Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго судяць за Плошчу: абвінавачаныя і асуджаныя ў крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19.12.10 вачыма сяброў, калегаў, сваякоў.


Усьмешлівы "кракадзіл Гена"



Калі паглядзець на твар гэтага невысокага, але шыракаплечага чалавека, адразу ж кідаецца ў вочы вясёлая ўсьмешка й бязьмежная дабрыня ўсяго ягонага выгляду. Гэтая дабрадушнасьць і весялосьць адразу пацьвярджаецца пры першым жа знаёмстве. Нездарма ў школе яго называлі не інакш, як "кракадзіл Гена" — усё за тую ж дабрыню. Аднак гэтая рыса характару зусім не замінае яму быць вельмі ўпартым, прынцыповым і ідэйным у змаганьні чалавекам.



Калі акцыі салідарнасьці 16-га чысла штомесяц пачалі паступова згасаць у фармаце "ланцуга неабыякавых", Уладзя быў адным з апошніх, хто ўсё адно працягваў хадзіць у гэты дзень на галоўную плошчу краіны, каб выказаць сваю салідарнасьць. Большасьць лічыла гэта бессэнсоўным. Людзей, што прыходзілі 16-га на плошчу, рабілася ўсё менш: нікому ня хочацца быць затрыманым штомесяц. А ён усё працягваў хадзіць: і ў часы, так званай лібэралізацыі, калі цягам некалькіх месяцаў неабыякавых 16-га не чапалі, і ў часы, калі затрымлівалі абавязкова, штомесяц, і ў летнія сьпякотныя вечары, і ў халодныя зімовыя, калі тэмпэратура даходзіла да мінус 20 і болей.

Вось і 20-га чысла, калі краіна была ахоплена жахам ад нядаўняга разгулу агрэсіі й небывалай жорсткасьці з боку "праваахоўных" органаў, калі людзі нават баяліся на вуліцу высунуцца, ён прыйшоў чарговым разам выказаць сваю салідарнасьць, бо ведаў, што на месцы зьняволеных 19-га сьнежня мог апынуцца й ён сам. А многія, хто быў на той момант у зьняволеньні, ня верылі й не маглі сабе нават уявіць, што хтосьці пасьля ўсяго таго, што адбылося на Плошчы, выйдзе на акцыю падтрымаць іх.

Бывалі пэрыяды, калі яго затрымлівалі ледзьве ня штодня. Але ён працягваў працаваць і не прызнаваць сваёй "віны" ў судах, спакойна выслухоўваць чарговыя прысуды, агучаныя сухім і абыякавым ці жорсткім голасам судзьдзі. Але, як ні дзіўна, крыўды на гэтых служкаў рэжыму ён ніколі не трымаў і толькі казаў: "Навошта мне іх ненавідзець? Бог усё бачыць. Ён ім судзьдзя. Усё адно прыйдзецца ўсім адказваць перад Госпадам за ўсе свае дзеяньні й прысуды". І зараз, нягледзячы на тое, што з-за такіх вось "сумленных" людзей яго могуць пазбавіць свабоды, магчымасьці бачыць сваякоў і сяброў, размаўляць зь імі, проста жыць, як звычайны добрасумленны чалавек, на цэлых 15 год, у лістах ягоных няма ані кроплі агрэсіі й нянавісьці да тых, хто вінаваты ў ягоным зьняволеньні. І сапраўды — іх можна толькі пашкадаваць…

А яшчэ адрозьнівае гэтага чалавека такая рыса характару, як гатоўнасьць заўжды прыйсьці на дапамогу. Ня раз ён кідаўся адбіваць паплечнікаў ад жорсткіх дзеяньняў міліцыянтаў
Ён ніколі ня быў абыякавы да лёсу іншых людзей. З павагай ставіўся да старэйшых. Заўжды быў удзячным чалавекам. Сябры й знаёмыя ня раз чулі, зь якой любоўю і пяшчотаю Валодзя гаварыў пра сваіх шматлікіх сваякоў: сясьцёр, братоў, пляменьнікаў…

Заўсёды імкнуўся ставіцца да сваёй дзейнасьці адказна. Нават калі ахоплівала лянота ці нежаданьне нечым займацца, усё адно ішоў і рабіў, бо ведаў — так павінна быць, гэта патрэбна арганізацыі. Вучыў іншых, чаму мог, і сам у іншых вучыўся.



А яшчэ адрозьнівае гэтага чалавека такая рыса характару, як гатоўнасьць заўжды прыйсьці на дапамогу. Ня раз ён кідаўся адбіваць паплечнікаў ад жорсткіх дзеяньняў міліцыянтаў. Заўжды трымаўся да апошняга й паводзіў сябе ў РАУСах спакойна й дасьведчана ў прававых адносінах.

Аднак Яроменак ня толькі добры паплечнік, але й сапраўдны сябра. Усе ягоныя аднаклясьнікі й аднагрупнікі ўзгадваюць яго зь цеплынёю й любоўю. Ён — душа любой кампаніі, вельмі рознабаковы чалавек. Умее граць на гітары й прыгожа сьпяваць, не абмяжоўваецца толькі тэхнічнымі навукамі, на якіх спэцыялізаваўся ў БДУІРы, але цікавіцца і гуманітарнымі прадметамі, піша вершы, досыць добра малюе. Дарэчы, верш "Люблю свой край" Уладзь напісаў за некалькі гадзін да арышту, а падчас ператрусу супрацоўнікі КДБ сканфіскавалі ў яго цэлы нататнік паэзіі…

Сваё зьняволеньне ён лічыць выпрабаваньнем, якое паслаў яму Госпад і якое варта прайсьці годна й мужна, каб потым не было сорамна перад паплечнікамі, усімі тымі, хто ведае яго, як мужнага, адданага сваёй справе патрыёта Беларусі.

Ганна Шаруба, сябра "Маладога фронту"




Уладзь Яроменак — важная постаць беларускага дэмакратычнага руху. Невысокі, каржакаваты, заўсёды з усьмешкай на твары. Менавіта ўсьмешка прымушае зьвярнуць на яго ўвагу. Неаднойчы затрыманы міліцыянтамі і спэцслужбамі, ён мужна і рашуча праходзіць праз усе выпрабаваньні. Нават калі адчуваеш яго занепакоенасьць, нейкі крык душы — ён ніколі адкрыта ня скажа пра гэта. Праз усе выпрабаваньні лёсу праходзіць з гумарам і ўсьмешкай.

Чалавек адукаваны, разьбіраецца ў кампутарах ды тэхніцы. Чалавек таленавіты — піша вершы, сьпявае пад гітару, смачна гатуе.

Уладзь — раб і цар свайго лесу. Раб, бо лесам наканавана змагацца за родную Беларусь, і цар, бо разумее, што ня хто іншы, а ён, дбайна і непахісна, дабіваецца свабоды, свабоды ня ўласнай, а ўсеагульнай, усебеларускай.

Уладзь — чалавек дабрадушны і шчыры да сяброў. Без усякай перадузятасьці яго можна назваць сябрам. Яму ніколі не шкада дзеля сяброў ні часу, ні матэрыяльных каштоўнасьцяў.

Актыўны ўдзельнік акцый салідарнасьці са зьняволенымі палітвязьнямі. Ніколі не баіцца затрыманьняў, выклікаў у РАУСы, судовых рашэньняў. Ён шчыра і аддана крочыць да яе, да свабоды беларускай.

Ён — змагар! Ён — абаронца! Ён — беларус!

Іван Новік, сябра "Маладога фронту"



Вершы Ўладзя Яроменкі, напісаныя ў зьняволеньні й дасланыя ў лістах сябрам


* * *

Люблю свой край — з-за гэтага я вораг?
Ці з-за таго, што не хачу схіліць сьпіну?
Ці з-за таго, што я хачу свабоды?
З-за гэтага? Дык лепей я памру,

Але здабуду волю беларусам...
Няхай улада мне не затыкае рот!
Я не хачу, каб заставаўся пад прымусам
Наш запужаны й зьнявечаны народ!

Мяне ня страшаць вязьніца й пакуты!
Даўно згубіў я перад сьмерцю страх!
Даўно ўжо скінуў тыя путы,
Што боўтаюцца ў беларусаў на нагах!

Я не жадаю, каб мае нашчадкі
Жылі на волі, быццам у турме!
Хачу здабыць жыцьцё для Беларусі-маці!
Не пашкадую. Кошт любы па мне!

Студзень 2011 г.
Менск, за некалькі гадзін перад арыштам


* * *

Беларусі дачок і сыноў,
Што адзін аднаго не пакінуць
Я люблю, бы сясьцёр і братоў,
Бо яны даюць моцы ня згінуць.

Бо яны абароняць, суцешаць,
Не забудуць, ня кінуць ў бядзе.
Дзякуй вам за лісты й надзею!
За сяброў дзякуй, Божа, табе!

Студзень 2011 г.
Менск, турма



* * *

Хай зараз навокал "расьнічкі" ды краты,
Халодныя сьцены, калючы дрот...
Але не скаруся бязбожнай уладзе,
Мяне не палохаюць сьмерць ды астрог!

Мы шмат, беларусы, трывалі дагэтуль,
Улады ўвесь час затыкалі нам рот!
Але не зачыняць рот вольным паэтам,
Пакуль пад прымусам жыве наш народ!

Але спадзяюся я, мілы мой дружа,
Што краты зламаюцца, мур упадзе,
На дроце колючым вырастуць ружы...
Тады ў свабодзе з табой зажывем!

Студзень 2011 г.
Менск, турма



* * *

За што мяне зьнішчаюць каты?
За што ў вязьніцы сяджу?
За што кідаюць нас за краты,
Тых, хто любіў сваю зямлю?

Тых, хто гатовы бараніці
Ад ворагаў сваю зямлю,
Тых, хто ніяк ня змог скарыцца,
А змог сказаць: "Я не хачу!

Я не хачу мірыцца з гвалтам!
Я не хачу глядзець на зьдзек!
Ганіце ворагаў праклятых,
Бо бачны ўжо свабоды сьвет!"

24 лютага 2011 г.
Менск, турма


* * *

Абудзіся народ!
Выйдзі з хаты сваёй!
Засьпявай песьню новаму дню!
Бо прыходзіць вясна — час свабоды прыйшоў,
Час прыйшоў зрабіць вольнай зямлю

Досыць злодзеям-катам
Панаваць на зямлі,
Скінь ярмо, каб жыць вольна, братове!
Ці здарма ж бараніць
нашы продкі-дзяды,
Арашаючы поле крывёю?

Час прыйшоў, уставай,
падыміся з кален
і ня бойся сканаць
у чэкістаў.

З намі праўда і Бог,
Прагнем мы перамен,
Бараніць гэта Бог дапаможа.

Люты 2011 г.
Менск, турма




Я не хачу!

Я не хачу глядзець на тое,
Як зьневажаюць мой народ!
Як нешта страшнае і злое
Паўсюль нам затыкае рот.

Я не хачу мірыцца з гвалтам
І не жадаю ў путах жыць,
Пакуль навокал сьпеюць краты,
Бязьвінны у турме сядзіць!

Я не хачу, каб жыў народ мой
Зь ярмом на шыі ўвесь свой век!
Хачу, каб у краіне роднай
Я змог бы жыць як чалавек!

Каб мог я жыць і не баяцца,
Што заўтра кінуць у турму
За тое, што я не спужаўся,
За праўду, што я ўсім кажу!

Мяне ніколі не спужаюць
Арышт, турма ці нават сьмерць!
Бо лепей у турме застацца,
Чым жыць свой век нібыта зьвер,

Нібыта вораг беларусаў,
Нібыта вырадак, шпіён…
Я не хачу жыць пад прымусам!
Я не адзін, нас легіён!

Люты 2011 г.
Менск, турма



* * *

Дзякуй, мой Божа, што не пакінуў,
Што не заставіў мяне аднаго…
Дзякуй Табе, што ня даў мне загінуць,
А даў мне надзеі сьвятло…

Ты для мяне і сьвятло, і свабода,
Ты — гэта праўда, жыцьцё…
Ты — гэта шлях мой… Па гэтаму шляху
Я буду ісьці праз усё…

Дзякуй, што даў ты мне веры і моцы,
Каб не зламацца ў турме…
За тое, што меў, і за тое, што маю,
Дзякуй, мой Божа, Табе…

21 лютага 2011 г.
Менск, турма на Валадарскага


Уладзімір Яроменак нарадзіўся ў Мёрах Віцебскай вобласьці 20 гадоў таму. Скончыўшы школу, ён пераехаў у Менск, дзе паступіў у Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, зь якога быў выключаны пасьля Плошчы-2010.

У сувязі з маладафронтаўскай дзейнасьцю яго ня раз затрымлівалі, яму прысуджалі штрафы па адміністратыўных правапарушэньнях. Упершыню асуджаны да адміністратыўнага арышту пасьля акцыі салідарнасьці з затрыманымі 19-га сьнежня 2010 г., што праходзіла на наступны ж дзень пасьля жорсткага разгону Плошчы 20-га сьнежня 2010 г. Адседзеў у Жодзіна 15 сутак. Аднак пасьля допыту ў КДБ быў зьмешчаны на Акрэсьціна для адбыцьця 7-суткавага арышту ўжо за ўдзел у самой Плошчы. Адбыўшы адміністратыўны арышт, быў накіраваны ў СІЗА КДБ — па крымінальнай справе за арганізацыю "масавых беспарадкаў" 19-га сьнежня 2010 г. і ўдзел у іх. Затым быў пераведзены ў СІЗА № 1 па вуліцы Валадарскага.




Усе партрэты на фоне кратаў

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG