Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чорны Валет»: Перастаць саромецца і загаварыць па-беларуску


Дзьмітры Валент: Перастаць саромецца і загаварыць па-беларуску
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:24 0:00
Наўпроставы лінк

Адзін з наймацнейшых тайбаксёраў Беларусі Дзьмітры Валент, вядомы ў байцоўскім асяродку пад мянушкай “Чорны Валет“, пры канцы мінулага году здабыў чарговае чэмпіёнскае званьне.

Цяпер у ягоным актыве 13 тытулаў чэмпіёна сьвету ў розных вэрсіях і 4 — чэмпіёна Эўропы. На чым грунтуецца дамінаваньне беларускіх спартоўцаў у сьвеце муай-тай? Пра гэта зь ім пагутарыў Ігар Карней.

— Каб тайляндзкі бокс трапіў у праграму Алімпійскіх гульняў, відаць, найбольш радаваліся б спартовыя функцыянэры — зь дзясятак дадатковых мэдалёў быў бы забясьпечаны. Чаму папулярны ва ўсім сьвеце тайбокс дагэтуль не алімпійскі?

— Так, я гэтаксама перакананы: каб Беларусь выступала ў гэтай дысцыпліне на Алімпійскіх гульнях, мэдалёў было б шмат, гэта дакладна. А чаму не алімпійскі від спорту? Тут шмат фактараў, якія спыняюць далейшае прасоўваньне тайскага боксу да Алімпіяды, але галоўнае — адсутнасьць паразуменьня паміж зацікаўленымі асобамі ў Тайляндзе, адкуль гэты від і паходзіць. Вострае суперніцтва ідзе паміж дзьвюма фэдэрацыямі, якія прэтэндуюць на лідэрства. Калі б яны нарэшце аб’ядналіся, я думаю, тайскі бокс стаў бы алімпійскім у самым хуткім часе. А пакуль ідуць разборкі ўнутры фэдэрацыяў і няма адзінага легітымнага прадстаўніцтва, то тайбокс ня могуць уключыць у алімпійскую праграму.

— Дзьмітры, якія бліжэйшыя пляны, да якіх стартаў рыхтуецеся?

— У лютым у мяне павінен адбыцца ў Тайляндзе бой зь вядомым мясцовым байцом Каоклаем Каенорсінгам. Узрост дзесьці пад 30, некалі ён выступаў у К1 і пры вазе ў 85 кіляграмаў біўся з хлопцамі, якія і 100 кіляграмаў важаць, і нават 120. То бок вельмі добры супернік, папулярны, імяніты, таму да гэтай сустрэчы пакуль мэтанакіравана і рыхтуюся.

— Ваш калега Віталь Гуркоў, які 25 студзеня ў Міляне правядзе бой за прафэсійны пояс, казаў, што ўнутраную матывацыю бярэ ў продкаў, ваяроў Вялікага Княства Літоўскага. Чым падсілкоўваецеся вы?

— Што тычыцца маёй душэўнай матывацыі, то найперш я сам сябе прымушаю ўвесь час удасканальвацца. Мая вялікая павага да гэтага віду бярэ пачатак ад самага раньняга дзяцінства. Але калі я яшчэ ў школе хацеў пайсьці на тайскі бокс, бацькі палічылі яго занадта жорсткім і аддалі мяне ў таэквандо. Пазаймаўся я гады чатыры таэквандо, даволі нядрэнна атрымлівалася, але калі стаў больш дарослы і ўжо мог выбіраць нешта самастойна, у выніку ўсё роўна трапіў туды, куды ўвесь час жадаў. На гэты момант, лічу, дасягнуў пэўных вынікаў, на якіх, зрэшты, спыняцца не зьбіраюся, іду далей. А што тычыцца таго, дзе і чым падсілкоўваюся... Так, я таксама лічу, што на генэтычным узроўні, у крыві ў нас закладзеная ваяўнічасьць, якая была ў ваяроў ВКЛ. Бо ў нашым стылі без напорства, характару няма чаго рабіць. Нездарма кажуць, што беларуская школа — адна з наймацнейшых у сьвеце. Таму што на самой справе нешта ёсьць нябачнае воку, што мы атрымалі ў спадчыну ад сваіх продкаў.

— Калі летась каманда выпраўлялася на эўрапейскае першынства ў Партугалію, дзе вы сталі чэмпіёнам Эўропы, кампанія «Будзьма» экіпіравала байцоў майкамі з выявамі крылатых гусараў ВКЛ і гербам «Пагоня». Наколькі ўдалы вобраз, наколькі ён адлюстроўвае сувязь пакаленьняў?

— Я лічу, што вобраз на самой справе вельмі цікавы. Мы фактычна ўпершыню атрымалі «ўніформу», у кожнага на майцы лацінкай было напісана прозьвішча па-беларуску. Усім нашым ідэя вельмі спадабалася. Дый ня толькі нам, замежнікі адразу зьвярталі ўвагу, бо адразу бачна — вось яна, каманда. Таму задума надзвычай добрая, асабіста мне яна адразу прыйшлася даспадобы. Каб у будучым хто-небудзь гэтак жа папрацаваў над касьцюмамі, усе былі б задаволеныя і ўдзячныя. Але нават з майкамі ўсе зьвярталі ўвагу, бо выглядала досыць нязвыкла, прынамсі нестандартна. Была пазначана і краіна — Беларусь, і прозьвішча кожнага. Здалёк можна было ідэнтыфікаваць.

— Даводзілася калегам зь іншых камандаў тлумачыць, што за вершнік, што за герб?

— Найбольш літоўцы падыходзілі, запытвалі. Зьнізу на майцы быў нанесены герб «Пагоня», які цяпер, атрымліваецца, афіцыйны герб у літоўцаў. Яны шчыра зьдзіўляліся: гэта ж наш герб, чаму ён раптам у вас? То бок літоўцы нават не сумняюцца, што гэта іхні герб і быў ён у іх заўсёды, тады як далёка ня ўсе беларусы нават ведаюць, што насамрэч «Пагоня» належыць нам.

— Чаму беларусы, адрозна ад тых жа літоўцаў, у масе сваёй мала цікавяцца гісторыяй дасавецкага часу?
Разьвіваюцца адзінкі, астатнія жывуць як у канвэеры: вучоба, праца, дом, на выходных — выпіць, пагуляць

— Па-першае, мала даносяць праўдзівых зьвестак, пачынаючы яшчэ са школы. Па-другое, цяпер людзі пайшлі, скажам так, вузка разьвітыя. Агульная маса не разьвіваецца ўвогуле. Моладзь сядзіць у гаджэтах, у лепшым выпадку сходзяць на дыскатэку. Няма ў людзей ніякіх інтарэсаў. Разьвіваюцца адзінкі, астатнія жывуць як у канвэеры: вучоба, праца, дом, на выходных — выпіць, пагуляць. Такая вось праграма-максымум. Асабіста ў мяне апошнім часам кардынальна зьмянілася стаўленьне да жыцьця. Стараюся разьвівацца, шмат чытаю, цікаўлюся рознымі спрэчнымі тэмамі. То бок каб ня проста таптацца на месцы, хадзіць на трэніроўкі і сядзець дома, а намагацца разьвівацца і ў іншых кірунках.

— Самая адметная рыса кожнага народа — нацыянальная мова. З рознымі моўнымі носьбітамі, мяркую, вы сутыкаецеся падчас міжнародных спаборніцтваў. А вось чаму многія грамадзяне Беларусі расьпісваюцца ў непавазе да роднай мовы?

— Мабыць, людзі пасьля столькіх гадоў русыфікацыі папросту саромеюцца беларускай мовы. Думаю, справа збольшага ў гэтым. Просты прыклад: ідзеш ты па вуліцы, размаўляеш па-беларуску. Людзі глядзяць на цябе як не на «свайго», лічаць, што ты зь «дзярэўні». То бок яшчэ моцны стэрэатып, што беларуская мова — «калгасная, неінтэлігентная». Хоць насамрэч гэта зусім ня так. Я лічу, што беларусы павінна размаўляць на сваёй мове. Мы ж у Беларусі жывём і павінны ведаць свае карані, сваю гісторыю. Цікавіцца, што адбывалася ў нас раней, і ні ў якім разе не саромецца размаўляць на роднай мове.

— Калі па-беларуску пачаў гаварыць Віталь Гуркоў, гэта было нечакана? Падсьмейваліся зь яго ў камандзе?

— Так, было троху нечакана, але ніхто не падсьмейваўся. Хачу адзначыць, што ўвогуле ў нас вельмі добрыя ўзаемадачыненьні ў камандзе, усе адзін аднаго падтрымліваюць, разумеюць. Дарэчы, ня толькі Віталь, Юры Булат вельмі добра размаўляе на беларускай мове, я вось далучаюся. Таму з гэтым няма ніякіх праблемаў.

— Ня раз здабыткам галоснасьці рабіліся інцыдэнты, калі міліцыя забараняла заўзятарам падтрымліваць спартоўцаў бел-чырвона-белымі сьцягамі. Падзел на «правільных» і «няправільных» фанатаў апраўданы?

— Я лічу, што дзяліць ня трэба, бо гэта справа кожнага, якім сьцягам падтрымліваць сваю краіну, сваю каманду. Галоўнае, што людзі прыйшлі ці прыехалі перажываць менавіта за Беларусь. А пад якім сьцягам яны гэта робяць — гэта выбар канкрэтнага чалавека. Асабіста я бел-чырвона-белы сьцяг прымаю ўжо таму, што гэта нашы карані, наша мінулае. Зь якой прычыны яго кепска ўспрымаць?

— Каманда беларускіх тайбаксёраў адметная ня толькі выбітнымі вынікамі, але і грамадзянскай пазыцыяй шэрагу яе прадстаўнікоў. А ў якой ступені адчуваеце дзяржаўны клопат?

— Скажу так: у нашай краіне ўвагі тайбоксу надаецца мала. Прычына якраз у тым, як мы казалі напачатку, што гэта не алімпійскі від спорту. Ад гэтага і заробкі невялікія, і дзяржаўны інтарэс такі ж самы. Можа, у будучым і будзе нейкі пад’ём уверх, а можа і не, хто яго ведае. Хоць інтарэс да тайбоксу з боку заўзятараў, спэцыялістаў у Беларусі значны. Пару гадоў таму на адзін з турніраў у «Менск Арэне» сабралася больш за 9 тысяч гледачоў, для нашага віду спорту гэта вялікая колькасьць. Іншая справа, — каб ладзіць такія турніры з усясьветнымі зоркамі, патрэбныя немалыя грошы. Але грошы браць няма адкуль: дзяржава не дае, са спонсарствам таксама складанасьці. Так склалася, што добраахвотна сродкі на спорт у нас ніхто ня хоча даваць, калі толькі ў загадным парадку на віды, якія знаходзяцца пад патранатам дзяржавы.


Дзьмітры Валент нарадзіўся 13 красавіка 1988 году ў Менску ў рабочай сям’і. Пачынаў займацца таэквандо, у 13 гадоў перайшоў у тайскі бокс. Трэніруецца ў менскім клюбе «Kick Fighter Gym». Выступае ў сярэдняй і супэрсярэдняй вазе, майстар спорту міжнароднага клясу. Свой першы тытул заваяваў на чэмпіянаце сьвету паводле вэрсыі W.M.F. у 2006 годзе ва ўзросьце 17 гадоў. У 2007-м выйграў залаты мэдаль на чэмпіянаце сьвету паводле вэрсіі W.A.K.O. У наступныя гады мэдалёвая калекцыя імкліва папаўнялася. На рахунку Валента — вікторыі над такімі выбітнымі байцамі, як Ёган Лідан, Шэйн Кэмпбэл, Паўлас Капоніс і іншымі. Летась, пасьля заваяваньня чарговага тытулу на чэмпіянаце Эўропы, пабраўся шлюбам з Марыяй Пімахавай — вядомай тайбаксёркай, якая трэніруецца ў сталічным клюбе «Патрыёт» і якая таксама прывезла з Партугаліі залатую ўзнагароду. На дваіх маладыя маюць два дзясяткі ўсясьветных і эўрапейскіх чэмпіёнскіх тытулаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG