Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cуд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым, Яроменкам. Пяты дзень


5 траўня ў Менску ў судзе Партызанскага раёну працягваецца працэс супраць Андрэя Саньнікава, Ільлі Васілевіча, Алега Гнедчыка, Фёдара Мірзаянава і Ўладзімера Яроменка.

Суды за Плошчу

18.10 У працэсе абвешчаны перапынак. Наступнае паседжаньне – у пятніцу, 6 траўня, а 10 гадзіне.

17.20
У выніку судзьдзя спыніла прагляд відэаблогаў Раманчука з айфону Мірзаянава. Далей суд пачаў вывучаць лічбавыя матэрыялы пасуднага Гнедчыка, у якіх ёсьць ключавыя словы "Лукашэнка", дыктатура і іншыя....

17.05
Праглядаецца відэа з айфону Мірзаянава -- перадвыбарчы выступ Раманчука. "У чым тут крымінал?"-- абураецца мама Мірзаянава. Тым ня меней суд праглядвае трэці відэаблог Раманчука з айфону Мірзаянава. Памочнік судзьдзі пытаецца, ці паказваць фатаграфіі асабістага характару. Судзьдзя кажа: давайце глядзець усё, што ёсьць на дыску.

16.50
Суд вырашыў перайсьці да вывучэньня пісьмовых матэрыялаў справы і агляду відэадыскаў. Першым вывучаюцца кантакты, смс-паведамленьні, відэаматэрыялы з айфону Фёдара Мірзаянава. Пракурор зачытвае смс, якія Фёдар пасылаў і атрымліваў падчас Плошчы, называе нават смайлікі. Агучвае, якія званкі былі зробленыя, атрыманыя і прапушчаныя.

16.45
Высьветлілася, што сьведка Багдановіч адкрыў бальнічны ліст 4 траўня. Адвакаты настойваюць на паўторным выкліку Багдановіча, бо ён сьведчыць супраць Саньнікава, Халіп, Статкевіча, Вуса і іншых, нібыта тыя штурхалі супрацоўнікаў міліцыі на праезную частку. Судзьдзя адмовіла ў хадайніцтве. У зале абураныя.

16.30
Усе сьведкі на сёньня дапытаныя. Сьведка-міліцыянт Павядайка і студэнт, сябра БХД Багдановіч не прыйшлі на паседжаньне, бо першы знаходзіцца ў камандзіроўцы, а другі захварэў. Судзьдзя вырашыла, што іх няяўка мае паважлівыя прычыны і вырашыла абмежавацца іх паказаньнямі, дадзенымі на папярэднім сьледзтве, хоць адвакаты былі супраць. Павядайка асабіста затрымліваў Васілевіча, а Багдановіч сьведчыў, што Саньнікаў нібыта штурхаў міліцыянтаў 19 сьнежня. У зале абураныя, кажуць, што гэтым міліцыянты ўнікаюць адказаў на пытаньні.

16.20
Судзьдзя зачытвае паказаньні Кіені падчас папярэдняга сьледзтва, у якіх той распавёў, што ня бачыў, як байцы спэцназу зьбівалі людзей, хаця бачыў кроў на Рымашэўскім. Судзьдзя не змагла прачытаць без памылак фразу на беларускай мове з цытатай Статкевіча: "Зараз мы пойдзем на перамовы..."

16.10
Сьведка Кіеня зазначыў, што ніякіх пагроз, заклікаў да агрэсіі і гвалту ён ня чуў, манціровак і палак у руках дэманстрантаў ня бачыў, як і падазроных бутэлек. Сьведка кажа, што ня бачыў, каб дэманстранты ужывалі сілу супраць міліцыі.

15.50
Сьведка Кіеня кажа, што памятае тое, як міліцыя папярэджвала дэманстрантаў, што іх акцыя незаконная і ў выпадку непадпарадкаваньня да іх будзе прымененая "грубая фізычная сіла". "Дэманстранты хацелі весьці перамовы з урадам".

15.40
Сьведка Кіеня: "На Кастрычніцкай плошчы была маса народу, быў заліты каток і гучная музыка. кандыдатаў чутно не было, іх перабівала музыка. Толькі ўрыўкі было чуваць. З нагоды вынікаў выбараў гаварылі пра нейкі незалежны экзыт-пол. Вёў рэпартаж па тэлефоне, таму аналізаваць падзеі часу не было. Мне запомнілася, што выхад людзей на праспэкт адбыўся стыхійна, спантанна, у адзіным парыве".

15.30
Наступны сьведка Сяргей Кіеня, супрацоўнік інфармацыйнага агенцтва Інтэрфакс. Сьведка кажа, што 19 сьнежня быў на Кастрычніцкай плошчы і Плошчы Незалежнасьці як журналіст, асьвятляў дзейнасьць праваахоўных органаў.

15.15
Наступны сьведка -- Васіль Мартос, кіроўца 5-га аўтобуснага парку Менска. Кіроўца распавёў, што 19 сьнежня ён працаваў у другую зьмену на маршруце нумар 1, і з 21-й гадзіны былі цяжкасьці для руху і былі вымушаныя зьмены маршруту, паколькі ішла дэманстрацыя па праезнай частцы. "Я зразумеў, што наўпрост да вакзалу не даеду і зьмяніў маршрут". З міліцэйскай машыны, якая ішла за дэманстрантамі, заклікаў разысьціся кіроўца ня чуў.Сьведка прызнаў, што мог бы праехаць і па сваім маршруце, але не ўклаўся б у графік, за што мог бы пазбавіцца прэміяльных. Пасажыры не выказвалі сваё нездавальненьне, прызнаў сьведка. Ён зазначыў, што на ягоным маршруце часта езьдзяць картэжы Лукашэнкі і ў яго існуюць схемы аб'езду.

15.05
Сьведка Андрэй Пратапей з Абсалютбанку. Аменны пункт гэтага банку быў зачынены 19 сьнежня дачасна, пра нейкія страты ад дэманстрацыі сьведка сказаць ня змог. Судзьдзя пытаецца, ці памятаеце вы паказаньні на папярэднім сьледзтве? Сьведка: Мяне не дапытвалі. Пасьля таго, як сьведку паказалі пратакол, то ён узгадаў, што да яго прыяжджаў сьледчы. Гэты сьледчы яму і патлумачыў, што прычына датэрміновага закрыцьця унівэрсаму "Цэнтральны", дзе знаходзіцца абменны пункт іх банка, 19-га сьнежня -- масавыя беспарадкі.

14.50
Сьведка Макаеў кажа, што спачатку шкло ў Доме ўраду білі 1-2 чалавекі, на іх дзеяньні міліцыя не рэагавала, Саньнікаў у гэты час знаходзіўся на трыбуне. "Гэта палітызаваны заказны працэс. Гэтыя людзі пакутуюць за Беларусь, для мяне дзіка знаходзіцца тут", -- гэта ацаніў сам працэс сьведка Макаеў. Макаеў хацеў пачытаць патрыятычны верш аднаго з падсудных Уладзімера Яроменка, але суд не дазволіў.

14.30
Сьведка апісвае вялікую колькасьць спэцназу 19 сьнежня: "У гэты дзень у цэнтры Менску адбывалася вайсковая апэрацыя". "Да разгону ў людзей быў добры настрой, не было праяваў агрэсіі". "У ніводнага з кандыдатаў, ніводнага з выступоўцаў на мітынгу не было заклікаў да гвалту"

14.15
Макаеў: "Там білі шкло, а асобныя кандыдаты спрабавалі гэта спыніць, казалі, што гэта правакацыя. Мяне на Плошчу ніхто не запрашаў, я сьвядома прыйшоў на Плошчу, бо ведаю, што ў нашай краіне няма выбараў. Я ведаў, што будзе мірны мітынг пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў. Калі няма выбараў, калі правы людзей не паважаюцца, людзі маюць права на мірны пратэст. І там не было масавых беспарадкаў, таго, што зараз суд разглядае".

14.00
Працэс адноўлены. З запрошаных на 14.00 6 сьведкаў зьявіўся толькі 1 -- Аляксандар Макаеў, які адказвае па-беларуску. Макаеў -- індывідуальны прадпрымальнік, адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху. Ведае падсудных Саньнікава, Яроменка. Макаеў кажа, што быў давернай асобай кандыдата Мікалая Статкевіча, браў удзел у мітынгу на Плошчы 19 сьнежня.
Макаеў: "У нашай краіне няма дэмакратычных выбараў, таму я кожны раз выходжу на Плошчу". Сьведка кажа, што ў 20 гадзін 19-га сьнежня знаходзіўся каля апазыцыйных кандыдатаў ля Палацу культуры прафсаюзаў. Нічога незаконнага ў іх выступах ня чуў. На Плошчы незалежнасьці гучалі заклікі да перамоваў з урадам: "Людзі былі гатовыя да перамоваў на Плошчы, толькі я не ведаю, зь кім можна было весьці перамовы ".

13.15 Мірзаянаў
паведаміў, што ніякіх прадметаў, якімі можна было б чыніць супраціў міліцыі, у дэманстрантаў не было, ніякіх ледасекаў і прутоў. Адвакат Варвашэвіч заявіў, што гэта ня запіс, а "мантаж, крыніца ягонага паходжаньня невядомая". Але і на ім бачна, як супрацоўнікі міліцыі зьбіваюць людзей, і ніхто з дэманстрантаў ня чыніць супраціву.На відэа відаць, што тры чалавекі б'юць шчыты дома ўраду, а астатнія стаяць на адлегласьці і ніякіх гвалтоўных дзеяньняў ня чыняць. Заклікаў міліцыі спыніць незаконныя дзеяньні не чуваць, заявіў адвакат Варвашэвіч. А з боку людзей няма заклікаў да гвалтоўных дзеяньняў, людзі крычаць "Мы адзіны народ, міліцыя з народам". Адвакаты кажуць таксама, што відэа не фіксуе прарыву ланцугу спэцназу.

13.05
Мірзаянаў патлумачыў падзеі на Плошчы, зафіксаваныя на трэцім дыску: "Не было ніякіх сутыкненьняў, было жорсткае зьбіцьцё грамадзян спэцназам. Я думаю, што ў іх не ўсё ў парадку з галавой -- так жорстка зьбіваць грамадзян, якія не ўяўляюць ніякай небясьпекі".

12.50
Пракурор пытае Васілевіча, навошта ён стаў у ланцуг перад Домам ураду. Той адказвае: "Каб не прапусьціць правакатараў". Мірзаянаў патлумачыў, што ён стаяў у жывым калідоры ля Дома ўраду, каб не пускаць правакатараў, асабліва тых, якія ўдавалі зь сябе п'яных, у тым ліку з бутэлькамі гарэлкі. "А такія былі там". Мірзаянаў кажа, што супраціву міліцыі ён не чыніў. Мірзаянаў сьцьвярджае, што першапачаткова шкло было разьбітае не дэманстрантамі, а правакатарамі яшчэ да іх прыходу да Дому ўраду. Адвакаты зьвяртаюць увагу, што відэа не дэманструе гвалтоўных дзеяньняў ці заклікаў да іх, а толькі заклікі да перамоваў з уладамі.

12.40
Адвакат Саньнікава Варвашэвіч зьвяртае ўвагу суду, што на відэа людзі паводзяць сябе спакойна, некаторыя нават абдымаюцца, а кандыдата Саньнікава на відэазапісе няма. Адвакатка Саньнікава Кавалеўская зьвяртае ўвагу суду, што на Плошчы не ляжаць ніякія ледасекі, каністры, манціроўкі, што няма іх і ў руках мітынгоўцаў, і што міліцыі побач зь месцам інцыдэнту няма.

12.20
Васілевіч пазнаў сябе на відэа, як ён наносіў удары. Мірзаянаў пазнаў сябе, як ён крычаў лёзунгі на мітынгу. Васілевіч кажа, што зьбіваў з дзьвярэй аскепкі шкла, бо яны ўяўлялі пагрозу для людзей, каб тыя не параніліся аб шкло.

12.10
Пачынаецца агляд відэаматэрыялаў па справе. Першым паказваюць дыск запісу падзеяў на Плошчы з удзелам Васілевіча і Мірзаянава. Экран усталяваны бокам да залі. Запіс могуць добра бачыць толькі абаронцы і падсудныя Прысутным зусім нічога не відаць. "Кіна ня будзе",-- жартуюць у залі.

12.00
Гнедчык адмовіўся ад часткі паказаньняў на папярэднім сьледзтве. "На мяне чыніўся ціск, пасьля 10 гадзінаў допыту ў чым заўгодна прызнаесься. Мяне арыштавалі ледзьве не ў трусах. Адваката ў часе не было". Гнедчык кажа, што некаторых фраз ён проста не казаў у часе допыту. "Ніхто не заклікаў да пагрому, усе заклікалі да перамоваў", абвяргае свае словы ў пратаколе допыту на папярэднім сьледзтве Гнедчык. Ён кажа, што некаторыя рэчы не казаў, а іх яму прыпісалі. А падпісаў пратакол пад ціскам.

11.50
Суд вырашыў яшчэ раз агучыць паказаньні абвінавачанага Гнедчыка пра падзеі на Плошчы, дадзеныя падчас папярэдняга сьледзтва. Судзьдзя знайшла супярэчнасьці зь ягонымі паказаньнямі ў судзе і вырашыла ўдакладніць. У паказаньнях на папярэднім сьледзтве Гнедчык зазначае, што прыйшоў на Плошчу выказаць пратэст супраць таго, што Лукашэнка абіраецца шмат разоў запар, а таксама кажа, што на Плошчы Незалежнасьці падбег да натоўпу ля Дома ўраду "дапамагчы натоўпу прарвацца ў будынак" і зрабіў некалькі ўдараў па шчытах, а пазьней адганяў ад будынку людзей, якія білі шыбы ў вокнах. Гнедчык адмовіўся ад часткі сваіх паказаньняў на папярэднім сьледстве.

11.15 Допыт выкліканых на 10 гадзін сьведкаў скончаны. Яшчэ 6 сьведкаў выкліканыя на 14 гадзін. Суд прыступае да разгляду пісьмовых дакумэнтаў па справе, вывучаецца 7 том справы. Пратаколы агляду і выманьня рэчаў у ходзе асабістага дагляду Саньнікава, пастанова аб прызнаньні рэчавым доказамі мабільнага тэлефону, заява пра шкоду Макдональдсу на 8 мільёнаў рублёў і іншыя матэрыялы. "Менсктранс" патрабуе з-за спыненьня транспарту на праспэкце кампэнсацыю 159 тысяч. "Абсалютбанк" прэтэнзіяў ня мае, кветкавая крама заяўляе пра падзеньне выручкі 19 сьнежня.

У крымінальную справу патрапілі заявы на адкрыцьцё Саньнікавым афіцыйных перадвыбарчых рахункаў, на рэгістрацыю ім у ЦВК 30 давераных асобаў, зводкі аб перасячэньні ім дзяржаўнай мяжы, запыты ў наркалягічны дыспансэр, даведка з ДАІ пра аўтамабіль.

11.00
Наступны сьведка Павал Гайдук, начальнік юрыдычнага аддзелу прадпрыемства "Белэўрасетка". Сьведка паведаміў, што ягоная арганізацыя мае сетку салёнаў сотавай сувязі. 19 сьнежня адзін з салёнаў ва ўнівэрсаме "Цэнтральны" спыніў працу на гадзіну раней чым звычайна, у 21 замест 22 гадзін, бо зачыніўся сам унівэрсам: "Чаму? Магу толькі меркаваць, што ў сувязі з правядзеньнем мітынгу. Шкоды маёмасьці не было. Упушчанай выгады таксама не было".

10.40
Наступны сьведка Алег Глоў, намесьнік начальніка менскага мэтрапалітэну. Сьведка распавёў суду, што на працы 19 сьнежня не знаходзіўся. Але ведае, што ў той дзень увечары былі зачыненыя дзьве станцыі мэтро – "Кастрычніцкая" і "Купалаўская". Прычына -- масавыя мерапрыемствы на Кастрычніцкай плошчы, гэта было зроблена, каб не дапусьціць перапаўненьня пасажырапатоку, у мэтах бясьпекі."Наўпроставай шкоды не было, ніякіх пашкоджаньняў, а ўпушчаная выгада, думаю, што была. Палічыць гэтую ўпушчаную выгаду не ўяўляецца магчымым". Станцыі былі закрытыя на ўказаньне міліцыі, кажа сьведка. "Гэта практыка ў працы мэтро, якая ўжо склалася".

10.30 У допыце пад час сьледзтва сьведка казаў, што Палац панёс матэрыяльныя страты менавіта ад мітынгу, бо былі спыненыя розныя гурткі. Суд зачытаў гэтыя паказаньні. Цяпер у яго іншыя паказаньні, ён кажа, што не валодае дакладнай інфармацыяй, што курсы і гурткі былі перанесеныя, што тыя паказаньні былі запісаныя сьледчым зь ягоных словаў "толькі часткова". Курсы і гурткі былі перанесеныя, а не скасаваныя, таму што ў Палацы знаходзіўся выбарчы ўчастак і ішла падрыхтоўка да навагодніх ранішнікаў. Сьведка ня ведае, адкуль узялася сума ў 2,5 мільёна стратаў. Фактычна сьведка з боку абвінавачваньня падтрымлівае падсудных.

Пра агрэсію з боку дэманстрантаў сьведка нічога сказаць ня змог, зазначыў, што былі толькі гучныя выгукі. Пры гэтым заняткі ў палацы былі перанесеныя задоўга да мітынгу -- прыблізна за тыдзень, кажа сьведка.

10.10
Сьведка Аляксандраў кажа, што праца Палаца 19 сьнежня была прыпыненая ў сувязі з падрыхтоўкай навагодніх ранішнікаў, а таксама з-за таго, што на ўваходзе ў Палац стаялі каля 200 чалавек. "Доступ не абмяжоўваўся, бо далейшыя мерапрыемствы ў Палацы не плянаваліся". Пра матэрыяльныя страты палацу ад мітынгу ён нічога патлумачыць ня змог. У крымінальнай справе ёсьць дакумэнт, што страты аддзелу мастацкай творчасьці Палацу склалі 2,5 мільёна рублёў.

10.00
У Фёдара Мірзаянава адбылася замена адваката. Замест Галіева будзе адвакат Новік. Працягваецца допыт сьведкаў. Першы Андрэй Аляксандраў, супрацоўнік Палацу культуры прафсаюзаў.

9.40 Маці Андрэя Саньнікава і Фёдара Мірзаянава Ала Саньнікава і Людміла Мірзаянава напісалі заяву ў суд з просьбай адрэгуляваць пытаньне прысутнасьці старонніх асобаў на судовым паседжаньні. Сёньня у залю суду зноў прыйшлі каля 30 студэнтаў, якія занялі ўсе заднія шэрагі. Ала Саньнікава і Людміла Мірзаянава лічаць, што прапускаючы ў залю выпадковых людзей, арганізатары паседжаньня пагаршаюць умовы ягонага правядзеньня.

Сёньня ж у судовай залі зьявіўся вялікі экран, на якім відавочна, будуць дэманстравацца відэакадры падзеяў на Плошчы

Маці палітвязьня Фёдара Мірзаянава разам з яго аднакурсьнікамі ў залі суду

5 траўня сьведкамі выступілі два былыя кандыдаты ў прэзыдэнты: Віталь Рымашэўскі і Яраслаў Раманчук.

Таксама 4 траўня суд перайшоў да вывучэньня пісьмовых матэрыялаў справы. Паседжаньне скончылася тым, што абвінаваўца чытаў тамы справы.

Суд над Вінаградавым, Кіркевічам, Драздом, Хамічэнкам Пратасенем. Першы дзень
Суд над Вінаградавым, Кіркевічам, Драздом, Хамічэнкам Пратасенем. Другі дзень
Суд над Вінаградавым, Кіркевічам, Драздом, Хамічэнкам, Пратасенем. Трэці дзень
Андрэй Саньнікаў
Нарадзіўся ў Менску 8 сакавіка 1954 года. Скончыў Менскі дзяржаўны інстытут замежных моваў, Дыпляматычную акадэмію Міністэрства замежных справаў СССР у Маскве. Валодае чатырма мовамі. Працаваў у Таварыстве дружбы з замежнымі краінамі, у сакратарыяце ААН у Нью-Йорку, быў дарадцам прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швайцарыі.

У 1995-1996 гг. — намесьнік міністра замежных спраў Беларусі. Пакінуў гэтую пасаду ў лістападзе 1996 год на знак пратэсту супраць правядзеньня рэферэндуму. У лістападзе 1997 году стаў стваральнікам і міжнародным каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97».

У 2008 годзе ініцыяваў грамадзянскую кампанію «Эўрапейская Беларусь».

Ляўрэат міжнароднай прэміі імя Бруна Крайскага ў галіне абароны правоў чалавека (2005 г.).

Кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010.
Уладзімер Яроменак
Нарадзіўся ў Мёрах. Паступіў у Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. На момант арышту быў студэнтам 2 курсу.

Сябра «Маладога Фронту». Удзельнік Плошчы-2010. Затрыманы супрацоўнікамі спэцслужбаў 20 сьнежня 2010 г. пасьля пікету салідарнасьці з палітзьняволенымі насупраць Дома ўраду.

За гэта быў асуджаны на 15 сутак арышту, які ён адбыў у Жодзінскім СІЗА. Па выхадзе адтуль быў выкліканы ў якасьці сьведкі на допыт у КДБ, які скончыўся 7-сутачным арыштам на Акрэсьціна.

28 студзеня арыштаваны ў трэці раз, цяпер ужо як падазраваны па справе аб масавых беспарадках. Знаходзіцца пад вартай у турме КДБ. Абвінавачваецца па крымінальным артыкуле «Масавыя беспарадкі».
Ільля Васілевіч
Нарадзіўся ў 1991 годзе Баранавічах.

Паступіў у Менскі палітэхнічны каледж. Выдатна вучыўся, быў старастам групы.

Ільля адседзеў 10 сутак арышту за ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня і быў адпушчаны дадому. Яму паведамілі, што адміністрацыя Менскага палітэхнічнага каледжа выключае яго з навучальнай установы.

5 студзеня малады чалавек быў запрошаны ў адміністрацыю каледжа для падпісаньня адпаведных папер, але ў навучальнай установе Ільлю чакалі супрацоўнікі КДБ, якія затрымалі маладога чалавека для правядзеньня сьледчых дзеяньняў па крымінальнай справе.
Алег Гнедчык
Нарадзіўся ў 1986 годзе. Сябра «Маладога фронту».

У 2003—2005 гг. затрымліваўся праваахоўнымі органамі і караўся адміністратыўнымі арыштамі. У ліпені 2003 г. яшчэ непаўнагадовым быў затрыманы за распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў «МФ» у Менску.

У 2006 г. быў асуджаны на 12 сутак арышту за ўдзел у намётавым мястэчку.
Затрыманы 6 студзеня. Да 9 студзеня знаходзіўся пад вартай і быў адпушчаны. 25 сакавіка вылучанае абвінавачваньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Утрымліваецца ў турме на вуліцы Валадарскага.
Фёдар Мірзаянаў
Нарадзіўся у 1990 годзе ў Баранавічах. У 2008 г. паступіў на факультэт мэнэджмэнту Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці «эканамічная кібэрнэтыка».

Падчас выбарчай кампаніі быў у камандзе кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука.

Пасьля падзеяў 19 сьнежня адбыў 15 сутак адміністратыўнага арышту ў сьледчым ізалятары Жодзіна.

Пасьля арышту 25 студзеня 2011 г. яму было высунутае абвінавачваньне ва ўдзеле ў масавых быспадарках. Утрымліваецца ў ізалятары на вуліцы Валадарскага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG