Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вінцук Вячорка: «Грыцкевіч — гэта адзін з беларускіх волатаў»


Вінцук Вячорка

Вінцук Вячорка

Вядомы апазыцыйны палітык, мовазнаўца Вінцук Вячорка згадвае Анатоля Грыцкевіча як грамадзкага дзеяча і навкуоўцу.

«Анатоль Грыцкевіч — гэта адзін з беларускіх волатаў. З тых людзей, якія ўвасаблялі (вельмі балюча ўжываць мінулы час) адначасова найглыбейшы прафэсіяналізм, найглыбейшыя веды і найвышэйшую нацыянальную і грамадзкую адказнасьць. Адразу прыгадваецца, што Грыцкевіч быў сярод сустаршыняў вялікага кангрэсу за незалежнасьць якраз у тыя гады, калі ўзьнікла рэальная пагроза страты толькі што набытай дзяржаўнай незалежнасьці.

Ён ніколі не цураўся таго, каб браць на сябе высокія грамадзкія абавязкі і адказнасьць, скажам, старшынюючы ў Згуртаваньні беларусаў сьвету „Бацькаўшчына“. Аднак найважнейшая ягоная місія, найважнейшая заслуга — гэта фармаваньне іншай беларускай гістарычнай сьвядомасьці соцень тысяч, а можа і мільёнаў людзей. Таму што гэта ён, як родам случанін, вяртаў нам праўду пра Слуцкі збройны чын, вяртаў праўду пра расейскую агрэсію супраць Беларусі на розных гістарычных этапах, шмат цікавіўся і шмат добрага і вартага напісаў пра нацыянальную арыстакратыю.

Ён быў адным з тых, хто адраджаў традыцыі беларускай шляхты пасьля дзесяцігодзьдзяў савецкага яе забыцьця. Яго постаць як пэдагога, а ён многа гадоў выкладаў у некалькіх беларускіх унівэрсытэтах, запомнілася мне на ўсё жыцьцё, як і многім беларускім інтэлігентам, людзям гуманітарных прафэсій. І напэўна ён запаліў у іхных душах іскру беларускасьці. Сьветлая памяць».

XS
SM
MD
LG