Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Івашкевіч: «Каваленка па-іншаму ня можа, бо сам сябе паважаць ня будзе»


Палітык Віктар Івашкевіч, які зьвярнуўся да Эўропы з заклікам не купляць беларускіх нафтапрадуктаў, пакуль ня вызваляць палітвязьняў і сам зьбіраецца выйсьці з гэтым патрабаваньнем 25 сакавіка на мітынг, разважае, як грамадзтва можа зьмяніць сытуацыю.

Соўсь: Каваленка цьвёрда вырашыў ісьці да канца, і пакуль ніхто ня можа ўгаварыць яго спыніць галадоўку. У выпадку трагічнага завяршэньня гэтай галадоўкі, на вашу думку, гэта можа ўскалыхнуць беларускае грамадзтва?

Івашкевіч: Я мяркую, што чалавек, які ідзе на такі ўчынак, усьведамляе, на што ён ідзе. Натуральна, лепш быць здаровым, свабодным і шчасьлівым, чым паміраць, ладзячы галадоўку за кратамі злачыннага рэжыму. Але насамрэч чалавек жа гэта робіць не для таго, каб кагосьці ўзьняць. Ён па-іншаму ня можа, іначай сам сябе паважаць ня будзе. У прынцыпе, такія ўчынкі чалавек робіць таму, што жыць з пачуцьцём сораму і саманепавагі горш, чым паставіць сваё жыцьцё пад рызыку сьмерці. І ягонае ўнутранае пачуцьцё не дазваляе яму скарыцца, я так разумею.

І ў гэтым сэнсе трэба разважаць не пра тое, дасьць гэта эфэкт ці ня дасьць — ніхто ня ведае, што дасьць эфэкт. Кожны чалавек павінен сказаць: што я зрабіў асабіста, пэрсанальна для таго, каб сытуацыя зьмянілася? Выдрукаваў з сайту 10 улётак і кінуў у паштовыя скрыні сваім суседзям, узяў сьцяг і выйшаў 25 сакавіка да Акадэміі навук, зьвярнуўся публічна, не хаваючыся за «нікамі», да эўрапейскіх палітыкаў і сказаў, што хопіць балбатаць і «выказваць заклапочанасьць»: калі вы хочаце зьмяніць сытуацыю — уводзьце санкцыі, калі не — так і скажыце, што вам грошы важней. І тое, і тое трэба рабіць, але кожны сам павінен гэта рабіць, і пакуль людзі гэта не ўсьвядомяць — што ніхто гэта за іх ня зробіць — сытуацыя ня зьменіцца.

А кожны чалавек, які гэта разумее, ён штурхае гэтае грамадзтва, наколькі ў яго хапае сіл. А калі гэта даць эфэкт? Высоцкі сьпяваў: «Другие придут, сменив уют на риск и непомерный труд». Усё не бясьследна ў нашым жыцьці, і нездарма мы ўзгадваем і Каліноўскага, і бацькоў-заснавальнікаў БНР, якія, я думаю, калі 25 сакавіка абвяшчалі ўтварэньне БНР, ня думалі: «А ці падыме гэта беларусаў?» Яны рабілі тое, што лічылі правільным перад сваім сумленьнем і перад сваімі ідэйнымі пазыцыямі.

Слухаць гутарку цалкам:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG