Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады пашыраюць сьпісы невыязных


Некалькі актывістаў дэмакратычнага руху сутыкнуліся з тым, што ім забаронена пакідаць межы Беларусі. Прозьвішчы яшчэ некалькіх чалавек улады ўнесьлі ў сьпісы, згодна зь якімі памежнікі і мытнікі павінны прапусьціць іх празь мяжу, але толькі пасьля асабовага дагляду. Пры гэтым апазыцыянэры ня могуць атрымаць адказаў, на якой гэта зроблена падставе і якімі нормамі заканадаўства кіруюцца службовыя асобы.


Некалькі дзясяткаў чалавек, якіх апыталі ў крымінальнай справе, распачатай пасьля выбуху бомбы падчас сьвяточнага канцэрту 4 ліпеня, ня могуць пакінуць тэрыторыю Беларусі.

Старшыня незарэгістраванай “Беларускай партыі Свабоды” Сяржук Высоцкі падаў заявы ў Камітэт памежных войскаў і ў Сьледчы камітэт, каб яму далі тлумачэньне, на якой падставе яму забаронены выезд за межы Беларусі.

24 верасьня Высоцкага зьнялі зь цягніка на беларуска-ўкраінскай мяжы і паставілі ў пашпарт штамп, што яму забаронены выезд зь Беларусі. Ад 10 ліпеня Сержука Высоцкага трое сутак трымалі ў сьледчым ізалятары КДБ, дзе яго апыталі, як і сотні іншых людзей, у справе выбуху 4 ліпеня. Статусу падазраванага ён ня мае.

“На мяжы мне сказалі, што я праходжу па некалькіх справах. Цікава дазнацца, па якіх менавіта. У сьледчы камітэт я падаў хадайніцтва, каб мяне зьнялі з гэтай базы дадзеных. Я й не абвінавачаны, і не падазраваны. Такое меркаваньне, што з гэтым выбухам атрымліваецца, што палітычныя фігуры трапляюць у такое становішча. Гэта спосаб блякаваць грамадзкіх дзеячаў”.

Ня ўсіх апытаных у справе выбуху 4 ліпеня не прапускаюць празь мяжу. Заўважана, што адны сябры якой-небудзь моладзевай арганізацыі могуць бесьперашкодна пакідаць тэрыторыю краіны, а іншыя маюць забарону.

Актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Паўла Красоўскага таксама дапыталі ў справе выбуху ў Менску 4 ліпеня. Ён дагэтуль мае статус падазраванага ў справе выбуху ў Віцебску некалькі гадоў таму.

“Мяне дапытвалі ў справе выбуху 4 ліпеня хутчэй за ўсё таму, што я быў падазраваны ў справе віцебскіх выбухаў. Цяпер я магу спакойна перасякаць мяжу і ехаць, куды трэба. Ні ў якіх сьпісах мяне няма. Дапыталі і некалькі актывістаў з Жодзіна ў справе выбуху. Яны таксама могуць спакойна перасякаць межы краіны”.

Актывіста моладзі БНФ Франка Вячорку першы раз зьнялі зь цягніка на беларуска-літоўскай мяжы 28 чэрвеня. 17 ліпеня, пасьля таго як ён атрымаў мэдычную даведку аб непрыдатнасьці да службы ў войску, Франак паспрабаваў зноў трапіць у Літву. Гэтым разам яго зьнялі зь цягніка і паставілі ў пашпарт штамп аб забароне выезду.

“Я дагэтуль не атрымаў ніякіх тлумачэньняў, за што мяне ўнесьлі ў сьпіс невыязных. Калі б супраць мяне распачалі крымінальную справу за ўхіленьне ад войска, то гэта было б зразумела. А так гэта ёсьць парушэньнем усялякіх нормаў закона”.

Базу дадзеных, якой карыстаюцца памежнікі, папаўняюць розныя ведамствы, у тым ліку Міністэрства абароны.

Камісар ваенкамату Савецкага раёну Менску Алег Загорскі патлумачыў:

“Усіх, хто ўхіліўся ад мерапрыемстваў прызыву, усіх уносяць у базу. Пры чым тут распачатая справа ці не распачатая? Яны парушылі закон”.

На мяжы ёсьць сьпісы тых людзей, якім дазволена перасякаць мяжу, але толькі пасьля асабовага дагляду.

Гаворыць сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Аляксей Шэін:

“Два месяцы таму ўсіх сустаршыняў унесьлі ў сьпісы на поўны дагляд. Бывае так, што, калі едзеш на машыне, то стаіш 4 гадзіны на даглядзе. Калі цягніком, то затрымліваюць цягнік. Калі аўтобусам, то спазьняецца аўтобус. Ад гэтага пакутуюць усе людзі, якія едуць разам з табой.

Шмат для каго такая гісторыя даволі вядомая. Людзі разумеюць, што гэта едуць альбо прадстаўнікі дэмакратычных партый, альбо дэмакратычных арганізацый, альбо незалежныя журналісты”.

Апазыцыянэры маюць намер зьвярнуцца ў міжнародныя структуры са скаргай на дзеяньні беларускіх уладаў. Яны лічаць, што спэцслужбы скарысталі сытуацыю пасьля выбуху 4 ліпеня, каб пашырыць сьпіс невыязных апанэнтаў улады. Актывісты дэмакратычнага руху зьвяртаюць увагу грамадзкасьці на нэгатыўныя тэндэнцыі, якія, па сутнасьці, аднаўляюць “жалезную заслону” савецкіх часоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG