Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пошуках складальнікаў «чорнага сьпісу» невыязных


Невыязныя беларускія апазыцыянэры пакуль не дамагліся выключэньня іх са сьпісу асобаў, якім абмежаваны выезд за мяжу. Таксама пакуль ня выявіліся новыя прозьвішчы з «чорнага сьпісу», складзенага беларускімі ўладамі.

Невыязныя апазыцыянэры накіравалі скаргі ў суды на Міністэрства юстыцыі, Міністэрства абароны і Міністэрства ўнутраных спраў, якія ініцыявалі забарону на выезд за мяжу. Старшыні БХК Алегу Гулаку ўжо прызначана на 6 красавіка апытаньне ў Цэнтральным судзе Менску. А праваабаронцу Андрэю Бандарэнку суд вярнуў дакумэнты — маўляў, яны няправільна падрыхтаваныя. Бандарэнка мяркуе, што ўлады ўсяляк будуць зацягваць разгляд спраў невыязных:

«Мне далі час да 21 красавіка, каб наноў падаць заяву ў суд. Можна меркаваць, што будуць вынесеныя незаконныя пастановы судоў пра тое, што ўлады зрабілі правільна. Тут нават цікавей, хто канкрэтна выступіў ініцыятарам».

Намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч напісаў скаргу на дзеяньні Міністэрства абароны ў суд Цэнтральнага раёну, а таксама зьвярнуўся да начальніка Партызанскага РУУС. У генпракуратуры Стэфановіч просіць правесьці пракурорскую праверку, бо «гэта наўмысныя дзеяньні».

«Паколькі мы маем справу з наўмысным парушэньнем канстытуцыйных правоў грамадзянаў, за гэта нехта мусіць несьці адказнасьць. Я прасіў правесьці праверку, устанавіць вінаватых. Яны яе скіравалі ў Міністэрства абароны, ухіліўшыся ад сваіх непасрэдных абавязкаў. Я яшчэ пляную падаць скаргу на органы МУС, бо падазраю, што ў судзе Міністэрства абароны скажа, што не прымала ніякіх рашэньняў. І ў такім выпадку прадмету абскарджваньня ня будзе».
Паколькі мы маем справу з наўмысным парушэньнем канстытуцыйных правоў грамадзянаў, за гэта нехта мусіць несьці адказнасьць.

Стэфановіч мяркуе, што дамагчыся выключэньня з «чорнага сьпісу» будзе складана.

«Лукашэнка наўпрост прызнаўся, што такія сьпісы ёсьць, што яны дзейнічаюць,толькі не на поўную моц. І што тут цяпер правазнаўцам рабіць? Няма чаго рабіць, як толькі перакідаць адзін на аднаго і гуляць у дурачка. Гэта ж у нас любімая гульня. Будуць сьпіхваць адзін на аднаго і казаць, што гэта ня мы».

Апазыцыйны палітык Вінцук Вячорка зьвярнуўся ў Мін’юст па тлумачэньні, аднак там сказалі, што нібыта завісьлі кампутары. Ён зьбіраецца падаць заяву ў суд супраць тых, хто ініцыяваў гэты «савецкі чорны сьпіс». Паводле Вячоркі, раней хоць імітавалі нейкую законнасьць, а цяпер і бяз гэтага абыходзяцца. Чаму пакуль ня сталі вядомыя новыя невыязныя?

«Магчыма, людзі пакуль ня едуць. Ці едуць бясьпечнымі каналамі. Таму пакуль ня будзем лічыць, што гэтая справа закрытая».

Вячорка пракамэнтаваў ініцыятыву былога старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага пазбавіць апазыцыянэраў грамадзянства:

«Сьмехатворна гучыць адносна людзей, якія рэальна яшчэ ў савецкія часы змагаліся за незалежную Беларусь. А цяпер зьяўляюцца людзі, якія рабілі кар’еру, зараблялі грошы і пагоны на тым, што змагаліся супраць незалежнай Беларусі, супраць беларускай Беларусі. І яны цяпер сьмеюць: адны — пазбаўляць людзей элемэнтарных правоў, а іншыя — зьвягаць, як гэты спадар, які яшчэ не адказаў па судах за тыя паклёпы, якія ён выліў на галовы сумленных беларусаў, калі быў галоўным прапагандыстам».
XS
SM
MD
LG