Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэнэр фрыстайлістаў: Тых, для каго наша мова і гісторыя «іншародныя», не лічу нават за беларусаў


Міхась Курловіч — бадай, самы малады трэнэр у гісторыі беларускага спорту, запрошаны ў штаб нацыянальнай зборнай па фрыстайле. З Сочы беларусы прывезьлі дзьве ўзнагароды вышэйшай вартасьці. Міхась уклаў у перамогу ня толькі прафэсійныя здольнасьці, але і пачуцьцё гонару за радзіму, мову, гісторыю.

Міхась Курловіч — бадай, самы малады трэнэр у гісторыі беларускага спорту, запрошаны ў штаб нацыянальнай зборнай. Трэнэрскія здольнасьці ў 21-гадовым на той час лыжным акрабаце разгледзеў Мікалай Казека, усясьветна прызнаны аўтарытэт у фрыстайле. Дэбют у новай ролі аказаўся звышудалым — з Сочы беларусы прывезьлі дзьве ўзнагароды вышэйшай вартасьці, гэта ўжо пятыя зімовыя гульні запар, якія сталі для нашых фрыстайлістаў мэдалёвымі. Міхась уклаў у перамогу ня толькі прафэсійныя здольнасьці, але і пачуцьцё гонару за радзіму, мову, гісторыю.

— Міхась, вашы, скажам так, «падначаленыя» ў 30 гадоў толькі пачынаюць здабываць мэдалі, а вы ў 21 ужо сталі трэнэрам. Гэта стратэгія Мікалая Казекі? У чым сакрэт такога ўзьлёту?

— Ну які тут сакрэт? Летась якраз у гэты час, калі ў нас быў адпачынак, мне затэлефанавалі і задалі пытаньне: ці не жадаю я быць у складзе нацыянальнай каманды як трэнэр? Я крыху паразважаў на гэты конт і пагадзіўся. Думаю, мяне адрозьнівала ад шмат каго з спартоўцаў якраз тое, што для мяне найперш важны вынік каманды. Гэткае ідэалістычнае жаданьне, каб наша краіна была вышэй за ўсе іншыя. Таму я гэты момант расцаніў як магчымасьць зрабіць, што хацеў, проста крыху зь іншага боку. Я ведаў, як усё адбываецца, калі ты спартовец, а як атрымаў магчымасьць гэта ўбачыць з пазыцыі трэнэра, то вырашыў — паспрабую! Вы правільна кажаце: мае калегі па камандзе сапраўды старэйшыя, і першае ўражаньне было такое, што чалавек са школы прыходзіць выкладаць ва ўнівэрсытэт. Канечне, яны дадуць і рэальна даюць фору ўсяму сьвету. І на першым часе працаваць было досыць напружана. Калі той жа Антон Кушнір робіць свае скачкі, і гэта нешта нерэальнае, казаць яму, якія памылкі, было вельмі складана. Але, пачаўшы працаваць побач зь Мікалаем Іванавічам, мы пачалі разьбіраць пэўныя моманты, раіцца; потым пайшлі першыя зборы, і паступова погляд зьмяніўся. Адметнасьць нашага віду якраз у тым, што ўзрост не такі і важны. Галоўнае — бачыць памылкі, ведаць, як іх можна паправіць. Ну, а мая частка працы — гэта трампліны, месца для прызямленьня, а таксама паветра.

— Пакуль яшчэ сьвежыя ўспаміны пра трыюмфальную Алімпіяду. Ці ня сталася яна і самай праблемнай з гледзішча арганізацыі спаборніцтваў? Ці сочынскія субтропікі сапраўды месца для зімовых гульняў?

— Ведаеце, мы сапраўды мелі магчымасьць паглядзець на ўсё пад іншым вуглом. Увесь сэзон мы правялі на этапах Кубка сьвету, літаральна на дзень-два прыяжджалі ў Менск і зьяжджалі зноў. І калі нарэшце прыляцелі ў Сочы, то, скажам так, карціна адкрылася вельмі цікавая. Калі за тры дні да гэтага ў Фінляндыі было мінус 25 градусаў, то Сочы нас сустрэў 17-градуснай адлігай. З гэтага, натуральна, узьнікала шмат пытаньняў. Увогуле ўсё было файна: арганізацыя, добрыя ўмовы для спартоўцаў, схіл у адпаведнасьці з градусамі. Але надвор’е! Мы ж ня ў залі трэніруемся. Сонца проста зьядала трампліны. Устае з аднаго боку, сьвеціць, і ўсё плыве. Таму было нерэальна складана падтрымаць усё на тым узроўні, што астатнія бачылі па тэлебачаньні. Ад кожнай краіны мы маем па адным ці два шэйп-майстры — гэта людзі, якія працуюць з трамплінамі перад трэніроўкай. Гэта рэальна ювэлірная праца: усё трэба зрабіць па градусах, усё выраўняць, каб спартоўцы прыйшлі і пачыналі скакаць. Але калі сонца зьядае трампліны, усе разумеюць — гэта катастрофа. Таму ў трампліны ўстаўлялі трубы, у якія засыпаўся сухі лёд пры тэмпэратуры мінус 160 градусаў — каб яно знутры прамарожвала, каб гэта як-небудзь стаяла. У мяне ёсьць фатаздымкі, як працавалі валянтэры — тэнтамі хавалі трампліны ад сонца. Бо дзень — і ўсё. Сонца ўстае, з 11-й да 13-й гадзіны ўсё пад’ядае, скакаць нерэальна. Там проста вада... Як Расея такога права дамаглася, чаму і навошта зрабіла — пытаньне, напэўна, не да мяне. Мы прыехалі на спаборніцтвы, і нашай задачай было зрабіць усё магчымае дзеля таго, каб мы праявілі сябе. Ні пра што іншае нават ня думалі, бо былі засяроджаныя толькі на адной мэце.
У трампліны ўстаўлялі трубы, у якія засыпаўся сухі лёд пры тэмпэратуры мінус 160 градусаў — каб яно знутры прамарожвала, каб гэта як-небудзь стаяла.

— Абодва залатыя пераможцы ў фрыстайле родам з Украіны, у Роўна дагэтуль жывуць іх бацькі. У якой ступені падзеі на кіеўскім Майдане, пачатак эскаляцыі ў Крыме ціснулі на Алу Цупер і Антона Кушніра? Прынамсі, ўкраінскія спартоўцы не выключалі магчымасьці нават зьняцьця са спаборніцтваў...

— Сапраўды, ва Ўкраіне ў Антона і Алы жывуць сваякі, жывуць іх бацькі. У Алы на час гульняў там была дачка, яна зрабіла ўсё, каб прымаць максымальны ўдзел у падрыхтоўцы да Алімпіяды. Таму завезла маленькую Лізу да бацькоў у Роўна. Безумоўна, гэта ўплывала на іх стан, усе непакоіліся за тое, што адбываецца ва Ўкраіне. Мы ў добрых адносінах з украінскімі сябрамі, якія таксама выступаюць у фрыстайле, гэта свае родныя людзі; мы ведаем іхных бацькоў, якія заўсёды прыяжджаюць на спаборніцтвы, калі мы выступаем ва Ўкраіне. Зразумела, што мы і за іх перажывалі... Калі разважаць адцягнена, тое, што там адбывалася — па вялікім рахунку, іх унутраная справа. Але калі гэта тычыцца людзей, якіх ты ведаеш непасрэдна, то гэта ўспрымаецца зусім інакш. То бок бясспрэчна, што палітычная сытуацыя ўплывае на многія рэчы, але неабходна ўсё ж засяродзіцца на галоўнай мэце. Антон і Ала прадэманстравалі моц свайго характару. Дый з боку тых жа ўкраінцаў ніякіх асаблівых момантаў не было, адно што я бачыў (і тое ўжо пад канец Алімпіяды, бо мы засталіся на цырымонію закрыцьця) чорныя стужкі на ўкраінскіх сьцягах. Гэта тое, што было навідавоку, нічога іншага не заўважыў.

— Падчас міжнародных спаборніцтваў спартоўцы кожнай краіны выступаюць як этнас — размаўляюць на сваёй мове, маюць нацыянальную атрыбутыку. А беларусаў можна адрозьніць ад нараджэнцаў якой-небудзь расейскай глыбінкі хіба па колерах дзяржаўнага сьцяга...

— Ведаеце, калі я яшчэ сам выступаў (і цяпер таксама), для мяне адным з асноўных момантаў датычнасьці да краіны, прадстаўніцтва ад імя краіны была і застаецца дакладная ідэнтыфікацыя. Так, многія кажуць: што беларусы, што расейцы — мы ўсе аднолькавыя. Мабыць, у тых, хто жыў за Саюзам, у іх сапраўды такое ўражаньне. Для мяне ад самага пачатку маёй спартовай кар’еры не было такога выбару. Калі мы выступалі, біліся зь іншымі краінамі, я ніколі не лічыў сябе кімсьці іншым, чым ёсьць насамрэч. Я заўсёды быў беларусам, прадстаўляў толькі Беларусь і ўвесь час думаў толькі пра краіну Беларусь. І калі перада мной узьнікалі падобныя моманты, я заўсёды адназначна да гэтага ставіўся і крыху жорстка. Таму што сябры — гэта адно, ва ўсіх у знаёмцах ёсьць добрыя людзі з Расеі, Украіны і г.д. Але калі гэта тычылася непасрэдна мяне, то я заўсёды да розных інтэграцый ставіўся катэгарычна. Шчыра кажучы, за столькі гадоў усе ўжо неяк прызвычаіліся, няма нейкіх рэзкіх момантаў. Беларусь, Расея, Украіна хоць і часта побач, але замежнікі ведаюць нас як асобных суб’ектаў. Так, мова адыгрывае сваю важную ролю для нацыянальнага самавызначэньня, але што да таго, як хто размаўляе — нават ня ведаю, як камэнтаваць такое. Магу казаць толькі за сябе, чаму, прыкладам, я гавару па-беларуску. Яшчэ ў 11-й клясе я пачаў размаўляць толькі на беларускай мове. Па-першае, мне было цікава, па-другое, хацеў праверыць, на што я здольны. Таму і зараз не ўзьнікае праблемаў. Банальна, але трэба проста захацець.
Міхась Курловіч: праганяйце небеларуса, які жыве ўнутры вас
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:30 0:00
Наўпроставы лінк

— Так званае двухмоўе, на ваш погляд, стрымлівае «беларусізацыю Беларусі»?

— Канечне, стрымлівае. Але нейкае разьвіцьцё можа быць толькі ў тым выпадку, калі чалавек сам да гэтага гатовы, я так думаю. Тое, што зараз адбываецца ў краіне, што адбываецца ў Менску, дык я нават ня зьдзіўлены, што такая частка людзей размаўляе толькі на расейскай мове, а большая частка яшчэ і лічыць сябе расейцамі. Калі была ўся гэтая сытуацыя ва Ўкраіне, ня раз даводзілася чуць, што і Беларусі трэба было б далучыцца да Расеі, і трэба расейскі рубель уводзіць у нашай краіне. Ну, калі ходзяць такія думкі ў людзей, як можна зь імі гаварыць пра родную мову, пра родную краіну? Увогуле я лічу, што ўсё трэба адчуваць. Калі ты сам адчуваеш сябе беларусам, калі адчуваеш, што ты жадаеш зрабіць нешта для сваёй краіны, то ты павінен гэта спрабаваць рабіць. Можна разважаць пра тое, як было б добра, каб было тое і тое, але калі ўсе сядзяць і нічога ня робяць, то нічога і ня стане. У мяне было жаданьне канкрэтнае: зрабіць для краіны ўсё магчымае і немагчымае, каб на Гульнях былі мэдалі. Таму ўвесь сэзон я працаваў і думаў толькі пра гэта. І яно атрымалася. Мая, канечне, невялічкая частка, таму што я ня так шмат правёў часу ў нацыянальнай камандзе, але ўсё, што ад мяне залежала, я зрабіў. І гэта было таксама маё выяўленьне, мае адносіны да маёй радзімы. Гэта была мая барацьба за краіну, за тое, каб паказаць, на што мы здольныя. Я быў упэўнены, што наша краіна самая лепшая. І я гэта паказваю, калі працую ў нацкамандзе, раблю вялікую супольную працу.

— Чаму, мякка кажучы, не вітаецца, калі спартоўцаў падтрымліваюць нацыянальнымі, гістарычнымі сьцягамі?

— Безумоўна, гэта наша гісторыя, і гісторыю трэба ведаць. Чаму не дазволена — гэта, зноў жа, не да мяне, хоць збольшага зразумела, чаму. Зрэшты, мы пра гэта ўжо гаварылі: чаму мала размаўляюць на беларускай мове? Банальна — ніхто нічога ня ведае з пластоў мінуўшчыны, ня можа патлумачыць, навошта гэта трэба. А гэта самы адрозны і прынцыповы момант для кожнага народа. На жаль, нашы людзі проста ня ведаюць сваёй гісторыі. Нават у аб’яднанай Эўропе ўсе краіны маюць свае нацыянальныя сьвяты, шануюць свае традыцыі, карані; складаецца ўражаньне, што яны адзіныя ў сваёй гістарычнай памяці. Яны насамрэч усё памятаюць, падтрымліваюць, як кажуць, свой нацыянальны код. Гісторыя стварае і яднае нацыю, тут спрачацца нават бессэнсоўна. Але пра што можна казаць, калі людзі нават не разумеюць, хто яны, адкуль яны, дзе яны жадаюць быць, на якой мове хочуць размаўляць?

— Якраз паказальны момант: на Дзень Волі ў амаль двухмільённым Менску сабралася ад сілы пару тысяч чалавек...
Калі я пачаў размаўляць на беларускай мове, на мяне глядзелі, як быццам я зь іншай плянэты

— Так, я бачыў. Сапраўды, пра што тут казаць? Гэта адказ на ўсе пытаньні — бальшыня людзей нават ня ведае, што адзначаецца. А хто ведае, не заўсёды рызыкне выйсьці. На маё перакананьне, у гэтых сьвятах няма ніякага крыміналу. Чаму гэта калі не забараняецца, то не вітаецца — момант іншы, але гэта наша сапраўдная гісторыя. Нашы продкі змагаліся за тое, каб мы зараз былі вольнымі, мелі тэрыторыю для сваёй дзяржавы. Дакладна гэтак жа, як у спорце — мы таксама выходзім біцца за тое, каб усе ведалі нашу краіну, ведалі, што Беларусь — гэта ня проста месца, дзе ёсьць лясы і рэкі з азёрамі. А што гэта грамадзяне, якія робяць усё магчымае дзеля таго, каб іх краіна сябе добра пачувала. І гэта, трэба сказаць, найлепшыя прадстаўнікі, якіх мы бачым і пра якіх чуем на міжнароднай арэне.

— Немалаважная роля ў працэсе самаідэнтыфікацыі ня толькі асобы, але і дзяржавы: пакуль ня зьявяцца прынамсі беларускамоўныя школы, усе размовы пра беларусізацыю будуць марныя — адкуль узяцца новым «штыкам», калі іх з маленства русыфікуюць?

— Безумоўна. Што з гэтым рабіць, да каго ісьці — пытаньне. Таму ўвогуле ўсё зараз і трымаецца на тых, каму гэта цікава, хто здольны кінуць кліч. Хоць, як выявілася, гэта і ня так лёгка — кінуць кліч сваім жа грамадзянам. Калі я пачаў размаўляць на беларускай мове, на мяне глядзелі, як быццам я зь іншай плянэты. Прыкладам, калі заходзіў у грамадзкі транспарт і адказваў некаму па тэлефоне, многія пазіралі з асуджэньнем! Мне не было сорамна ці яшчэ што, мяне гэта ўвогуле не турбавала. Таму што гэта быў мой выбар. Мне было прыкра за такіх вось людзей, бо я заўсёды адчуваў зь іх боку напружанасьць, нават злосьць. На шчасьце, людзі рэагавалі па-рознаму, былі і тыя, хто падтрымліваў, пачынаў у адказ гаварыць па-беларуску. А гэта сьведчыць, што нас шмат. Ну, як шмат? Мы ж усе беларусы і ўсе фармальна ёсьць. Проста існуе адсотак людзей, для якіх гэта нешта іншароднае. Ну дык я такіх людзей ніколі за беларусаў і не лічыў. Калі прадстаўляеш сваю краіну, прадстаўляеш сваіх грамадзянаў, прадстаўляеш сябе і сваю сям’ю, то такіх людзей я ніколі ня браў у разьлік і не прадстаўляў. Таму што мы, беларусы, выступаем за Беларусь і прадстаўляем Беларусь. І ніякія іншыя краіны.
Міхась Курловіч нарадзіўся ў Менску ў 1991 годзе. У 10-гадовым узросьце быў залічаны ў школу фрыстайлу, на першых жа афіцыйных спаборніцтвах перамог у сваёй узроставай катэгорыі. Скончыў вучэльню алімпійскага рэзэрву, цяпер студэнт 4 курсу Беларускага ўнівэрсытэту фізычнай культуры (факультэт масавых відаў спорту). Неаднаразовы чэмпіён Беларусі, пераможца і прызэр адкрытага першынства Расеі і Кубка Эўропы, на момант завяршэньня выступаў быў трэцім у агульным заліку эўрапейскага Кубка. Ад 2013 году — трэнэр нацыянальнай зборнай Беларусі ў фрыстайле.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG