Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпіёнік Мартынаў: Акрамя плюсоў, дачка ад беларускай мовы нічога не атрымала, ніякага дыскамфорту


Сярей Мартынаў на лёнданскай алімпіядзе 2012 году
Сярей Мартынаў на лёнданскай алімпіядзе 2012 году

Першы ў гісторыі незалежнай Беларусі алімпійскі чэмпіён у стралковым спорце Сяргей Мартынаў — пра азэрбайджанскія нафтадаляры, эмбарга на боепрыпасы і беларускамоўную школу сваёй дачкі.

У Азэрбайджан выпраўляецца зборная беларускіх спартоўцаў, якія 12 чэрвеня возьмуць удзел у цырымоніі адкрыцьця першых Эўрапейскіх гульняў. У ліку тых, ад каго куратары спартовай галіны небеспадстаўна чакаюць узнагародаў, — каманда па кулявой стральбе на чале з алімпійскімі трыюмфатарамі Канстанцінам Лукашыкам і Сяргеем Мартынавым.

Эўрапейскія гульні як дубль чэмпіянату Эўропы

Калі Лукашык з прычыны палітычных пэртурбацыяў, выкліканых развалам СССР, сэнсацыйна настраляў зь пісталета на золата Барсэлёны-1992 для безаблічнай зборнай СНД, то Мартынаў у Лёндане-2012 стаў першым беларускім стралком, хто здабыў сувэрэнны мэдаль вышэйшага гатунку ў сваёй дысцыпліне. Таксама ў актыве Мартынава — бронзы Алімпіядаў 2000 і 2004 гадоў, ён неаднаразовы ўладальнік Кубка сьвету, чэмпіён усясьветнага і кантынэнтальнага першынстваў. А ці гатовы папоўніць і без таго багатую калекцыю на Эўрапейскіх гульнях?

«Любы старт на тое і ёсьць, каб паказваць лепшыя вынікі. Але пра штосьці канкрэтнае гадаць не магу, таму што гэта першыя спаборніцтвы такога пляну. Што гэта будуць за гульні, у якім дакладна фармаце — загадзя ацэньваць складана. Тым ня меней падрыхтоўка вядзецца сур’ёзная. Зрэшты, рыхтуемся як звычайна — з усёй адказнасьцю».

Сяргей Мартынаў удакладняе, што дагэтуль спаборніцтвы ў стральбе з малакалібэрнай вінтоўкі ў Азэрбайджане ніколі не культываваліся, а цір быў апрабаваны толькі незадоўга перад стартамі:

«Не, ніколі там не праводзілася спаборніцтваў высокага рангу. Дзеля справядлівасьці, раней там і ціра адпаведнага ўзроўню нават не было. Па-мойму, стральбу ўвогуле пачалі прасоўваць толькі зь мінулага году — там праходзіў фінал Кубка сьвету».

Азэрбайджан і па іншых пазыцыях не лічыўся за спартовую Мэкку, але, пагаджаецца суразмоўца, нафтадаляры робяць цуды: цяпер шмат каму карціць паглядзець на чароўнае пераўвасабленьне Баку:

«Са слоў іншых магу сказаць, што нібыта сапраўды ўзьведзеныя добрыя залі, арэны — усё правільна, сучасна, адпаведна найвышэйшым стандартам. Але сам я нічога ня бачыў, нават на ўзроўні фатаздымкаў».

Алімпійская пуцёўка — «азэрбайджанскі бонус»

Тым ня меней некаторыя спартоўцы наракаюць, што маючы адбыцца спартовы форум — зусім лішні ў іхнім графіку і толькі вымагае незапраграмаваных нагрузак. Сяргей Мартынаў парыруе, што насамрэч на кон пастаўлена ня так і мала — пуцёўкі на Алімпійскія гульні-2016 у Бразылію:

«Ну як лішні? Па-першае, у нашым відзе даецца квота на Алімпіяду, а такі шанец лішнім не бывае (хоць ён і не апошні: будуць яшчэ Кубкі сьвету, чэмпіянат Эўропы). Па-другое, на кожных стартах выступаеш на свой максымум, на што здольны. Атрымаецца зараз — выдатна, але ніхто не адкладае на потым: маўляў, гэтым разам паеду проста так, пазабавіцца, а калі-небудзь напружуся і выйграю. Ды не, на кожныя старты, нават на мясцовыя беларускія, выходзіш і паказваеш, што ўмееш. Да таго ж прыедуць наймацнейшыя эўрапейскія стралкі, атрымліваецца гэткі дубль чэмпіянату Эўропы. А як такі ранг, то адпаведная і значнасьць. Зрэшты, які будзе насамрэч фармат, ці паводле такога ж пляну, як Алімпіяды — з алімпійскай вёскай, калі спартоўцы жывуць побач, ці неяк інакш — толкам не зразумела».

Сяргей Мартынаў
Сяргей Мартынаў

Падчас збораў перад адказнымі стартамі ўдзельнікі стралковай каманды нарэшце маюць магчымасьць выпрацаваць сумесную стратэгію — як кажа Мартынаў, пастаянна быць поруч замінае геаграфічная раскіданасьць:

«На Алімпійскіх гульнях у нас няма камандных спаборніцтваў, толькі пэрсанальныя вынікі. Але на ўсіх астатніх — так, выступаем камандай таксама. Таму на цэнтралізаваных зборах, канечне, мы ўсе разам, але ў іншых выпадках сабрацца праблематычна: адзін зь Берасьця, адзін з Горадні, я зь Менску. Каманда крыху раскіданая».

Агульнае прадстаўніцтва зборнай Беларусі ў Азэрбайджане сур’ёзнае — сабраныя ці ня ўсе наймацнейшыя ў заяўленых дысцыплінах. Але, не выключае суразмоўца, далей фільтрацыя будзе больш жорсткая:

«Думаю, збольшага будзе наша звычайная каманда, якая выяжджае на ўсе топавыя спаборніцтвы. У гэтым пляне наўрад ці што асабліва памяняецца. А можа, нават і больш удзельнікаў будзе, чым звычайна, бо дадаюцца некаторыя неалімпійскія віды. Апрача таго, у Баку не патрэбна ніякіх квотаў, краіны на ўласны густ фармуюць свае каманды. Але ня выключана, што гэта толькі першым разам».

На стрэльбішчы ніхто нікога не баіцца

Многія віды спорту залежаць ад сэзону і заміраюць з надыходам халадоў ці, наадварот, летняй сьпёкі. Ці прынцыпова стралкам, дзе і ў якую пару году трэніравацца?

«У нас асноўныя гадавыя спаборніцтвы праходзяць летам, дакладней — ад траўня і далей у лета. Спаборнічаем у адкрытых цірах, чаго на дадзены момант у Беларусі практычна няма. У менскім Уруччы такі цір закладалі і нібыта нават дарабілі, але пэўна ня ведаю, там трэніровак яшчэ не было. Так што хіба толькі ў гэтым пляне — пажадана трэніравацца на вуліцы. Але ўвогуле вялікіх праблемаў з трэніроўкамі я ня бачу».

Сяргей Мартынаў удасканальвае снайпэрскія здольнасьці ў ціры спэцыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартшколы № 13 алімпійскага рэзэрву ў стралковым спорце. Прыземісты абшарпаны будынак застаўся ў спадчыну ад савецкіх часоў, на замацаванай пры ўваходзе шыльдзе — рарытэтная пазнака галіновай падпарадкаванасьці: «Министерство просвещения БССР». Адным словам, статусу базы алімпійскіх чэмпіёнаў адпавядае зь вялікай нацяжкай. Задаю рытарычнае пытаньне: ці замежныя аналягі больш выгодныя?

«Разумееце, „заграніца“ таксама бывае розная. Але, як на мяне, то трэніравацца зручней усё ж дома, якія б умовы тут ні былі — добрыя ці ня вельмі. Дом ёсьць дом, а ў трэніроўках на выезьдзе ёсьць як свае плюсы, так і мінусы. Найгалоўны мінус у тым, што ты ўдалечыні ад сям’і, ад звыклай атмасфэры. А плюс у тым, што ўмовы для падрыхтоўкі ў большасьці выпадкаў сапраўды больш спрыяльныя».

Як удакладняе спадар Мартынаў, у актыўны сэзон пра дом застаецца толькі марыць. Дык колькі даводзіцца быць у аўтаномным плаваньні?

«Усяляк бывае. Прыкладам, цяпер акурат такі час, што шмат выездаў, спаборніцтваў, збораў. Таму ў лепшым выпадку дома атрымліваецца пабыць тыдзень зь месяца».

З алімпійскім золатам, 2012 год
З алімпійскім золатам, 2012 год

Ці дэмаралізуе супернікаў аўтарытэт алімпійскага чэмпіёна? Альбо, наадварот, цісьне цяжар адказнасьці перад заўзятарамі ды спартовымі чыноўнікамі?

«Ды не, тут нікога асабліва не прыцісьнеш. У нас, калі паглядзець па сьпісе выступоўцаў, то, напэўна, большая палова калісьці штосьці выйгравала — і чэмпіянаты сьвету, і першынствы Эўропы, і Алімпіяды. Так што, па вялікім рахунку, гэта ня так і важна. Прынамсі, на стрэльбішчы ніхто нікога не баіцца».

Стралковыя дысцыпліны ўнікальныя перадусім тым, што поруч могуць стаяць «дзяды і ўнукі». Прыкладам, гарадзенец Канстанцін Лукашык стаў алімпійскім чэмпіёнам у стральбе зь пісталета ў 16 гадоў, Сяргей Мартынаў прымераў карону ў стральбе зь вінтоўкі ў 44:

«Зразумела, што нейкія межы ўсё ж ёсьць. Але да 50 ці крыху за „палціньнік“ страляць яшчэ можна, і досыць пасьпяхова. Прыкладам, летась такім чынам стрэліў аўстраліец — дай бог памяці, якога ён году, здаецца, 1960-га. Дык вось у 54 гады чалавек выйграў чэмпіянат сьвету. Асабіста я ў гэтым сэнсе нічога не загадваю — як ёсьць, так і ёсьць. Што будзе праз год-два — сказаць складана. Будзем глядзець па сытуацыі. Бо быць у спорце толькі дзеля таго, каб там быць, таксама неяк ня хочацца. А калі будаваць сур’ёзныя пляны — дык трэба адпаведна і займацца».

Прэзыдэнцкія выбары і эмбарга на боепрыпасы

Шмат для каго алімпійскі мэдаль — максымальная мэта, далей за якую сягаць не выпадае. Тым ня меней Сяргей Мартынаў зачахляць сваю стрэльбу не сьпяшаецца:

«Мы ж ведаем, што людзі выйграюць і па 5, і па 10 алімпійскіх мэдалёў. Таму колькасьць, скажам так, не абмяжоўвае тэрмін, цягам якога ты будзеш і хочаш займацца спортам».

Некалькі гадоў таму беларускія стралкі і біятляністы трапілі пад санкцыі, уведзеныя Эўразьвязам супраць афіцыйнага Менску пасьля масавых арыштаў апанэнтаў рэжыму ў часе прэзыдэнцкіх выбараў. На падставе рашэньня ад 20 чэрвеня 2011 году заходнім вытворцам было забаронена пастаўляць «зброю і боепрыпасы, якія могуць быць выкарыстаныя для ўнутраных рэпрэсіяў». У «чорны сьпіс», сярод іншага, увайшла і разнастайная зброя, і спадарожны інвэнтар. Як лічыць Сяргей Мартынаў, спартоўцы проста «трапілі пад агульную раздачу»:

«Праблема з патронамі — ня толькі ў нашым відзе, гэта таксама тычылася і біятляністаў. Тут, па вялікім рахунку, сытуацыя, якая цалкам залежыць ад зьнешніх фактараў. Скажам, калі супраць Беларусі ўводзяць эмбарга, то набыцьцё зброі, патронаў робіцца аб’ектыўна больш праблематычным. Але неяк з гэтай сытуацыі фэдэрацыя выходзіць, бо цяпер забесьпячэньне, у прынцыпе, нармальнае — зброя ёсьць, патроны ёсьць».

Стралковыя дысцыпліны — акурат той выпадак, калі спартоўцы цалкам залежаць ад замежных вытворцаў і нават прымусовае імпартазамяшчэньне мела б нулявы эфэкт. Дый савецкія запасы, як ні круці, не бясконцыя:

«Адышло ў мінулае тое, што было раней. За савецкім часам сабекошт вытворчасьці, падобна, нікога не хваляваў, бяз розьніцы было, колькі атрымліваецца на выхадзе. Гэта цяпер ужо больш усё завернута на бізнэс, на рэнтабэльнасьць, на прыбытак. Таму ня тое што ў Беларусі, нават у Расеі такая прадукцыя не вырабляецца, усё завознае. Што да якасьці, то патроны, якія атрымліваем, агулам нядрэнныя».

Многія атлеты наракаюць, што часьцяком у спорт высокіх дасягненьняў даводзіцца ўкладацца ўласнымі грашамі. Ці распаўсюджваецца гэта на стралкоў?

«Бывае, так, усялякія дробязі калі купляеш. Але выдаткі не катастрафічныя: 50–100 эўра, можа 200. Гэта ўжо калі раптам захочацца нешта такое вельмі адметнае набыць — усялякія аксэсуары, пальчаткі, рамяні, кампутар для трэнажора, нешта іншае — можа быць і на парадак больш. Зрэшты, усё дзеля ўласнай зручнасьці. А зброя і боепрыпасы закупляюцца па дзяржаўнай лініі».

«Насьцярожанага» стаўленьня да мовы не было і няма

У афіцыйнай біяграфіі Сяргея Мартынава запісана, што будучы алімпійскі чэмпіён нарадзіўся ў Падмаскоўі. Між тым, удакладняе суразмоўца, сам ён свой расейскі пэрыяд ужо нават ня памятае:

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:40 0:00
Наўпроставы лінк

«Хіба правільней будзе сказаць — нарадзіўся па дарозе ў Беларусь. Нарадзіўся на радзіме бацькі і прабыў там, мабыць, тыдзень. Канкрэтнае месца нараджэньня — так, Расея, але ўсё сваё жыцьцё я пражыў у Беларусі. Спачатку пад Берасьцем, а недзе зь пяці гадоў у самім Берасьці. Так што не практычна беларус, а беларус як мае быць. Як на той час, дык савецкі чалавек: усе былі разам, ніхто нікога асабліва не дзяліў. З пакаленьня народжаных у СССР».

СССР на мапе сьвету няма амаль чвэрць стагодзьдзя, але калі ў выніку атрыманьня незалежнасьці насельнікі экс-савецкіх рэспублік хутка згадалі пра гістарычныя карані, то Беларусь у «саўку» загрузла даўжэй за іншых — з бээсэсэраўскай сымболікай, зь «вялікім і магучым» замест роднай мовы. Цікаўлюся ў Сяргея Мартынава, ці ёсьць магчымасьць у скрозь русыфікаваным спорце пасябраваць зь беларускай мовай? У спорце, як і можна было прагназаваць, — наўрад ці, а вось у сям’і — цалкам рэальна:

«У нашай сям’і па беларускай мове галоўная спэцыялістка — малодшая дачка Маша. Яна яшчэ ў пачатковай школе вучылася ў беларускамоўнай клясе — у нашай Вясьнянцы, дзе мы і жывём, у 180-й школе была створаная беларускамоўная кляса, сабралі тады 11 чалавек. Аддалі туды яе асэнсавана, і, акрамя плюсоў, дзіця ад гэтага нічога не атрымала, ніякага дыскамфорту. Веданьне беларускай мовы запатрабавалася і ў школе, і ўвогуле спатрэбіцца па жыцьці, бо мова ў любым выпадку на слыху. Прынамсі, ніякага „насьцярожанага“ стаўленьня да беларускай мовы ў нашай сям’і не было і няма. Я таксама ўсё разумею, магу нешта і сказаць, усе ж у школе вучыліся. І як людзі хочуць гаварыць, хай гавораць, гэта трэба толькі ўхваляць».

Сяргей Мартынаў нарадзіўся ў 1968 годзе. Майстар спорту СССР міжнароднага клясу, заслужаны майстар спорту Беларусі.

Першы ў гісторыі незалежнай Беларусі алімпійскі чэмпіён у стралковым спорце — трыюмфатар Лёндану-2012 у стральбе зь вінтоўкі на 50 мэтраў са становішча лежачы, двухразовы бронзавы прызэр Гульняў 2000 і 2004 гадоў. Шэсьць разоў на працягу 15 гадоў паўтараў абсалютны ўсясьветны рэкорд (600 ачкоў) у сваёй дысцыпліне (1997, 1998, 2000, 2005, 2006, 2012). Чэмпіён сьвету ў камандным заліку, чэмпіён Эўропы ў асабістым і камандным заліку. Двухразовы ўладальнік Кубка сьвету.

Жанаты, жонка Аксана — у мінулым трэнэр па плаваньні. Старэйшая дачка Насьця атрымлівае спэцыяльнасьць эканаміста, малодшая Маша вучыцца ў школе. Абедзьве выдатна страляюць, але больш любяць басэйн.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG