Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Суд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым і Яроменкам. Дзень другі


28 красавіка суд Партызанскага раёну Менску працягваў разгляд крымінальнай справы супраць удзельнікаў акцыі пратэсту 19 сьнежня 2010 году.

Суды за Плошчу

17:50 У судзе абвешчаны перапынак да 10:00 29 красавіка.

17:30 Судзьдзя задаволіла хадайніцтва, каб выклікаць у суд пацярпелага спэцназаўца міліцыі Кашталанава і мэдычнага экспэрта. Экспэрт цягам месяца чакаў, калі Кашталанаў прыйдзе засьведчыць свае пашкоджаньні. Але той так і не зьявіўся.

17:20 Вывучаецца другі том справы, экспэртызы шпіталя МУС з дыягназамі зьбітых спэцназаўцаў.

17:15 На адным з пратаколаў допыту няма подпісу. Адвакат просіць выклікаць гэтага міліцыянта ў суд, а таксама выклікаць яшчэ шэраг міліцыянтаў. У тым ліку таго, які на папярэднім сьледзтве засьведчыў, што бачыў на плошчы полымя. А таксама тых, якія бачылі затрыманьні і маглі б паведаміць, ці было нешта ў руках затрыманых дэманстрантаў. Судзьдзя задаволіла просьбу часткова. Суд паўторна выкліча двух пацярпелых міліцыянтаў.

17:00 Абвінаваўца Загорскі скончыў зачытваць пісьмовыя паказаньні. Пацярпелы міліцыянт Давідовіч, які пераведзены ў Менскую абласную ўправу міліцыі, не прыйшоў на паседжаньне. Суд вырашыў паўторна яго выклікаць. А таксама выклікаць яшчэ двух спэцназаўцаў міліцыі, якія знаходзяцца на амбуляторным лячэньні.

16:15 Пісьмовыя паказаньні напісаныя нібыта пад капірку: пра тое, як пацярпелыя несьлі службу 19 сьнежня, як прыбылі на плошчу Незалежнасьці і як невядомыя асобы зь ліку мітынгоўцаў нанесьлі ім удары, пераважна ў калена ці галёнку, пасьля чаго яны зьвярталіся альбо не зьвярталіся па мэдыцынскую дапамогу. Прозьвішчы людзей, якія сядзяць на лаве падсудных, у гэтых паказаньнях ня згадваюцца. Будзе зачытана 21 такое паказаньне.

15:55 4 спэцназаўцы просяцца пакінуць судовую залю — па службовай неабходнасьці. Суд іх адпускае.

15:48 Абвінаваўца Загорскі зачытвае пратаколы допыту пацярпелых на папярэднім сьледзтве.

15:25 Выступае яшчэ адзін пацярпелы міліцыянт Скараход.


Падсудны Мірзаянаў запытаўся ў пацярпелага міліцыянта Скарахода: "Чаму вы не затрымалі тых людзей, якія білі шкло ў Доме ўраду?".

Скараход: "Існуе пэўная тактыка. Пэўна, так трэба было".

Адказ Скарахода пра тое, як выглядае баявы парадак спэцназу — "Баявы парадак нагадвае форму кліна" — выклікаў сьмех у залі.

Выклікалася ў суд усяго 29 пацярпелых, зь іх было апытана 8. Вялікая колькасьць пацярпелых спэцназаўцаў цяпер знаходзяцца ў адпачынку за 2011 год за межамі Менску, яшчэ два лечацца, адзін пераведзены ў іншае месца службы, таму зьявіцца ня могуць — зачытала судзьдзя ліст з палку спэцназу і заявы саміх пацярпелых, што яны ня могуць зьявіцца ў суд.

Заявы падпісаныя 26 красавіка. Суд вырашае, ці можна замест допыту зачытаць паказаньні пацярпелых на папярэднім сьледзтве. Адвакаты супраць.

Суддзя вырашыла прызнаць прычыну няяўкі ўважлівай і зачытаць паказаньні пацярпелых на папярэднім сьледзтве.

15:00 Наступны пацярпелы — Віталь Піліпейка,
таксама баец спэцназу міліцыі, які ўдзельнічаў у разгоне Плошчы. Дэманстранты яму паставілі падножку, павалілі і пацягнулі ў натоўп. Але свае яго адбілі, ён працягнуў удзел у разгоне дэманстрацыі. Распавядае пра "беспарадкі" на плошчы, пра пагрозы міліцыянтам: асабіста яго пагражалі забіць, праводзілі пальцам па горле.

Піліпейка сказаў, што дзеяньні некалькіх дзясяткаў удзельнікаў мітынгу насілі яўна скаардынаваны характар.

Адзін з абвінавачаных удакладніў: "Яны былі падобныя да студэнтаў ці кандыдатаў на прэзыдэнта?"

Піліпейка адказаў: "Адназначна не".

14:40 Наступны пацярпелы — Аляксей Сакач, баец спэцназу.


Пацярпеламу на Плошчы нанесьлі ўдар па руцэ чымсьці цяжкім. Хто гэта зрабіў, ён не заўважыў.

14:10 Дапытваюць пацярпелага байца спэцназу Ігара Зінкевіча. Пацярпелы відэаапэратар МУС Сарока тым часам адпрасіўся і пайшоў у Кастрычніцкі суд. Ён і там на працэсе пацярпелы.

Зінкевіч распавядае агучаную ўжо раней гісторыю пра тое, што невядомыя на плошчы распылілі на яго пену з вогнетушыльніка. Іншай "зброі" ў дэманстрантаў ён ня бачыў. У выніку ў яго былі зафіксаваныя апёкі дыхальных шляхоў. Яго шпіталізавалі.

14:00 Працэс аднавіўся. Працягваецца допыт пацярпелых. У залю прыйшлі яшчэ чатыры спэцназаўцы, вядомыя з папярэдніх працэсаў.

12:55 Абвешчаны перапынак да 14:00.

12:00 Наступны пацярпелы — Юры Сарока, міліцыянт Савецкага РУУС Менску.

19 сьнежня Сарока працаваў на плошчы ў цывільнай вопратцы, фіксаваў на відэа парушэньні ў калёне дэманстрантаў. Калі пачаўся рух на плошчу Незалежнасьці, ён не заўважыў, хто ўзначаліў калёну і хто заклікаў ісьці да Дома ўраду.

Відэаапэратар МУС Сарока спрабаваў на плошчы Незалежнасьці зьняць дэманстрантаў і атрымаў удар. На сэкунду ён страціў прытомнасьць. Прысеў. Потым спэцназ яму дапамог. І ён працягнуў здымаць падзеі.

Саньнікаў спытаў, ці была супрацоўнікам міліцыі пастаўленая задача прадухіляць парушэньні, ці толькі фіксаваць? Сарока кажа, што яму даручылі толькі фіксаваць.

Нікога з абвінавачаных пацярпелы на Плошчы ня бачыў.

Сарока сказаў, што ў яго быў ушыб носа. Яго шпіталізавалі на 4 дні. Аднак ніякіх працэдураў яму не рабілі.

11:25 Наступны пацярпелы — спэцназавец Дзяніс Гушча.

Гушча распавёў, што ў часе разгону дэманстрацыі на плошчы Незалежнасьці атрымаў удар нечым цьвёрдым у раён левага каленнага сустава, накаленьнік не дапамог пазьбегнуць траўмы. Таксама зьвяртаўся да лекара, але нічога сур’ёзнага ня выявілі.

Рыдлёвак, арматуры, бутэлек з запальнай сумесьсю на Плошчы пацярпелы ня бачыў, падпалаў таксама.

10:47 Наступны пацярпелы — спэцназавец Аляксандар Волкаў.

Волкаў распавёў, што ў часе разгону дэманстрантаў на Плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня яго ўдарылі нагой па правым калене, хто канкрэтна яго біў, ня памятае.

Пасьля ўдару ён заставаўся ў шэрагу да канца зачысткі Плошчы, а раніцай зьвярнуўся па мэдычную дапамогу.

Волкаў сказаў, што ён чуў, як людзі крычалі «Далоў міліцыю».

Саньнікаў на гэта адрэагаваў: «Людзі крычалі іншае: «Міліцыя з народам».

На пытаньне адваката Волкаў адказаў, што пасьля ўдару ў яго засталася на калене «драпіна» і ў шпіталі МУС яго ніяк не лячылі, а далі толькі вусную кансультацыю.

Люцына Бяльзацкая, маці Ірыны Халіп

10:45 Судзьдзя адпусьціла Лушчыка працягваць службу — яму трэба ісьці распавядаць пра сваю траўму ў Кастрычніцкім раённым судзе.

10:08 Пачаўся допыт пацярпелых. Першы — намесьнік камандзіра роты спэцназу міліцыі Сяргей Лушчык. У часе разгону ён атрымаў гематому на ягадзіцы.

Лушчык распавядае пра тое, як праходзіла служба 19 сьнежня. У 22.00 па рацыі паступіла каманда выехаць на плошчу Незалежнасьці. Быў экіпіраваны ў шлем, бронекамізэльку, шчыткі на руках і нагах. Пры спробе пранікненьня ў Дом ураду яму загадалі адцясьніць натоўп.

«Я быў за шчытамі супрацоўнікаў. На плошчы было шмат народу, білі шкло, група людзей стаяла ля ўваходу, чалавек 30, у тым ліку рэпартэры. Некалькі чалавек з нашых пасьлізнуліся, я схапіў аднаго падняць, у гэты момант невядомы чалавек замахнуўся ледасекам, я нахіліўся, першы раз ударылі чаранком па сьпіне, другі ўдар прыйшоўся ў ягадзіцы. Я ўпаў».

Потым ён самастойна ўстаў і працягваў несьці службу.

Лушчык кажа, што ў руках мітынгоўцаў былі вудзільны, чаранкі ад рыдлёвак.

Пацярпелы кажа, што а 2 гадзіне ночы трапіў на стацыянарнае лячэньне ў шпіталь МУС, дзе быў цягам 4 дзён.

Заклікаў з боку міліцыі да дэманстрантаў разыйсьціся пацярпелы ня чуў, бо ў вушах у шлеме надта гучна працавала рацыя.

Саньнікаў адмовіўся задаць пытаньне пацярпеламу: «Няма пытаньняў, ёсьць шкадаваньне».

Чым ударылі яго ў ягадзіцы, пацярпелы ня памятае, кажа толькі, што гэта быў моцны ўдар. Не выключае, што гэта мог быць удар нагой.

Адвакаты распытваюць пра дэталі падзеяў на ганку Дома ўраду. Высьвятляюць, чаму міліцыя не спыняла супрацьпраўныя дзеяньні. Колькі чалавек было на ганку Дома ўраду, пацярпелы дакладна ня ведае. Чаму міліцыя не спыніла тых, хто псаваў маёмасьць, пацярпелы ня ведае. «Я ня памятаю, я знаходзіўся ў шлеме. Я ні да кога нічога не прымяняў», — апраўдваецца Лушчык.

Колькі чалавек зь мітынгоўцаў ужывалі чаранкі, пацярпелы ня памятае.

Адвакат: Які супраціў вам чынілі мітынгоўцы?

Лушчык:
Некалькі разоў спрабавалі прарвацца, білі чаранкамі. Я ня бачыў, як спэцназ прымяняў дубінкі. Каманды прымяняць спэцсродкі да мітынгоўцаў я ня чуў.

Адвакат: Калі вы атрымалі па ягадзіцах, то чаму вы былі шпіталізаваныя 4 дні?

Лушчык: Я ня мог самастойна рухацца, у мяне быў моцны ацёк задняй часткі бядра. Хто і чым мяне біў, патлумачыць не магу.

Пры гэтым ён кажа, што да 2 гадзіны ночы быў у шэрагах, займаўся зачысткай Плошчы. Тады ён мог хадзіць, кажа пацярпелы, бо «цягліцы былі гарачыя».

Каб дэманстранты ўжывалі манціроўкі, бутэлькі з запальнай сумесьсю, спэцназавец ня бачыў і ня чуў, каб пра гэта гаварылі па рацыі.

10:03 На паседжаньне прыйшлі пацярпелыя спэцназаўцы. Пакуль пацярпелых у залі трое — маладыя мужчыны моцнага целаскладу.

10:00 Працэс аднавіўся.

9:55 Фота- і відэаздымкі ў залі суду сёньня не дазволілі. На працэс з журналістаў у першую чаргу прапускалі прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ.

9:50 Людзей запусьцілі ў залю. Тут сваякі падсудных, дыпляматы краінаў Эўразьвязу, прадстаўнік амбасады ЗША Крыстафэр Паніка, праваабаронцы. З палітыкаў — Юры Хадыка.




На лаве падсудных:

Былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў,
Ільля Васілевіч,
Алег Гнедчык,
Фёдар Мірзаянаў,
Уладзімер Яроменак
.

Адвакаты:

Саньнікава — Варвашэвіч і Кавалеўская,
Васілевіча — Белая,
Мірзаянава — Галіеў,
Гнедчыка — Іванова.

Справу разглядае судзьзя Натальля Чацьвертакова.

Дзяржаўны абвінаваўца — Загорскі.

Суд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым і Яроменкам
Уладзімер Яроменак
Нарадзіўся ў Мёрах. Паступіў у Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. На момант арышту быў студэнтам 2 курсу.

Сябра «Маладога Фронту». Удзельнік Плошчы-2010. Затрыманы супрацоўнікамі спэцслужбаў 20 сьнежня 2010 г. пасьля пікету салідарнасьці з палітзьняволенымі насупраць Дома ўраду.

За гэта быў асуджаны на 15 сутак арышту, які ён адбыў у Жодзінскім СІЗА. Па выхадзе адтуль быў выкліканы ў якасьці сьведкі на допыт у КДБ, які скончыўся 7-сутачным арыштам на Акрэсьціна.

28 студзеня арыштаваны ў трэці раз, цяпер ужо як падазраваны па справе аб масавых беспарадках. Знаходзіцца пад вартай у турме КДБ. Абвінавачваецца па крымінальным артыкуле «Масавыя беспарадкі».
Ільля Васілевіч
Нарадзіўся ў 1991 годзе Баранавічах.

Паступіў у Менскі палітэхнічны каледж. Выдатна вучыўся, быў старастам групы.

Ільля адседзеў 10 сутак арышту за ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня і быў адпушчаны дадому. Яму паведамілі, што адміністрацыя Менскага палітэхнічнага каледжа выключае яго з навучальнай установы.

5 студзеня малады чалавек быў запрошаны ў адміністрацыю каледжа для падпісаньня адпаведных папер, але ў навучальнай установе Ільлю чакалі супрацоўнікі КДБ, якія затрымалі маладога чалавека для правядзеньня сьледчых дзеяньняў па крымінальнай справе.
Алег Гнедчык
Нарадзіўся ў 1986 годзе. Сябра «Маладога фронту».

У 2003—2005 гг. затрымліваўся праваахоўнымі органамі і караўся адміністратыўнымі арыштамі. У ліпені 2003 г. яшчэ непаўнагадовым быў затрыманы за распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў «МФ» у Менску.

У 2006 г. быў асуджаны на 12 сутак арышту за ўдзел у намётавым мястэчку.
Затрыманы 6 студзеня. Да 9 студзеня знаходзіўся пад вартай і быў адпушчаны. 25 сакавіка вылучанае абвінавачваньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Утрымліваецца ў турме на вуліцы Валадарскага.
Фёдар Мірзаянаў
Нарадзіўся у 1990 годзе ў Баранавічах. У 2008 г. паступіў на факультэт мэнэджмэнту Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці «эканамічная кібэрнэтыка».

Падчас выбарчай кампаніі быў у камандзе кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука.

Пасьля падзеяў 19 сьнежня адбыў 15 сутак адміністратыўнага арышту ў сьледчым ізалятары Жодзіна.

Пасьля арышту 25 студзеня 2011 г. яму было высунутае абвінавачваньне ва ўдзеле ў масавых быспадарках. Утрымліваецца ў ізалятары на вуліцы Валадарскага.
Андрэй Саньнікаў
Нарадзіўся ў Менску 8 сакавіка 1954 года. Скончыў Менскі дзяржаўны інстытут замежных моваў, Дыпляматычную акадэмію Міністэрства замежных справаў СССР у Маскве. Валодае чатырма мовамі. Працаваў у Таварыстве дружбы з замежнымі краінамі, у сакратарыяце ААН у Нью-Йорку, быў дарадцам прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швайцарыі.

У 1995-1996 гг. — намесьнік міністра замежных спраў Беларусі. Пакінуў гэтую пасаду ў лістападзе 1996 год на знак пратэсту супраць правядзеньня рэферэндуму. У лістападзе 1997 году стаў стваральнікам і міжнародным каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97».

У 2008 годзе ініцыяваў грамадзянскую кампанію «Эўрапейская Беларусь».

Ляўрэат міжнароднай прэміі імя Бруна Крайскага ў галіне абароны правоў чалавека (2005 г.).

Кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG