Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“З сэксам у нашай краіне цяжка”


Кансультанты па сямейных адносінах у Эўропе занепакоеныя тым, што колькасьць мужчынаў, якія не цікавяцца сэксам, падвысілася на 40%.


Калі верыць найбуйнейшай брытанскай кансультацыі “Relate”, многія мужчыны сьцьвярджаюць, што фізычна здольныя на сэкс, але ён іх не цікавіць. Брытанскія сэксолягі кажуць, што скаргі іх кліентаў больш падобныя на псыхасэксуальнае разладжаньне, чым на праблему адносінаў, таму што мужчыны адмаўляюцца ня проста ад сваёй сэксуальнай партнэркі, але ад сэксу наагул. Ці ёсьць такія праблемы ў Беларусі?

У Беларусі дасьледаваньні па сэксуальных праблемах не праводзяцца, і таму называць нейкія лічбы не выпадае. Але сэксолягі, псыхолягі, іншыя адмыслоўцы часьцяком сутыкаюцца сытуацыяй, калі мужчыну, які ня мае п фізіялягічных праблемаў, сэкс не цікавіць. Гаворыць псыхоляг Менскага гарадзкога Цэнтру сям’і і дзяцей Жанна Міцкевіч:

“Я лічу, што з сэксам у нашай краіне цяжка. І гэтую праблему трэба разглядаць з розных бакоў, ня так, як яна заяўлена жанчынамі: маўляў, мужчына можа, але ня хоча. Але яны ня зьвязваюць, што сэкс – гэта ня толькі полавы акт, а яшчэ павінна быць эмацыянальная прэлюдыя да яго. Вось зусім нядаўна ў мяне на прыёме быў малады чалавек, якія сказаў: “Калі жонка раніцай мне ўчыніла гістэрыку, канцэрт, а вечарам, я разумею, што яна хоча сэксу – я яе не хачу”. Вельмі многія жанчыны лічаць па-іншаму: што сэкс – гэта службовы абавязак мужа. Але гэта больш шырокая і паглыбленая праблема, якая зьвязаная, перш за ўсё, з унутраным сьветам чалавека”.

У Беларусі не праводзяцца сацыялягічныя дасьледаваньні на тэму сэксу. А вось у навукоўцы іншых краінаў вынайшлі некалькі цікавых фактаў. Самы папулярны час для сэксу – позна вечарам у суботу. Самы непапулярны – удзень у панядзелак.

Мужчынаў, якія лічаць, што напаўаголеная жанчына выглядае больш сэксуальнай за цалкам аголеную – 43%. Мужчына думае пра сэкс у сярэднім 2 гадзіны на суткі. За год мужчына траціць на сэкс 23 гадзіны. Пасьля сэксу сярэднестатыстычны мужчына сьпіць, есьць і глядзіць тэлевізар.

Літаратар Адам Глобус, у якога ў сям’і ўсё ў парадку, вельмі скептычна ставіцца да досьледаў заходніх адмыслоўцаў. А абвінавачваньні жанчынаў у тым, што мужчыны ня хочуць займацца сэксам, яго проста абурылі:

“Па-першае, я ня веру гэтым досьледам. Хопіць мужыкоў прыніжаць! Прыніжэньне мужыкоў сканчаецца вайной. Даўно нашы мужыкі не даказвалі, якія яны. І іх можна прыніжаць, што ў іх “не стаіць”, што яны крывыя... Вось у нас бабы харошыя, а мужыкі такія крывыя. Паўтараю: хопіць прыніжаць мужыкоў! Таму што мужыкі могуць і ў пысу даць. Вось такое меркаваньне сьціплага беларускага мужчыны-літаратара”.

Другі беларускі мужчына, Юры Халезін, у якога прыгажуня-жонка і няма праблем у сямейным жыцьці, у заходнюю статыстыку таксама ня верыць. Але што такая праблема ёсьць, пагаджаецца, і нават распавёў, чаму так адбываецца:

“Я думаю, што лічба перабольшаная. Мне падаецца, менш ня хочуць”.

Карэспандэнтка: “А чаму ня хочуць? Вось ваша меркаваньне...”

Юры: “Ну, у каго што. У кагосьці ня склалася кантакту зь нейкім пастаянным партнэрам. У кагосьці проста няма такога чалавека. Хтосьці не зусім здаровы. А хтосьці проста “сачкуе”. Шмат і лайдакоў таксама. Валеры Мэладзэ неяк сказаў: “Любовь – гэта вам не что-нибудь. Любовью надо заниматься”.

Карэспандэнтка: “А занятасьць? Ёсьць жа працаголікі, якія шмат працуюць і стамляюцца?”

Юры: “Але ж уначы яны не працуюць. І перад працай, раніцай, таксама не працуюць”.

Карэспандэнтка: “А напружаная праца можа неяк паўплываць?”

Юры: “Гэта ж наадварот, павінна стымуляваць. Перамена віду дзейнасьці – гэта ж адпачынак. Гэта вельмі добры адпачынак”.

Псыхоляг Менскага гарадзкога Цэнтру сям'і і дзяцей Жанна Міцкевіч, як адмыслоўца, расклала ўсё па паліцах:

“Першая прычына – гэта тыя дзённыя непаразуменьні, якія не прыводзяць да сэксуальных мінут. Другое – сёньня маладыя людзі сапраўды настолькі стомленыя, асабліва ў такім мэгаполісе, як Менск. Ён настолькі стомлены, бо даводзіцца шмат працаваць, што калі жанчыне, пры ўсіх яе цяжкасьцях, хочацца сэксу, мужчына ня хоча гэтага. Яшчэ ёсьць вельмі шмат маладых людзей, якія маюць столькі экстрыму на працы, што ім ужо не да сэксу. Таксама вельмі многія людзі задавальняюцца сэксам і візуальна: яму дастаткова пасядзець у інтэрнэце, праглядаць сайты – і яму ўжо ня трэба сэксу. Таму, я лічу, што трэба разглядаць гэтую праблему ў кожным выпадку індывідуальна”.
XS
SM
MD
LG