Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Грыцкевіч: «БНФ зрабіў усё, каб Беларусь абвясьціла сувэрэнітэт»


20 гадоў таму — 25 жніўня 1991 году — Беларусь здабыла незалежнасьць. За дакумэнтам, які стаў падмуркам нашай свабоды, лёсы людзей. Сваім жыцьцём яны пісалі гісторыю — верылі і змагаліся, любілі і ненавідзелі. А ў спадчыну дзецям пакінулі цэлую краіну. Як склаліся лёсы тых, хто зрабіў Беларусь незалежнай? Як ацэньваюць зробленае іх дзеці? Пра гэта ў праграме «Бацькі і дзеці беларускай незалежнасьці» штотыдзень у эфіры і на сайце Радыё Свабода.

Гісторык Анатоль Грыцкевіч вярнуў беларусам праўду пра Слуцкае паўстаньне, дзейнасьць генэрала Булак-Булаховіча і сярэднявечныя бітвы. Ён аўтар амаль дзясятка манаграфій, а навуковых артыкулаў напісаў больш за тысячу. Дзясяткі гадоў прафэсар Грыцкевіч распавядаў і пісаў пра сапраўдную гісторыю Беларусі, якая супярэчыла яе савецкай ідэалягізаванай вэрсіі. Нават доктарскую дысэртацыю ў савецкі час яму давялося абараняць у Літве. Але прага да гістарычных ведаў шмат у чым зьвязаная з гісторыяй ягонай сям’і — нездарма ён прысьвяціў столькі сваіх працаў Случчыне, адкуль паходзіць ягоны род:

Анатоль Грыцкевіч: «Я заўсёды цікавіўся гісторыяй грамадзянскай вайны. Справа ў тым, што мой бацька — яе ўдзельнік. Ён загінуў у 1941-м пад Масквой, быў камісарам асобнага сапёрнага батальёна. Ён быў бальшавіком ад самага пачатку, як пайшоў на Першую ўсясьветную вайну. Ніколі ў нас не гаварылася пра нашае паходжаньне, гэта я ўжо потым раскапаў усё. У савецкі час гэта ня мела значэньня, акрамя таго, мы ўсе дружна ненавідзелі ўсіх прадстаўнікоў гэтага пануючага клясу — дваранства, шляхты і ўсіх іншых».

Сям’я Грыцкевічаў. 1935 г.


Значным прафэсійным захапленьнем Анатоля Грыцкевіча стала генэалёгія. Па ягоных словах, ён і паплечнікі фактычна рэабілітавалі беларускую шляхту. Але ўласны радавод узнавіць давялося ня так даўно».

Анатоль Грыцкевіч: «Дарэчы, я толькі даведаўся ў мінулым годзе пра гэтае паходжаньне. Узяў кнігу «Дваранства Менскай губэрні», і там гаварылася, як мой бацька, а іх вёска была паўтара кілямэтры ад Слуцку, пасьля заканчэньня вучылішча паступіў у гімназію, каб скончыць вучобу. А тут ужо наступіла яму 18 год. Царскі закон быў у гэтым сэнсе вельмі строгі: 18 год — ідзі на фронт. Хочаш атрымаць адукацыю — потым атрымаеш. Там ён пазнаёміўся з бальшавікамі, а ў бальшавікоў былі вельмі добрыя лёзунгі: зямля — сялянам, заводы — рабочым, мір — народам. За гэтыя тры лёзунгі можна было ваяваць з кім заўгодна.

Анатоль Грыцкевіч. 1968 г.


Карацей кажучы, ён пайшоў супраць немцаў, а потым быў партызанам супраць палякаў, а потым быў партыйным, прафсаюзным работнікам. Перад вайной быў дырэктарам сярэдняй школы № 5. Дэпутатам быў тады Цэнтральнага выканаўчага камітэту саветаў. Да 1937-га, а ў 1937-м яго часова выключылі — «не разглядел врагов народа в Наркомпросе». А ён быў старшыня прафсаюзу работнікаў школы і вышэйшай школы. Выключылі з партыі, зьнялі з працы. Ён год не працаваў, але маці была дацэнтам, працавала, і ўся сям’я жыла на гэта. А потым яго ўзнавілі.

Але ў нашай сям’і ўжо зь сярэдзіны XVII стагодзьдзя наймітаў не было — самі працавалі на невялікіх участках. Я пралічыў: калі б атрымалі зямлю і не было б калектывізацыі, то мне і майму роднаму брату ў Пецярбургу (Валянцін Грыцкевіч — доктар культуралёгіі, старшыня Беларускага грамадзка﷓культурнага таварыства ў Пецярбургу — рэд.) дасталося б па адным гектары. Што можна з адным гектарам зрабіць? Таму, я кажу, прыйшлося пайсьці ў прафэсары.

Займаўся ў асноўным я фэадалізмам. Гэта мая, як піша Адам Мальдзіс, асноўная тэма. І гісторыяй Слуцку як прыватнага горада. Гэта ў Расеі былі ўсе царскія гарады. А тут у нас было зусім інакш — мястэчка і горад маглі быць і прыватныя. Ёсьць грошы — купіў, запрасіў людзей, значыць, яны падпарадкоўваюцца ня толькі дзяржаўным законам, але і тваім законам. А тут Радзівілы Слуцкам уладалі.

Анатоль і Валянцін Грыцкевічы з маці. Кіславодск, 1949 г.


На пачатку XIX стагодзьдзя пайшлі канфлікты, у тым ліку мае продкі з Радзівіламі канфліктавалі. Скончылася тым, што царскі ўрад купіў у Радзівілаў Слуцак і 6 вайсковых вёсак каля яго. А цяпер я сустракаюся з Радзівіламі на канфэрэнцыях, і гэта ўжо вельмі мілыя, дэмакратычныя людзі».

У размове з Анатолем Грыцкевічам удзельнічае ягоны ўнук Аляксей. Увогуле ў Анатоля Пятровіча і ягонай жонкі Ады Вячаславаўны трое дзяцей, два ўнукі і ўнучка. Аляксей прафэсійна займаецца рэклямай і жартаўліва просіць дзеда не запамінаць, як называецца ягоная прафэсія: капірайтэр.

Ада і Анатоль Грыцкевічы зь дзецьмі: Пятром і Любоўю. 1967 г.


Аляксей: «Было так, што я рос з бабуляй і зь дзядулем, бацькі працавалі, і выхоўвалі мяне менавіта яны. Я вельмі ўдзячны таму, што так склалася — што былі блізкія людзі, якія маглі праводзіць са мною дужа часу. Гісторыі ў мяне ў дзяцінстве многа не было. Можа, таму я і не гісторык. Дзядуля чытаў мне Марка Твэна, клясыкаў таго часу. Многа чаго распавядаў, і калі мяне прасілі ў маленстве: «Скажы «кніга», я казаў: «энцыкляпэдыя».

Анатоль Грыцкевіч з сынам Пятром. 1961 г.

Анатоль Грыцкевіч з дачкой Любай. 1960 г.


Думаю, што дабрыня і годнасьць — гэтыя рэчы дасталіся мне менавіта ад бабулі і дзядулі. У жыцьці, калі я да чагосьці іду, я гляджу на людзей, якія былі да мяне — на сваіх бацькоў, на сваіх дзядоў, бабуль, каб таксама стаць кімсьці. Ня проста так пражыць сваё жыцьцё бяз сэнсу».

Анатоль Грыцкевіч. 1987 г.


Анатоль Грыцкевіч прызнае, што шмат зрабіў для таго, каб у Беларусі былі свае нацыянальныя героі:

Анатоль Грыцкевіч: «Вялікага князя нацыянальным героем, можа, ня зробіш, але можна паказаць яго як чалавека. Слуцкае паўстаньне — таксама практычна ўсё маё. Тут пішуць пасьля мяне, але фактычна паўтараюць тое самае, ну, хіба нейкія факты дадаюць. Але вось сілы, як яно ішло, — гэта маё.

Мікола Савіцкі, Анатоль Грыцкевіч, Артур Вольскі, Васіль Быкаў. Сьвята Аршанскай бітвы. 8 верасьня 1992 г.


І пра Булак-Булаховіча. Цяпер ужо ведаюць пра яго, але раней жа ня ведалі. „Ну, быў бандыт…“ Бандыт, з аднаго боку, але ваяваў супраць Чырвонай арміі. А самае цікавае — Троцкі, народны камісар па ваенных справах і старшыня Рэўваенсавету (раней гэта вышэй было, чым камісарыят), — дык ён прапанаваў яму быць генэральным інспэктарам Чырвонай арміі па кавалерыі. Той адмовіўся. І тады ўжо быў прызначаны на гэтую пасаду на доўгія гады Сямён Міхайлавіч Будзённы.

Вы ведаеце, як я пачаў пісаць, да мяне зьвярнуўся ўнук Булак-Булаховіча. Гэта даўно было — на пачатку 90-х гадоў. Цяпер, калі я быў у Варшаве, атрымліваў ганаровы тытул часопіса Варшаўскага ўнівэрсытэту, я папрасіў яго запрасіць на цырымонію. Ён прыйшоў, дык мы хоць пазнаёміліся, бо толькі па лістах раней ведалі адзін аднаго. Я кажу: „Вы ведаеце, я ж фактычна рэабілітаваў вашага дзеда“. Ён пагадзіўся».

Анатоль Грыцкевіч і Зянон Пазьняк. Сойм БНФ. 14 жніўня 1993 г.


Змаганьне за незалежнасьць у пэўны момант патрабуе ад гісторыка такой сама мужнасьці і рашучасьці, як і ад палітыкаў. Пры канцы 80-х Анатоль Грыцкевіч стаў адным з заснавальнікаў Беларускага народнага фронту і Таварыства беларускай мовы. Вельмі важны ягоны ўнёсак у прыняцьцё сымбаляў незалежнай беларускай дзяржавы — сьцяга і герба.

Анатоль Грыцкевіч: «І менавіта я хацеў падкрэсьліць, што БНФ, нягледзячы на тое, што ён быў не такі ўжо і моцны, хаця меў падтрымку, зрабіў усё, каб Рэспубліка Беларусь абвясьціла незалежнасьць. Прычым гэта рабілася вельмі акуратна — так, каб большасьць дэпутатаў, не прыхільнікаў незалежнасьці, галасавалі як трэба.

З другога боку, усё, што можна было ў свой час зрабіць, — гэта перш за ўсё патлумачыць, што такое герб, што такое сьцяг. Я стараўся тады ў газэтах, асабліва ў 1990–91 гадах, расказаць, як яно было. Для мяне вельмі важна было паказаць тады ўсім падзеі стварэньня незалежнай Беларусі. Што гэта не прыдумана нікім, што гэта ўсё ўжо было, існавала раней у Вялікім Княстве Літоўскім. Герб гістарычны, можна сказаць, а што тычыцца сьцяга, то гэта спачатку быў вайсковы сьцяг, а ўжо потым стаў дзяржаўным.

Адкрыцьцё капліцы ў Кунцаўшчыне. Анатоль Грыцкевіч — чацьверты зьлева. 24 жніўня 1994 г.


Калі Кацярына Другая далучыла ўсходнюю Беларусь да Расеі ў 1772 годзе, то тут жа былі створаны віцебскі мушкетэрскі полк і беларускі гусарскі полк— харугва, так можна назваць. І там, дарэчы, былі ўсе знакі бел-чырвона-белыя. Існавалі гэтыя знакі і ў Гродзенскім гусарскім палку на пачатку XIX стагодзьдзя. Потым пасьля паўстаньня 1830–31 гадоў царызм спыніў гэтыя гульні і ўсё гэта скасаваў. Але я вам скажу, што ўсё гэта было ўжо ў свой час прадумана, і ў 1918 годзе ўжо стаялі за гэты бел-чырвона-белы сьцяг і за Пагоню. І яны былі ўведзеныя ўжо афіцыйна ў 1918 годзе радай Беларускай Народнай Рэспублікі.

Я памятаю той час, як зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг на доме Савету міністраў і на доме, дзе месьціцца Менскі гарадзкі савет. Сапраўды можна было пабачыць свае сьцягі як дзяржаўныя. Усё гэта было вельмі добра зроблена.

Адкрыцьцё Беларускага ліцэю ў СШ № 187. Уладзімер Колас, Алег Трусаў, Анатоль Грыцкевіч, Станіслаў Шушкевіч, Міхаіл Дзямчук, Міхась Ткачоў. 5 студзеня 1991 г.


Таксама добра было зроблена тое, што Беларусь незалежная. Нягледзячы на шмат прыкрасьцяў, асабліва ў наш час, пра якія я ўжо ня буду гаварыць, але ўсё ж такі мы незалежная дзяржава».

Словы Анатоля Грыцкевіча цікавым чынам адбіваюцца ў развагах ягонага ўнука Аляксея, рэклямная сфэра дзейнасьці якога, на першы погляд, далёкая ад гісторыі:

Аляксей: «Сярод маіх сяброў шмат сьвядомых людзей у розных сэнсах. Гэта людзі, упэўненыя ў сваіх ідэалах. Ёсьць тыя нават, якія дзядулю ведаюць, што вельмі прыемна.

Вечарына з нагоды юбілею Тадэвуша Касьцюшкі. 1996 г.


Але гэта людзі, якія самі глыбей капаюць, шукаюць нейкую інфармацыю. А большасьці людзей, зь якімі я сутыкаюся проста ў побыце, вельмі мала што цікава, апроч непасрэдна побыту — простага жыцьця: што паесьці, якую вопратку купіць, на чым ты езьдзіш, па якім тэлефоне размаўляеш».

Радыё Свабода: «Аляксей, вы фактычна і рэклямуеце гэты побыт?».

Аляксей: «Хтосьці мусіць гэта рабіць. Ёсьць брэнды, якія базуюцца на гісторыі, на беларускіх сымбалях, і так склалася, што для людзей гэта ня блізка. Калі ты гэта бачыш па тэлебачаньні ці ў часопісе якім, то гэта выглядае так, нібыта гэта зроблена штучна. Таму што людзі гэтым не жывуць.

Так склалася, што людзі перастаюць быць народам, яны становяцца проста жыхарамі гэтай мясцовасьці. Я нават не магу нармальна размаўляць ужо на беларускай мове, таму што проста такія рэчы адыходзяць на задні плян дзеля вырашэньня побытавых праблемаў».

Радыё Свабода: «Анатоль Пятровіч, а як 20 гадоў таму людзі ўспрынялі новыя сымбалі, беларускую мову?».

Анатоль Грыцкевіч: «Калі я працаваў, а я 30 гадоў быў кіраўніком катэдры гісторыі і музэязнаўства ў Інстытуце культуры, цяпер Унівэрсытэт культуры, то я, скажу вам папраўдзе, браў на працу толькі тых, хто можа выступаць па-беларуску. Як пра беларускую культуру гаварыць не на беларускай мове?

Другі кангрэс беларускага ПЭН-цэнтру. Зьлева направа: Вітаўт Кіпель, Анатоль Грыцкевіч, Валянцін Грыцкевіч, Адам Мальдзіс. 3 верасьня 1995 г.


Ну і пра мову скажу. Раней больш было. Я памятаю, калі мае ўнук і ўнучка вучыліся, яны добра гаварылі па-беларуску. Памятаю, як мая дзяўчынка, цяпер ужо студэнтка, чацьверты курс заканчвае, ішла ў школу са сьцяжком. А пасьля прыйшла і пажалілася: «Алёша ў мяне забраў сьцяжок». Я кажу: «Ня плач, я табе прынясу новы».

Радыё Свабода: «Аляксей, на якія зьявы беларускай гісторыі можна цяпер абапірацца ў рэкляме?».

Аляксей: «Зараз так зроблена, што гісторыя Беларусі пачынаецца з гісторыі СССР. Таму што Беларусі як назвы не было — і гэта была нібыта нейкая іншая краіна: ВКЛ, Рэч Паспалітая. Гэта хтосьці іншы, нас гэта не датычыцца, нас тады не было. І ёсьць зубры, буслы, Белавеская пушча — усё ў нас добра, памяркоўна. Але насамрэч, калі ідзеш па горадзе і нехта ляжыць на зямлі, усе праходзяць міма.

Урачыстае паседжаньне да 85-годзьдзя БНР. Ніл Гілевіч, Анатоль Грыцкевіч, Сяргей Законьнікаў. Менск, 25 сакавіка 2003 г.


Усе вобразы, якімі людзі сябе начыняюць, яны недзе вакол Савецкага Саюзу. Грамыка там, напрыклад, ёсьць, які сябе беларусам наагул не лічыў. Але цяпер, мне здаецца, адбываецца вось гэты момант, калі людзі спрабуюць знайсьці нейкія нітачкі, якія іх укараняюць да гэтай тэрыторыі. Патрыятызм, нацыянальныя нейкія рэчы — гэта тое, што аб’яднае ўсіх людзей. Гэта вельмі моцная ідэя, якой карыстаюцца маркетолягі для таго, каб узяць нейкі сэгмэнт рынку. Гэта проста, але калі даходзіць да моманту стварэньня канкрэтнага роліка, напрыклад, то вельмі цяжка зразумець, якія сымбалі ты будзеш ужываць і як яны будуць успрымацца ў галовах у людзей. Таму што гэтых сымбаляў стопрацэнтна не існуе. Для кагосьці Грамыка — свойскі хлопец, а для кагосьці — не».

Радыё Свабода: «А мы можам праз рэкляму мяняць гістарычныя, нацыянальныя стэрэатыпы?».

Аляксей: «Можна, канечне. І, як я ўжо казаў, хтосьці гэта вымушаны рабіць.

Я думаю, што тое, што ты робіш кожны дзень, — гэта самае важнае. Тое, як ты ясі, як ты размаўляеш з блізкімі людзьмі, як ты рэагуеш на тое, што табе не падабаецца, — гэта робіць цябе чалавекам. Ня нейкія абстрактныя рэчы, а тое, што ты робіш штодня. І я магу нейкія рэчы таксама прасоўваць праз тое, што я раблю кожны дзень. Як мінімум — добрую эстэтыку, на што проста прыемна глядзець. Як максымум — фундамэнтальныя рэчы. Гэта проста могуць быць добрыя адносіны паміж людзьмі. Усё вельмі проста на падсьвядомым узроўні з рэклямных ролікаў трапляе людзям у галаву. Калі людзі бачаць добрыя рэчы, можа, яны будуць гэтаксама паводзіць сябе ў рэальным жыцьці. Гэтаксама, калі мы будзем паказваць сапраўдных беларусаў, можа, і беларусы стануць сапраўднымі».

XS
SM
MD
LG