Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Івашкевіча не пускаюць за мяжу з-за работніцы Цыбліенкі

абноўлена

Віктар Івашкевіч
Віктар Івашкевіч

У праграме «Панарама» па Беларускім тэлебачаньні агучаная інфармацыя пра тое, што работніца Мазырскага НПЗ Марына Цыбліенка падала ў суд на палітыка Віктара Івашкевіча.

Падставай для пазову стала тое, што Віктар Івашкевіч нібыта заклікаў эўрапейскія кампаніі байкатаваць беларускія нафтапрадукты. Паводле пазову Цыбліенка патрабуе ад Віктара Івашкевіча 500 тысяч беларускіх рублёў для кампэнсацыі маральных стратаў, якія нібыта нанесьлі ёй асабіста выказваньні Івашкевіча. Таксама яна патрабуе, каб ён адмовіўся ад далейшых заклікаў да санкцый.

Панарама паведамляе, што суд прыняў пазову Цыбліенкі і ў якасьці судовай меры абмежаваў Віктару Івашкевічу выезд за мяжу.

Апроч гэтага ў «Панараме» быў паказаны сюжэт пра паседжаньне прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Нафтан». Журналісты БТ сьцьвярджаюць, што на ім быў прыняты дакумэнт, які таксама асуджае тых, хто заклікае прымяніць эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі. У дакумэнце гаворыцца, што «работнікі „Нафтану“ пакідаюць за сабой права падаць у суд на грамадзянаў Івашкевіча, Калякіна, Вуса і іншых».

Івашкевіч: Гэта тыпова савецкая сытуацыя.


Віктар Івашкевіч: «Мне ніякіх позваў не дасылалі, не перадавалі, ніякіх расьпісак пра тое, што мне абмежаваны выезд, я не даваў. Ня ведаю, што за суд.

Яшчэ з савецкіх часоў на кожным прадпрыемстве ёсьць такая група рабочых, якія звычайна садзяць у прэзыдыюме. Яны шчыра стараюцца быць каля начальства. Яны вось раней уступалі ў камуністычную партыю, сядзелі ў прэзыдыюмах, уваходзілі ў камітэты.

Такія заўсёды былі. Я нават памятаю часы перабудовы, калі вось утварыўся толькі Народны фронт і ва ўсіх газэтах пачалі выступаць, «героі труда», асуджалі ворагаў беларускага народу. Гэта ўсё працяг савецкіх часоў. А ўжо пры Сталіне як крычалі «сабак да адказу». Гэта ж таксама рабілі рабочыя-актывісты. Гэта тыпова савецкая сытуацыя.

Абсалютна гэта ня значыць, што такія настроі ў масы людзей. Паводле апошняга дасьледаваньня НІСЭПД, 66% беларусаў лічаць, што трэба выпускаць палітвязьняў. Гэта для таго, каб унармаляваць адносіны і зьняць санкцыі. Трэба выпускаць палітвязьняў, і ня будзе размовы пра санкцыі. А гэта бязглузды адказ на санкцыі з боку Эўразьзвязу. Гэта нейкі сьмешны іхны ход.

Мяне больш цікавіць, наколькі публічна гэты суд будзе адбывацца. Бо чым больш ён будзе публічны, тым гучней можна будзе падняць тэму палітвязьняў.


Калякін: «Ну якія работнікі „Нафтану“ ведаюць маё прозьвішча?!»


Сяргей Калякін
Сяргей Калякін
«Глупствы гэта ўсё. Глупства! Гэта ўсё тая ж песьня, што ў мяне скралі пашпарт і таму не выпускаюць за мяжу. І тут ні пры чым гэтыя работнікі „Нафтана“, іх там няма, гэта ўсё выдумкі, хітрыкі КДБ. Ніякага пазову быць ня можа, бо не існуе факту, калі б Калякін заклікаў бы да абмежаваньня тавараў „Нафтану“ ці ўвогуле калі-небудзь казаў пра „Нафтан“ ці пра Мазырскі НПЗ. Улады гуляюць у гульні. Яны баязьліўцы. Ня могуць шчыра выказацца пра тое, што яны парушаюць правы грамадзянаў, у тым ліку мае. Ну якія работнікі „Нафтану“ ведаюць маё прозьвішча і што я кажу? Гэта глупства.

Гэта проста за вушы прыцягнулі людзей, проста згвалцілі іх, каб яны гэта зрабілі. Альбо ў гэтых людзей з розумам нелады, альбо ў іх сур’ёзныя праблемы з уладамі і ўлады могуць ім маніпуляваць. Ніякі нармальны чалавек у суд зьвяртацца ня будзе, бо ў яго няма ніякіх доказаў».

***

14 сакавіка Віктар Івашкевіч зьвярнуўся да ўрадаў эўрапейскіх краін з заклікам неадкладна ўвесьці эмбарга на набыцьцё і транспартаваньне беларускіх нафтапрадуктаў да вызваленьня асуджанага апазыцыянэра Сяргея Каваленкі, які трымае працяглую галадоўку.

«Натуральна, дыктатар па добрай волі нікога не адпусьціць. Значыць, яго трэба прымусіць гэта зрабіць. Прымусіць Лукашэнку выпусьціць з турмы ўсіх палітвязьняў, а ў першую чаргу Сяргея Каваленку, могуць толькі рэальныя эканамічныя санкцыі, такія як забарона урадамі краін Эўрапейскага зьвязу купляць і транспартаваць беларускія нафтапрадукты на іх тэрыторыі. Але для таго, каб такія санкцыі былі ўведзеныя, беларускім палітыкам, грамадзкім дзеячам, усім беларусам, каго насамрэч хвалюе лёс Сяргея Каваленкі, неабходна тэрмінова, дакладна і публічна запатрабаваць ад эўрапейскіх краін гэтыя санкцыі ўвесьці. Таму я, Івашкевіч Віктар Антонавіч, сустаршыня Рады прадстаўнікоў Народных сходаў, адкрыта і публічна зьвяртаюся да ўрадаў эўрапейскіх краін з патрабаваньнем неадкладнай забароны купляць і транспартаваць беларускія нафтапрадукты на іх тэрыторыі, інакш сьмерць Сяргея Каваленкі ляжа і на вашае сумленьне», — гаварылася ў звароце палітыка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG