Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Івашкевіч: Не купляйце беларускіх нафтапрадуктаў пакуль ня вызваляць Каваленку


Віктар Івашкевіч
Віктар Івашкевіч

«Прымусіць Лукашэнку выпусьціць з турмы ўсіх палітвязьняў, а ў першую чаргу Сяргея Каваленку, могуць толькі рэальныя эканамічныя санкцыі, такія як забарона ўрадамі краінаў Эўрапейскага зьвязу купляць і транспартаваць беларускія нафтапрадукты па іх тэрыторыях», — піша ў сваім звароце палітык Віктар Івашкевіч.

Івашкевіч лічыць, што «каб такія санкцыі былі ўведзеныя, беларускім палітыкам, грамадзкім дзеячам, усім беларусам, каго сапраўды хвалюе лёс Сяргея Каваленкі, неабходна тэрмінова (таму што часу няма) ясна і публічна запатрабаваць ад эўрапейскіх краінаў гэтыя санкцыі ўвесьці».

Віктар Івашкевіч цытуе словы Аляксандра Казуліна, які таксама некалі трымаў працяглую галадоўку. У інтэрвію Свабодзе Казулін на пытаньне, што пераканала яго спыніць галадоўку, адказаў: ягонае патрабаваньне было выкананае, а інакш ён гатовы быў ісьці да канца. «Чаму мы лічым Каваленку менш прынцыповым і менш мужным чым Аляксандар Казулін, калі не змагаемся з рэжымам за ягонае вызваленьне, а спрабуем, разам з турэмшчыкамі, угаварыць Сяргея спыніць галадоўку і скарыцца? А калі ён не згадзіцца з нашымі ўгаворамі, што тады? Скажам сабе: «Мы яму прапаноўвалі, ён не пагадзіўся, мы зрабілі ўсё, што маглі...»? — задае пытаньне Івашкевіч.

Віктар Івашкевіч зьвяртаецца да лідэраў апазыцыі і грамадзкіх дзеячоў «неадкладна адкрыта і публічна зьвярнуцца да ўрадаў Эўрапейскіх краінаў з патрабаваньнем неадкладнай забароны купляць і транспартаваць беларускія нафтапрадукты па іх тэрыторыі».

Палітык таксама заклікае простых грамадзянаў дасылаць праз электронную пошту паведамленьні і пісаць лісты ў амбасады краінаў Эўразьвязу з тым самым патрабаваньнем.

Сустаршыня Рады прадстаўнікоў Народных сходаў Віктар Івашкевіч прапануе ўсім, каго сапраўды хвалюе лёс Каваленкі, далучыцца да сьвяткаваньня Дня Волі 25 сакавіка і выйсьці з транспарантамі «Свабоду Сяргею Каваленку!».

«Жыць ці паміраць Сяргею Каваленку залежыць сёньня ад кожнага з нас!» — такімі словамі завяршае палітык свой зварот.

14 сакавіка Віктар Івашкевіч адказаў на пытаньні нашай радыёстанцыі:

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:07:16 0:00
Наўпроставы лінк


***

Паводле стану на 12 сакавіка Сяргей Каваленка важыў 51 кіляграм, тэмпэратура цела была 35,2 градусы. Новых зьвестак пра здароўе сваякі Каваленкі ня маюць.

Сяргей Каваленка абвясьціў галадоўку 19 сьнежня, потым рабіў перапынак, а бесьперапынна трымае яе ад 8 лютага.

Яго асудзілі на 2 гады і 1 месяц за парушэньне ўмоваў адбыцьця «хатняй хіміі», якой яго пакаралі за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцягу на навагодняй ёлцы ў Віцебску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG