэньнем паліталягічнага прадказаньня Гантынгтана.


Апошняя кніжка Сэмюэла Гантыгтана, “Хто мы? Выклікі для нацыянальнай тоеснасьці Амэрыкі” (“Who Are We? The Challenges to America's National Identity”, 2004), як і амаль усе папярэднія, выклікала жывую дыскусію ў ЗША. У ёй аўтар ставіць кантравэрсійны тэзыс, што вялікі наплыў гішпанамоўных эмігрантаў, якія практычна перасталі асымілявацца ў амэрыканскай ангельскамоўнай культуры (і цывілізацыі) зьяўляецца вялікай пагрозай для амэрыканскай нацыянальнай ідэнтычнасьці.

Генры Расоўскі, былы калега Гантынгтана з Гарвардзкага ўнівэрсытэту, сказаў у заяве, пашыранай унівэрсытэтам, што Гантынгтан быў “безумоўна адным з найбольш уплывовых палітолягаў апошніх 50 гадоў”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG