Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці насьпявае новы газавы канфлікт?


Напярэдадні новых перамоваў па пытаньні газавых коштаў на наступны год узьніклі рознагалосьсі наконт цаны на другі квартал. У чым прычына гэтых супярэчнасьцяў? Чаму беларускі бок імкнецца перагледзець формулу вызначэньня цаны газу? Якія чыньнікі ўплываюць на газавыя перамовы?

Удзельнікі: журналістка газэты “Белорусы и рынок” Тацяна Манёнак і каардынатар праекту “Наше мнение” Валерыя Касьцюгова.
Які ж насамрэч кошт газу ў другім квартале?
Валер Карбалевіч: “Экспэрты прагназавалі палітычнае напружаньне паміж Масквой і Менскам з-за цэнаў на газ наступнага году, але апошнія паведамленьні сьведчаць пра тое, што канфлікт можа пачацца яшчэ з-за цэнаў гэтага году. Хоць, здавалася, якраз у гэтым пытаньні існуе поўная ідылія. Бо ў першым квартале Беларусь плаціла 119 даляраў за 1 тыс. м3. А ў другім квартале павінна была плаціць 128 даляраў. Экспэрты адзначаюць, што ў параўнаньні зь мінулым годам расейскія субсыдыі Беларусі пры пастаўках газу павялічыліся.
І вось цяпер высьвятляецца, што беларускі бок не прызнае павышэньня кошту газу ў другім квартале да 128 даляраў, а плаціць па цэнах першага кварталу. Атрымоўваецца дзіўная рэч: тавар ужо куплены, спажыты, а прадавец і пакупнік па-рознаму вызначаюць яго кошт. Сытуацыя надзвычайная. Як такое магло здарыцца? І што гэта азначае?”
Тацяна Манёнак: “Цікава, што “Газпром” ніякіх публічных прэтэнзій не выказвае. Беларускія профільныя чыноўнікі кажуць, што і непублічных прэтэнзій з гэтай нагоды ад “Газпрому” не атрымлівалі. Пра гэта інфармуюць толькі нейкія ананімныя крыніцы з расейскага боку.
Не выключаю, што Беларусь будзе плаціць менавіта па цане 119 даляраў за 1 тыс. м3, калі беларускі бок выканае пэўныя ўмовы. Торг працягваецца, перамовы адбываюцца непразрыста і ня ў рэчышчы таго пагадненьня ад 31 сьнежня 2006 году аб паступовым пераходзе на агульнаэўрапейскія кошты”.
Карбалевіч: “Але інфармацыю пра тое, што з другога кварталу цана на газ для Беларусі будзе 128 даляраў, афіцыйна паведамлялі і расейскія, і беларускія чыноўнікі”.
Манёнак: “Так, сапраўды. Але адбываецца торг аб задавальненьні тых інтарэсаў, якія “Газпром” мае ў Беларусі”.
Валерыя Каьсцюгова: “Па-першае, кіраўніцтва “Газпрому” цяпер памянялася ў зьвязку з выбарамі ў Расеі. Па-другое, Беларусь разьлічылася толькі за два месяцы, за квартал пакуль разьліку няма, таму няма і публічных прэтэнзій “Газпрому”. Па-трэцяе, новы старшыня савету дырэктараў “Газпрому” Зубкоў якраз выказаўся і наконт Беларусі, і наконт Украіны”.
Манёнак: “Зубкоў казаў, што мы павінны на пэрспэктыву вырашаць праблему з краінамі-транзытэрамі газу. А вось намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі кажа, што “Газпром” не выконвае дамову аб павелічэньні аб’ёму транзыту газу празь беларускую газатранспартную сыстэму. Прычым аб’ём гэтага транзыту таксама публічна не агучваецца. Як не агучваецца і зьмест таго пагадненьня ад 31 сьнежня 2006 году”.
Касьцюгова: “Сапраўды, перамовы непразрыстыя. У мяне ёсьць падазрэньні, што насамрэч ніякіх перамоваў няма. Дыскусія вядзецца праз мэдыі.
І ніякіх пагадненьняў па транзыце падпісвацца не павінна. Беларускі бок павінен выставіць рахунак па транзыце, калі ён зьбіраецца павышаць яго кошт. А расейскі бок павінен альбо пагадзіцца, альбо аспрэчыць гэтую лічбу. Дарэчы, у першай палове году было падпісанае пагадненьне аб павелічэньні транзыту газу на Калінінград”.
Перамовы аб газавых цэнах на наступны год
Карбалевіч: “Калі бакі ня могуць дамовіцца па цэнах ужо спажытага газу, прычым у сытуацыі льготных умоў, якія прапанавала Расея, то як могуць разьвівацца перамовы аб цэнах на наступны год? Расея выстаўляе лічбу 200 даляраў, а беларускія ўлады заклалі ў праект бюджэту наступнага году цану 145 даляраў”.
Манёнак: “Расеі давядзецца таргавацца і зь Беларусьсю, і з Украінай. Паводле пагадненьня 2006 году кошт газу для Беларусі на пачатку 2009 году павінен складаць 203 даляры. А потым з другога кварталу кошт павінен пераглядацца, але павышацца ня больш чым на 7%, як казаў амбасадар Беларусі ў Расеі Сурыкаў. Гэта льготныя ўмовы, бо для іншых краін Эўропы цэны на газ пераглядаюцца кожны квартал.
Каб улагодзіць “Газпром”, Беларусь пачынае перамовы аб прыватызацыі. Віцэ-прэм’ер Беларусі Сямашка даручыў рыхтаваць прыватызацыю Гомельскага хімічнага заводу дачкой кампаніі “Газпром”. Другое прадпрыемства, якое цікавіць “Газпром” — гарадзенскі “Азот”, — таксама рыхтуецца да прыватызацыі. Бо “Азот” ня вытрымае павышэньня цэнаў да 200 даляраў. У выпадку рэалізацыі гэтых праектаў па сцэнары “Газпраму” апошні зьменшыць кошты газу”.
Касьцюгова: “Думаю, бакі будуць ціснуць адзін на адзін праз мэдыі, рабіць прапановы і ў канцы году дамовяцца. 200 і 140 даляраў — гэта пачатковыя лічбы для торгу. У выніку, думаю, канчатковая цана будзе на ўзроўні 160—170 даляраў”.
Манёнак: Кампраміс будзе дасягнуты толькі ў тым выпадку, калі Беларусь прапануе “Газпрому” нешта прыватызаваць. Высокія кошты на газ прысьпешваюць беларускую прыватызацыю. Ня думаю, што “Газпром” пачне новую газавую вайну зь Беларусьсю і Ўкраінай, бо ня хоча палохаць эўрапейскіх спажыўцоў”.
Ці будзе перагледжана формула вызначэньня цаны на газ?
Карбалевіч: “Падаецца, беларускі бок імкнецца перагледзець сам прынцып вызначэньня кошту газу, формулу, якая была зафіксавана ў пагадненьні 2006 году. Менск імкнецца, каб газавыя цэны былі “палітычнымі”, а Масква цьвердзіць, што цэны павінны быць рынкавыя. Гэтым годам Менску ўдалося вытаргаваць “палітычную” цану. Дык чаму б не паспрабаваць яшчэ раз?”
Манёнак: “Апошнім часам у беларускага боку зьявіўся яшчэ адзін козыр, каб патрабаваць перагледзець формулу. Расея плянавала перайсьці да эўрапейскай формулы газавых цэнаў на ўнутраным рынку да 2011 году. Аднак сусьветныя цэны на нафту і газ павысіліся так моцна, што расейскі ўрад спалохаўся і прыняў рашэньне працягнуць пераход на эўрапейскую цэнавую формулу яшчэ на сем гадоў. Беларускі бок кажа: паколькі мы жывем у саюзнай дзяржаве, то калі Расея адклала пераход на новыя цэны, то мы таксама павінны зрабіць тое ж”.
Касьцюгова: “Тое, што вы называеце “палітычнай” цаной — насамрэч эканамічная цана. “Газпром” мае ў нас выгадную зьдзелку. Ён купляе палову нашых газатранспартных сетак. Гэта каштуе дысконту ў цане на газ.
Беларускі бок імкнецца не перагледзець формулу вызначэньня цаны на газ, а працягнуць яе дзеяньне яшчэ на некалькі гадоў як мінімум. Умовай гэтага будуць саступкі ў сфэры прыватызацыі. Пры чым тут палітыка? Гэта торг”.
Карбалевіч: “Апошнім часам некаторыя экспэрты імкнуцца прышчапіць да газавай тэмы іншыя палітычныя праблемы: пытаньне аб сустрэчы Лукашэнкі з прэзыдэнтам Украіны Юшчанкам, будаўніцтва АЭС у Беларусі”.
Манёнак: “Меркавалася, што візыт Лукашэнкі ва Ўкраіну адбудзецца 27 чэрвеня. А ў гэты дзень у Маскве адбывалася паседжаньне Саўміну саюзнай дзяржавы, дзе павінна была абмяркоўвацца газавая праблема. Думаю, таму візыт быў адкладзены”.
Касьцюгова: “Вядома, гэтыя пытаньні зьвязаныя. Калі, напрыклад, мы дамовімся з Украінай пра нейкую ўзгодненую тарыфную палітыку, то нашы сукупныя перамоўныя пазыцыі ўзмоцняцца. Тады “Газпрому” давядзецца весьці перамовы ў больш складаных умовах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG