Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў пра памерлага гісторыка Анатоля Грыцкевіча.

«Сьмерць Анатоля Грыцкевіча — вельмі цяжкая навіна для мяне. Здаецца, усё жыцьцё я быў знаёмы зь ім, з тых гадоў, як я адчуў сабе беларусам. Мы жылі па суседзтве, і мне часта даводзілася бываць у Анатоля Пятровіча. Ён быў рэцэнзэнтам кніг, якія вельмі важныя для мяне — «Краіна Беларусь» і «Вялікае Княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя». Ён вельмі цешыўся, калі ўзяў у рукі кнігу «Вялікае Княства Літоўскае» і англамоўны пераклад кнігі «Краіна Беларусь».

Уладзімер Арлоў

Уладзімер Арлоў

Грыцкевіч вельмі годна рэпрэзэнтаваў беларускую гістарычную навуку у Эўропе і сьвеце. Ён увёў у гістарыяграфію азначэньне Рэчы Паспалітай як фэдэрацыі двух раўнапраўных дзяржаваў — нашай старажытнай краіны Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы. Спадар Анатоль ня раз выступаў на міжнародных канфэрэнцыях у Лёндане, Рыме, Парыжы, Будапэшце, Санкт-Пецярбурзе, дзе нязьменна выказваў свой погляд на гісторыю Беларусі як самастойнай эўрапейскай дзяржавы і народа, са сваёй мовай і культурай, якому належала вызначальная роля ў стварэньні і разьвіцьці Вялікага Княства Літоўскага.

Анатоль Грыцкевіч — аўтар шасьці манаграфій і больш тысячы навуковых публікацый. У 2012 годзе ў сэрыі «Беларускі кнігазбор» выйшаў том ягоных выбраных працаў.

Апошняя кніга, над якой мы працавалі разам, былі «Сьцягі Воршы», прысьвечаныя 500-годдзю славутай перамогі нашых продкаў над маскоўскімі захопнікамі. Гэтая кніга адкрывае сэрыю «Славутыя бітвы». Ён быў аўтарам кнігі, а я — рэдактарам і аўтарам прадмовы, у якой не мог не згадаць: Анатоль Грыцкевіч знайшоў у Мэтрыцы Вялікага Княства Літоўскага, што ягоны далёкі продак, баярын Юхно Грыцкевіч, удзельнічаў у той бітве і вярнуўся пераможцам. Анатоль Пятровіч быў годным нашчадкам таго рыцара, ён сам быў рыцарам у навуцы і грамадзкім жыцьці Беларусі.

Паводле сваёй першай вышэйшай адукацыі Анатоль Грыцкевіч быў доктарам, ён скончыў мэдінстытут і нейкі час працаваў па спэцыяльнасьці. Але я сказаў бы што ён заставаўся лекарам усё сваё жыцьцё, лекуючы беларусаў ад гістарычнага бяспамяцтва".

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG