Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альгерд Бахарэвіч: “Ягоным профілем быў балявы шок, а не анастэзія”


Чытаем Быкава. Пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч выбраў урывак з аповесьці Васіля Быкава “Ваўчыная яма”.

Як і большасьць людзей майго пакаленьня, упершыню я адкрыў для сябе Быкава падчас вучобы ў школе. На ўроках беларускай літаратуры, якую вучні ненавідзелі з той шчырасьцю, на якую здольныя толькі падлеткі зь менскіх ускраін, настаўніца любіла ладзіць інсцэніроўкі нейкіх хрэстаматыйных фрагмэнтаў з твораў нашых народных пісьменьнікаў. Мыльныя опэры Шамякіна, пастаральныя дыялёгі Мележа, вадэвільныя сцэны "Паўлінкі"... Быкаў ня ўпісваўся ў любоўна распрацаваныя настаўніцай схемы, ён быў занадта нязручны, складаны, няўтульны, вымушаў думаць... Неяк спакваля зьяўлялася павага да гэтага вечна сярдзітага дзядзькі на фотаздымку...

Калі я вучыўся ва ўнівэрсытэце, з імём Быкава пачалі зьвязвацца і нейкія камічныя моманты... Нехта з дасьледчыкаў раптам абвясьціў Быкава першым беларускім экзыстэнцыялістам. Я добра памятаю гэтую сьмешную гордасьць выкладчыкаў: "Вось, глядзіце, цяпер і ў нашай літаратуры ёсьць свой экзыстэнцыяліст." Яны з такой апантанасьцю пачалі прыкладваць да суворай быкаўскай прозы сартраўскія строі, быццам былі на распродажы і баяліся, што нехта зараз перахопіць упадабаную рэч.

Гэтаксама і цяпер, мне здаецца, на Быкава ўсё прымяраюць штосьці, стараюцца навесіць як мага больш лаўровых і цярновых вянкоў. Між тым, ні прарокам, ні сьвятым, ні геніем ён ня быў. Ведаю Быкава толькі па кнігах, і мая пашана да яго зьвязана перадусім з тым, што гэта, відаць, быў сапраўды жывы чалавек, які без крывадушнасьці, страху і фальшу пісаў пра тое, што яму балела. Ягоным профілем быў балявы шок, а не анэстэзія. Неяк я сфармуляваў для сябе, чаму я не люблю беларускую савецкую літаратуру: таму што самацэнзура ў нашых народных пісьменьнікаў заўсёды супадала зь дзяржаўна-грамадзкай цэнзурай. Пра Быкава такога, дзякуй богу, ня скажаш.

Пры гэтым асабіста для мяне Быкаў быў і застаецца няхай і не тыповым, аднак усё ж савецкім пісьменьнікам. Савецкім па манеры пісьма, па сваім разуменьні літаратуры, па сваім падыходзе да творчасьці. Гэта не ягоная віна, пазбавіцца савецкасьці ён быў ня здольны, нягледзячы на сваю вартую павагі грамадзянскую пазыцыю і свой зусім не савецкі, непадробны патрыятызм. На мой погляд, свае лепшыя рэчы ён напісаў, знаходзячыся менавіта ў стыхіі савецкай літаратуры. Думаю, яму было вельмі цяжка ў апошнія гады жыцьця, бо сучасная літаратура патрабуе ад пісьменьніка насіць маску, а Быкаў гэтага ня ўмеў.

На "Свабодзе" я чытаю ўрывак з "Ваўчынай ямы". Гастранамічная сцэна з жабамі і выдатны, вельмі жывы, схаваны ў тэксьце радок, які ўразіў мяне сваёй выкшталцонасьцю: "Бамж босай нагой рашуча спыняў іх паратоўчы спрыт у траве".



Чытаем Быкава. Увесь чэрвень, кожны дзень, на хвалях Свабоды будуць гучаць быкаўскія радкі. Іх будуць чытаць розныя людзі – і блізкія сябры пісьменьніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG