Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Добрыя заробкі жонкі выпрабоўваюць шлюб?


Як мяняюцца стасункі ў сям'і, калі жонка раптам пачынае зарабляць болей за мужа? Эканамісты кажуць, што такая зьява ня дужа тыповая для беларускага грамадзтва. Псыхолягі мяркуюць: большасьць мужчынаў балюча пераносіць такую сытуацыю й пачынае засьцерагацца, што жанчына іх пакіне.


“Я меней зарабляю, таму ты прымушаеш мяне мыць посуд”

У сям'і Наташы першапачаткова панавала фінансавая роўнасьць: іхныя з мужам заробкі былі прыкладна аднолькавымі. Пэўны час Наташа была ў дэкрэтных адпачынках і тады муж адзін забясьпечваў сям'ю. Але пяць год таму Наташа пачала шпарка ўзьлятаць па кар'ернай лесьвіцы і ейныя прыбыткі гэтак жа імкліва ўзрасьлі. Цяпер яна аплачвае рамонт мужавай машыны, аплачвае ягоны мабільны тэлефон, набывае харчы і вопратку. Звонку яны застаюцца добрай сям'ёй, але псыхалягічнае напружаньне ёсьць, прызнаецца Наташа:

Наташа: “Пэрыядычна я стараюся сказаць яму, каб ён быў здабытчыкам у сям'і, даглядаў дзяцей, забясьпечваў іх. І канечне ж канфлікты ўзьнікаюць нават на роўным месцы, літаральна не памыўшы посуд. Слова за слова - і ён пачынае: вось я меней зарабляю, таму ты прымушаеш мяне мыць посуд”.


Мужчынам у Беларусі па-ранейшаму плацяць болей

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у сярэднім жанчыны ў Беларусі зарабляюць на 20-25 адсоткаў меней, чым мужчыны. Так адбываецца яшчэ й з тае прычыны, што жанчыны часьцей працуюць у бюджэтнай сфэры - іх амаль 86 адсоткаў у ахове здароўя, амаль 80 - у адукацыі. Аднак на розных беларускіх інтэрнэт-форумах усё часьцей узьнікаюць дыскусіі на тэму: жонка зарабляе болей за мужа й мужу гэта не падабаецца. Адкуль такі парадокс?

Міністэрства статыстыкі Беларусі ў дасьледаваньнях хатніх гаспадарак не дае асобных зьвестак па прыбытках мужа й жонкі, тлумачыць эканаміст Яраслаў Раманчук. Зрэшты, у пэўных сфэрах бізнэсу, дзе заробкі не рэгулююцца тарыфнай стаўкай, жанчына можа быць значна больш пасьпяховай. Наколькі гэта распаўсюджаная зьява, сказаць цяжка.

Раманчук: “Паколькі ў нас адна сетка ёсьць тарыфная, то па сутнасьці казаць пра тое, што ў нас ёсьць дыскрымінацыя па полавай прыкмеце, нельга. Ёсьць у нас заробкі, якія могуць быць у межах пэўнага “відэльца”, дазволенага тарыфнай сеткай. Але гэта не такая мэтанакіраваная палітыка дыскрымінацыі, якая, быць можа, існуе ў іншай краіне”.


Грашыма жанчыну пры сабе не ўтрымаеш

Усе прэтэнзіі да жанчынаў, які зарабляюць болей, зводзяцца да псыхалёгіі, лічыць эканаміст.

Раманчук: “Трэба папросту нашым мужчынам прызнаць той факт, што жанчыны могуць зарабляць больш, яны могуць рабіць кар'еру, а мужчыны могуць сядзець зь дзіцём, як гэта, напрыклад, можа быць у Швэцыі альбо ў Даніі. Калі гэта мэтазгодна і эканамічна, і матэрыяльна, і псыхалягічна з пункту гледжаньня захаваньня стабільнасьці ў сям'і”.

А вось што кажа дасьледчыца гендэрных праблемаў Вольга Гапеева?

Гапеева: “Мужчыны некаторыя баяцца такой сытуацыі, бо яны бачаць у гэтым небясьпеку. Яны баяцца, што жанчына, калі яна раптам набудзе вось гэтую эканамічную незалежнасьць, то яму трэба будзе рабіць штосьці яшчэ і сапраўды адпавядаць нейкім ейным патрабаваньням, каб яна засталася пры ім. Грошай ужо папросту будзе недастаткова. Ён ня зможа сказаць: я дадому прыношу грошы, а ты таму рабі ўсе хатнія справы і даглядаць дзяцей”.


Грошы - толькі нагода

Падвышэньне прыбыткаў жонкі робіцца выпрабаваньнем трываласьці шлюбу, лічыць псыхоляг Марына Літошык. Грошы заўсёды выдатная нагода вынесьці на паверхню нейкія перакосы ў адносінах. Муж можа папракаць жонку ў кар'ерызме й тым, што яна зашмат увагі надае сваім заробкам. Жонка таксама можа заняць пазыцыі пакутніцы: я зарабляю, ратую сям'ю ад голаду, а ты лянуешся. Таму такія папрокі сьведчаць толькі пра адсутнасьць унутранай гармоніі ў шлюбе, лічыць спадарыня Літошык:

Літошык: “Ёсьць, канечне, прафэсіі, у якіх першапачаткова розныя заробкі: мужчына-настаўнік і жанчына-мэнэджэр продажаў. Відавочна, што ён будзе меней зарабляць. Але, напэўна, калі і ён, і яна рэалізуюцца ў сваёй справе, калі яны задаволеныя жыцьцём, тут узаемных абразаў ня будзе - кожны робіць сваё, папросту адзін болей зарабляе. А вось калі ёсьць нейкая нерэалізаванасьць, альбо жанчына лічыць, што яна хацела б сядзець дома зь дзецьмі ці карціны алеем пісаць, а тут трэба грошы зарабляць...”

Лідэр грамадзкага аб'яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка кажа, што ў ідэале жанчына якраз павінна добра зарабляць, то бок, ня меней за свайго мужчыну. Калі жанчына зарабляе болей, дык гэта ўвогуле шчасьце. Анатоль мае сяброўку, якую лічыць цалкам пасьпяховай жанчынай і ейным посьпехам радуецца. Колькі яна зарабляе, Анатоль не высьвятляў.

Мужчынаў, для якіх важна, каб жанчына не была фінансава незалежнай, ён не шануе:

Шумчанка: “Гэта комплекс непаўнавартасьці й гэты комплекс выражаецца ў самім мужчыне. Сапраўдны мужчына павінен заўсёды радавацца за сваю жанчыну, калі тая прагрэсуе ў жыцьці, зарабляючы болей, жывучы больш удала. Калі гэта адбываецца, нармальнаму мужчыне гэта дадасьць вельмі сур'ёзны стымул таксама працаваць яшчэ лепей, быць заможней і ад гэтага ў цэлым сям'я толькі выйграе”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG