Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дармаедзкі» ўказ у цяперашнім выглядзе існаваць не павінен, — «крумкач» Вячаслаў Глеб пра гульню і рэаліі


Вячаслаў Глеб

«Хочаце маё меркаваньне? „Пагоня“ і бел-чырвона-белы сьцяг — гэта нашы адвечныя сымбалі. Абвясьцілі рэфэрэндум, вярнулі чырвона-зялёны сьцяг і бээсэсэраўскі герб. Ня ведаю, як ён праходзіў, але Беларусь — адзіная краіна, якая захавала савецкія атрыбуты. Чаму так здарылася? Пытаньне. Так і з мовай — у сілу розных прычын у сярэдзіне 1990-х мы яе страцілі...», — форвард менскіх «Крумкачоў» Вячаслаў Глеб пра гістарычную праўду і моўны вакуўм.

1 красавіка стартуе чарговы чэмпіянат Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе. Каманды завяршаюць перадсэзонныя зборы, вызначаюцца са складамі і гульнявой стратэгіяй, ладзяць сустрэчы з заўзятарамі.

Што за сюрпрызы рыхтуе элітны дывізіён аматарам футболу? Якія калектывы складуць рэальную канкурэнцыю барысаўскаму БАТЭ? Хто трапіць у цэнтар увагі журналістаў і грамадзкасьці? Ці працягнецца працэс беларусізацыі футбольнай гаспадаркі?

Перад пачаткам першынства Радыё Свабода пагутарыла з форвардам менскіх «Крумкачоў» Вячаславам Глебам. На пачатку сакавіка ён працягнуў кантракт зь менскай камандай, якая на адным дыханьні прайшла шлях ад аматараў да прафэсіяналаў, стаўшы найвялікшым адкрыцьцём за ўсю гісторыю сувэрэннага футболу ў Беларусі.

«Крумкачы» як новы брэнд футбольнай Беларусі

34-гадовы Вячаслаў Глеб — адзін з самых вопытных дзейных гульцоў. Выступаў за клюбы Нямеччыны, Швайцарыі, Грэцыі, Кітая, у хатнім багажы — МТЗ-РІПО, менскае «Дынама», «Гомель», «Тарпэда-БелАЗ», «Крумкачы». Малодшы брат Аляксандра Глеба, адзінага беларускага футбаліста, які стаў уладальнікам галоўнага трафэю Лігі чэмпіёнаў у складзе гішпанскай «Барсэлёны».

Вячаслаў, вы сярод апошніх падпісалі кантракт з «Крумкачамі»: узважвалі прапановы, ад якіх цяжка было адмовіцца?

— Безумоўна, прапановы былі — і тут, і з-за мяжы. Але каб нешта прымусіла мяне пакінуць краіну, патрэбныя былі адпаведныя ўмовы. Юліць ня буду, перадусім фінансавыя. Тое, што прапаноўвалі замежныя клюбы, — па сумах, натуральна, больш, чым у Беларусі. Аднак гэта ўсё адно ня варта таго, каб надоўга адрывацца ад сям’і, ад сяброў, ад Радзімы. На шчасьце, цяпер такая сытуацыя, што я магу выбіраць.

— То бок умовы ад «Крумкачоў» на гэты момант цалкам прымальныя?

— Умовы, па вялікім рахунку, аднолькавыя што ў тым годзе, што ў гэтым. Дзяніс Пятровіч (Шунто, старшыня праўленьня клюбу. — РС) казаў, што гэта, мабыць, самыя малыя запатрабаваньні ў вышэйшай лізе, але пэрсанальна для мяне асаблівай розьніцы няма — плюс-мінус 500 ці нават 1000 даляраў. Прынамсі, прынцыповага значэньня ня мае. Галоўнае, мне падабаюцца «Крумкачы», падабаецца атмасфэра ў калектыве, вакол яго. Зноў жа, фанаты проста цудоўныя. Думаю, такога праекту ў Беларусі яшчэ не было. Хочацца быць пачаткам чагосьці новага, а «Крумкачы» — гэта і ёсьць новы брэнд Беларусі. Які, спадзяюся, будзе пасьпяхова разьвівацца і далей.

— Яшчэ год таму і адмыслоўцы, і заўзятары ставіліся да дэбютанта досыць скептычна, хоць першы круг і прымусіў паглядзець на каманду ўжо пад іншым вуглом. Чаго не хапіла на другую частку дыстанцыі — сілаў, самааддачы?

— Яшчэ перад пачаткам мінулага сэзону я казаў: БАТЭ адназначна будзе першым, а з 2-га па 16-е месцы будзе прыкладна роўная барацьба. Хто ў выніку апынецца ўверсе, а хто ўнізе — яшчэ пытаньне. Я абсалютна быў упэўнены ў сабе, у камандзе — тым больш. Першую палову прайшлі цалкам годна, пасьля ўзьніклі праблемы. Мабыць, у кагосьці ўскружылася галава — самі бачылі, што адбылося на фінішы. Але нічога: каманда маладая, безь вялікага досьведу, даравальна.

— Вопытны брат не адгаворваў ад рызыкоўнага пераходу? Усё ж амбіцыі амбіцыямі, але пасьля транзыту празь ніжэйшыя лігі трэба было даказваць права на жыцьцё ў кампаніі нашмат мацнейшых супернікаў.

— Не, ні ў якім разе, ён паставіўся цалкам станоўча. Яшчэ раз паўтару: «Крумкачы» прымусілі пра сябе гаварыць, гэтая зьява стала цікавая ўсім, нават людзям, далёкім ад футболу. Таму Саша не адгаворваў. Тым больш на той момант яшчэ працаваў Алег Дулуб, трэнэр, якога я вельмі паважаю. Для мяне гэта наагул адзін з самых моцных футбольных спэцыялістаў у Беларусі.

— «Крумкачы» трапілі на заметку да журналістаў спачатку ў другой, а потым у першай лізе — беларускамоўнае пазыцыянаваньне, нестандартнае маркетынгавае прасоўваньне. Прынамсі хоць штосьці новае ў кансэрватыўных рамках.

— Сапраўды, і летась было цікава, і сёлета шмат арыгінальных задумак. І нашы заўзятары, фанаты здолеюць усё гэта непасрэдна адчуць на сабе. Клюбны мэнэджмэнт у гэтым кірунку працуе вельмі сур’ёзна. Ня факт, што нават у БАТЭ ёсьць такія спэцыялісты, як у «Крумкачах».

Родная мова як паказьнік цывілізаванасьці

— Футбольны чэмпіянат паступова беларусізуецца — хоць бы на ўзроўні таго, як пішуцца прозьвішчы на майках. Тэндэнцыі ў правільным кірунку?

— Абсалютна пазытыўныя тэндэнцыі. Мы ўсе беларусы, павінны гэтым ганарыцца і гэта падкрэсьліваць. Мусім ведаць сваю мову, гісторыю. Таму я за беларусізацыю — абедзьвюма рукамі.

— Пакуль у беларускім футболе толькі адзін чалавек адважваецца публічна дэманстраваць моўныя здольнасьці — форвард салігорскага «Шахцёра» Мікалай Януш. Ухваляеце такі імпэт?

— Вядома, пахвальна, толькі за. Я таксама магу размаўляць, але гэта будзе, скажам так, беларуска-расейская мова. Што з улікам сёньняшніх рэалій нармальна. Галоўнае, ня трэба саромецца, камплексаваць. Я лічу, што беларуская мова — адна з найпрыгажэйшых увогуле. На гэтую тэму заўсёды напаўжартаўліва спрачаюся са сваімі ўкраінскімі сябрамі. Яны кажуць, што самая прыгожая — украінская, я адстойваю беларускую, бо прыгажэйшай не існуе. Гэта такая адвечная спрэчка. Калі ўзяць любых нашых суседзяў, практычна кожны грамадзянін валодае роднай мовай. Мы, на жаль, у гэтым пляне недазвольна шмат страцілі...

— Як думаеце, на якім этапе гэта здарылася? Беларусь насамрэч адна з рэдкіх краін, дзе роднай мове пакінуты статус другаснай.

— Ня буду заглыбляцца ў прычыны, але мы пачалі страчваць мову ў сярэдзіне 1990-х. На нейкі час пасьля развалу СССР адчулі, хто мы насамрэч, але неўзабаве ўсё скончылася. У сілу розных фактараў ад яе адмовіліся. У тым ліку гэта рашэньне кіраўніцтва краіны. Ня тое што яно было супраць, проста нічога не зрабілі, каб скіраваць сытуацыю ў патрэбнае рэчышча. А якраз трэба было пачынаць са школы, каб ня толькі «Гісторыя Беларусі» па-беларуску, а ўсе прадметы выкладаліся на роднай мове. А расейская, калі ўжо так хацелі, хай бы была другой афіцыйнай. Атрымалася ж наадварот: усё перавялі на расейскую, беларускую амаль зьвялі. Я сам яшчэ засьпеў хвалю беларусізацыі і перакананы: беларускай мовы ў школах, у ВНУ павінна быць нашмат больш, нашмат...

— Чаго далёка хадзіць, калі ваш з Аляксандрам тата — якраз прыклад сапраўднага патрыёта. Ці здолеў Павал Рыгоравіч перадаць гэтыя рысы сынам?

— Так, наш бацька — шчыры патрыёт сваёй Радзімы, вельмі любіць Беларусь, беларускую мову. Магу толькі канстатаваць як факт. Зрэшты, кожны беларус павінен ведаць сваю гісторыю. Для мяне гэта як аксіёма. Той, хто ня ведае сваіх каранёў, наўрад ці можа сябе лічыць паўнавартасным грамадзянінам Беларусі. Наша гісторыя — яна наша, ад яе нікуды не падзецца. Хочаце маё меркаваньне? Я таксама лічу: «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг — гэта нашы адвечныя сымбалі. Абвясьцілі рэфэрэндум, зноў вярнулі чырвона-зялёны сьцяг і герб. Ня ведаю, як той плебісцыт праходзіў, але мы, відаць, адзіная краіна, якая захавала савецкія атрыбуты. Чаму так здарылася? Хто яго ведае. Магчыма, нам іх проста навязалі. Было б нават цікава паглядзець на вынік, каб такі рэфэрэндум правялі зараз.

— Сёньня ў Беларусі адбываюцца працэсы, якія ставяць у тупік усю міжнародную супольнасьць. Напрыклад, «дармаедзкі дэкрэт». Амаль паўмільёна «ўтрыманцаў» на шыі дзяржавы — яўны перабор для невялікай краіны. Дарэчы, «Крумкачы» нават запусьцілі акцыю: пакажы квітанцыю на сплату падатку — атрымай 10-працэнтную зьніжку. У пікантнае становішча трапілі і сем’і некаторых футбалістаў, бо прыбыткі мужа дазвалялі жанчыне сканцэнтравацца на хатніх клопатах.

— Для мяне гэта абсалютна непрымальна. З дэкрэтам адназначна пасьпяшаліся, ён сыры, недапрацаваны. Чаму яго прынялі, не ацаніўшы наступствы, — ня ведаю, хай вырашае кіраўніцтва, чыноўнікі, дэпутаты. Аднак тое, што ў цяперашнім выглядзе ён не павінен існаваць, факт. Ёсьць нюансы, якія не прапісаныя. Дапусьцім, чалавек доўга працаваў, зарабіў на жыцьцё чэснай працай — гавару ў тым ліку пра сябе і сваіх калегаў-спартоўцаў. Ёсьць грошы, ёсьць за што жыць. Я што, не магу забясьпечыць сям’ю, не магу дазволіць жонцы не працаваць? Калі ўтрымліваю, чаму нехта яшчэ павінен плаціць? Я плачу падаткі — дарэчы, вялікія — за сябе і сям’ю, які яшчэ «дармаедзкі» падатак? Нават не ў грашах справа, а ў стаўленьні да людзей. Мне само слова гэтае не падабаецца. Які дармаед, што за архаізм? Так, безумоўна, чалавек павінен працаваць. Але дзяржава павінна стварыць умовы, каб грамадзяне працавалі і зараблялі. А ня так, што з-пад палкі. У такім выпадку нічога добрага не атрымаецца.

Расея як рай для лянівых беларускіх футбалістаў

— Вячаслаў, геаграфія вашых выступаў ахапіла немалую колькасьць краінаў — сыходы і вяртаньні ў нямецкую Бундэслігу, далей Швайцарыя, Кітай, Грэцыя. А ў якіх першынствах пагуляць не атрымалася, а хацелася б? Думаю, рэдкі футбаліст, асабліва малады, ня марыць пра Англію, Гішпанію ці Італію.

— Раскажу такую гісторыю. Неяк зь сябрамі прыехалі ў госьці да майго брата, калі той гуляў у «Бірмінгеме». Саша ў гэты час трэніраваўся. Ну, і я напрасіўся — ці можна хоць разок паспрабаваць? Ён дамовіўся, я пераапрануўся. Скажу бязь лішняй сьціпласьці, выглядаў на агульным фоне зусім нядрэнна. Трэнэр нават пачаў цікавіцца, у якой камандзе я гуляю. Але брат далейшыя размовы спыніў: маўляў, у такую бесталковую каманду адназначна ня пойдзеш. Праўда, цяпер і яны ўжо адыходзяць ад кандова-драўлянага брытанскага стылю, але на той момант каманда «Бірмінгему» была бліжэй да рэгбі, чым да футболу. А дзе хацелася б пагуляць і не атрымалася? У ідэале варта было чапляцца за Бундэслігу, гэта сапраўдны досьвед. На жаль, атрымалася ня так доўга, і гэта грызе.

— Сытуацыю, калі ўдаецца трапіць у расейскі чэмпіянат, шмат хто з гульцоў лічыць вянцом кар’еры. У чым прычына? Найперш у фінансавым складніку?

— Толькі фінансы. Хоць цяпер і там пазразалі. Але ўсё роўна грошы шалёныя. Ну ўявіце — усё без падаткаў! За мяжой калі атрымліваеш, умоўна кажучы, 1 мільён даляраў, то 500 тысяч плаціш падатку. А ў Расеі на рукі даюць усю суму. На парадак пераплочвалі за футбаліста, які хоць нечага варты. Каб было зразумела, у прапорцыі: калі ў Эўропе гулец такога ўзроўню зарабляе 100 рублёў, то расейскі клюб плаціў яму 5 тысяч. Такая вось гіганцкая розьніца. Плюс у нас такі мэнталітэт — каб без асаблівай напругі. Зноў жа, з замежнымі мовамі праблемы: ніхто ня хоча вучыць, а для гульні ў элітных лігах гэта надта важна. Вядома, для беларуса лепей асабліва ня парыцца, а паехаць у Расею, пасядзець на лаўцы запасных і мець дурныя грошы. Бачу ў гэтым асноўную прычыну.

— Нарэшце ў нацыянальную зборную Беларусі прызначылі галоўнага трэнэра. Пад началам Ігара Крыўшэнкі вы выступалі ў жодзінскім «Тарпэда-БелАЗ». Як лічыце, паспрыяе гэты факт вяртаньню ў асноўную каманду краіны?

— Я зь Ігарам Мікалаевічам ужо размаўляў, канечне, павіншаваў яго, паразмаўлялі. Дзьверы для ўсіх адчыненыя, тут ніякага блату няма. Ён пацьвердзіў відавочнае: Слава, будзеш добра выступаць — будзем рады бачыць у камандзе. Таму ўсё залежыць ад мяне самога, ад маёй гульні. Я заўсёды казаў: у зборнай павінны быць лепшыя. А трымаць на пэрспэктыву, навырост — дык хай у маладзёжцы абкатваюцца. У нацыянальнай камандзе павінны гуляць самыя моцныя на дадзены момант. І той, хто думае ці разважае ня так, той аматар. Ігар Мікалаевіч і сам цудоўна разумее, чаго ад яго чакаюць — найперш выніку.

— На ваш погляд, ці падагрэла інтарэс да зборнай спроба рэбрэндынгу ў стылі «Белых крылаў»? Ці перакрыў антураж доўгую паласу няўцямных выступаў? Народная падтрымка нібыта ёсьць, а выніку па-ранейшаму няма.

— Успомніце: калі зборнай кіраваў Бэрнд Штанге, быў аб’ектыўны пад’ём. Усе — дарослыя, дзеці — без аніякіх рэбрэндынгаў ішлі на стадыён, заўзелі, перажывалі. І раптам — бездань. Мы ўпалі ў такую яміну, што дагэтуль зь яе ня можам вылезьці. Зборная стала настолькі нецікавай, што трэба было прыдумляць нейкі антураж, каб адцягнуць увагу ад нікчэмнай гульні. Стварылі «Белыя крылы», але выніку ўсё роўна няма. Каб не аказалася, што зноў усё сыдзе на няма нішто. Вядома, трэба імкнуцца да вышыняў, але папярэдне ствараць умовы ў школах, у дзіцячых камандах. Гэта пытаньне не аднаго году — пры ўмове, што нешта рабіць. А як не рабіць нічога, то не ўратуюць і дзесяцігодзьдзі.

— Дык дзе новыя кадры, дзе тое футбольнае пакаленьне next, якое прыйдзе на зьмену вэтэранам — братам Глебам у тым ліку?

— Няма. Самі паглядзіце, колькі сапраўды вартых прозьвішчаў зьявілася за апошнія 10 гадоў? Здаецца, на пальцах адной рукі можна пералічыць — і то з авансам, што напоўніцу яшчэ не загулялі, але абавязкова загуляюць. Корзун, Савіцкі, яшчэ пару чалавек, у якіх праглядаецца талент. І ўсё, няма, выпаленае поле.

Характар праўдалюба як кар’ерны раздражняльнік

— Вялікая справа — абкатка «маладняку» ў салідных эўрапейскіх клюбах. Можа, недапрацоўваюць футбольныя агенты? Нешта ня чуў, каб дзе быў попыт на беларусаў.

— Не ў агентах справа. Дапусьцім, каб зараз трапіць зь Беларусі ў Нямеччыну, трэба быць як мінімум на дзьве галавы мацнейшым за немца. А ведаеце, як там школы працуюць? Думаю, яны лепшыя ў сьвеце. Зь дзіцячага ўзросту настолькі ўкладваюцца ў гульца, што ён папросту ня можа вырасьці бяздарным. Дзіцё можа нават быць нетэхнічным, неталенавітым, але на падсьвядомым узроўні ведаць, куды бегчы, як нагу ставіць, каму пас аддаць. Там гэта даводзіцца да аўтаматызму. У нас дзіцяча-юнацкі футбол — гэта, на жаль, поўная катастрофа.

— Колькі ўжо гадоў чуем пра катастрофу, і ніякіх зрухаў, каб нешта паправіць. У такім разе ўсё лягічна: калі не ўкладаць у рэзэрвы, толькі і застанецца наракаць, што няма зьмены...

— Пра што казаць, калі магу праілюстраваць на прыкладзе ўласнага брата. За розныя яго пераходы ад ФІФА ў Беларусь паступіла адназначна больш за мільён эўра. Куды яны зьніклі — ніхто ня ведае. Грошы пералічваліся, але на іх што, нешта збудавалі? Наша школа, дзе мы з Сашам вырасьлі, качуе зь месца на месца, няма свайго прытулку. Хоць за тыя сродкі спакойна можна было пабудаваць і поле, і школьную базу. Сродкі бясьсьледна зьніклі, і нікому не цікава, дзе яны, што зь імі.

— Як і летась, вам прыйдзецца несьці цяжар лідэра каманды — што называецца, і статус, і ўзрост абавязвае. Адзінае, што сёлета зьявіўся «канкурэнт» — Арцём Чалядзінскі, які ў свае 39 прэтэндуе, каб трапіць у разнастайныя кнігі рэкордаў. Будзе суперніцтва з новым капітанам?

— (сьмяецца) З Чалядзінскім? Дзякуй Богу, што хадзіць яшчэ сам можа, без кіёчка. Хоча яшчэ папыліць — на здароўе, галоўнае, каб пасьля сябе ў шуфлік пясочак зьбіраў. Па-добраму зь яго жартуем, бо Чэл — унікальны, канечне: усе старэюць, а ён маладзее. Можна толькі пажадаць не адзін год заставацца ў актыўных шэрагах. Зноў жа, пра што гэта сьведчыць? Няма моладзі! Чэл дагэтуль на сваім вопыце не слабейшы, а, можа, мацнейшы нашмат за якіх маладых гульцоў... Што да адказнасьці, то цудоўна яе разумею, прымаю і буду ўсё рабіць дзеля таго, каб мая каманда добра пачала сэзон і замацавалася ў першай частцы турнірнай табліцы.

— Даводзілася чуць, што ў Вячаслава Глеба досыць складаны характар, і менавіта гэтае абвостранае пачуцьцё справядлівасьці ў маладосьці не дало зрабіць кар’еру, каб зацьміць посьпехі старэйшага брата. Можа, з узростам вы сталі больш памяркоўным?

— Ды не. У мяне ёсьць такая рыса, якая, магчыма, ня ўсім падабаецца — хоць мае сябры гэта якраз цэняць. Я заўсёды ў твар кажу тое, што думаю, за сьпінай ніколі не шапчу. І шмат разоў, калі лепей было прамаўчаць, усё роўна лез на ражон, выказваў сваю думку. А можна зрабіць па-хітраму, як гэта робяць 95% — заткнуцца, сваё «я» засунуць куды далей і падацца згаворлівым. Усім выгадна, усім камфортна. Але я такі, мяняцца не зьбіраюся. Галоўнае, тыя, хто мяне ведае, разумеюць: я ніколі ня здраджу, за сябра буду стаяць да канца. А тое, што ёсьць меркаваньні, што нешта расказваюць — дык мне зь імі ня жыць. Гэта значыць, я выклікаю пэўныя эмоцыі: у кагосьці станоўчыя, у кагосьці адмоўныя. Што таксама добра. Галоўнае, каб не было поўнай абыякавасьці. Вось тады сапраўды будзе дрэнна, калі ўсім пофіг на такога чалавека ці гульца, як Вячаслаў Глеб (сьмяецца).

— Глеб-старэйшы ўсё ж іншы па сваім характары?

— Так. Аляксандар пайшоў, скажам так, у беларускую радню — больш разважлівы, спакойны, ураўнаважаны. А я ўвабраў шмат крыві расейскай. У нас шмат сваякоў у Расеі, многіх ужо ня стала, яны ўсе вельмі актыўныя.

— У пасьпяховых краінах спартовец дасягае пэўнай мяжы і вольны выбіраць: ці заняцца бізнэсам, ці перайсьці ў камэнтатары, ці паспрабаваць сябе на трэнэрскай пасадзе. У якой галіне бачыце сябе?

— З гэтым, думаю, будзе нармальна. Хоць перад многімі пасьля заканчэньня кар’еры сапраўды паўстае пакутлівы выбар — што рабіць далей? Некаторыя так і ня могуць сябе знайсьці. Спадзяюся, усё ў мяне складзецца добра. Ці зьвяжу сваё жыцьцё з футболам? Ня ведаю, не магу адказаць. Так ці інакш, магчыма, буду дзесьці побач, бо адно другому не перашкаджае: можна ж і бізнэс рабіць, і футболам займацца...

Вячаслаў Глеб нарадзіўся 12 лютага 1983 году ў Менску. Беларускі футбаліст, гульнявое амплюа — нападнік. Ад сярэдзіны нулявых — гулец нацыянальнай зборнай. Выступаў у чэмпіянатах Нямеччыны, Швайцарыі, Грэцыі, Кітаю, Беларусі. Апошнія два сэзоны — у складзе сталічнай каманды «Крумкачы». Уваходзіць у Клюб беларускіх бамбардзіраў, якія забілі 100 і болей галоў на найвышэйшым узроўні. Старэйшы брат — адзін з самых уганараваных беларускіх футбалістаў Аляксандар Глеб.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG