Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму дню 25 сакавіка ўдалося стаць часткай міту?


Агляд артыкулаў замежнага друку, прысьвечаных беларускай тэматыцы.


Беларусь сустракае сьвята волі. 25 сакавіка ў краіне будуць адзначаць 90-я ўгодкі БНР, – нагадвае чытачам парыскі міжэўрапейскі Courrier International, які друкуе дайджэст найбольш яркіх газэтных публікацыяў у Эўразьвязе.

“Чаму дню 25 сакавіка ўдалося стаць часткай нацыянальнага беларускага міту? – задае пытаньне польская журналістка Малгажата Ноцун (Malgorzata Nocun), аўтар артыкулу ў Courrier International. – Дзяржава БНР не праіснавала і году. Яна пала, калі ў Менск увайшлі сілы Чырвонай Арміі.

Прэцэдэнт у тым, што ў гэты дзень у 1918 годзе ўпершыню ў гісторыі зьявілася дзяржаўнае ўтварэньне пад імем Беларусь. Ужо потым у рамках СССР была абвешчаная Беларуская Савецкая Сацыялістычная рэспубліка. Вось ужо 17 гадоў, як існуе незалежная Рэспубліка Беларусь. Сёлета 25 сакавіка беларусы выйдуць на вуліцы і традыцыйна прадэманструюць свой пратэст рэжыму Лукашэнкі”, – гаворыцца ў публікацыі ў Courrier International.

Паводле нямецкага выданьня Tagesspiegel, “каб вывесьці Беларусь з ізаляцыі, Лукашэнку варта найперш ажыцьцявіць палітычныя рэформы. Размова ідзе пра свабоду слова, свабодныя выбары, свабодную эканоміку, карацей – пра дэмакратыю. Адной жа паліроўкай іміджу нічога не дасягнеш”

Нямецкі журналіст скептычна ставіцца да намеру брытанскага PR-мэнэджэра лорда Бэла палепшыць ня надта добрую рэпутацыю Аляксандра Лукашэнкі.

Як піша Tagesspiegel, “прыкладам для Лукашэнкі мог стаць колішні ўкраінскі прэм’ер Віктар Януковіч. У свой час іміджмэйкеры з ЗША за вельмі кароткі час зрабілі з гэтага “цюхцяя” красамоўнага дасьведчанага палітыка. Аднак у выніку здарыўся так званы няшчасны выпадак на вытворчасьці. Януковіч атрымаў паразу на парлямэнцкіх выбарах, а амэрыканскі паліттэхноляг згубіў сваю працу. У гэтым сэнсе беларускаму кіраўніку няма чаго баяцца канкурэнтаў ад апазыцыі. Яе ён нэйтралізаваў з дапамогай паліцэйскіх захадаў.”

Паводле Tagesspiegel і іншых эўрапейскіх выданьняў, экспэрты ў галіне PR называюць цяперашнюю задачу лорда Бэла нялёгкай. Хаця дагэтуль яму і ўдавалася з дапамогай розных цікавых дэталяў мінімізаваць у вачох грамадзкасьці ня самыя прыемныя рысы кліентаў і пераключаць зь іх увагу на нейкія іншыя моманты. Так было, напрыклад, зь вядомай сумачкай Маргарэт Тэтчэр, якая, безумоўна, зьмякчала вобраз “ жалезнай лэдзі”. “У выпадку з Лукашэнкам, Бэлу прыйдзецца папрацаваць над пошукам рашэньняў у паляпшэньні рэпутацыі дзяржаўнага дзеяча. які знаходзіцца ў чорным сьпісе галоўных парушальнікаў правоў чалавека,” – піша Tagesspiegel.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG