Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Калі мужчына можа, але ня хоча


Кансультанты па сямейных адносінах у Эўропе занепакоеныя тым, што колькасьць мужчынаў, якія не цікавяцца сэксам, падвысілася на 40%. Калі верыць найбуйнейшай брытанскай кансультацыі Relate, многія мужчыны сьцьвярджаюць, што фізычна здольныя на сэкс, але ён іх не цікавіць.


Брытанскія сэксолягі кажуць, што скаргі іхніх кліентаў больш нагадваюць псыхасэксуальнае расстройства, чым праблему адносінаў, бо мужчыны адмаўляюцца ня проста ад сваіх сэксуальных партнэрак, але ад сэксу наагул. Ці ёсьць такія праблемы ў Беларусі?

У Беларусі дасьледаваньні сэксуальных праблемаў не праводзяцца, і таму называць нейкія лічбы не выпадае. Але сэксолягі, псыхолягі, іншыя адмыслоўцы часьцяком сутыкаюцца з сытуацыяй, калі мужчыну, які ня мае фізіялягічных праблемаў, сэкс не цікавіць. Гаворыць псыхоляг Менскага гарадзкога Цэнтру сям’і і дзяцей Жанна Міцкевіч:

“Я лічу, што з сэксам у нашай краіне цяжка. І гэтую праблему трэба разглядаць з розных бакоў, ня так, як яна заяўлена жанчынамі: маўляў, мужчына можа, але ня хоча. Але яны ня ўлічваюць, што сэкс — гэта ня толькі полавы акт, а яшчэ павінна быць эмацыянальная прэлюдыя да яго. Вось зусім нядаўна ў мяне на прыёме быў малады чалавек, які сказаў: “Калі жонка раніцай мне зрабіла гістэрыку, канцэрт, а вечарам я разумею, што яна хоча сэксу — я яе не хачу”. Вельмі многія жанчыны лічаць па-іншаму: што сэкс — гэта службовы абавязак мужа. Але гэта шырэйшая і глыбейшая праблема, якая зьвязаная, перш за ўсё, з унутраным сьветам чалавека”.

Сэксолягі іншых краінаў высьветлілі некалькі цікавых фактаў. Самы папулярны час для сэксу — позна вечарам у суботу. Самы непапулярны — удзень у панядзелак. Мужчынаў, якія лічаць, што напаўаголеная жанчына выглядае больш сэксуальнай за цалкам аголеную — 43%. Мужчына думае пра сэкс у сярэднім 2 гадзіны на суткі. За год мужчына траціць на сэкс 23 гадзіны. Пасьля сэксу сярэднестатыстычны мужчына: сьпіць, спажывае ежу і глядзіць тэлевізар.

Адам Глобус: “Хопіць мужыкоў прыніжаць!”

Літаратар Адам Глобус, у чыёй сям’і ўсё ў парадку, вельмі скептычна ставіцца да досьледаў заходніх адмыслоўцаў. А абвінавачваньні з жаночага боку ў тым, што мужчыны ня хочуць займацца сэксам, яго проста абурылі:

“Па-першае, я ня веру гэтым досьледам. Апытвалі, хутчэй за ўсё, тых жанчын, якіх не задавальняюць. Хопіць мужыкоў прыніжаць! Прыніжэньне мужыкоў сканчаецца вайной. Даўно нашы мужыкі не даказвалі, якія яны. І іх можна прыніжаць, што ў іх не стаіць, што яны крывыя... Вось у нас бабы харошыя, а мужыкі такія крывыя. Паўтараю: хопіць прыніжаць мужыкоў! Таму што мужыкі могуць і ў пысу даць. Вось такое меркаваньне сьціплага беларускага мужчыны — літаратара”.

“Хтосьці проста сачкуе. У сэксе шмат лайдакоў”

Другі беларускі мужчына, Юры, у якога прыгажуня-жонка і няма праблем у сямейным жыцьці, у заходнюю статыстыку таксама ня верыць. Але што такая праблема ёсьць, пагаджаецца, і нават распавёў, чаму так бывае:

“Я думаю, што лічба перабольшаная. Мне падаецца, менш ня хочуць”.

Карэспандэнтка: “А чаму ня хочуць? Вось ваша меркаваньне...”

Юры: «Ну, у каго што. У кагосьці ня склалася кантакту зь нейкім сталым партнэрам. У кагосьці проста няма такога чалавека. Хтосьці не зусім здаровы. А хтосьці проста сачкуе. Шмат і лайдакоў таксама. Валер Мэладзэ неяк сказаў: “Каханьне — гэта вам ня што якое. Каханьнем трэба займацца”.

Карэспандэнтка: “А занятасьць? Ёсьць жа працаголікі, якія шмат працуюць і стамляюцца?”

Юры: “Але ж уначы яны не працуюць. І перад працай, раніцай, таксама не працуюць”.

Карэспандэнтка: “А напружаная праца можа неяк паўплываць?”

Юры: “Гэта ж наадварот, павінна стымуляваць. Перамена віду дзейнасьці — гэта ж адпачынак. Гэта вельмі добры адпачынак”.

Псыхоляг Жанна Міцкевіч: “Шмат хто задавальняецца сэксам візуальна”

Псыхоляг Менскага гарадзкога Цэнтру сям'і і дзяцей Жанна Міцкевіч, як адмысловец, расклала ўсё па паліцах:

“Першая прычына — гэта тыя дзённыя непаразуменьні, якія не прыводзяць да сэксуальных хвілін. Другое — сёньня маладыя людзі сапраўды настолькі стомленыя, асабліва ў такім мэгаполісе, як Менск. Ён настолькі стомлены, бо даводзіцца шмат працаваць, што калі жанчыне, пры ўсіх яе цяжкасьцях, хочацца сэксу, мужчына ня хоча гэтага. Яшчэ ёсьць вельмі шмат маладых людзей, якія маюць столькі экстрыму на працы, што ім ужо не да сэксу. Таксама вельмі многія людзі задавальняюцца сэксам і візуальна: яму дастаткова пасядзець у інтэрнэце, прагледзець сайты — і яму ўжо ня трэба сэксу. Таму я лічу, што трэба разглядаць гэту праблему ў кожным выпадку індывідуальна”.
XS
SM
MD
LG