Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фёдараў: Канфлікт з Эўразьвязам можа зацягнуцца


Брусэльскі інтэрнэт-партал euobserver.com паведаміў пра закрытае рашэньне Эўразьвязу, каб паслы вярнуліся ў Менск пасьля Вялікадня. Усе паслы краін Эўразьвязу пакінулі беларускую сталіцу ў канцы лютага на знак салідарнасьці з паслом Польшчы Лешакам Шарэпкам і кіраўніцай прадстаўніцтва Эўразьвязу Майрай Морай, якіх МЗС Беларусі папрасіў пакінуць краіну. Афіцыйнага пацьвярджэньня інфармацыі пра чаканае вяртаньне эўрапейскіх паслоў няма.

Пра тое, што паслы краін Эўрапейскага Зьвязу разам вернуцца ў Беларусь неўзабаве пасьля Вялікадня, калі Аляксандар Лукашэнка ня зробіць да гэтага нейкіх радыкальных крокаў, паведаміў сайт EUobserver са спасылкай на эўрапейскіх дыпляматаў.

Паводле іхніх словаў, рашэньне на гэты конт было ўхваленае за зачыненымі дзьвярыма ў Брусэлі на мінулым тыдні.

Аднак Мая Качыянчыч, прэсавы сакратар Вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан, не змагла пацьвердзіць гэтую інфармацыю. Яна нагадала, што рашэньне пра выезд эўрапейскіх амбасадараў было ўхваленае ў канцы лютага на знак адзінства і салідарнасьці з паслом Польшчы і кіраўніцай прадстаўніцтва Эўразьвязу, ад якіх улады запатрабавалі зьехаць на кансультацыі:

«Гэта здарылася, яны адбылі на кансультацыі. Мы таксама пагадзіліся, што паслы вернуцца на аснове адзіных падыходаў і каардынацыі. Але я не магу пацьвердзіць ніякі канкрэтны час іх вяртаньня».

Кіраўнік прэсавай службы МЗС Літвы Гедрус Пажунас сказаў, што пытаньне пра вяртаньне ў Менск літоўскага амбасадара Эдмінаса Багдонаса «разглядаецца», але прымаць такое рашэньне Літва будзе разам зь іншымі дзяржавамі Зьвязу.

У прадстаўніцтве Эўразьвязу ў Беларусі, амбасадах шэрагу эўрапейскіх краін у Менску таксама не змаглі пацьвердзіць пляны вяртаньня амбасадараў, адкліканых на кансультацыі.

Міністэрства замежных спраў Беларусі пасьля рашэньня Рады Эўразьвязу ад 23 сакавіка аб пашырэньні санкцыяў адносна беларускіх уладаў заявіла: «У сёньняшніх умовах беларускі бок ня бачыць неабходнасьці ў прысутнасьці на тэрыторыі Беларусі адкліканых паслоў дзяржаў, якія прагаласавалі за гэтае рашэньне».

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных заявіў «Свабодзе», што гэтая пазыцыя не памянялася:

«Пазыцыі пакуль абазначаныя, нейкай новай інфармацыі па гэтым пытаньні не зьявілася».

Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў мяркуе, што дыпляматычны канфлікт Беларусі і Эўразьвязу можа зацягнуцца. У якасьці прыкладу ён прыводзіць аналягічную сытуацыю ў дачыненьнях Беларусі і ЗША — чацьвёрты год Злучаныя Штаты прадстаўленыя ў Менску на ўзроўні часовага паверанага.

Эўрапейскія паслы могуць вярнуцца, калі будуць адпаведныя дзеяньні і сыгналы зь Менску:

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў
«Пасьля таго як будуць выкананыя хоць нейкія ўмовы і хоць нейкія крокі зь беларускага боку будуць зробленыя, няхай невялікія, насустрач тым заклікам, якія ідуць з аб’яднанай Эўропы. Але пакуль што мы гэтага не назіраем. Наадварот, прадстаўнік МЗС казаў, што яны не чакаюць вяртаньня паслоў» .

Ні Беларусь, ні Эўразьвяз ня выйграюць ад працягу гэтага канфлікту, перакананы спадар Фёдараў:

«Менш ад гэтага страчвае Эўразьвяз, ён не настолькі зацікаўлены ў стасунках зь Беларусьсю, як Беларусь — з Эўразьвязам. Гэта далейшае псаваньне адносінаў, і калі справа пойдзе ўсур’ёз, то больш за ўсё страціць Беларусь. Эўразьвяз жа страціць тут свой уплыў, у эканамічным пляне — нашмат меней... А тое, што Масква ад гэтага выйграе — гэта відавочна. Яна дарэчы, нічога ня робіць, каб гэты канфлікт улагодзіць, а стаіць убаку і чакае, чым справа скончыцца. Яна бачыць, што пры такім разьвіцьці падзей Беларусь сама ідзе да яе ў мядзьведжыя абдымкі».



28 лютага амбасадару Польшчы ў Беларусі Лешаку Шарэпку і кіраўніцы прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Майры Моры афіцыйны Менск прапанаваў выехаць зь Беларусі ў свае сталіцы «для кансультацыяў». На знак салідарнасьці паслы іншых краінаў Эўразьвязу таксама былі адкліканыя зь Менску для кансультацыяў у свае сталіцы. Асноўнае патрабаваньне эўрапейскага боку да Беларусі — вызваленьне палітвязьняў. Беларускія ўлады, са свайго боку, адклікалі для кансультацыяў свайго сталага прадстаўніка пры Эўразьвязе і пасла ў Польшчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG