Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Эўразьвяз прыняў мудрае і спакойнае рашэньне”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 3 верасьня, сераду.


Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

У Брусэлі адбыўся саміт Эўразьвязу ў пытаньні палітыкі Расеі на Каўказе. Камэнтар слухачкі Свабоды:

Эўразьвяз даў магчымасьць Расеі зразумець і выправіць сваю памылку. Яшчэ ў даволі цярплівай форме. Але любое цярпеньне мае сваю мяжу
Спадарыня Галіна
, Магілёў: “На саміце, прысьвечаным нападу расейскай арміі на Грузію, Эўразьвяз прыняў насамрэч вельмі мудрае і, адзначу, даволі яшчэ спакойнае для Расеі рашэньне. За гэта расейская ўлада павінна быць яму ўдзячная. Эўразьвяз даў магчымасьць Расеі зразумець і выправіць сваю памылку. Яшчэ ў даволі цярплівай форме. Але любое цярпеньне мае сваю мяжу”.

Наступны слухач задае пытаньне:

Ільля Копыл, Менск: “Добры дзень, “Свабода”. Хацеў бы даведацца, які лёс чарговых тамоў твораў Васіля Быкава. Ходзяць чуткі, што сёмы і восьмы тамы даўно надрукаваныя і ляжаць у сховішчы друкарні ў Екацерынбургу. Беларускі бок ня здольны іх выкупіць з-за адсутнасьці грошай. Адкажыце, калі ласка, а як на самой справе? Калі і дзе можна набыць чарговыя тамы?”

Адказвае старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч:

“Вялікі дзякуй і за цікавасьць, і за пытаньне. Насамрэч, наступныя тры тамы поўнага збору мастацкіх твораў Васіля Быкава не пыляцца ў расейскай друкарні. Завяршаецца вёрстка сёмага і восьмага тамоў. Такім чынам, яны зараз на сталах укладальнікаў. І распачынаецца ўкладаньне дзявятага тома. Такім чынам, пры лепшым раскладзе, наступныя тры тамы — сёмы, восьмы і дзявяты — павінны зьявіцца яшчэ сёлета. Пазнаёміцца як зь першымі, так і з наступнымі тамамі збору твораў Васіля Быкава можна ў бібліятэках Беларусі. А таксама набыць іх у нешматлікіх, на жаль, распаўсюднікаў”.

У працяг літаратурнай тэмы яшчэ адно пытаньне:

Спадар: “Задача літаратуры — дапамагаць людзям жыць. Паэзія Вярцінскага, Барадуліна альбо Бураўкіна, альбо маладых нашых хрысьціянскіх паэтаў, напрыклад, Куставай ці Патаранскага дапамагае жыць людзям. А ці дапамагаюць нейкія задуменьні так званых постмадэрністаў людзям жыць? Адкажыце, калі ласка, мне на гэта пытаньне. Пытаньне народа. І ці ёсьць гэта культурай беларусаў?”

Адказвае літаратарка Марыя Мартысевіч:

“Аўтар пытаньня крыху адстае ад літаратурнага працэсу. Пытаньне ў тым, што прыходзяць новыя людзі і разам зь імі прыходзіць новая паэтыка. І гэтая паэтыка блізкая ўжо іншым людзям, маладзейшым людзям, якім гэтая паэзія дапамагае жыць. Што тычыцца, да прыкладу, Куставай і Патаранскага, то мне іхная паэзія жыць не дапамагае. Мне падаецца, што аўтар — ахвяра нейкага мэдыйнага канону.

Гэта значыць, што ён чуе і шануе тых аўтараў, якіх найчасьцей чуе ў эфіры, і мала цікавіцца паэзіяй як такой. У гэтым, нібыта, народным крыку — “адкажыце народу” — няма нічога народнага. На жаль, гэтае меркаваньне, яно склалася не ў народным асяродку, а ў асяродку прафэсійных літаратараў і крытыкаў. Аўтару пытаньня варта пазбавіцца стэрэатыпаў і паверыць, што ня толькі вершы, напісаныя традыцыяналістычна, што ня толькі іх можна прыкладаць да ранаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG