Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ільля Васілевіч. Партрэт на фоне кратаў


Каго судяць за Плошчу: абвінавачаныя і асуджаныя ў крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19.12.10 вачыма сяброў, калегаў, сваякоў.


Ільлю я ведаю з самага нараджэньня. У дзяцінстве мы кожнае лета праводзілі ўтраіх: Ільля, яго родная сястра Алёнка і я, іх стрыечная сястра. Я была за старэйшую сястру. Мы выдатна ладзілі паміж сабой. Калі з Ільлём здарылася бяда, быццам бы ўсё жыцьцё Ілюшы, ад немаўляткі да дарослага, пранеслася перад маімі вачыма. Ён — малодшы брат, наіўны, добры, пяшчотны...

У дзяцінстве бацькі чыталі брату кнігу "Пра Ільлю Мурамца", і ягоныя вочы зіхацелі: "Я таксама буду такі ж моцны і справядлівы!".

Ільля вельмі любіць чытаць, што зусім нетыпова для цяперашняй моладзі. Гэта ў яго ад бабулі Зінаіды Філіпаўны, якая казала: "У мяне ўсе ўнукі таленавітыя". Мы і ў ізалятар перадаем яму шмат кніг, але чамусьці ня ўсё прымаюць. На ангельскай мове кніг зусім не бяруць — кажуць, забаронена. Апошнім разам у маці нават Валянціна Распуціна не ўзялі. Выпісалі Ільлю шмат часопісаў у ізалятар, але ня ведаю, ці даходзяць яны.

У дзяцінстве бацькі чыталі брату кнігу "Пра Ільлю Мурамца", і ягоныя вочы зіхацелі: "Я таксама буду такі ж моцны і справядлівы!"
Атрымліваем з-за кратаў лісты вельмі цікавыя. Яго мама, Тамара Анатольеўна, мяркуе, што ён піша кнігу, усё просіць агульныя сшыткі. У лістах выхоўвае свайго малодшага стрыечнага брата, аналізуе памылкі, які той робіць у лістах да Ільлі. Сяргей вельмі прыгожа малюе, а вось піша так непісьменна, робіць столькі памылак! Дык Ільля выпраўляе кожную памылку і тлумачыць: "Прывітаньне, братан" — гэта зварот, трэба коску ставіць... Выправіць памылку і напіша яшчэ пяць прыкладаў, артаграмаў па гэтай тэме.





Ільля заўсёды дапамагаў маёй маці ў выхаваньні нашага малодшага брата Сярожы, вёў зь ім адукацыйныя, выхаваўчыя гутаркі. Ільлю вельмі любіў мой тата.



У Ільлі вельмі добрыя здольнасьці да вывучэньня моваў, надзвычай пісьменна піша і па-расейску, і па-беларуску. Добра ведае ангельскую мову. Авалодаў кампутарам, друкаваць навучыўся ўсьляпую. У яго філязофскі склад розуму. Такі чысты гуманітар, хоць вучыўся ў каледжы на тэхніка-электрыка. Захапляецца скутэрамі, матацыкламі, сам зьбірае-разьбірае тэхніку.






Ільля добра сьпявае, грае на гітары, на саксафоне, на флейце, на бубнах — ягоны бацька музыкант, гэта ў яго спадчыннае. Займаўся спортам, у дзяцінстве авалодаў самба. Паўгода быў на практыцы на радзіме ў Баранавічах, у Менск паехаў толькі пры канцы лістапада. Вельмі шкадую, што апошнім часам сустракаліся зь ім нячаста, усё больш размаўлялі праз тэлефон...

Вельмі перажываў, калі 22 студзеня памерла бабуля, а яго не пусьцілі на пахаваньне. Бабулю ён вельмі любіў. Перажывае і за свайго сябра Фёдара Мірзаянава, студэнта Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту, які таксама чакае суду
19 сьнежня Ільля быў на Плошчы. Мне зь ім удалося паразмаўляць увечары 19-га. Ён быў узрушаны, усхваляваны — гэта першыя выбары ў ягоным жыцьці. Верыў у перамены. Адседзеў 10 сутак арышту за ўдзел у акцыі пратэсту. У жодзінскім ізалятары перанёс вельмі моцны стрэс. Хлопцы, якія сядзелі разам, дапамагалі яму як самаму малодшаму. Калі мы сустрэліся 30-га сьнежня, пасьля адседкі, Ільля быў вельмі разгублены, дрэнна сябе адчуваў. Але пачуцьцё адказнасьці перамагло: "Трэба быць на занятках, у мяне лябараторныя работы".

Там яго адразу ж выклікаў дырэктар каледжу і запатрабаваў, каб Ільля напісаў пакаяльную тлумачальную, што на плошчы апынуўся выпадкова, інакш яго адлічаць. Ільля жалю ня выказаў і заявіў, што прабачэньня прасіць не зьбіраецца, бо ня лічыць сябе вінаватым, і каяцца яму няма ў чым. 5 студзеня яго ветліва запрасілі зайсьці ў адміністрацыю каледжу для падпісаньня нейкіх папер. Але там яго ўжо чакалі супрацоўнікі КДБ: паведамілі, што ён падазраваны па крымінальнай справе. Зьмясьцілі спачатку ў ІЧУ на Акрэсціна, а потым перавялі ў СІЗА на Валадарскага. Дагэтуль ён "як тыгр у клетцы", — так піша зь СІЗА пра сябе Ілюша.



Вельмі перажываў, калі 22 студзеня памерла бабуля, а яго не пусьцілі на пахаваньне. Бабулю ён вельмі любіў. Перажывае і за свайго сябра Фёдара Мірзаянава, студэнта Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту, які таксама чакае суду...

Нам яго вельмі не хапае. Я веру, Ільля аптыміст — ён спадзяецца, і слушна робіць, таму што мы ўсе верым і ганарымся ім.

Вольга Бандаронак, стрыечная сястра Ільлі Васілевіча


Самы малады фігурант справы. Нарадзіўся 6 жніўня 1991 году ў Баранавічах. Вучыўся ў баранавіцкай гімназіі. Пасьля дзявятай клясы паступіў у Менскі політэхнічны каледж. Выдатна вучыўся ў каледжы, быў старастам групы. За ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня Ільля адседзеў 10 сутак арышту і быў адпушчаны дадому. Яму паведамілі, што адміністрацыя Менскага політэхнічнага каледжа выключае яго з вучэльні. 5 студзеня малады чалавек быў запрошаны ў адміністрацыю каледжа для падпісаньня адпаведных папер, але ў вучэльні Ільлю чакалі супрацоўнікі КДБ, якія паведамілі, што ён падазраваны па крымінальнай справе, і зьмясьцілі спачатку ў ІЧУ на вул. Акрэсьціна, а потым перавялі ў СІЗА на вул. Валадарскага.




Усе партрэты на фоне кратаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG