Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр Анатоль Грыцкевіч

абноўлена

Анатоль Грыцкевіч
Анатоль Грыцкевіч

На 86-м годзе жыцьця памёр вядомы беларускі навуковец, гісторык Анатоль Грыцкевіч.

Пра гэта паведаміў карэспандэнту Свабоды намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі.

Ён распавёў, што ў Анатоля Грыцкевіча быў інсульт, а памёр ён ад сардэчнай недастатковасьці.

«Патэлефанавала яго жонка, сказала, што літаральна 10 хвілін таму ён памёр. Ён быў сябрам КХП БНФ і нашы сябры яго часта наведвалі. У яго быў інсульт і пасьля інсульту ён быў у цяжкім стане. Недзе тры тыдні таму я ў яго быў, то ён быў даволі слабы. Трымаўся,бадзёрыўся, але сказўаў мне, што да апошняга будзе працаваць дзеля Беларусі».

Анатоль Грыцкевіч (1929-2015) — аўтар некалькіх сотняў навуковых прац і манаграфій, аўтар дзясяткаў кніг, прысьвечаных гісторыі, у тым ліку часоў ВКЛ і Беларусі пэрыяду барацьбы за незалежнасьць.

Уладзімер Колас: «Анатоль Грыцкевіч — наш магікан»

Дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімер Колас згадвае пра Анатоля Грыцкевіча:

Уладзімер Колас
Уладзімер Колас

«Анатоль Грыцкевіч — гэта чалавек, які належыць да залатога фонду нашай інтэлігенцыі, да нашых магікан. Ён быў у радзе інтэлігенцыі, на вялікі жаль, апошнім часам ён вельмі мала на ёй бываў у сувязі са станам здароўя, але раней стала прыходзіў».

Вінцук Вячорка: «Грыцкевіч — гэта адзін з беларускіх волатаў»

Вядомы апазыцыйны палітык, мовазнаўца Вінцук Вячорка згадвае Анатоля Грыцкевіча як грамадзкага дзеяча і навукоўцу.

Вінцук Вчорка
Вінцук Вчорка

«Анатоль Грыцкевіч — гэта адзін з беларускіх волатаў. З тых людзей, якія ўвасаблялі (вельмі балюча ўжываць мінулы час) адначасова найглыбейшы прафэсіяналізм, найглыбейшыя веды і найвышэйшую нацыянальную і грамадзкую адказнасьць. Адразу прыгадваецца, што Грыцкевіч быў сярод сустаршыняў вялікага кангрэсу за незалежнасьць якраз у тыя гады, калі ўзьнікла рэальная пагроза страты толькі што набытай дзяржаўнай незалежнасьці».

Рыцар беларушчыны

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў пра памерлага гісторыка Анатоля Грыцкевіча.

Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

«Сьмерць Анатоля Грыцкевіча — вельмі цяжкая навіна для мяне. Здаецца, усё жыцьцё я быў знаёмы зь ім, з тых гадоў, як я адчуў сабе беларусам. Мы жылі па суседзтве, і мне часта даводзілася бываць у Анатоля Пятровіча. Ён быў рэцэнзэнтам кніг, якія вельмі важныя для мяне — «Краіна Беларусь» і «Вялікае Княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя». Ён вельмі цешыўся, калі ўзяў у рукі кнігу «Вялікае Княства Літоўскае» і англамоўны пераклад кнігі «Краіна Беларусь».

Юрась Беленькі: Анатоль Грыцкевіч — гэта асоба ўнікальная

Намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі пра гісторыка і навукоўца Анатоля Грыцкевіча.

Юрась Беленькі
Юрась Беленькі

«Недзе тры тыдні таму я яго наведваў, ён быў даволі слабы. Трымаўся,бадзёрыўся, сказаў мне, што да апошняга будзе працаваць дзеля Беларусі. Ён быў вельмі ўсьцешаны, што яму ўдалося выпусьціць брашуру да 500 — годзьдзя бітвы пад Воршай. Але шкадаваў, што мала асобнікаў. Я яго суцяшаў: галоўнае, што яна ёсьць, а ў вольнай Беларусі наклад павялічыцца ў сотні і нават тысячы разоў. Яго працы па гісторыі Беларусі надзвычай важныя для нас і для будучых пакаленьняў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG