Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Палякі спадзяюцца, што калі на іх тэрыторыі будуць амэрыканцы, то амэрыканцы тады ня кінуць і палякаў»


Poland -- Polish soldier prepares a military exhibition in front of the venue of the NATO Summit, which will start in two days, in Warsaw, July 6, 2016

Poland -- Polish soldier prepares a military exhibition in front of the venue of the NATO Summit, which will start in two days, in Warsaw, July 6, 2016

У Варшаве праходзіць саміт НАТО. Як новыя вайсковыя крокі альянсу мяняюць геапалітычную сытуацыю ў рэгіёне? Ці гэта ўплывае на ваенна-стратэгічнае месца Беларусі і яе статус як саюзьніка Расеі?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць палітоляг Андрэй Ягораў і ваенны экспэрт Аляксандар Алесін. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: 8–9 чэрвеня ў Варшаве адбылася сустрэча кіраўнікоў дзяржаў і кіраўнікоў урадаў краін-удзельніц Паўночнаатлянтычнага альянсу. На саміце ў Польшчы было абвешчана пра апэратыўную гатоўнасьць сыстэмы супрацьракетнай абароны альянсу. Як новыя вайсковыя крокі альянсу ўплываюць на геапалітычную сытуацыю ў рэгіёне?

Ягораў: Натуральна, што пашырэньне прысутнасьці НАТО ў рэгіёне — гэта адказ на агрэсію Расеі. Гэта найбуйнейшая мабілізацыя сілаў альянсу з канца «халоднай вайны». Гэта знак Расеі, што ўсе сябры альянсу знаходзяцца пад абаронай усіх краінаў альянсу. Гэта вельмі значна для ўсяго рэгіёну, гэта прыносіць больш стабільнасьці. Бо стратэгія дзеяньняў Расеі тычылася пэўных правакацыяў і абапіралася на спадзевы, што рэакцыя НАТО ня будзе рашучай. Таму большая дэманстрацыя гатоўнасьці НАТО бараніць сваіх сябраў можа астудзіць імпэт Расеі і стабілізаваць вайскова-стратэгічную сытуацыю ў рэгіёне.

Андрэй Ягораў

Андрэй Ягораў

Алесін: Мне здаецца, падзеі ўжо разьвіваюцца паводле лёгікі эскаляцыі, дзеяньне нараджае супрацьдзеяньне. Расея загадзя падрыхтавалася да рашэньняў саміту НАТО. Калі паглядзець паведамленьні пра фармаваньне новых дывізіяў і разьмяшчэньне базаў і вайсковых абʼектаў, то іначай як падрыхтоўкай адказу на ўзмацненьне сілаў НАТО ў краінах Балтыі і Польшчы гэта не назавеш. Далей, я мяркую, калі рэальна зьявяцца гэтыя брыгады на тэрыторыі краінаў Балтыі — то Расея будзе працягваць нарошчваць свае сілы, Калінінград будзе мілітарызоўвацца, туды паступяць Іскандэры. Магчыма, у Крыме зьявяцца бамбавікі вялікай дальнасьці.

Відавочна, будзе ўзмацняцца ціск на Беларусь, каб яна або разьмясьціла на сваёй тэрыторыі расейскія вайсковыя базы, або дазволіла Расеі выкарыстоўваць сваю інфраструктуру для нарошчваньня сілаў супрацьдзеяньня НАТО.

Я думаю, што такое разьвіцьцё падзеяў на руку ўладам Расеі. Улічваючы эканамічны крызіс, гэта ўсё прымушае кіраўніцтва Расеі шукаць зьнешняга ворага, на хвалі ўра-патрыятызму ў заканадаўчы орган яўна пройдуць імпэрыялісты, прыхільнікі жорсткага курсу.

Цыганкоў: Аляксандар, а хіба НАТО не магло не рэагаваць на дзеяньні Расеі ва Ўкраіне? Якраз альянс многія палітыкі крытыкавалі за недастаткова моцны адказ на дзеяньні Масквы. Зь іншага боку, апошнія тэндэнцыі ў Расеі прыводзяць да перамогі «імпэрыялістаў» незалежна ад таго, што будзе рабіць НАТО.

Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

Алесін: Калі становіцца халадней і галадней, то аргумэнтаў трэба больш, і тут дапамагае тое, што можна паказаць на ворага. Але НАТО тут таксама ня вольнае ў сваіх рашэньнях, бо грамадзкая думка ў краінах Балтыі і Польшчы не зразумее свайго кіраўніцтва, калі тое ня будзе нічога прадпрымаць. Гэта больш палітычны крок, бо ніякія батальёны ў некалькі сотняў ня ў стане будуць процістаяць Расеі, калі тая прадпрыме атаку. Але палякі спадзяюцца, што калі на іх тэрыторыі будуць амэрыканцы, то амэрыканцы тады ня кінуць і палякаў.

Цыганкоў: Палітолягі ўжо выказваюць меркаваньне, што ўзмоцніцца ціск на Беларусь наконт разьмяшчэньня тут расейскай вайсковай базы. Як Беларусь здолее абараняцца ад гэтага, ці ёсьць у афіцыйнага Менску козыры, каб адстойваць сваю пазыцыю?

Ягораў: Вядома, я думаю, што ціск узмоцніцца. Але ў асноўным гэта псыхалягічны ціск, на перамовах, які ня мае пад сабой грунтоўных захадаў, якія дазволяць прыціснуць Менск да сьценкі. Бо інструмэнтаў уплыву на ўнутраную сытуацыю ў Беларусі ў Расеі ня так шмат. Пры тым кантэксьце адносінаў, якія існуюць сёньня, Масква вымушаная мець сымбалічную ляяльнасьць Менску, ставіцца да Беларусі як саюзьніка — таму яны абмежаваныя ў сродках ціску.

Таму, я думаю, Беларусь можа даволі пасьпяхова супраціўляцца гэтай базе. І, акрамя таго, у вайсковым сэнсе гэтая база ня мае такога вырашальнага стратэгічнага інтарэсу, Менск можа адбіцца. Або Расея павінна значна павысіць эканамічныя субсыдыі, каб Беларусь пагадзілася на базу.

Алесін: Калі паглядзець на мапу, то беларускі клін, балькон выступае ў краіны НАТО і навісае над Украінай. Таму з стратэгічнага пункту гледжаньня Беларусь — найважнейшы пляцдарм. І я не зусім згодны, што ў Расеі зусім няма сродкаў ціску. Гэта найперш эканамічныя рычагі, цана на газ, допуск на расейскі рынак нашых сельгаспрадуктаў і гэтак далей.

Ягораў: Беларусь на гэтыя крокі можа адказаць выхадам з Эўразійскага зьвязу, з АДКБ, і цалкам прыпыніць гэтую гульню Расеі. Шмат ёсьць шалёнага (напрыклад, перапыніць пастаўкі газу), што можна зрабіць, калі Расея ідзе на абвастрэньне сытуацыі. Да таго ж можна пайсьці на Захад ужо ня жартачкамі, як цяпер, а ўсурʼёз. І пасьля такіх рэзкіх крокаў Беларусі Расеі давядзецца ўводзіць сілавыя варыянты. А гэта будзе значна даражэй.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG