Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская мова? Ішла б ты на… «потым»?


Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў
Беларуская мова — гэта як каханьне. Хтосьці можа сказаць, што пра каханьне ўсё даўно ўжо было сказана Пэтраркам і Шэксьпірам, але новыя пакаленьні знаходзяць новыя словы і пішуць новыя раманы на вечныя сюжэты. Тое самае і зь беларускай мовай — гадамі мы не стамляемся весьці ўсё новыя дыскусіі з тымі самымі аргумэнтамі і паваротамі (а часам і з тымі самымі ўдзельнікамі).

У новай хвалі такіх дыскусіяў, што ўзьнялася апошнімі днямі, я зьвярну ўвагу на два тэзісы, якія, здаецца, прайшлі ня вельмі заўважанымі. Першы часта паўтараецца ў рознай форме — у залежнасьці ад узроўню ветлівасьці і выхаванасьці апанэнтаў — маўляў, менавіта моўная зацятасьць «нацыяналаў» і прывяла да ўлады Лукашэнку. Тэзіс даволі зручны і выгадны для ягоных прыхільнікаў, бо ніякімі дакладнымі дадзенымі яго не давядзеш — у яго, як у Расею, можна толькі верыць. Але ён добра прыжываецца ў Беларусі — бадай, адзінай краіне, дзе, як вядома, ва ўсім вінаватая апазыцыя. Таму заўсёды знаходзяцца людзі, якія кажуць: БНФ у 90-я ўсё рабіў няправільна, а мы, новыя, не запэцканыя «нацыяналізмам», кепскім іміджам і цяжарам паразаў, прыйдзем замест і зробім лепш. Мы ведаем паліттэхналёгіі, возьмем на ўзбраеньне інтэрнэт, расейскую мову, сацыяльныя лёзунгі і пераможам Лукашэнку ягонай зброяй. Мы пачнём укручваць электарату лямпачкі ў пад’ездах, і народ пойдзе за намі.

І дзе гэтыя яркія перамогі? Дзе гэты масавы рух, дзе гэтыя электаральныя і мабілізацыйныя посьпехі, хоць трошкі параўнальныя з вынікамі беларускамоўных Пазьняка і Шушкевіча ў 94-м, Мілінкевіча ў 2006-м? Дзе гэтыя шматтысячныя партыі і мітынгі пад сацыяльнымі лёзунгамі, так блізкімі простаму народу?
Менавіта некалькі гадоў беларускамоўнай адукацыі пачатку 90-х далі нам цэлае пакаленьне цяперашніх 35-гадовых маладых палітыкаў, змагароў за дэмакратыю і правы чалавека

Я бачу адваротнае — значную частку (відавочна, больш за палову) палітычна рэпрэсаваных за гэтыя 18 гадоў складаюць менавіта беларускамоўныя (то бок людзі, якія валодаюць беларускай мовай і актыўна ёй карыстаюцца). Я бачу, што менавіта некалькі гадоў беларускамоўнай адукацыі пачатку 90-х далі нам цэлае пакаленьне цяперашніх 35-гадовых маладых палітыкаў, змагароў за дэмакратыю і правы чалавека (і, дарэчы, ня бачу такога пакаленьня сярод цяперашніх 20-гадовых).

Другі «вечны» аргумэнт — гэта адсыланьне праблемы беларускай мовы далёка ў будучыню — маўляў, «ішла б ты… у потым». Сёньня ніхто з культурнай публікі не наважыцца сказаць, што беларуская мова непатрэбная ўвогуле — такі мавэтон непрымальны ў цяперашняй беларускай інтэлектуальнай і дэмакратычнай супольнасьці. Дапушчальна іншае — пераносіць моўнае пытаньне ў вечнасьць, туды, дзе ня месца жывым — «у прынцыпе мы за беларускую мову, але ня сёньня, ня зараз, „ещё не время“, спачатку трэба вырашыць пытаньне з уладай, з дэмакратыяй».

Гэтую песеньку — «спачатку дэмакратыя, эканоміка, правы чалавека і г.д., а потым ужо мова» — я чую ўжо гадоў 20. Дастатковы час, каб зразумець, што калі «пытаньне з дэмакратыяй» будзе нарэшце вырашана, нам будуць казаць тое самае, што і цяпер — «пакуль ня час займацца мовай, трэба вырашыць спачатку пытаньне… эканомікі, падаткаў, судовай рэформы, правоў меншасьцяў і г.д.». Заўсёды знойдуцца тэмы, больш важныя і актуальныя.
Калі «пытаньне з дэмакратыяй» будзе нарэшце вырашана, нам будуць казаць тое самае, што і цяпер — «пакуль ня час займацца мовай, трэба вырашыць спачатку пытаньне… эканомікі, падаткаў, судовай рэформы, правоў меншасьцяў і г. д.

Раней пісаў і не баюся зараз паўтарыць — дзе тая чароўная мяжа, пасьля якой наступіць гэтае блаславеннае «потым»? Дзе той «канец гісторыі», дзе той беларускі Фукуяма, які яго абвесьціць (а потым будзе выбачацца за сваю памылку)? Калі надыдзе той сьвяточны дзень, у які «нацыянальна незаклапочаныя» спадары (у адрозьненьне ад нас, нацыянальна заклапочаных) змахнуць з натруджанага твару кроплі поту і скажуць: «Ну ўсё, дэмакратыю, дабрабыт і правы чалавека пабудавалі, давайце зоймемся мовай!» Колькі мне чакаць такога празарэньня? Яшчэ 30, 50 гадоў? Баюся, не дачакаюся. І чаму нельга рабіць усё разам, адначасова, уключыўшы мову і культуру ў пералік таго самага «важнага»?

(Я вам увогуле «крамольную» рэч скажу — мне гістарычны лёс беларускай мовы важнейшы за тое, колькі дзякуючы зваротам дэмакратаў будзе папраўлена дарог у райцэнтрах, колькі агітацыйных бюлетэняў будзе раздадзена і колькі працэнтаў галасоў на мясцовых выбарах дэмакратам запішуць).

Калі сябра дэмакратычнай партыі 20 гадоў запар па-расейску пераконвае нас у тым, што «я в любой момент могу выучить белорусский, просто не вижу в этом необходимости (нет времени пока) (боюсь делать ошибки)» — у мяне ствараецца ўражаньне, што мы сапраўды каштоўнасьць і важнасьць некаторых рэчаў разумеем па-рознаму. Вось і атрымліваецца, што ў абласным цэнтры ёсьць сотні актывістаў дэмакратычных рухаў, але няма ніводнай заявы ў беларускамоўную школу. Ну канечне, «крывавы рэжым вінаваты». Аднак я зусім не чакаю ад гэтых людзей татальнага пераходу на беларускую. Мне б хацелася ўбачыць хоць некаторыя сымбалічныя крокі, якія б паказалі, што мы па адзін бок. Мне б хацелася спадзявацца, што нас аб’ядноўвае ня толькі нелюбоў да Лукашэнкі.

А новыя дыскусіі пра мову, як і новыя раманы пра каханьне, — гэта выдатна. Жывая праблема, значыць.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG