Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка абнавіў правапіс


Кіраўнік Беларусі 23 ліпеня падпісаў закон “Аб правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі”. 24 чэрвеня гэты закон быў прыняты ў другім чытаньні Палатаю прадстаўнікоў, а 28 чэрвеня яго ўхваліў Савет Рэспублікі.

Закон мае набыць сілу 1 верасьня 2010 году. У адпаведнасьці зь ім, “дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія стала або часова пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, павінны кіравацца правіламі беларускай артаграфіі і пунктуацыі, зацьверджанымі гэтым законам, ува ўсіх сфэрах і выпадках выкарыстаньня беларускай пісьмовай мовы”.

Зацьверджаная законам “Аб правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі” новая рэдакцыя правілаў да апошняга часу ўзгаднялася і карэктавалася (праўкі ў тэкст правілаў уносіліся пачынаючы з 1999 году, калі рабочая група на чале з акадэмікам Аляксандрам Падлужным абнародавала першую вэрсію новай рэдакцыі “Правілаў артаграфіі і пунктуацыі”).

Ініцыятары рэвізіі савецкага правапіснага стандарту дасюль не апублікавалі ў друку поўнага пераліку ўсіх уводжаных зьменаў і паправак.

З паасобных публікацыяў і дыскусіяў вядома, у прыватнасьці, што ў новай рэдакцыі афіцыйнага стандарту беларускай артаграфіі:

скасоўваюцца выключэньні ў правапісе я ў лічэбніках і адлічэбнікавых словах (напр., дзявяты, васямнаццаць, дзясятка);

праводзіцца частковае спрашчэньне правапісу ў: ў пашыраецца на пачатку запазычаньняў (напр., ва ўніверсітэт, для ўніята);

з захаваньнем зеўраньня галосных рэалізуецца “аканьне” на канцы запазычаньняў (напр., адажыа, радэа, трыа, Медэа, Токіа, але нязьменна радыё);

праводзіцца “аканьне” ў фіналях -эль, -эр запазычаных словаў (напр., катар, лідар, ордар, унтар);

уводзіцца напісаньне зь вялікай літары словаў або спалучэньняў словаў, што зьяўляюцца афіцыйнымі назвамі асобы, якая займае высокія дзяржаўныя і рэлігійныя пасады (напр., Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь, Прэм’ер-міністр Рэспублікі, Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі);

зь вялікай літары будуць пісацца слова Бог у значэньні найвышэйшага боства (і вытворныя ад Бог) і ўсе словы ў назвах заснавальнікаў рэлігійных вучэньняў, а таксама біблійных асобаў (напр., Сьвяты Павел);

зь вялікай літары таксама будуць пісацца назвы высокіх дзяржаўных дакумэнтаў (напр., Закон Рэспублікі Беларусь, Указ Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь).

* * *

У.Здановіч: “Усе выданьні павінны прытрымлівацца гэтага правапісу”

У канцы лютага, калі законапраект “Аб правілах артаграфіі і пунктуацыі” быў падрыхтаваны да разгляду ў другім чытаньні, старшыня камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Здановіч патлумачыў, чаму, на ягоную думку, цяпер менавіта патрэбна строгая рэглямэнтацыя пісьмовай літаратурнай беларускай мовы: толькі так, а не іначай – з ігнараваньнем рэальных правапісных стандартаў:

“Усё большая колькасьць людзей, ня толькі навукоўцаў, а нават звычайных простых людзей, якія карыстаюцца беларускай мовай, прыходзяць да высновы, што калі існуюць некалькі варыянтаў напісаньня, некалькі варыянтаў арфаграфіі, то гэта прыводзіць у рэшце рэшт да разбурэньня мовы. Гэта можна параўнаць, як той біблейскі прыклад, калі людзі будавалі вялікую вежу, каб дабрацца да нябёсаў, а пасьля Гасподзь паблытаў іхныя мовы – і вежа засталася недабудаванай. І нават яна потым разбурылася. Так можа адбыцца і з нашай беларускай мовай. Асабліва негатыўна гэта ўплывае на адносіны да беларускай мовы моладзі, якая толькі пачынае вывучаць гэтую мову. Розныя варыянты напісаньня ў розных выданьнях – яны выклікаюць мешаніну ў галовах нашай моладзі. Таму патрэбна прыйсьці да адных правілаў напісаньня, правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. І, магчыма, з гэтай нагоды і ўводзяцца яны з дапамогай закону, а ня проста пастановай ураду”.

Ініцыятары прыняцьця закону “Аб правілах артаграфіі і пунктуацыі” падкрэсьліваюць, што яны заклапочаныя тым, каб мова была стабільная. Паўтараецца думка, што праз суіснаваньне правапісных варыянтаў адбываецца разбурэньне літаратурнай мовы.

24 чэрвеня, у дзень, калі закон “Аб правілах артаграфіі і пунктуацыі” быў прыняты ў другім чытаньні Палатаю прадстаўнікоў, сытуацыю ў эфіры “Свабоды” камэнтаваў мовазнаўца, пэдагог, адзін з укладальнікаў зводу “Беларускі клясычны правапіс” Зьміцер Саўка:

На жаль, якраз дэпутаты спарадзілі сытуацыю, пры якой мы ўжо маем два варыянты ў межах аднаго правапіснага стандарту – афіцыйнага правапісу
“Пры размове аб стабільнасьці мовы блытаюць два моманты. Адзін з іх – правапісная стабільнасьць канкрэтнага стандарту. На жаль, якраз дэпутаты спарадзілі сытуацыю, пры якой мы ўжо маем два варыянты ў межах аднаго правапіснага стандарту – афіцыйнага правапісу. Калі ж маюць на ўвазе, што менавіта тарашкевіца разбурае адзінства беларускай мовы, то я хацеў бы сказаць наступнае: тарашкевіца была першым стандартам. І абсалютна незалежна ад таго, ці хто піша тарашкевіцаю, ці ня піша, ці талеруе, ці не талеруе, – гэта факт гісторыі мовы, яго адмаўляць немагчыма.

Гэтак абаронцы адзінства правапісных нормаў зводзяць гутарку на выгодны ім троп, ігнаруючы відавочныя факты: з аднаго боку яны кажуць пра стабільнасьць правапісу, з другога боку – яго дэстабілізуюць.

Дэ-факта “Звязда” ўжо даўно руйнуе афіцыйны стандарт. На пачатку 2000-х гадоў Інстытут мовазнаўства, кіраваны акадэмікам А.Падлужным, выдаў цэлы сьпіс зьменаў у правапісе, якія пачалі – ці больш, ці менш пасьлядоўна – рэалізоўвацца ў мове газэты “Звязда”.

Зь мінулага году стараньнямі Міністэрства адукацыі пэўныя зьмены пачалі прасоўвацца ў мэтадычныя часопісы – для настаўнікаў, спараджаючы ў іх галовах “кашу”. Інакш кажучы, паўзучае разбурэньне зыходзіць не ад тых людзей, якія практыкуюць тарашкевіцу, бо іх ніякім чынам не пускаюць ні ў якія дзяржаўныя выдавецтвы, таму тарашкевіца не нясе ніякай пагрозы.

А дэстабілізатарам якраз стаўся Інстытут мовазнаўства ў асобе свайго кіраўніка, а цяпер гэтую лінію праводзіць, як не жахліва гэта гучыць, Міністэрства адукацыі ў асобе Віктара Іўчанкава, які ёсьць дарадцам міністра адукацыі. Вось людзі, якія фактычна падрывалі і падрываюць гэтую стабільнасьць, робячы ўсё, каб правапіс размываўся. І ў выніку гэта дэстабілізавала сытуацыю ў сфэры адукацыі і ў той звужанай сфэры ўжываньня беларускай мовы афіцыйнага стандарту, якая яшчэ застаецца пад кантролем дзяржавы”.

Я думаю, гэта да мовазнаўства ня мае непасрэдных адносін. Гэта гульні хутчэй бюракратычнага пляну, чым навуковага

Доктар філялёгіі прафэсар Генадзь Цыхун быў сябрам дзяржаўнай камісіі па рэформе правапісу пад кіраўніцтвам Ніла Гілевіча, якая існавала ў першай палове 1990-х гадоў. Яе чальцы ў 1994-м прыйшлі да высновы аб нясвоечасовасьці зьменаў у афіцыйным правапісным стандарце. На думку прафэсара Цыхуна, новая рэдакцыя афіцыйнага правапісу ня ўносіць істотных зьменаў. А мэты прыняцьця закону, паводле Цыхуна, ляжаць не ў навуковай сфэры:

“Магчыма, ён скіраваны супроць ужываньня тарашкевіцы, але я думаю, што гэта да мовазнаўства ня мае непасрэдных адносін. Гэта нейкія гульні хутчэй бюракратычнага пляну, чым навуковага”.

Паводле закону, апублікаванага на сайце газэты "Звязда", "Дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна ці часова пражываюць або часова знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, павінны кіравацца Правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, зацверджанымі гэтым Законам, ва ўсіх сферах і выпадках выкарыстання пісьмовай беларускай мовы".

"Да мовазнаўства закон ня мае дачыненьня"

“Правілы артаграфіі распрацоўваюць людзі, якія пляваць хацелі на беларускую мову”

З.Саўка: “Да забароненых бел-чырвона-белага сьцягу і Пагоні далучыцца “тарашкевіца”
  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG