Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: патрэбныя прафсаюзы, здольныя абараняць людзей


Адразу чатыры спэцыялісты гандлю з Гомеля ўступілі ў незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці.

Яны спадзяваліся на абарону сваіх правоў пры вымушаным звальненьні з працы з гандлёвага акцыянэрнага таварыства “Цэнтар”. І не памыліліся.

Апошнім часам з адкрытага акцыянэрнага таварыства гандлю “Цэнтар” сышло нямала работнікаў. І, як правіла, пры звальненьні ў гандляроў утрымлівалі вялікія сумы заробку нібыта дзеля пагашэньня нястачы.

Як і калі ўтварыліся гэтыя нястачы пры цэнтралізаванай кампутарнай бухгальтэрыі, ніхто асабліва не разьбіраўся.

Аднымі зь першых абурыліся працаўнікі ўнівэрсальнай крамы “Родная сторона”. І сталі шукаць абароны.

Гаворыць адна са звольненых спэцыялістак:

“Куды мы ні зьвярталіся, кучу адказаў нам прысылалі, але ўсё безвынікова. Заробак пры разьліку нам не аддалі, не разьлічылі поўнасьцю. Мы зьвярталіся і ў пракуратуру Цэнтральнага раёну, і ў камісію працоўных спрэчак. Камісія нібыта стала на наш бок, але рашэньня свайго не выконвала. Нам параілі, што ёсьць такі прафсаюз — РЭП. Мы патэлефанавалі. Там адказалі: “Прыходзьце, дапаможам”.

Звольненым жанчынам у рэгіянальным прадстаўніцтве Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці дапамаглі падрыхтаваць у суд заяву на прымусовае выкананьне рашэньня камісіі па працоўных спрэчках, абаранілі іх інтарэсы ў судзе.

Урэшце гандлёвае таварыства “Цэнтар” выплаціла звольненым жанчынам звыш 9 мільёнаў рублёў заробку й кампэнсацыі за нявыкарыстаны адпачынак.

Прававы інспэктар незалежнага прафсаюзу РЭП, юрыст Леанід Судаленка апавёў:

“Было відавочна, што кіраўніцтва гандлёвага прадпрыемства “Цэнтар” парушыла правы сваіх работніц. Дзівіць іншае: чаму афіцыйны прафсаюз не заступіўся за іх? Пасьля гэтага жанчыны й пажадалі ўступіць у наш незалежны прафсаюз. Мы заўсёды імкнёмся дапамагчы работніку, калі ягоныя працоўныя правы парушаюцца. Прычым нягледзячы ні на адміністрацыю, ні на ўладу”.

Каардынатар незалежнага прафсаюзу РЭП у Гомельскай вобласьці Віктар Казлоў кажа, што апошнім часам папаўняць прафсаюзныя шэрагі пачалі людзі ня толькі з абласнога цэнтру, але й зь іншых гарадоў:

“У Гомельскай вобласьці цяпер на ўліку Гомельская гарадзкая й Рэчыцкая раённая пярвічныя арганізацыі й тры асобныя прафсаюзныя групы ў Рагачове, Жлобіне й Буда-Кашалёве. Агулам у іх налічваецца больш за сто сяброў нашага незалежнага прафсаюзу.

Апрача таго, нядаўна мы атрымалі заявы на ўступленьне ў наш прафсаюз звыш двух дзясяткаў працаўнікоў прамысловых прадпрыемстваў Мазыра, Калінкавічаў, Сьветлагорску й Добруша”.
Людзі ўступаюць у незалежны прафсаюз, разумеючы, што ён адзін можа іх абараніць. У афіцыйную Фэдэрацыю прафсаюзаў не зьвяртаюцца, бо яна не абараняе.


Адзін зь лідэраў Беларускага незалежнага прафсаюзу РЭП Аляксандар Бухвостаў распавёў, што, нягледзячы на ўціск і дыскрымінацыю іхніх сяброў, шэрагі памнажаюцца. Людзі разумеюць — патрэбныя арганізацыі, якія маглі б іх абараняць:

“Пры ўсім цкаваньні людзей, якія ўваходзяць у незалежныя прафсаюзы, сяброўства расьце. Людзі разумеюць — патрэбныя арганізацыі, якія маглі б іх абараняць. Па-першае, мы імкнёмся рэагаваць на праблемы, якія ўзьнікаюць у людзей. Правялі пэўную інфармацыйную кампанію, распаўсюджваем сацыяльны інфармацыйны бюлетэнь, і асабліва ў Гомельскай вобласьці. У ім прапануем: зьвяртайцеся, калі ёсьць праблемы. З дапамогай гэтага бюлетэня людзі нас знаходзяць. Нашы юрысты выяжджаюць і дапамагаюць ім вырашаць набалелыя пытаньні. І яны ўступаюць у незалежны прафсаюз, разумеючы, што ён адзін можа іх абараніць. У афіцыйную Фэдэрацыю прафсаюзаў не зьвяртаюцца, бо яна не абараняе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG