Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнат ЗША ўхваліў 700-мільярдны плян выратаваньня эканомікі


Цяпер законапраект вяртаецца на перагаласаваньне ў Палату прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, якая раней у панядзелак адхіліла распрацаваны ўрадам пакет.


Сэнат ЗША ўхваліў 700-мільярдны плян дапамогі фінансавай сыстэме краіны. За пргаласавалі 74 сэнатары, супраць — 25. Абодва кандыдаты ў прэзыдэнты ЗША, дэмакрат Барак Абама й рэспубліканец Джон Маккейн, падтрымалі плян.

Гэта значыць, што законапраект цяпер вяртаецца на перагаласаваньне ў Палату прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, якая раней у панядзелак адхіліла распрацаваны ўрадам пакет. Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш пахваліў сэнатараў і заклікаў кангрэсмэнаў як мага хутчэй таксама падтрымаць захады па выхадзе з крызысу. Чакаецца, што пасяджэньне Палаты прадстаўнікоў ЗША пройдзе ўжо ў пятніцу.

Абноўленая вэрсія законапраекту прадугледжвае зьніжэньне падаткаў для бізнэсу, энэргетычных кампаній і сярэдняе клясы, а таксама павялічвае фэдэральнае страхаваньне банкаўскіх дэпазытаў. Закон дасьць міністру фінансаў ЗША права выдаткаваць 250 мільярдаў даляраў, каб стабілізаваць фінансавы рынак і выкупіць праблемныя фінансавыя актывы, так званыя “нядобрыя” запазычанасьці — вяртаньне якіх малаверагоднае. Датковыя 100 мільярдаў даляраў на гэтыя мэты зможа вылучыць прэзыдэнт. На выдачу рэшты грошай спатрэбіцца дадатковае рашэньне кангрэсу.

Наша даведка: Кангрэс ЗША зьяўляецца заканадаўчым органам улады ЗША, складаецца з Палаты прадстаўнікоў, якая налічвае 435 членаў, і Сэнату, у які ўваходзяць 100 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG