Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюзную дзяржаву не прасілі не выпускаць апазыцыянэраў

  • БелаПАН

Грыгоры Рапота зьлева.

Грыгоры Рапота зьлева.

Беларускія ўлады не зьвярталіся ў структуры Саюзнай дзяржавы з просьбай абмежаваць выезд за мяжу некаторым грамадзянам, якія пазбаўленыя гэтага права ў Беларусі. Гэта вынікае з заявы дзяржаўнага сакратара СД Грыгоры Рапоты на прэс-канфэрэнцыі ў Менску 30 сакавіка.

«Асабіста да мяне ніхто не зьвяртаўся з прапановамі падобнага кшталту, таму што гэта разглядаецца як сувэрэнная права кожнай дзяржавы — рэгуляваць уезд і выезд грамадзян у трэція краіны», — заявіў Рапота.

Паводле яго слоў, ніякімі дамовамі ў рамках Саюзнай дзяржавы «гэта ніяк не рэгулюецца». «У нас рэгулюецца толькі ўзаемнае перасячэньне мяжы. Рэгуляваньне заключаецца ў тым, што яно ніяк не рэгулюецца (на мяжы паміж Беларусьсю і Расеяй адсутнічае памежны кантроль). Проста адсутнічае рэгулятар. Усё астатняе не уваходзіць у сфэру нашай кампэтэнцыі», — сказаў Рапота.

На працягу некалькіх апошніх тыдняў некаторыя прадстаўнікі беларускай апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці і СМІ сутыкнуліся з немагчымасьцю выехаць зь Беларусі за мяжу. Лічыцца, што стварэньне сьпісу невыязных стала адказным дзеяньнем беларускіх уладаў на пашырэньне санкцый Эўрапейскага Зьвязу ў дачыненьні да Беларусі. Праўда, некалькім невыязным усё ж удалося пакінуць краіну, як лічыцца, праз тэрыторыю Расеі.

27 сакавіка лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, старшыню Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргея Калякіна і прэс-сакратара кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Аляксандра Атрошчанкава, якiя накiроўвалiся ў Расею, каб вылецець у Брусэль, зь Беларусі ужо ня выпусьцілі. Яны былі зьнятыя міліцыяй з цягніка ў Воршы.
XS
SM
MD
LG