Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вольніца» Васіліса Марзалюк: У беларусаў крытычна нізкі градус нацыяналізму


Васіліса Марзалюк падчас рэдкай пабыўкі ў Менску

Васіліса Марзалюк падчас рэдкай пабыўкі ў Менску

Лідэр жаночай зборнай па вольнай барацьбе, шматразовая прызэрка чэмпіянатаў сьвету і Эўропы, чэмпіёнка першых Эўрапейскіх гульняў Васіліса Марзалюк распавядае, як «заразілася» нацыяналізмам ад украінцаў, чаму замежнікі ня вераць, што беларуская мова існуе, і чаго чакаць ад Рыё-2016.

Па выніках леташняга ўсясьветнага першынства, якое праходзіла ў амэрыканскім Лас-Вэгасе, 28-гадовая Васіліса Марзалюк ня толькі заняла трэцяе месца (катэгорыя да 75 кг), але і заваявала алімпійскую ліцэнзію на Гульні-2016. Свае амбіцыі яна пацьвердзіла на сёлетніх кантынэнтальных спаборніцтвах у Рызе, адкуль таксама вярнулася з бронзавай узнагародай. Ці лягчэй жыць з асэнсаваньнем выкананай праграмы-мінімум — здабытым пропускам на галоўныя старты чатырохгодзьдзя?

«Было крыху лягчэй, мабыць, некалькі тых месяцаў, якія мінулі пасьля чэмпіянату сьвету. А цяпер ужо якое лягчэй? Трэба зноў рыхтавацца. Тым больш, узьніклі некаторыя працоўныя складанасьці, адбылася замена трэнэраў, трэба будзе ўсё вырашаць па ходу. Цяпер вось зборы ва Ўкраіне — і ўсё, ужо няма часу бавіцца, лёгкасьць ад выкананай задачы паступова адыходзіць. Бо калі хочаш быць алімпійскай чэмпіёнкай і ведаеш, што ў цябе яшчэ шмат памылак, лягчэй ад разуменьня таго, што маеш ліцэнзію, не становіцца. Чатыры бліжэйшыя месяцы будзе вельмі інтэнсіўная падрыхтоўка. Дый ня толькі фізычна — эмацыйна, думаю, таксама будзе складана, мазгі давядзецца добра напружыць. Па вялікім рахунку, я гатовая. Наколькі спраўлюся — ня ведаю, але з улікам таго, што рыхтуюся да ўсяго, думаю, будзе лягчэй. Прынамсі, уяўляю, што мяне чакае».

Поза пераможцы (фота Ўладзімера Несьцяровіча)

Поза пераможцы (фота Ўладзімера Несьцяровіча)

Пра Рыё-2016: гатовая да ўсяго, апроч як захварэць на вірус Зіка

У жаночай барацьбе Васіліса Марзалюк пакуль адзіная прадстаўніца Беларусі, якая адабралася ў Рыё-дэ-Жанэйра. Калі ўлічыць, што да Алімпійскіх гульняў часу ў абрэз, беларуская прысутнасьць у гэтым відзе адзінаборстваў можа аказацца нешматлікай:

«Яна нешматлікая ўжо таму, што ў нас усяго шэсьць алімпійскіх катэгорыяў у жанчын і столькі ж у мужчын. Таму па-любому пра шматлікасьць гаварыць не выпадае. Суперніцтва ў барацьбе жорсткае, колькі ў выніку ўдасца ўзяць ліцэнзійяў — прагназаваць складана. Зь іншага боку, я разумею, што магу быць алімпійскай чэмпіёнкай, таму не ўспрымаю гэта як задачу з шэрагу невырашальных. Усё рэальна, калі падысьці ў правільнай форме. І калі запытваюць, хто твой асноўны „вораг“, адказваю — я сама. Галоўнае — справіцца з сабой. Хоць суперніцы, вядома, сур’ёзныя: амэрыканка моцная, кітаянка добрая, эстонка ў форме, турчанка на чэмпіянаце Эўропы клясна сябе паказала. Алімпійскія гульні — абсалютна іншыя спаборніцтвы, вялізны элемэнт непрадказальнасьці. Плюс жанчыны самі па сабе дзіўныя стварэньні, цалкам залежныя ад эмацыйнага стану. Барацьба не выключэньне: быццам заведама мацнейшы, а папаўся на лапаткі — і ўсё. Спрацоўвае фактар нечаканасьці. Тыя ж амэрыканкі выстрэльваюць пад Алімпіяду, раз на чатыры гады, а потым ніякага выніку і не паказваюць».

«Лабавая» атака (фота Ўладзімера Несьцяровіча)

«Лабавая» атака (фота Ўладзімера Несьцяровіча)

Апроч фізычнай гатовасьці, удзельнікам Алімпіяды-2016 давядзецца браць у разьлік і глябальную праблему іншага парадку. Асобныя рэгіёны Лацінскай Амэрыкі апанаваў вірус Зіка, які распаўсюджваюць маскіты. Бразылія — якраз у шэрагу праблемных краінаў. Адмыслоўцы палохаюць наступствамі найперш жанчын, якія плянуюць мець патомства. Нейкі час таму кіраўніцтва алімпійскай зборнай ЗША нават заявіла, што ня будзе прымушаць да паездкі ў Рыё атлетаў, якія не захочуць лішне рызыкаваць. Васіліса кажа, што трэніруецца ў штатным рэжыме і на думкі пра Зіка часу не застаецца:

Кароткі перадых (фота Ўладзімера Несьцяровіча)

Кароткі перадых (фота Ўладзімера Несьцяровіча)

«Перад паездкай мы павінны зрабіць прышчэпкі. Іншая справа, ці гэта дапамагае, ня ведаю.. Ну, а каб амэрыканцы не паехалі — сьмешна. І наўрад ці задача „усыпіць пільнасьць“: хто едзе на Алімпіяду, расслабляцца ня будзе, немагчыма нават уявіць. Асабіста я ня надта пераймаюся. Так, не прызвычаілася падстройвацца пад абставіны, больш падабаецца ўсё кантраляваць, каб абставіны працавалі на мяне. Тым ня меней усё разумею і нават раілася з псыхолягам: часам трэба падладжвацца пад зьнешнія фактары (зрэшты, некаторыя гэта робяць ня часам, а заўсёды). Калі раптам нешта здарыцца — значыць, так таму і быць. Вядома, крыўдна, бо я не лічу, што спорт апраўдвае такія страты — як разумею, небясьпека ў тым, што жанчыны нараджаюць хворых дзяцей. Шчыра кажу: спорт тых ахвяраў ня варты, ёсьць другое жыцьцё, і на спорце яно спыняцца не павінна. Але калі так здарыцца, нічога не папішаш, хоць чатыры апошнія гады пакладзеныя на вынік. Я да ўсяго гатовая — апроч таго, каб захварэць на вірус Зіка. Праўда, такое адчуваньне, што шмат там чаго надумана».

Васіліса выходзіць на фінальны паядынак Эўрапейскіх гульняў (фота Ўладзімера Несьцяровіча)

Васіліса выходзіць на фінальны паядынак Эўрапейскіх гульняў (фота Ўладзімера Несьцяровіча)

Пра допінг: калі ўжываеш, будзь гатовы паставіць на кон кар’еру

Тым часам пад пытаньнем удзел у Алімпійскіх гульнях зборнай Расеі. Праўда, зь іншай прычыны: расейская лёгкаатлетычная фэдэрацыя на няпэўны час адхіленая ад міжнародных спаборніцтваў з-за фактаў масавага ўжываньня допінгу. Спартовыя чыноўнікі спрабуюць апраўдацца тым, што супраць Расеі распачата кампанія беспадстаўнай дыскрэдытацыі, аднак факты сьведчаць пра іншае: выбудаваная цэлая сыстэма, якая забясьпечвае і пакрывае ўжываньне стымулятараў.

Золата Эўрапейскіх гульняў (фота Ўладзімера Несьцяровіча)

Золата Эўрапейскіх гульняў (фота Ўладзімера Несьцяровіча)

Васіліса Марзалюк таксама мае сумны досьвед дыскваліфікацыі за злоўжываньне забароненымі рэчывамі. 10 гадоў таму, неўзабаве пасьля трыюмфальнай перамогі на юніёрскім чэмпіянаце сьвету, аналіз паказаў наяўнасьць у яе арганізьме фурасэміду — прэпарату з «чорнага сьпісу». Як вынік — 2-гадовае адхіленьне ад усіх спаборніцтваў. І калі спартоўцы, злоўленыя на допінгу, жаляцца, што невінаватыя і безабаронныя перад абставінамі, Васіліса такім сьлязам ня верыць:

Па любімых месцах Менску

Па любімых месцах Менску

«Скажу пра сябе: я не лічу, што сутыкнулася зь нейкай неабароненасьцю. Я гэта зрабіла і за гэта атрымала. Так, бывае, што цябе хочуць падмануць ці неяк выкарыстаць. Але гэта таксама этап сталеньня: чым старэйшы становісься, тым лепш усё разумееш. Калі ты адказны, сур’ёзны спартовец і штосьці прымаеш, то мусіш ведаць: за гэта можаш быць пакараны. Вялікая ўдача, калі нідзе на папаўся, але жыцьцё справядлівае, усё расставіць на свае месцы. Калі раптам не прымаў і папаўся (што ўвогуле падаецца малаверагодным, хіба адзінкавыя выпадкі) — нават ня ведаю, што трэба зьесьці, каб трапіць пад падазрэньне выпадкова. Так, цяпер шмат чаго вырошчваюць на хіміі. Напрыклад, я была ў Індыі, і мяне папярэдзілі: будзе акуратней, шмат мяса ня еж, яно на пэптыдах. А гэта таксама допінг. Ну, я яго і ня ела, неяк пражыла. Калі так разважаць, кожны з нас не абаронены. Абсалютна любы чалавек можа сказаць: ехаў у транспарце, нехта дакрануўся, ранка да ранкі — усё, захварэў на СНІД. Разумееце, да якога абсурду можна дагаварыцца?».

Над павержанай суперніцай (фота Ўладзімера Несьцяровіча)

Над павержанай суперніцай (фота Ўладзімера Несьцяровіча)

Васіліса кажа, што тая дыскваліфікацыя стала для яе добрым урокам на ўсё жыцьцё, хоць тады і падавалася, што нічога страшнага не адбываецца — ужывала толькі дзеля таго, каб сагнаць вагу:

«Так, вінаватая сама. Малая была, ня слухалася трэнэра, надумала, што трэба зганяць вагу. Карацей, мэтадам проб і памылак — да сталеньня. Не параілася ні з кім, вось і паплацілася. Фурасэмід — гэта мачагонны сродак, зь яго дапамогай хацела скінуць лішнія кіляграмы. Сам па сабе гэта ня допінг, але так званы хаваючы агент — лічыцца, што пры яго дапамозе допінг выводзіцца. І апрыёры яго наяўнасьць была ўспрынятая як злоўжываньне. Тым больш, у мяне адразу не хапіла сьмеласьці ва ўсім прызнацца, бо разуменьне таго, што нічога схаваць немагчыма, прыходзіць ужо потым. Нарэшце стала відавочна: глупства зрабіла — значыць, трэба адказваць. Гэта прынамсі сумленна нават перад сабой. Я так лічу. Бо як толькі зьмірылася з сытуацыяй, іншым расказала, стала спакойна на душы. А іншага выйсьця папросту не існуе».

Крывавы жаночы спорт (фота Ўладзімера Несьцяровіча)

Крывавы жаночы спорт (фота Ўладзімера Несьцяровіча)

Пра жыцьцё на паўзе: клюбныя тусоўкі — для тых, у каго ўнутры пуста

Суразмоўніца перакананая: уласныя памылкі трэба з годнасьцю прызнаваць, а не спрабаваць перакласьці адказнасьць на каго заўгодна — трэнэра, супернікаў ці «ўсясьветную закулісу»:

«Трэба быць шчырым перад сабой і іншымі: калі ўзяў на сябе такую адказнасьць, будзь гатовы за яе пацярпець. Гэта вельмі сур’ёзная справа. Я ведаю, што ў маім відзе спорту дакладна можна абысьціся бяз допінгу, таму я чыстая. Як астатнія? Не магу нікога ні асуджаць, ні гаварыць нешта ў іх абарону. Проста калі ты гэта рабіў, трэба быць гатовым, што цябе вылічаць. І перш чым пайсьці на такі крок, варта добра падумаць: ці гатовы ты потым судзіцца, даказваць сваю правату, абараняць сябе нейкімі спосабамі, траціць грошы, здароўе, нэрвы? Або знойдзеш сілы сумленна прызнацца? У асноўнай масе такія абвінавачаньні што ва ўсясьветным спорце, што ў беларускім маюць пад сабой падставы. Апраўданыя жорсткія тэрміны дыскваліфікацыі ці не — справа іншая, але падставы для гэтага ёсьць. Дапусьцім, зафіксавалі падвышаны ўзровень тэстастэрону, знайшлі анаболік. Як ён мог трапіць у арганізм? Выпадкова зь ежай? Ну, гэта такая рэдкасьць — як, адкуль? Мы што, у кавярні можам з вамі зьесьці анаболікі? Гэта падаецца проста сьмешным. Ня дай бог, канечне, бывае, што недзе і падсыплюць, але гэта нейкія выключныя выпадкі».

Перад схваткай (фота Ўладзімера Несьцяровіча)

Перад схваткай (фота Ўладзімера Несьцяровіча)

Васіліса Марзалюк не хавае: два гады бяз спорту сталіся суровым выпрабаваньнем. Пры гэтым усьцешаная, што не засталася са сваёй праблемай сам-насам, адчувала плячо трэнэраў і сяброў. Таму досыць лёгка вярнулася ў калектыў, калі тэрмін пакараньня завяршыўся:

«Ой, так, усё вельмі рэзка зьмянілася. Спачатку было нават прыкольна, паспрабавала рознае іншае жыцьцё, якое ішло міма — сябры, клюбы, дыскатэкі. Але хутка зразумела: па-першае, гэта дакладна не маё. Падалося, што ў людзей, якія пастаянна тусуюцца ў клюбах, унутры такая пустэча, што яны папросту ня ведаюць, чым яе запоўніць. Па-другое, я чалавек актыўны, мне трэба ўвесь час рухацца, спорт для мяне —неабходнасьць для добрага самаадчуваньня, магчымасьць выкіду энэргіі. Па-трэцяе, я проста пачала зайздросьціць дзяўчатам, што яны маюць магчымасьць удзельнічаць у спаборніцтвах, выступаць, выйграваць... Мне пашчасьціла, што ня кінулі трэнэры, была спонсарская падтрымка ад вучняў майго першага настаўніка. Дзякуючы найперш ім я і засталася ў спорце. Напэўна, больш цяжка было маральна. Але калі я зразумела, што зноў буду ў камандзе, асабіста для мяне цяжэй было вярнуцца годна, чым перажыць саму дыскваліфікацыю. Мне моцна дапамаглі тым, што ў гэты складаны пэрыяд шчыра падтрымалі».

З суперніцай у абдымках (фота Ўладзімера Несьцяровіча)

З суперніцай у абдымках (фота Ўладзімера Несьцяровіча)

Пра моўны касяк: замежнікі ня вераць, што беларуская мова існуе

Міг трыюмфу (фота Ўладзімера Несьцяровіча)

Міг трыюмфу (фота Ўладзімера Несьцяровіча)

Зрэшты, паўза пайшла на карысьць — зьявілася магчымасьць заглыбіцца ў вечную тэму «беларускай адметнасьці». Прыналежнасьць да Беларусі падчас міжнародных спаборніцтваў абмяжоўваецца краінавай абрэвіятурай на форме, але далей гэтага не сягае. Чаму беларусы такія слабыя ў працэсе ўласнай самаідэнтыфікацыі? Чаму, нават ведаючы родную мову, саромеюцца на ёй гаварыць? Васіліса кажа, што прапанавала сяброўкам па камандзе ўласны рэцэпт паступовай беларусізацыі, але пакуль бясплённа:

«Сапраўды сорамна за такія моманты. Часам цікавяцца: а вы ўвогуле па-беларуску размаўляеце? Прыкладам, нярускамоўныя запытваюць расеек, як яны разумеюць беларусак — маўляў, розныя нацыі, розныя мовы. Тыя адказваюць: ды беларусы па-расейску гавораць. Дык як гэта, няма сваёй мовы? Вось такая „ідэнтыфікацыя“. Ці гэта нямодна, ці непатрэбна? Пры тым, як падаецца, мае аднагодкі з задавальненьнем кантактавалі б па-беларуску, а вось ужо маладзейшым, народжаным на пачатку 1990-х, якія расьлі пад русыфікацыяй, чамусьці ўжо сорамна. Не магу сказаць, хто ім гэты сорам прышчапіў, але мяркую нават па сваіх знаёмых, па сваім браце. У камандзе кажу дзяўчатам: давайце рабіць беларускія сьняданкі, будзем размаўляць па-беларуску. — Ды мы дрэнна ведаем, ня хочам „пазорыцца“. То бок напружвае сам пераходны момант, каб не была трасянка, калі расейская зьмешваецца зь беларускай. Трэба прынамсі паспрабаваць, гугл-перакладчык у скрайнім выпадку падключым. А калі не рабіць нічога, то нічога і ня будзе. Я і сама некаторыя словы ўжо забываюся...».

Васіліса прыгадвае, што яе дзяцінства прыпала на пэрыяд актыўнай беларусізацыі і прынамсі да 6-й клясы яна вучылася па-беларуску — спачатку ў Дзяржынску, а потым і ў Менску. Але потым моўная палітыка рэзка павярнула ў бок татальнай русыфікацыі:

Асэнсаваньне зробленага пасьля заканчэньня турніру

Асэнсаваньне зробленага пасьля заканчэньня турніру

«Да 6-й клясы я вучылася па-беларуску, усе прадметы выкладаліся на мове. І нават калі пераехала ў Менск, яшчэ тут захапіла беларускамоўнае навучаньне. Але на тым усё і скончылася. Мне вельмі падабалася беларуская мова, сам працэс. Канечне, немалаважна, каб гэта ішло ня толькі ад школы, ад бацькоў, але і ад грамадзтва. На жаль, у беларусаў няма адчуваньня сваяцкасьці, этнічнай повязі, як у іншых народаў. Бракуе салідарнасьці, каб беларус за беларуса, каб мела значэньне зямляцтва. Адпаведна, няма і ўзаемаразуменьня. Любая нацыя фармуецца на ўзроўні сям’і, а ў нас ужо ад гэтай прыступкі нічога дзецям не прышчапляюць. Дык чаго чакаць? Калі яшчэ не было сацыяльных сетак, гаджэтаў, а я была за мяжой, прыходзіла эсэмэска з удакладненьнем па-беларуску „тата“. То бок яшчэ было, калі мы маглі пагаварыць на мове. Пасьля нараджэньня ў 1992-м малодшага брата паступова адбылася сацыялізацыя пад новыя ўмовы, і гаварыць па-беларуску стала як быццам нямодна. Хоць у сьвеце трэнд якраз адваротны — да каранёў. Нам не хапае нацыяналізму. У вялікай колькасьці гэта і ня вельмі добра, але ў нас гэта адсутнічае ў прынцыпе. Няма гонару за тое, каб быць беларусам. Хоць я, напрыклад, нават магла б хадзіць у беларускіх строях, мне гэта вельмі падабаецца».

Пасьля спаборніцтваў прыемна пабыць проста прыгожай

Пасьля спаборніцтваў прыемна пабыць проста прыгожай

Пра нацыяналізм: кансалідацыя ўкраінцаў і абыякавасьць беларусаў

Васіліса Марзалюк кажа, што надзвычай моцна на яе паўзьдзейнічалі падзеі ва Ўкраіне — менавіта як прыклад кансалідацыі ўкраінцаў. Што можа стаць штуршком да такога ж яднаньня беларусаў — застаецца загадкай:

«Я ніколі не цуралася беларускасьці, але не заглыблялася ў сытуацыю да таго моманту, пакуль ня так даўно не распачалася ўся гэтая неразьбярыха ва Ўкраіне. І ведаеце, украінцы мяне проста ўразілі. У іх якраз ёсьць стрыжань: я ўкраінец, я гэтым ганаруся! Я тады паглядзела і задалася пытаньнем: а чым мы, уласна кажучы, ад іх адрозьніваемся? Ёсьць такая нацыя — беларусы, але ніхто пра нас ня ведае, нікому мы не цікавыя. Украінцы выйшлі ў вышыванках — і ўсе разумеюць, што гэта ўкраінскія строі. А ты, беларус, кудысьці прыйдзеш з нашай вышыванкай, і цябе адразу запытваюць: а навошта ты надзеў украінскую кашулю ці майку? Так, мы славяне, у нечым падобныя элемэнты ўзораў, арнамэнтаў, але ж толькі для недасьведчанага вока. Насамрэч яны розныя. Карацей кажучы, гэтым нацыяналізмам у пэўнай ступені я заразілася ад украінцаў, бо ў мяне шмат ва Ўкраіне сяброў, знаёмых. І для сябе зрабіла выснову: нам да іх яшчэ расьці і расьці. Яны мяне і самі падбухторваюць: ды ты ня ведаеш сваю гісторыю, у вас увогуле хто-небудзь мінулым цікавіцца? Як ня сорамна ня ведаць свайго мінулага? Карацей, здорава ўскалыхнулі...».

З калегай па камандзе Ўладленай Выдрэнкай

З калегай па камандзе Ўладленай Выдрэнкай

Прадстаўніцы адпачатку мужчынскіх відаў спорту — барацьба, бокс, штанга — ня вельмі любяць, калі іх спрабуюць зачапіць, што, маўляў, займаюцца не сваёй справай. Між тым, на перакананьне Васілісы Марзалюк, эмансыпацыі ў спорце спрыяе само сучаснае грамадзтва — хоць пры гэтым яна і лічыць, што не зусім карэктна ставіць у адзін шэраг барчых ды штангістак:

«Па-першае, бокс, як і барацьба, адносіцца да адзінаборстваў. Па-другое, са штангай складана параўноўваць, зусім іншая спэцыфіка. Адносна таго, што не жаночая справа... Ды, напэўна, пагаджуся — не зусім жаночая. Але паглядзіце, цяпер такі час: эмансыпацыя, фэміністкі. Таму для такіх дысцыплінаў усё складаецца вельмі ўдала. Асабіста мне падаецца, што ўсё гэта своечасова, усё сучасна. Вядома, прыемней глядзець на дзяўчыну, якая займаецца танцамі ці мастацкай гімнастыкай, чым на штангістку. Але чаму не займацца штангай, калі ты не худы, не мініятурны, у цябе няма падставаў да гнуткасьці? Кожны сам выбірае свой шлях, цяпер час такі. Што тычыцца барацьбы, то я ўвогуле не лічу, што там жанчына не жаноцкая. У нас шмат прыгожых дзяўчат: дыван — адна справа, жыцьцё — зусім іншая. Усе носяць сукенкі, ходзяць у цырульню. Вядома, ёсьць больш мужападобныя, ёсьць больш жаноцкія, але гэта ў любым відзе спорту. У валейболе ці ў баскетболе ёсьць дзяўчаты і мужныя, і жаноцкія па сваёй зьнешняй і ўнутранай сутнасьці. Таму агулам гаварыць цяжка. І крыху крыўдна, калі ставяць нейкія штампы».

З трэнэрам Артурам Зайцавым

З трэнэрам Артурам Зайцавым

Разам з тым Васіліса ўдакладняе, што вельмі рэдка дзяўчаты мэтанакіравана ідуць у сэкцыю барацьбы — найчасьцей трапляюць туды выпадкова:

«Я займалася ўсім спрэс — тата ўсюды мяне ўпіхваў, спрабавалі, шукалі сваё. Была і лёгкая атлетыка, і гульнявыя віды, і нават фэхтаваньне. А потым прыйшоў трэнэр і ўсё паставіў на свае месцы. Трэба сказаць, што вельмі важную ролю адыгрывае калектыў. Два першыя настаўнікі — Сяргей Рыгоравіч Шкрадзюк і Васіль Дзьмітрыевіч Крэзо — надзвычай добрыя спэцыялісты, дзякуючы ім склаўся выдатны калектыў. Гэты фактар, відаць, быў асноўны, чаму я там прыжылася і засталася. Бо ўжо такога інтарэсу — ой, хачу, хачу — шчыра кажучы, не было. Увогуле, спачатку не разумела, што такое барацьба. Дый думаю, бальшыня людзей нават цяпер не да канца разумее, што гэта і навошта, не адчуваюць увесь кайф барацьбы і яе прыгажосьць. Так што, буду шчырая, я пайшла перадусім таму, што трэнэры спадабаліся. У барацьбе часьцяком так здараецца, што застаюцца, бо клясны калектыў. І зусім рэдка бывае, што барацьбой хочуць займацца мэтанакіравана. Хутчэй, гэта нейкія выключэньні».

Васіліса Марзалюк

Васіліса Марзалюк

Васіліса Марзалюк нарадзілася ў 1987 годзе ў Лагойску. Потым сям’я жыла ў Заслаўі, Дзяржынску, Менску. У сталіцы пачала займацца вольнай барацьбой. У 2005-м заваявала бронзавы мэдаль чэмпіянату Эўропы, а ў 2006-м пасьля перамогі на юніёрскім чэмпіянаце сьвету атрымала 2-гадовую дыскваліфікацыю за выкарыстаньне забароненых прэпаратаў. У 2011 годзе, празь некаторы час пасьля вяртаньня на дыван, стала срэбнай прызэркай чэмпіянату Эўропы і бронзавай прызэркай чэмпіянату сьвету. У 2012-м заваявала бронзавую ўзнагароду чэмпіянату сьвету, у тым жа годзе на Алімпійскіх гульнях у Лёндане фінішавала пятай. У 2013-м здабыла яшчэ адну бронзу на чэмпіянаце Эўропы, а ў 2015-м стала чэмпіёнкай Эўрапейскіх гульняў. Летась у верасьні стала бронзавай прызэркай чэмпіянату сьвету ў Лас-Вэгасе, заваяваўшы ліцэнзію для Беларусі на Алімпіяду-2016. Сёлета ў сакавіку была трэцяй на чэмпіянаце Эўропы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG