Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У Беларусі няма рэальнай альтэрнатывы кіроўнай камандзе"



16 сьнежня ў Менск прыехала
Хэльга Шміт — дырэктарка Генэральнага сакратарыяту Рады Эўразьвязу. Як разьвіваецца дыялёг паміж беларускімі ўладамі і Эўразьвязам? Ці моцна перашкаджае дыялёгу праблема з дэмакратыяй у Беларусі? Якіх вынікаў можна чакаць ад візыту тэхнічнай місіі Рады Эўразьвязу?

Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску і экспэрт Цэнтру міжнародных дачыненьняў Войцех Бародзіч-Смалінскі з Варшавы.


Як разьвіваецца дыялёг паміж Беларусьсю і Эўразьвязам?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч: “Дыялёг паміж беларускім кіраўніцтвам і Захадам, найперш Эўразьвязам (ЭЗ), праходзіць даволі інтэнсіўна. ЭЗ прапанаваў Беларусі праграму „Ўсходняе партнэрства“, выказвае гатоўнасьць падпісаць дамову аб уступе Беларусі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю. Мінулым тыднем Менск наведала прадстаўнічая дэлегацыя НАТО. Цяпер тут знаходзіцца дэлегацыя МВФ, якая вядзе перамовы аб выдзяленьні Беларусі крэдыту. І вось сёньня ў Менск прыехала Хэльга Шміт — прадстаўніца эўракамісара ў пытаньнях зьнешняй палітыкі і бясьпекі Хаўера Саляны. Мабыць, можна прызнаць, што ў дачыненьнях паміж Беларусьсю і Захадам, найперш ЭЗ, адбываюцца якасныя зрухі?”

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў: “Так, сапраўды. Але я ня думаю, што гэтыя структуры ўзгаднялі свае крокі адна з адной. Гэта цяжкі дыялёг. Беларускія дэмакратычныя сілы знаходзяцца на баку ЭЗ, але яны занадта слабыя, каб уплываць на гэты дыялёг.

Адной з прычын гэтага дыялёгу стаў геапалітычны чыньнік. Расея перайшла да палітыкі ціску на сваіх суседзяў.
Дэмакратычныя сілы знаходзяцца на баку ЭЗ, але яны занадта слабыя, каб уплываць на гэты дыялёг.
Захаду гэта не падабаецца, і ён спрабуе нэўтралізаваць расейскія амбіцыі. Выпадак зь Беларусьсю — самы складаны для ЭЗ“.

Войцех Бародзіч-Смалінскі
: “Каб кагосьці пераканаць у неабходнасьці зьменаў, трэба зь ім гаварыць. Таму новую палітыку Захаду я лічу пазытыўнай. Цяпер праходзіць тэставы пэрыяд для Беларусі. Санкцыі зьнятыя толькі на шэсьць месяцаў. Праз шэсьць месяцаў ЭЗ будзе ацэньваць, што зьмянілася ў кірунку да дэмакратыі.

Сапраўды, сытуацыя ў гэтым рэгіёне складаная. Падыход Расеі да дэмакратыі і незалежнасьці суседніх краінаў, які быў прадэманстраваны ў жніўні, выявіўся нечаканым. Адсюль і зьмены ў палітыцы ЭЗ.

Праблема ў тым, якой шкалой ацэньваць зьмены ў Беларусі. Адна рэч, калі яе параўноўваць з краінамі Эўропы. Тады будуць праблемы. Але, думаю, заходнія арганізацыі будуць параўноўваць сытуацыю ў Беларусі з той, якая была тут 2—3 гады таму”.


Ці перашкаджае дыялёгу праблема з дэмакратыяй у Беларусі?

Карбалевіч: “Дасюль галоўнай перашкодай для разьвіцьця дачыненьняў паміж афіцыйным Менскам і Захадам была праблема з дэмакратыяй у Беларусі. Гэтая праблема ня зьнікла, але дачыненьні хутка разьвіваюцца. Дык ці можна сьцьвярджаць, што пытаньне дэмакратыі ў Беларусі адышло на другі плян і цяпер ня надта перашкаджае весьці дыялёг?”

Войцех Бародзіч-Смалінскі
Фёдараў: “Можа, гэтае пытаньне сапраўды трохі адышло зь пярэдняга пляну. Але нельга сказаць, што яно ўвогуле пакінутае па-за ўвагай. Яна застаецца ў парадку дня дыялёгу.

Праблема ў тым, што нельга на Беларусь рабіць моцны ціск, бо ў кіраўніцтва краіны заўсёды ёсьць шлях на Ўсход, у Расею. А для Захаду гэта ня самае лепшае разьвіцьцё падзеяў“.

Бародзіч-Смалінскі: “Я не лічу, што пытаньне дэмакратыі ў Беларусі адышло на другі плян. Але, па-першае, стары падыход да Беларусі з боку ЭЗ выявіўся беспэрспэктыўным.

Па-другое, каб у Беларусі пачала разьвівацца дэмакратыя, для гэтага трэба, каб узьнікла
Апазыцыя не змагла стварыць адзіны рух. Таму Захад імкнецца дамагацца дэмакратызацыі Беларусі маленькімі крокамі.
адпаведнае асяродзьдзе ў беларускім грамадзтве. У Беларусі няма рэальнай альтэрнатывы кіроўнай камандзе. Апазыцыя не змагла стварыць адзіны рух, які аб’яднаў бы ўсіх прыхільнікаў дэмакратызацыі. Таму Захад імкнецца дамагацца дэмакратызацыі Беларусі маленькімі крокамі.

Акрамя таго, Захад цісьне на беларускія ўлады, каб яны зьмянялі сваё стаўленьне да малога і сярэдняга бізнэсу, дапускалі ў Беларусь заходні бізнэс, які прынясе з сабою заходнія стандарты працы. І гэта потым будзе зьмяняць грамадзтва“.

Фёдараў: “Трэба адзначыць, што і беларускія ўлады зрабілі пэўныя, хоць і мінімальныя крокі насустрач Захаду. Гэта таксама падштурхнула ЭЗ да зьмены палітыкі. Гэта доўгі і цяжкі шлях. Але лепей хоць нейкі рух, чым нічога”.


Якіх вынікаў можна чакаць ад візыту місіі Эўразьвязу?

Карбалевіч: “Што выявіць цяперашняя „інспэктарская праверка“ тэхнічнай місіі Рады ЭЗ? І што беларускія ўлады могуць прад’явіць? Ці задаволіць гэта ЭЗ?”

Фёдараў: “Вызваленьне палітвязьняў наўрад ці можа быць прад’яўлена, бо яно адбылося даўно, ЭЗ за гэта зьняў візавыя санкцыі. Цяпер самым значным крокам быў дазвол найбольш вядомым у апазыцыйным асяродзьдзі газэтам “Народная воля” і “Наша Ніва” друкавацца і распаўсюджвацца празь дзяржаўныя структуры.

Затым гаворка будзе ісьці пра зьмены ў выбарчым заканадаўстве. І іншыя пытаньні. Ясна, што крокі на гэтым шляху беларускія ўлады будуць рабіць ня вельмі вялікія“.

Карбалевіч: “Беларускі ўрад абвясьціў плян лібэральных эканамічных рэформаў, што таксама можна разглядаць як крок насустрач Захаду. Да таго ж і ў дачыненьнях з Расеяй Менск не зрабіў ніякіх крокаў, якія б не спадабаліся ЭЗ і ЗША”.

Эканамічная ці палітычная лібэралізацыя?

Бародзіч-Смалінскі: “Думаю, эўрапейскі і беларускі
Эканамічная лібэралізацыя мае ўскоснае дачыненьне да дэмакратызацыі.
бакі будуць найперш абмяркоўваць крокі па рэалізацыі праекту “Ўсходняе партнэрства”. Бо яны абодва зацікаўленыя ў гэтым. Беларусі трэба лібэралізаваць, дэмакратызаваць сваё заканадаўства. Гэта галоўная перашкода да рэалізацыі гэтага праекту.

Хачу нагадаць, што ў канцы лістапада адбыўся круглы стол пра заканадаўчае рэгуляваньне інтэрнэту. Ён адбыўся па просьбе ЭЗ. У выніку ў беларускім заканадаўстве могуць адбыцца станоўчыя зьмены па гэтым пытаньні“.

Фёдараў: “Хацеў бы запярэчыць сп. Карбалевічу наконт пляну эканамічнай лібэралізацыі. Справа ў тым, што гэтае пытаньне мае ўскоснае дачыненьне да дэмакратызацыі. Мы маем прыклады краін зь лібэральным эканамічным заканадаўствам і недэмакратычным палітычным рэжымам: Чылі часоў Піначэта, цяперашні Кітай.

Што тычыцца праграмы “Ўсходняе партнэрства”. Сапраўды, беларускія афіцыйныя асобы пазытыўна адрэагавалі на гэты праект. Але зьвярнулі ўвагу на эканамічныя пытаньні супрацоўніцтва, экалёгію, і ні слова — пра дэмакратычныя зьмены“.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG