Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў шэрагу школаў Беларусі малодшых школьнікаў прымалі ў акцябраты.


У штабе Беларускай рэспубліканскай піянэрскай арганізацыі (БРПА), якая апякуецца акцябратамі, запэўніваюць: супадзеньне гэтай даты з днём нараджэньня Леніна — выпадковае, бо імя камуністычнага правадыра ў назьве арганізацыі няма, а акцябрацкая супольнасьць — не палітычная. Аднак пацьвердзілі: ідэалягічны атавізм савецкай эпохі рэанімаваны “пад ціскам вэтэранаў піянэрскага руху”. Такім чынам, у сыстэму школьнай адукацыі вернутыя ўсе атрыбуты камуністычнай ідэалёгіі: акцябраты, піянэры і спадкаемцы камсамолу — “бээрсээмаўцы”.

Спадарыня Ірына з Воршы сёньня пакінула 7-гадовага сына-першаклясьніка дома. На 22 красавіка ў школе, дзе вучыцца сын, прызначаны прыём у акцябраты. Кажа, што не зьбіраецца траўмаваць хлапца “савецкімі перажыткамі”. Праўда, не перакананая, што сына ня прымуць у акцябраты завочна — грошы на значкі з бацькоў ужо сабралі:

“Гэта ж у нас, аказваецца, такія навіны! Адным словам, зноў зьявіліся акцябраты, зорачкі чапляюць. Мы ўжо здалі па 2,5 тысячы на значкі, і, я так разумею, гэта ўвогуле падаецца як патасная падзея. Жах, адным словам, я ў шоку. Спачатку значэньня гэтаму асаблівага нават не надала — ну, акцябраты, нехта, як раней проста, называе, хоць насамрэч сэнс і назва зусім іншая, у беларускім кантэксьце. Нічога падобнага! І я проста ў шоку! Што гэта атрымліваецца — зноў сацыялізм-камунізм? Які ў нас камунізм? Дзе? Дык у Менску таксама адбываецца тое ж, ці гэта на мясцовым узроўні ідэолягі прыдумалі? Адным словам, ня ведаю, але гэта чыясьці праца”.

У аддзеле адукацыі Аршанскага гарвыканкаму сказалі, што пра ініцыятывы школьных кіраўнікоў ня ведаюць, бо ідэалягічны складнік выхаваўчай працы — па-за кампэтэнцыяй РАНА:

“Такой інфармацыі афіцыйнай у нас няма. Ня ведаю, што бацькі такое выдумалі. Афіцыйна ў нас з боку аддзелу адукацыі такога мерапрыемства, як уступленьне дзяцей у акцябраты, не было заплянавана, і ня ведаю, ці дзе яно праводзіцца”.

Старшыня Менскага абласнога савету БРПА Алена Артамонава кажа, што ніякіх рэкамэндацый адносна тэрмінаў прыёму малодшых школьнікаў у акцябраты піянэрскі штаб не даваў, бо ў школах самастойна вырашаюць — дасьпелі дзеці да акцябрацтва ці яшчэ не.

“Рашэньнем апошняга рэспубліканскага зьлёту малодшым школьнікам, сябрам Беларускай рэспубліканскай піянэрскай арганізацыі, па настойлівай просьбе вэтэранаў піянэрскага руху ў год 85-годзьдзя вернутая гістарычная назва. Мы рэкамэндуем іх прымаць ці ў другім паўгодзьдзі першай клясы, ці ўжо калі яны адаптаваліся да школы, нечаму ўжо навучыліся, увайшлі ў навучальны працэс. І з дазволу бацькоў мы звычайна прымаем іх на пачатку другой клясы. Дарэчы, імя Леніна даўно няма ў арганізацыі, яна зьяўляецца непалітычнай і, натуральна, ніякага прыёму адмыслова да 22 красавіка мы не плянуем. Калі толькі супадзе выпадкова”.

Як расказалі некаторыя настаўнікі, у Менску ў масавым парадку ў акцябраты рэкрутавалі 2 красавіка, у так званы Дзень яднаньня народаў Расеі і Беларусі. Наступная вялікая хваля мабілізацыі заплянаваная на канец траўня, калі яшчэ з савецкіх часоў адзначаецца дзень утварэньня піянэрскай арганізацыі.

Выкладчыца малодшых клясаў адной зь менскіх гімназіяў Антаніна Яўгенаўна расказвае, што фактычна ад моманту набыцьця краінай незалежнасьці малодшыя школьнікі былі ахопленыя своеасаблівым пазаклясным гуртком па інтарэсах пад назвай “Нашчадкі” і да ідэалёгіі ня мелі ніякага дачыненьня:

“Акцябратаў у нас дакладна не было. Былі “Нашчадкі” — гэта ад першых клясаў да чацьвёртых пачатковай школы. У іх агульных значкаў не было, яны выбіралі самі па інтарэсах назвы: хто “Расінка”, хто “Бусьляняты”, хто якія “Ручайкі”, хто “Сьветлячкі”. Яны самі з настаўнікамі вызначаліся, і пад іх мы ўжо замаўлялі адмысловыя знакі адрозьненьня. Агулам яны называліся “Нашчадкамі”, а ўжо ў сваіх падразьдзяленьнях падзяліліся на розных “жучкоў-павучкоў”. Але ніякага дачыненьня да акцябратаў ня мелі”.

У сьнежні 2006 году на зьлёце БРПА было вырашана вярнуць малодшым школьнікам ва ўзросьце ад 7 да 10 гадоў “гістарычную назву” — “акцябраты”. На інтэрнэт-старонцы БРСМ, якому падпарадкаваная ідэалягічная сфэра ў дзіцячым і моладзевым асяродку, расказана пра мэты беларускіх акцябратаў: “выхаваньне грамадзянскасьці, патрыятызму праз абуджэньне цікавасьці да сваёй “малой Радзімы”, традыцый сваёй сям'і і народу”. “Абуджэньне” адбываецца праз гутаркі з важатымі. Прыярытэтныя тэмы: “Наша Радзіма — Рэспубліка Беларусь: сьцяг, герб, гімн”. Даступная ўзросту інфармацыя пра бягучыя падзеі ў краіне бярэцца з матэрыялаў газэт і тэлебачаньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG