Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьветлагорск: пастаўкі ў Расею скараціліся напалову


Вялікія цяжкасьці са збытам гатовай прадукцыі ў Расею зазнае ў гэтыя дні акцыянэрнае таварыства “Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат”.


Паўстала пытаньне пра скарачэньне працоўнага тыдня альбо нават спыненьне на пэўны час асобных вытворчасьцяў.

Цэхі камбінату па выпуску гафрыраванай тары нагадваюць цяпер складзкія памяшканьні.

Гаворыць адзін з рабочых:

“У нас гатовай прадукцыяй усе праходы, усё завалена. Асноўныя спажыўцы з Расеі ў сувязі з крызісам нібыта адмаўляюцца ад яе. Усё завалена гэтай прадукцыяй”.

У Расейскую Фэдэрацыю камбінат накіроўвае 45 адсоткаў сваёй прадукцыі. У лістападзе сытуацыя рэзка зьмянілася.

Гаворыць намесьнік генэральнага дырэктара ў пытаньнях эканомікі Валер Раманенка:

“За 18 дзён лістапада адгрузка ў Расею ўпала на 50 працэнтаў — адсюль і ўсе праблемы. І справа ня ў коштах. Там ідзе скарачэньне вытворчасьці. Яны хутка на крызіс адрэагавалі згортваньнем вытворчасьці — гэта перш за ўсё. Таму ў нас няма заявак на прадукцыю. І гэта — праблема.

У нас — бесьперапынная вытворчасьць, мы павінны альбо працаваць, альбо — не. Так, як у станкабудаўнікоў ці машынабудаўнікоў — спынілі канвэер, адну зьмену адправілі дамоў, — у нас так не атрымліваецца”.

Спадар Раманенка вельмі добра разумее, што скарачэньне экспарту вядзе да затаварваньня прадукцыяй. Гэта хвалюе людзей. Таму зараз у калектыве камбінату высьвятляецца стаўленьне людзей да мажлівага скарачэньня працоўнага тыдня:

“Мы загад яшчэ не пісалі. Але папярэдне паведамляем людзям пра магчымы пераход з новага году на скарочаны тыдзень. Аднак, паўтараю, канкрэтнага загаду яшчэ не пісалі”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG