Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор запатрабаваў: Саньнікаву — 7 гадоў, Яроменку, Васілевічу, Мірзаянаву — 3 гады, Гнедчыку — 4 гады

абноўлена

12 траўня ў Менску ў судзе Партызанскага раёну працягваўся працэс супраць Андрэя Саньнікава, Ільлі Васілевіча, Алега Гнедчыка, Фёдара Мірзаянава і Ўладзімера Яроменка. Судзьдзя Натальля Чацьвертакова.

14.18 Прысуд абвесьцяць 14 траўня а 16-й гадзіне.

14.05 Апошняе слова Саньнікава.



Падзеі 19 сьнежня і гэты працэс я разглядаю як праяўленьне страху ўлады перад непазьбежнымі пераменамі. Гэта помста за сьмеласьць і адкрытасьць.

У адносінах да мяне гэтая яшчэ і палітычная расправа над кандадатам на прэзыдэнта, які склаў яму рэальную канкурэнцыю і выказаў гатоўнасьць узяць на сябе адказнасьць за краіну. Быў і застаюся прыхільнікам дзеяньняў па зьмене сытуацыі ў краіне, але негвалтоўных дзеяньняў.

Усе, што адбываецца — гэта прадуманая правакацыя ўлады.

На гэта ўказваюць заявы Лукашэнкі, які казаў што пасьля выбарах з усімі разьбярэцца.

У гэтай справе няма ніводнага доказу масавых беспарадкаў, нягледзячы на тое, што праслушка ў адносінах мяне праводзілася зь лета 2010 году.

Праваахоўныя органы ад пачатку не перашкаджалі біць шкло, не затрымлівалі парушальнікаў.

Пасьля першага адцясьненьня хуліганаў, міліцыянты не засталіся на месцы. такім чынам яны спарадзілі пачуцьцё беспакаранасьці ў хуліганаў. Пра гэта сьведчаць і абяцаньні уладаў адпусьціць тых асобаў, якія дадуць паказаньні на кандыдатаў.

Я выказваю глыбокую падзяку тым, хто гэта не зрабіў.. Я ганаруся што знаходжуся ў гэтай клетцы з вамі. (ён назваў усіх фігурантаў справы).

Большая частка беларусаў хочуць пераменаў. Акцыя 19 сьнежня адрозьнівалася ад дэманстрацыяў, якія праходзілі ў Беларусі пасьля выбараў. Мірная акцыя.

19 сьнежня адбылася акцыя надзеі. Мы ня толькі пратэставалі супраць фальшаваньня выбараў, крадзяжу галасоў. Мы прапаноўвалі ўладзе перамовы, каб разам знайсьці выйсьце з крызісу. Але страх перад народам прымусіў уладу ўжыць сілу.

У 1991 годзе дыялёг на той жа плошчы прывёў да ўмацаваньня незалежнасьці краіны. Падзеі 2010 года прывялі да зьбіцьця людзей, у тымі ліку кандыдатаў. Сярод арыштаваных — мая жонка, мае сябры. Многія вымушаныя былі ўцячы з краіны і папрасіць палітычнага прытулку.

Мы хочам аднаго вольна жыць у Беларусі, мець вольныя выбары і не баяцца.

Я хачу папярэдзіць тых, хто парушае закон у непазьбежнасьці расплаты.

Я прайшоў праз катаваньні, прыніжэньні і пагрозы. Мне зноў прыйдзецца прайсьці праз выпрабаваньні. Тым ня меней, у мяне няма пачуцьця нянавісьці і помсты.

Я перакананы, што і цяпер можна пачаць рэгуляваць крызіс шляхам перамоваў.

Выказаў падзяку сям’і, тым, хто праявіў салідарнасьць, падзякаваў тым, хто працаваў у кампаніі і галасаваў за яго.

Я люблю Беларусь. Я вельмі люблю свабоду. Жыве Беларусь!

Гучныя аплядысмэнты.


14.02 Апошняе слова Яроменка.

Ужо 16 год у Беларусі пануе адзін чалавек. Ужо 16 год у Беларусі зьнішчаецца мова. 16 год у краіне няма свабоды слова. Менавіта таму я выйшаў на Плошчу.

Любы рэжым калі-небудзь скончыцца, у тым ліку і беларускі. Я не шкадую, што ўдзельнічаў у Плошчы. Жыве Беларусь!


12.58 Абвешчаны перапынак да 14.00

Ала Саньнікава кажа журналісту, што прыгавор пішацца на самым версе беларускай улады. Працэс над сваім сынам яна назвала злачынствам стагодзьдзя.



12.49 Апошняе слова Васілевіча.

Я не далучаўся да хуліганскага натоўпу. Я далучыўся да беларускіх выбарнікаў. Рэальнага супраціву ўладам не было.

Не рабіў я ніякіх дзеяньняў, каб пранікнуць у Дом ураду. Нічога не зьнішчаў. Я толькі зьбіў аскепак шкла. Я ня ўзломваў дзьверы.

Не было такога, што натоўп пераўтварыўся ў адзіную разбуральную сілу, які пішацца ў абвінавачаньні.

Многім зразумелая прычына завядзеньня гэтай справы, адсутнасьць складу злачынства, і абсурднасьць таго, што на плошчы нібыта былі нейкія рэчы, якія можна было выкарыстоўваць для супраціву. Прашу суд быць аб’ектыўным і непрадузятым і вынесьці справядлівы вырак.

12.46 Апошняе слова Мірзаянава.

Мірзаянаў заявіў, што гэта для яго асабістая трагедыя, страта веры ў праўду і законнасьць у нашай краіне.

19 сьнежня я пайшоў на Плошчу, каб дамагацца справядлівасьці, эканамічнага росту.

Я хацеў падтрымаць свайго кандыдата Раманчука.

Але выявілася, што я не магу свабодна выказваць сваё меркаваньне ў сваёй краіне. Я бачыў як жорстка быў разагнаны мітынг, білі мірных людзей.

Пасьля мітынгу было арыштавана 700 чалавек і ў тым ліку і я, бо я хацеў выказаць сваю думку.

Але гэта ня самае вялікае расчараваньне.

25 студзеня мяне выклікалі і запатрабавалі ад мяне нейкіх незразумелых паказаньняў. Я адмовіўся. Тады мяне арыштавалі.

Потым я падумаў што спадар пракурор разьбярэцца…

Я прашу суд толькі аб адным — вынесіце справядлівы вырак.


12.08 — 12.40 Выступае іншы абаронца Саньнікава Варвашэвіч.

Адвакат перакананы, што ў ходзе сьледзтва не даказаны сам факт масавых беспарадкаў.

Для кваліфікацыі падзей як «масавыя беспарадкі», трэба высьветліць, колькі людзей у іх прымала ўдзел, якая тэрыторыя была імі ахопленая. Зьвестак пра колькасьць асобаў, якія прымалі ўдзел у беспарадках, у матэрыялах адсутнічае. Лічыць удзельнікамі беспарадкаў усіх мітынгоўцаў нельга.

З доказаў па справе бачна, што тэрыторыя, ахопленая непарадкамі абмяжоўваецца некалькімі дзясяткамі квадратных мэтраў ля ганку Дома ўраду. Уся пл. Незалежнасьці не была ахопленая непарадкамі, там праходзіла мірная акцыя.

На відэа з трох чалавек робіцца ілюзія нібыта бунтуе ўся плошча, гэта ня так.

Ніякіх дзеяньняў, што ствараюць пагрозу здароўю іншых асобаў не было. Ніводзін цывільны чалавек не пацярпеў.

Усе гэтыя дзеяньні нематываваныя. Гэта ня болей чым парушэньне грамадзкага парадку. Сьледзтва не прадставіла доказаў масавых непарадкаў, што выключае магчымасьць кваліфікацыі дзеяньняў Саньнікава па артыкуле 293, ч1.

Адсутнасьць аднаго з наступстваў у апісаньні складу злачынства (падпалы, збройны супраціў) выключае магчымасьць прымяненьня гэтага артыкула. Прыцягненьне Саньнікава па гэтым артыкуле неправамерна. Няма ў справе ніводнага доказу аб тым, што ў Саньнікава быў намер аганізаваць масавыя непарадкі. Масавае мерапрыемства насіла выключна мірны характар. Заклікі прыйсьці на Плошчу ня могуць лічыцца арганізацыяй масавых непарадкаў.

Гвалт над асобай — так, устаноўленыя факты атрыманьня некаторымі супрацоўнікамі міліцыі лёгкіх цялесных пашкоджаньняў. Але гэта сьведчыць, што не было збройнага супраціву міліцыі. Супрацоўнікі міліцыі, якія выконваюць сваю задачу з дапамогай гвалту, непазьбежна сутыкнуцца з дэманстрантамі. Першапрычынай зьяўляюцца яны, а не дэманстранты. Такім чынам фактаў гвалту над асобай не ўстаноўлена.

Пагромы — невядома нават, у чым яны выражаюцца. Актыўныя дзеяньні, каб пранікнуць у Дом ураду, імі быць ня могуць.

Падпалы. Адзін сьведка бакавым зрокам бачыў сполах агню, іншых пацьвярджэньняў гэтага факта няма. Падпалаў не было.

Зьнішчэньне маёмасьці. Фактычна мела не зьнішчэньне, а пашкоджаньне маёмасьці. Пашкоджаная маёмасьць была адрамантаваная. Вокны і вадасьцёкавыя трубы былі толькі пашкоджаныя, як і дэкаратыўныя расьліны ля Дома ўраду.

Нельга выключыць, што зьнішчэньне зялёных насаджэньняў магло быць зроблена спэцназаўцамі. У любым выпадку ня высьветлена, хто гэта зрабіў.

Варта адзначыць, што патэнцыяльныя страты былі цалкам пакрытыя.

Збройны супраціў органам улады. Фактаў выкарыстаньня зброі супраць міліцыі 19 сьнежня ня выяўлена.

Адсутнасьць хаця б аднаго з гэтых наступстваў дае падставы ставіць пад сумнеў ужываньне гэтага артыкула ў цэлым.

У часе масавай акцыі з боку Саньнікава не было заклікаў да гвалтоўных дзеяньняў, наадварот ён заклікаў прадстаўнікоў улады да дыялёгу.

Ніводзін з удзельнікаў масавага мерапрыемстваў не паведаміў, што ягоныя дзеяньні былі наступствамі заклікаў Саньнікава.

Асобы, якія білі шкло, дзейнічалі спачатку па адным, потым, бачачы беспакаранасьць, да іх далучаліся новыя асобы. Кандыдаты на прэзыдэнта заклікалі спыніць гэтыя дзеяньні і не паддавацца на правакацыі.

Вінаватасьць Саньнікава не даказаная, просім яго апраўдаць, — заявіў адвакат Андрэй Варвашэвіч.

12.00 Выступае абаронца Саньнікава Кавалеўская.

Нягледзячы на тое, што рэпутацыя Саньнікава вядомая і ў Беларусі і за мяжой, трэба зьвярнуць увагу на яго біяграфію. Скончыў з залатым мэдалём школу, перакладчыцкі факультэт Інстытуту замежных моваў, працаваў на дыпляматычнай службе, быў намесьнікамі кіраўніка МЗС. У 1996 годзе падаў у адстаўку на знак пратэсту супраць рэфэрэндуму пра зьмену Канстытуцыі.

Займаўся пытаньнямі міжнароднай бясьпекі, удзельнічаў у перамовах пра раззбраеньне, пра нераспаўсюд ядзернай зброі.

Мае высокую прафэсійную кваліфікацыю, аўтарытэт у вачах спэцыялістаў сусьветнага ўзроўню, выключна прыстойны і пасьлядоўны чалавек, з павагай адносіцца да закона і дзяржаўных інстытутаў.

Цяпер па волі суду і сьледзтва ягоная сям’я знаходзіцца ў жудасных маральных умовах, у стане страху.

У 2010 годзе ён вылучыў сябе ў прэзыдэнты, што гаворыць аб ягоным выключным патрыятызьме.

Сёньня на лаўцы падсудных чалавек зь дзяржаўным мысьленьнем, чыя высокая кваліфікацыя і аўтарытэт маглі б быць запатрабаваныя на карысьць Беларусі.

У залі загучалі аплядысмэнты.


11.36 Выступае адвакат Гнедчыка Іванова.

Адвакат Іванова заявіла пра неадпаведнасьці ў розных дакумэнтах па абвінавачаньні Гнедчыка. Яна кажа, што пратаколы агляду Плошчы, а іх было 3, супярэчаць адзін аднаму.

У першы раз было знойдзена некалькі сурвэтак і бутэлька, у часе трэцяга агляду пасьля 15 гадзін па падзеях, — усе гэтыя каністры, арматуры, сякеры. Няма падставаў давяраць таму, што гэтыя прадметы былі на Плошчы ў момант падзей.

Яна лічыць, што няма падставаў гаварыць пра магчымасьць збройнага супраціву.

Што да відэазапісаў, то яны былі атрыманыя з парушэньнем крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, заявіла адвакат.

Сьледзтва абавязанае было вывучыць запісы з камэраў назіраньня, разьмешчаных на праспэкце і на пл. Незалежнасьці. Такія здымкі характарызавалі як дзеяньні мітынгоўцаў, гэтак і міліцыі.

Іванова зазначыла, што ніякая маёмасьць на праспэкце Незалежнасьці ў часе мірнай дэманстрацыі не была пашкоджаная.

Адвакат Іванова таксама перакананая, што кваліфікацыя сьледзтвам справы па артыкуле «масавыя беспарадкі» ня мае пад сабою грунту — няма доказаў, што гэта былі масавыя дзеяньні, што яны былі арганізаваныя, што ўчыняліся пагромы, падпалы, збройны супраціў.

Адвакат: «Акцыя насіла мірны характар. Маштаб пашкоджаньняў сьведчыць аб тым, што гэтыя пашкоджаньні несувымерна малыя, калі б беспарадкі чыніў сапраўдны «бесчинствуюший» натоўп.

Адвакат кажа, што такім чынам зафіксавана толькі пашкоджаньне маёмасьці асобнымі грамадзянамі і гвалт над міліцыянтамі. «Дзеяньні групы людзей на ганку Дома ўраду нельга прызнаць масавымі беспарадкамі, яны не прычынілі шкоды.»

Што да гвалту над міліцыянтамі, то ў 24 выпадках паказаньні пацярпелых спэцназаўцаў не пацьвярджаюцца экспэртызамі.

Адвакат Іванова заявіла, што Гнедчыка трэба апраўдаць.


11.23 Выступае абаронца Яроменка Мушынская.

Адвакат кажа, што 2 манціроўкі Яроменак выкінуў да 19 сьнежня — гэта сьведчыць, што ён ня меў намеру браць удзел у масавых беспарадках.

Мушынская лічыць, што на Плошчы ніхто не рабіў падпалаў і пагромаў, у тым ліку і Яроменак. У натоўпе не было ні сякераў, ні ледасекаў.

Былі пашкоджаныя, а ня зьнішчаныя дзьверы — гэта дапушчальна пры любых масавых акцыях, як санкцыянаваных, гэтак і не.

Адвакат пытае, чаму адразу не былі спыненыя дзеяньні хуліганаў? Сьведка Кашталанаў сказаў, што ў іх былі іншыя задачы. «Мне гэта не зразумела, але, як кажуць, пераможцаў ня судзяць».

Адвакат: Адназначна магу сказаць, што Яроменак не ўжываў сілу супраць працаўнікоў міліцыі, а за дзеяньні іншых ён ня мусіць адказваць. Сьледзтва ж так і ня выявіла, хто наносіў пашкоджаньні міліцыі. Я перакананая, што Яроменак не рабіў спробаў падпалу, не чыніў супраціву міліцыі.

Адвакат характарызуе асобу Яроменка як апантанага беларуса, які да болю любіць сваю радзіму і мову. Ягоная пазыцыя выклікае павагу, кажа адвакат.

Яроменак зьбіраўся на мірную акцыю, ён ішоў толькі выказаць пратэст па выбарах, а не ўчыняць масавыя беспарадкі.

7 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу ён адседзеў, а за масавыя беспарадкі ён адказваць ня мусіць. Прашу яго апраўдаць.

11.07 Выступае адвакат Васілевіча Белая.

Адвакат Белая таксама перакананая, што судом не даведзеная віна ўдзелу ў масавых беспарадках Васілевіча.

Сыходзячы з дасьледаваньня справы, цяжка вызначыць гадзінныя рамкі таго што адбывалася, невядомае паходжаньне відэазапісаў, адсутнічаюць пратаколы іх выманьня, зь іх няясная ўся паўната дзеяньняў…

Аналізуючы доказы, вывучаныя ў судзе, адвакат заявіла, што падзеі 19 сьнежня нельга лічыць масавымі беспарадкамі, бо інцыдэнт ля Дома ўраду насіў лякальны характар.

Невялікая група асобаў пабіла шыбы ў Доме ўраду, гэта рабіла чалавек 5, а астатнія дзясяткі тысячаў нічога такога не рабілі. Ніякіх бясчынстваў і масавых беспарадкаў не было.

Дзеяньні на ганку Дома ўраду насілі стыхійны характар, нікім не былі арганізаваныя, былі кароткачасовыя і не былі своечасова спыненыя міліцыяй.

Калі б увесь натоўп біў шыбы, то ён разьбіў бы ўсё і прарваў бы ланцугі міліцыі.

Шкло біў не шматтысячны натоўп. Людзі ня ўдзельнічалі ў гэтых дзеяньнях і не спрыялі ім.

Адвакат Белая аспрэчыла і палажэньне абвінавачаньня ў тым, што маёмасьць была зьнішчаная — яна была толькі пашкоджаная і яе можна было адрамантаваць.

Аспрэчыла адвакат і палажэньне абвінавачаньня пра збройны супраціў міліцыі, бо ніякай зброі ў людзей не было.

Не было пагромаў і гвалту над асобай. Тое, што спэцназаўцы атрымалі ўдары — то гэта былі адзінкавыя ўспышкі незадавальненьня дзеяньнямі міліцыі.

Мой падабаронны не павінен адказваць за тое, у чым ён ня браў удзелу і чаго нават ня бачыў.

Уваходныя дзьверы Васілевіч ня ўзломваў, супраціву міліцыі не чыніў.

Зафіксаваныя дзеяньні на відэазапісу пацьвярджаюць, што ён ня браў актыўнага ўдзелу ў тых падзеях. Ягоныя дзеяньні ня ўтрымліваюць складу ніякага злачынства.

Прашу суд забясьпечыць законны абгрунтаваны і справядлівы вырак і апраўдаць яго.


10.56 Выступае адвакат Галіеў.

Ён выказвае перакананьне, што склад злачынства па артыкуле «масавыя беспарадкі» не даказаны — не было падпалаў, пагромаў, збройнага супраціву прадстаўнікам улады — доказы на гэты конт здабытыя не былі.

А гвалт над асобай быў з боку пацярпелых спэцназаўцаў — прычым неабгрунтавана жорсткі.

Сьмешна нават уявіць, як мой падабаронны ўчыняў гвалт над экіпіравнымі спэцназаўцамі ў шлемах, кажа Галіеў.

Аскепак шкла ў руках Мірзаянава быў толькі адзін, і тое што ён дастаў яго з разьбітых дзьвярэй, нельга лічыць зьнішчэньнем маёмасьці

Тое, што нібыта Мірзаянава вінавацяць, што ён кідаў аскепак шкла ў супрацоўнікаў міліцыі, не было паказана і даказана. Ён яго акуратна паклаў, не названыя прозьвішчы пацярпелых. Няма ніякіх зьвестак, што за гэтымі шыбамі былі нейкія супрацоўнікі міліцыі.

Тое, што паводле абвінавачаньня Мірзаянаў спрабаваў прарваць ачапленьне міліцыі, таксама не было паказана.

Ацэньваючы доказы, адвакат Галіеў заявіў, што яны не паказваюць віну Мірзаянава.

Сьледзтва мяркуе, што Мірзаянаў вінаваты толькі ў тым, што знаходзіўся на Плошчы.

Галіеў зьвяртае ўвагу на справаздачу міжнароднай праваабарончай арганізацыі пра падзеі 19 сьнежня, і заклікае ня зьвязваць дзеяньні Мірзаянава зь дзеяньнямі тых, хто біў шыбы, просіць улічыць станоўчыя характарыстыкі Мірзаянава.

Галіеў: Будучыня любой краіны не за шлемамі і дубінкамі, а менавіта за такімі людзьмі, як Фёдар МІрзаянаў. Таму заклікаю суд адпусьціць нашую будучыню на свабоду і апраўдаць Фёдара Мірзаянава.


10.51 Пракурор запатрабаваў пакараць:

  • Андрэя Саньнікава — 7 гадамі зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму,
  • Ільлю Васілевіча — 3 гадамі зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму,
  • Алега Гнедчыка — 4 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму,
  • Фёдара Мірзаянава — 3 гадамі зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму,
  • Уладзімера Яроменка — 3 гадамі зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.


10.45
Пракурор спасылаецца на выступ даверанай асобы Івашкевіча ў Воршы, што на сілу ўлады можна супрацьпаставіць толькі 100 тысяч людзей, якія выйдуць на Плошчу.

Спасылаецца таксама на відэа, якое зафіксавала ўдзел у падзеях на плошчы Васілевіча, Гнедчыка, Мірзаянава і Яроменка.

Што да сьведчаньняў Пятра Кучко аб тым, што ён ня бачыў ніякіх гвалтоўных дзеяньняў і нават сфатаграфаваў Плошчу пасьля разгону — лічу, што нельга пакласьці іх у аснову прыгавору, бо ён даваў непасьлядоўныя паказаньні, заявіў пракурор.

10.38 Пракурор
зачытвае даведку зь Менгарвыканкаму, што ніхто з заяўкай на правядзеньне мітынгу 19 сьнежня не зьвяртаўся.

Ён чытае па паперцы хутка і маларазборліва.

Агучвае даведкі пра страты розных установаў ад падзеяў 19 сьнежня.

Віна Саньнікава пацьвярджаецца рэчавымі доказамі і пратаколамі ператрусаў. У прыватнасьці відэазапісамі, на якіх Саньнікаў заклікае людзей на Плошчу і змагацца за вольныя выбары.

10.25 Пракурор таксама спасылаецца на пратаколы агляду плошчы Незалежнасьці, у якіх паведамляецца пра заточаную арматуру, каністры і бутэлькі з запальнай сумесьсю, дымавыя шашкі і іншае.

Віну падсудных пракурор падмацоўвае паказаньнямі сьведкаў: кіроўцаў аўтобусаў і інспэктараў ДАІ, а таксама міліцыянтаў, якія зьвярталіся праз гукаўзмацняльную апаратуру да грамадзянаў з абвесткамі, што акцыя несанкцыянаваная.

Пракурор пацьвярджае віну падсудных сьведчаньнямі Рымашэўскага, які заклікаў спыніць біцьцё шкла, а іншыя кандыдаты гэтага не рабілі. А таксама сьведчаньнямі Яраслава Раманчука, які паведаміў, што на Кастрычніцкай плошчы гучалі заклікі ісьці на плошчу Незалежнасьці, а сам ён застаўся на Кастрычніцкай плошчы, а пазьней сышоў дадому.

А таксама сьведчаньнямі Новіка, які бачыў ля Дома ўраду Саньнікава.

10.20
У прыватнасьці пракурор зазначыў: Яроменак прызнаў сваю віну і пацьвердзіў, што перад плошчай купіў 2 манціроўкі; Гнедчык прызнаў сваю віну часткова, прызнаў, што нанёс каля 3 удараў. Васілевіч віну не прызнаў; Мірзаянаў віну не прызнаў цалкам; Саньнікаў віну сваю не прызнаў, але прызнаў, што цягам кампаніі заклікаў людзей на Плошчу, выказваў патрабаваньні аб правядзеньні перамоваў і падыходзіў да Дома ўраду, а таксама заклікаў грамадзянаў не падавацца на правакацыі.

Паводле пракурору, цягам суду была ўстаноўленая вінаватасьць падсудных у поўнай меры. Пры гэтым пракурор спасылаецца на паказаньні сьведкаў міліцыянтаў, супрацоўнікаў ДАІ, пацярпелых спэцназаўцаў.

10.15 Мірзаянаў
абвінавачваецца ў тым, што прыняў актыўны ўдзел у масавых беспарадках і зьдзейсьніў сілавыя дзеяньні, каб патрапіць у Дом ураду, дастаў з разьбітых дзьвярэй ня меней за 3 аскепкі шкла і кінуў іх на супрацоўнікаў міліцыі, якія стаялі за дзьвярыма.

Паўтарыўшы, у чым абвінавачваюцца падсудныя, пракурор Антон Загорскі прыступіў да ацэнкі атрыманых у судзе доказаў.

10.10 Яроменак
абвінавачваецца ў актыўным удзеле ў масавых беспарадках, у тым, што ён 19 сьнежня ўчыніў сілавыя дзеяньні, каб пранікнуць у Дом ураду.

Васілевіч
таксама абвінавачваецца ва ўдзеле ў масавых беспарадках, што, ужываючы фізычную сілу, нанёс ня меней за два удары ў дзьверы і ня меней за чатыры ўдары па супрацоўніках міліцыі.

Гнедчык
абвінавачваецца ў актыўным удзеле ў масавых беспарадках і ў тым, што ажыцьцявіў сілавыя дзеяньні, каб патрапіць у Дом ураду.

10.03
Першым выступае дзяржаўны абвінаваўца.

Пракурор паўтарыў коратка абвінавачаньне: Саньнікаў кіраваў масавымі беспарадкамі, заклікаў да Плошчы, выказваў сьцьвярджэньне пра недэмакратычнасьць выбараў.

«Працягваючы свае злачынныя дзеяньні», выказваў «заведама ілжывыя» зьвесткі пра нелегітымнасьць дзейнай улады, учыніў дзеяньні, накіраваныя на захоп будынка органа ўлады…

Знаходзячыся на плошчы Незалежнасьці, учыніў дзеяньні па захопе Дома ўраду, правакуючы натоўп на больш актыўныя дзеяньні, непасрэдна кіраваў масавымі беспарадкамі.

10.03 Працэс аднавіўся. Пачаліся спрэчкі.

Суды за Плошчу

Суд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым і Яроменкам. Дзень першы
Суд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым і Яроменкам. Дзень другі
Суд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым, Яроменкам. Трэці дзень
Cуд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым, Яроменкам. Чацьвёрты дзень
Cуд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым, Яроменкам. Пяты дзень
Cуд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым, Яроменкам. Шосты дзень
Cуд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым, Яроменкам. Сёмы дзень
Cуд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым, Яроменкам. Восьмы дзень
Cуд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым, Яроменкам. Дзявяты дзень

Фёдар Мірзаянаў

Фёдар Мірзаянаў
Нарадзіўся у 1990 годзе ў Баранавічах. У 2008 г. паступіў на факультэт мэнэджмэнту Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці «эканамічная кібэрнэтыка».

Падчас выбарчай кампаніі быў у камандзе кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука.

Пасьля падзеяў 19 сьнежня адбыў 15 сутак адміністратыўнага арышту ў сьледчым ізалятары Жодзіна.

Пасьля арышту 25 студзеня 2011 г. яму было высунутае абвінавачваньне ва ўдзеле ў масавых быспадарках. Утрымліваецца ў ізалятары на вуліцы Валадарскага.

Уладзімер Яроменак

Уладзімер Яроменак
Нарадзіўся ў Мёрах. Паступіў у Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. На момант арышту быў студэнтам 2 курсу.

Сябра «Маладога Фронту». Удзельнік Плошчы-2010. Затрыманы супрацоўнікамі спэцслужбаў 20 сьнежня 2010 г. пасьля пікету салідарнасьці з палітзьняволенымі насупраць Дома ўраду.

За гэта быў асуджаны на 15 сутак арышту, які ён адбыў у Жодзінскім СІЗА. Па выхадзе адтуль быў выкліканы ў якасьці сьведкі на допыт у КДБ, які скончыўся 7-сутачным арыштам на Акрэсьціна.

28 студзеня арыштаваны ў трэці раз, цяпер ужо як падазраваны па справе аб масавых беспарадках. Знаходзіцца пад вартай у турме КДБ. Абвінавачваецца па крымінальным артыкуле «Масавыя беспарадкі».

Андрэй Саньнікаў

Андрэй Саньнікаў
Нарадзіўся ў Менску 8 сакавіка 1954 года. Скончыў Менскі дзяржаўны інстытут замежных моваў, Дыпляматычную акадэмію Міністэрства замежных справаў СССР у Маскве. Валодае чатырма мовамі. Працаваў у Таварыстве дружбы з замежнымі краінамі, у сакратарыяце ААН у Нью-Йорку, быў дарадцам прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швайцарыі.

У 1995-1996 гг. — намесьнік міністра замежных спраў Беларусі. Пакінуў гэтую пасаду ў лістападзе 1996 год на знак пратэсту супраць правядзеньня рэферэндуму. У лістападзе 1997 году стаў стваральнікам і міжнародным каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97».

У 2008 годзе ініцыяваў грамадзянскую кампанію «Эўрапейская Беларусь».

Ляўрэат міжнароднай прэміі імя Бруна Крайскага ў галіне абароны правоў чалавека (2005 г.).

Кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010.

Ільля Васілевіч

Ільля Васілевіч
Нарадзіўся ў 1991 годзе Баранавічах.

Паступіў у Менскі палітэхнічны каледж. Выдатна вучыўся, быў старастам групы.

Ільля адседзеў 10 сутак арышту за ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня і быў адпушчаны дадому. Яму паведамілі, што адміністрацыя Менскага палітэхнічнага каледжа выключае яго з навучальнай установы.

5 студзеня малады чалавек быў запрошаны ў адміністрацыю каледжа для падпісаньня адпаведных папер, але ў навучальнай установе Ільлю чакалі супрацоўнікі КДБ, якія затрымалі маладога чалавека для правядзеньня сьледчых дзеяньняў па крымінальнай справе.

Алег Гнедчык

Алег Гнедчык
Нарадзіўся ў 1986 годзе. Сябра «Маладога фронту».

У 2003—2005 гг. затрымліваўся праваахоўнымі органамі і караўся адміністратыўнымі арыштамі. У ліпені 2003 г. яшчэ непаўнагадовым быў затрыманы за распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў «МФ» у Менску.

У 2006 г. быў асуджаны на 12 сутак арышту за ўдзел у намётавым мястэчку.
Затрыманы 6 студзеня. Да 9 студзеня знаходзіўся пад вартай і быў адпушчаны. 25 сакавіка вылучанае абвінавачваньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Утрымліваецца ў турме на вуліцы Валадарскага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG