Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курбыка: Мы — беларусы, наша мова — беларуская


Аляксандар Любанец
Аляксандар Любанец

Скандальныя заявы дырэктара футбольнага клюбу другой лігі «Маладэчна» Аляксандра Любанца супраць беларускай мовы і беларускай дзяржаўнасьці выклікалі абурэньне заўзятараў і футбалістаў. Фэдэрацыя футболу адмоўчваецца.

Аляксандар Любанец на круглым стале, арганізаваным «Рэгіянальнай газэтай», не хаваў беларусафобскіх настрояў. Гутарка запісвалася на відэа і была выкладзеная на сайце выданьня. Так, ён катэгарычна адкінуў прапанову фанатаў, якія выступалі за беларускамоўнае напісаньне новай клюбнай эмблемы, заявіўшы, што эмблема мусіць быць расейскамоўнай:

«Я і сам такую ідэю закідваў, каб зрабіць нейкую новую эмблему, магчыма, нават аб’явіць конкурс. Адзінае толькі пажаданьне, каб ад пачатку яна ўсё ж была на расейскай мове. Калі ў мяне ўжо ёсьць такая магчымасьць на нешта паўплываць, дык я лічу, што трэба пісаць па-расейску. Я спадзяюся, што моцна не пакрыўджу заўзятараў, але я не хацеў бы тут бачыць беларускай мовы».

Аляксандар Любанец сваю пазыцыю патлумачыў удзельнікам круглага стала ўжо не пад відэазапіс: «Я супраць эмблемы на беларускай мове. Наш галоўны геапалітычны і стратэгічны партнэр — гэта Расея. Яна наша матухна-карміліца. Таму я — за расейскую мову. Мне шкада Ўкраіну, Літву, якім навязваюць іх нацыянальныя мовы. Дзякуй Богу, у нас ня так: наш кіраўнік мудра захоўвае балянс. І я не ганаруся тым, што Беларусь незалежная. Нас аддзялілі ад вялікай краіны. Што ў гэтым добрага?»

Заўзятары не хаваюць абурэньня ад пачутага. Адзін з кіраўнікоў фанацкай групоўкі Мікіта Крыўцоў кажа, што словы дырэктара клюбу карэнным чынам адрозьніваюцца ад той пазыцыі, якой прытрымліваюцца прыхільнікі маладэчанскай дружыны:

«Будзем змагацца. Справа ў тым, што самі мы ўсяляк намагаемся прасунуць, як кажуць, беларускую мову ў масы. У нас ёсьць адпаведныя беларускія „крычалкі“, а таксама транспаранты, банэры на беларускай мове. Дагэтуль, калі спонсарам было „Маладэчнапіва“, футбольны клюб называўся „Молодечно-2000“ і эмблема была па-расейску. Затым мы ўжо самі ў гэтым сэзоне перарабілі на футбольны клюб „Маладэчна“, па-беларуску».

Карэспандэнт: «Такія беларусафобскія заявы былі для вас нечаканасьцю?»

«Так, канечне, было такое. Мы з хлопцамі потым абмеркавалі і вырашылі, што трэба зь ім прынамсі паспрабаваць яшчэ раз пагутарыць. Ён жа сам не адсюль, менскі. Зразумела, што гэта іх справы, іх рашэньне, але і нашы інтарэсы яны таксама мусяць улічваць. Калі, канечне, клюб на наступны сэзон будзе існаваць увогуле. Гэта стане вядома пасьля 10 сьнежня, як адбудзецца паседжаньне Фэдэрацыі футболу».
Зразумела, што гэта іх справы, іх рашэньне, але і нашы інтарэсы яны таксама мусяць улічваць. Калі, канечне, клюб на наступны сэзон будзе існаваць увогуле

Адметна, што ў Беларускай фэдэрацыі футболу ня бачаць у выказваньнях спартовага функцыянэра з Маладэчна нічога асаблівага:

«А што тут камэнтаваць? Скажыце, калі ласка, якое дачыненьне да яго заяваў пра мову на эмблеме клюбу мае кіраўніцтва футбольнай фэдэрацыі? Гэта не зусім справа нашай арганізацыі, гэта проста пазыцыя пэўнага чалавека, — калі ён абмяркоўвае, якую мову выкарыстоўваць — расейскую ці беларускую. Магу сказаць на 90%, што ніякіх афіцыйных камэнтароў з гэтай нагоды ад нашага кіраўніцтва ня будзе».

Вядомы ў мінулым футбаліст менскага «Дынама» і зборнай Беларусі, намесьнік старшыні Беларускай фэдэрацыі футболу Юры Курбыка заняты іншымі клопатамі — у яго нарадзіўся шосты ўнук! Але асабістае меркаваньне выказаў:

«Што да майго меркаваньня, дык, канечне, непрыгожа такія выказваньні сабе дазваляць. Мы ж беларусы, правільна? І як мы можам такім чынам выказвацца адносна таго, што нас і робіць беларусамі? Што ўсё гэта значыць? Мова ёсьць мова! Паколькі мы беларусы, дык і мова павінна ўсюды прысутнічаць».

Інакш думае дырэктар футбольнага клюбу «Маладэчна» Аляксандар Любанец. Паводле яго, калі выбіраць паміж беларускай і расейскай мовамі, — ён без ваганьняў спыніцца на расейскай. І калі ад яго будзе залежыць мова на каманднай эмблеме, дык па-беларуску там ня будзе нічога.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG