Праграмы / Начная Свабода

МУС мае намер змагацца зь фіктыўнымі шлюбамі

09.05.2008 21:25

Іміграцыйныя службы Беларусі хочуць паставіць бар'ер фіктыўным шлюбам паміж грамадзянамі Беларусі і іншаземцамі, выкарыстоўваючы ўсясьветны досьвед.


Міністэрства ўнутраных спраў рыхтуе зьмены ў Закон “Аб прававым становішчы замежных грамадзянаў у Беларусі”, якія тычацца спрашчэньня працэдуры ануляваньня віду на жыхарства, калі шлюб будзе прызнаны фіктыўным.

У Менску кожны трэці шлюб – інтэрнацыянальны

Летась, паводле дадзеных Міністэрства статыстыкі і аналізу, у Беларусі было зарэгістравана 4 тысячы 588 інтэрнацыянальных шлюбаў. У менскім Доме шлюбаў у мінулым годзе было зарэгістравана каля 2 тысяч шлюбаў, кожны чацьвёрты зь іх – так званы “замежны”. Сёлета шлюб з грамадзянамі замежных краінаў рэгіструецца ў кожнай трэцяй пары. Іміграцыйныя службы сутыкнуліся з тым, што вельмі часта заключаюцца фіктыўныя шлюбы з карысьлівымі мэтамі.

Фіктыўны шлюб каштуе да 3 тысяч даляраў

Першы намесьнік начальніка Дэпартамэнту па грамадзянству і міграцыі МУС Аляксей Бягун тлумачыць:

“Хоча прыехаць грамадзянін якой-небудзь краіны. У яго няма падставаў легальна знаходзіцца ў Беларусі. І вось ён, каб атрымаць дазвол на жыхарства ў Беларусі, каб купіць нерухомасьць, заключае шлюб. Фіктыўны. Жанчына атрымлівае грошы, яна яму забясьпечыла пэўныя ўмовы – і ён празь месяц купляе тут кватэру. І жыве там спакойна, пакуль грамадзянства не атрымае, а потым ён ужо – паўнавартасны грамадзянін”.

Карэспандэнтка: “А якія сумы могуць быць?”

Бягун: “Сумы могуць быць розныя, да 3 тысяч даляраў цяпер даходзяць”.

Дзеля чаго заключаюцца фіктыўныя шлюбы?

Зь юрыдычнага пункту гледжаньня, “фіктыўны шлюб” – гэта шлюб, які заключаецца без сапраўднага намеру сужэнцаў альбо аднаго зь іх стварыць сям’ю. Прычыны заключэньня фіктыўных шлюбаў: атрыманьне сталай прапіскі, спрашчэньне рэгістрацыі па месцы жыхарства, магчымасьць атрымаць від на жыхарства, а потым і грамадзянства, ухіліцца ад абавязковага разьмеркаваньня.

Распавядае жыхарка Менску, якая папрасіла не называць яе імя:

“Мне была патрэбная чарга на кватэру, і я знайшла сябра, які быў з правінцыі. Яму была патрэбная менская прапіска, каб працаваць у сталіцы. І мы ажаніліся, скажам так – на ўзаемавыгаднай аснове. Я атрымала тое, што мне было патрэбна, а ён – прапіску, працу ў Менску, купіў сабе кватэру. І потым, калі я сустрэла сваё сапраўднае каханьне, мы скасавалі свой шлюб”.

У гэтым выпадку маладыя людзі проста вырашалі свае жыцьцёвыя праблемы.

У Беларусь імкнуцца расейцы, каўказцы, азіяты

Зараз у Беларусь прыяжджае шмат іншаземцаў. Распавядае Аляксей Бягун:

“Краіны – у асноўным, дзяржавы СНД, яшчэ некаторыя краіны Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Прэцэдэнт не адзін. Гэта нават не адна тысяча чалавек. Чаму мы ініцыюем гэта пытаньне – таму што праблема ёсьць. І Эўрапейскі Зьвяз даўно ў гэтай праблеме плавае, таму што Эўразьвяз яшчэ больш прыцягальны. Мы пачынаем у яе паглыбляцца, таму што мы таксама становімся прыцягальнымі для пэўнай катэгорыі грамадзянаў”.

Аляксей Бягун распавёў, што іншаземцы замацоўваюцца тут, рэгіструючы фіктыўны шлюб, а потым прывозяць сваю шматлікую радню:

“Дзяўчына за грошы заключае шлюб зь іншаземцам за грошы, ён атрымлівае тут від на жыхарства. Прывозіць сваю другую сям’ю, і яны тут разам жывуць. А бываюць выпадкі, калі ягоная былая жонка заключае таксама шлюб з грамадзянінам Беларусі, бываюць наагул такія дзіўныя гісторыі, калі муж і жонка разводзяцца, і заключаюць такі ж шлюб з аналягічнай парай з другога боку. І потым і тыя, і другія абсалютна бязьбедна сябе адчуваюць, таму што тыя атрымалі грошы, а гэтыя атрымалі від на жыхарства”.

Даказаць “фіктыўнасьць” шлюбу вельмі складана

Прызнаць шлюб фіктыўным можа толькі суд, і тады, да прыкладу, чалавек, які з дапамогай штампу ў пашпарце атрымаў від на жыхарства, губляе яго. Тлумачыць судзьдзя аднаго са сталічных судоў:

“Калі скасоўваецца шлюб, анулюецца від на жыхарства. Таму замежнікі адразу ж уступаюць у другі шлюб. У мяне была справа: пасьля скасаваньня шлюбу – ануляваньне віду на жыхарства. Але гэты армянін адразу ж зарэгістраваў другі шлюб і застаўся тут жыць”.

Іміграцыйныя службы, калі ў іх узьнікае сумнеў у сапраўднасьці шлюбу, накіроўваюць пазовы ў суд. Але ўсё ня так проста, кажа Аляксей Бягун:

“Вельмі цяжка атрымаць рашэньне суду, таму што нават тады, калі мы зьбярэм інфармацыю, якая пацьвярджае, што сужэнцы разам не жывуць, узьнікаюць нюансы, калі яны прыходзяць на судовае паседжаньне, дзе разглядаецца наш пазоў, і кажуць: “А мы кахаем адзін аднаго, мы моцная сям’я”. Судзьдзя пярэчыць нам: “Ну як мы можам сям’ю разьбіваць?”

А судзьдзя, у сваю чаргу, прыводзіць свае аргумэнты:

“Фіктыўнасьць браку паспрабуй дакажы. Гэта ж адзін з бакоў павінен прызнацца: “Так, у мяне быў намер не стварыць сям’ю, а нейкія свае мэркантыльныя інтарэсы”. Але хто ж прызнаецца? А даказаць гэта вельмі цяжка”.

Сужэнцам давядзецца здаваць тэст – адказаць на 100 пытаньняў

А вось МУС Беларусі, па прыкладу шэрагу эўрапейскіх краінаў, прапануе ўвесьці абавязковы шэраг пытаньняў для асобаў, якія заключылі інтэрнацыянальны шлюб, калі ў праваахоўных органаў ёсьць падставы сьцьвярджаць, што шлюб фіктыўны. Вывучылі досьлед Літвы – у іх 60 такіх складаных пытаньняў, дадалі свае. Анкета будзе ўтрымліваць сотню пытаньняў. Першы намесьнік начальніка Дэпартамэнту па грамадзянству і міграцыі МУС Аляксей Бягун пералічыў некаторыя зь іх:

“Эўрапейскі зьвяз ведаеце, што пытаецца? Вось, да прыкладу: “Калі і пры якіх абставінах вы пазнаёміліся? Колькі разоў сустракаліся пасьля рэгістрацыі шлюбу? Дзе і калі было вясельле? Колькі чалавек было на вясельлі? Назавіце агульных сяброў і знаёмых. Ці знаёмыя вы з бацькамі сужэнца, братамі, сёстрамі, сваякамі, хто каму кім даводзіцца, як іх завуць, дзе яны жывуць? Калі не знаёмыя, назавіце прычыну...”

Прычым пытаньні будуць задавацца кожнаму з сужэнцаў асобна, а потым адказы будуць параўноўвацца. Ну а зараз рыхтуюцца зьмены ў заканадаўстве. На восеньскую сэсію дакумэнт будзе прадстаўлены на разгляд парлямэнту.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-3 (з 3)
Імя:: с-богдан
10.05.2008 14:09

свабода кажа ТОЛЬКІ пра адзін бок гэтае справа зь фікцыйнымі шлюбамі - мянтоўскімі вачамі.

я б параіў паглядзець і на другі бок - людзей, якія маюць такі шлюб і пастаянна сутыкаюцца з прыніжэньнямі і праблемамі, ДАВОДЗЯЧЫ, што шлюб не фікцыйны. Кажу так, бо сам штодня маю гэтую праблему. Магу сабе лёгка ўявіць, наколькі памножыцца хамства ўсіх гэтых участковых ды кожнага чыноўніка пасьля прыняцьця яшчэ больш строгага закону!

У Беларусі і без таго САМАЕ жорсткае і рэстрыкцыйнае заканадаўства ў дачыненьні да іншаземцаў ды іх перабываньня ў краіне ў параўнаньні з усімі эўрапейскімі краінамі. Прытым іншаземцаў вельмі і вельмі мала, і краіна фактычна зачыненая. Уся гэтая мянтоўская балбатня - надуманае стварэньне праблемы, каб пасьля яе рашыць і атрымаць узнагароду. Пустаслоўе ды нагнятаньне ксэнафобіі.

Дзіўна, што Радыё Свабода вядзецца на такое дый фактычна вяшчае прапаганду, зусім не аналізуючы гэтыя беспадстаўныя аргумэнты!


Імя:: Мікалай
11.05.2008 05:57

Людзі, якія маюць фіктыўнны шлюб, парушаюць закон.
У Беларусі не самае жорсткае іміграцыйнае заканадаўства. У Эўропе людзі гадамі чакаюць дакумантаў. У ЗША у выпадку фіктыўнагга шлюбу, асоба трапляе ў залежнасьць ад грамадзяніна.
Закон трэба паважаць. Калі існая ўлада прымае правільныя рашэньні, не трэба іх кратыкаваць толькі на той падставе, што яны сыходзяць ад улады.
Аўтар артыкула падае абЭектыўную статыстыку і чытач можа зрабіць свае высновы.
Дзякую Свабодзе за аб'ектыўнасьць.


Імя:: c-богдан
12.05.2008 11:47

Мікалаю

А Вы самі мелі з тым справу? Вас участковыя не пасьлі і суседзяў пра падрабязнасьці вашага інтымнага жыцьця не распытвалі?
Не спрабавалі напрыклад запрасіць на госьці сваякоў жонкі зь неэўрапейскай краіны? Як спадабалася езьдзіць адмыслова ў Менск ў Міністэрства ўнутраных спраў і тлумачыцца за невядома што? Вось толькі ў Канадзе гэтага чамусьці няма.

Тое самае пытаньні прапіскі для замежных грамадзянаў. У нас ужо прынята, што палова краіны парушае закон жывучы гадамі ў Менску без адпаведнай рэгістрацыі/прапіскі і г.д. Сам такі быў як вучыўся ва ўнівэры. Але калі мая жонка падазраецца некім у тым самым (пражываньні ў Менску з маладэчанскай прапіскай), дык гэта імгненна выклікае мноства праблемаў. бо многімі лічыцца, што па законе яна мусіць пражываць толькі па месцы прапіскі, якую было магчыма зрабіць толькі па месцы прапіскі мужа ў невялікім горадзе няблізка ад Менску, дзе ані працы ёй, ані навучаньня.
Прытым ейны ўнівэр таксама лічыць сваім абавязкам правяраць месцы жыхарства. Зрабіць прапіску ў менску на здыманай кватэры - нават для грамадзяніна РБ, неяк не даводзіла чуць каб некаму ўдавалася.

Чамусьці ў Нямеччыне, дзе мне даводзілася жыць гадамі, ніхто ня меў справы, што і дзе я раблю, калі ў мяне быў дзейны дазвол на жыхарства і бонская рэгістрацыя. І Вольны ўнівэрсытэт Бэрліну ня меў справы да майго жыхарства і дэкан не "падпрацоўваў" на грамадзкіх пачаткох памочнікам участковага.

А цяпер Вы мне скажэце, калі ласка, у чым праяўляецца нежорсткасьць бел.заканадаўства ў параўнаньні з эўрапейскімі краінамі?

І ў чым палягае аб'ектыўнасьць Свабоды, што прадстаўляе выключна АДЗІН пункт гледжаньня - міліцыянтаў. фактычна ўвесь матэрыял заснаваны на паўторы аднаго і таго ж - хіжыя чуркі едуць у Беларусь натоўпамі, заключаючы фікцыйныя шлюбы. Усё. Ані меркаваньня людзей, якія беспасярэдне закранутыя гэтым працэсам - грамадзянаў і неграмадзянаў, ані хаця б экспэртаў-юрыстаў. Дык тут нават фармальныя патрабаваньні да рэпартажу ня выкананыя, ня тое што хаця б нейкі намёк на аб'ектыўнасьць.

Гэты матэрыял можа перадрукаваць са Свабоды нават газэта МУС "На страже Октября"! І гэта сумна для Свабоды.

Камэнтары 1-3 (з 3)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks