Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Варшаўскі саміт НАТО: Ці магчыма стрымліваць Пуціна? 


Якія асноўныя рашэньні былі прынятыя на саміце Паўночнаатлянтычнага альянсу? Ці выклічуць яны рост ваеннай напружанасьці ў рэгіёне? Ці прымусіць Масква Менск даць згоду на расейскія базы на беларускай тэрыторыі?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць ваенны экспэрт Аляксандар Алесін, рэдактар часопісу «Ідэя» Рыгор Астапеня і палітоляг Андрэй Фёдараў. Вядзе перадачу Юры Дракахруст.

Што апрача чатырох батальёнаў?

Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Дракахруст: Якія рашэньні саміту НАТО, які прайшоў у Варшаве на гэтым тыдні, падаюцца вам найбольш важнымі, такімі, якія будуць працяглы час уплываць на ваенна-стратэгічную сытуацыю ў рэгіёне? Найбольш вядомае рашэньне: разьмяшчэньне на ратацыйнай аснове чатырох батальёнаў па тысячы чалавек зь Нямеччыны, Вялікабрытаніі, Канады і ЗША ў краінах Балтыі і Польшчы. А якія яшчэ рашэньні саміту ці акцэнты, зробленыя на саміце, вы б адзначылі?

Астапеня: Калі казаць пра падзеі і вынікі, якія тычацца нашага рэгіёну, я б зьвярнуў увагу на словы прэзыдэнта Францыі Франсуа Алянда, які заявіў, што НАТО ня будзе вызначаць, хто зьяўляецца ворагам для Францыі і Эўропы, і што Расея не зьяўляецца пагрозай для Францыі і Эўропы. Гэта перагукаецца з тым, што некалькі тыдняў таму казаў міністар замежных справаў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмайер, які заявіў, што «НАТО бразгае зброяй».

Гэтыя ж тэндэнцыі знайшлі адлюстраваньне ў тым, што на саміце мы так і не пабачылі, што ж НАТО зьбіраецца рабіць з Грузіяй і Украінай. Гэтыя краіны працяглы час імкнуцца далучыцца да альянсу, і яны ў значнай ступені і трапілі ў іх цяперашнюю сытуацыю з прычыны гэтага імкненьня. Адказу на гэтае імкненьне ў Варшаве не прагучала.

Алесін: Я зьвярнуў увагу на тое, што НАТО ня вырашыла ніводнага пытаньня, не прыняла ніякага доўгатэрміновага рашэньня. Альянс практычна пагадзіўся з той канфігурацыяй сілаў, якая цяпер склалася ў Эўропе і ясна паказала, што ўсур’ёз канфліктаваць з Расеяй НАТО ня хоча. І сытуацыя паводле формулы Троцкага «ні міру, ні вайны» НАТО задавальняе.

Фёдараў: Я б пагадзіўся з калегамі ў тым, што НАТО вырашыла не ісьці на паглыбленьне канфрантацыі з Расеяй. Але я не глядзеў бы на сытуацыю гэтаксама пэсымістычна, як яны.

Там было прынята некалькі рашэньняў, якія будуць уплываць на сытуацыю неўзабаве. Акрамя тых чатырох батальёнаў, пра якія вы ўзгадвалі, гэта баявая гатоўнасьць сыстэмы эўрапейскай супрацьракетнай абароны, гэта рашэньні па супрацьдзеяньні атакам у кібэрпрасторы, гэта і дамова аб ваеннай супрацы паміж НАТО і ЭЗ.

Вялікабрытанія сыходзіць з ЭЗ, яна была даволі актыўным апанэнтам стварэньня ўласна эўрапейскай сыстэмы абароны. Цяпер яе ўплыў будзе меншы, і ня выключана, што ЭЗ пачне ствараць уласныя ўзброеныя сілы.

Стрымліваньне: дылема часоў «халоднай вайны»

Дракахруст: І напярэдадні саміту НАТО, і раней Расея заяўляла, што не пакіне без адказу нарошчваньне вайсковага патэнцыялу на ўсходняй мяжы альянсу. Варта адзначыць, што «адказ» папярэднічаў выкліку і быў непрапарцыйна большым — яшчэ ў студзені гэтага году міністар абароны РФ Сяргей Шайгу абвясьціў, што Расея стварае на сваёй заходняй мяжы тры новыя дывізіі. Тры дывізіі — гэта прынамсі 30 тысяч чалавек. На 4 тысячы ў Балтыі і Польшчы. Чаму такая дыспрапорцыя і чаму адказ папярэднічаў выкліку? Ці гэта быў адказ на нейкі іншы выклік?

Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

Алесін: Калі мы паглядзім на канфігурацыю разьмяшчэньня гэтых новых расейскіх частак, яны знаходзяцца даволі далёка ад будучых месцаў дыслякацыі новых натаўскіх батальёнаў. Наўпрост лічыць іх альбо адказам альбо папераджальным манэўрам нельга. Каб перакінуць гэтыя дывізіі ў раён гіпатэтычнага канфлікту, спатрэбіцца значны час.

Ва ўмовах аэракасьмічнага нападу яны нічым не дапамогуць. Таму я б не лічыў іх адказам на натаўскія батальёны. Я тут больш бачу папярэджаньне Беларусі.
Раней, як бы ня складваліся адносіны, Расея не разьмяшчала войскі на заходнім накірунку, як бы пацьвярджаючы словы Аляксандра Лукашэнкі, што беларуская армія — адзіная ваенная сіла, якая абараняе Маскву. А зараз ствараецца другая лінія абароны.

Канфігурацыя гэтай групоўкі паказвае, што яна мае абарончы характар.
Я мяркую, што вынікі саміту на руку агрэсіўным, ваяўнічым колам у расейскім істэблішмэнце, якія настойваюць на пашырэньні ваенных прыгатаваньняў, на павялічэньні ваенных выдаткаў, нягледзячы на эканамічныя цяжкасьці.

У сьвятле хуткіх выбараў, няпростай палітычнай сытуацыі Масква паспрабуе скарыстаць рашэньні саміту НАТО на сваю карысьць.

Дракахруст: Генэральны сакратар НАТО Енс Столтэнбэрг заявіў, што Альянс пераходзіць да палітыкі стрымліваньня Расеі. Захад практыкаваў гэтую палітыку адносна СССР дзесяцігодзьдзямі «халоднай вайны». Столтэнбэрг заявіў, што новая палітыка — гэта не вяртаньне ў часы «халоднай вайны», але стрымліваньне было інструмэнтам палітыкі менавіта «халоднай вайны».

Але варта сказаць, што гэта палітыка — даволі тонкая паводле выкананьня, яна больш са сфэры псыхалёгіі, чым уласна ваеннай стратэгіі. У яе межах важна і не недарэагаваць, не стварыць у праціўніка ўражаньня сваёй слабасьці, не спарадзіць спакусу беспакаранай агрэсіі, але і не перарэагаваць, не стварыць у праціўніка ўражаньня прамой ваеннай пагрозы і ня выклікаць ваенны ўдар.

У якой ступені рэшэньні саміту НАТО праходзяць паміж гэтымі Сцылай і Харыбдай палітыкі стрымліваньня?

Астапеня: У такіх справах вынік высьвятляецца post factum, зараз цяжка сказаць, ці здолеў альянс прайсьці паміж гэтымі Сцылай і Харыбдай. Але мне падаецца, што НАТО прадэманстравала цьвёрдасьць, узмацніўшы свае войскі на сваім усходнім флянгу. Адначасова НАТО шукае нейкага супольнага рашэньня з Расеяй, мы бачым, што адразу пасьля саміту прызначаная сустрэча ў межах Рады НАТО-РФ.

Пытаньне ў тым, што НАТО, як больш рацыянальная сіла, баіцца больш. НАТО ўсьведамляе, што гэтыя небясьпечныя палёты расейскіх самалётаў над Балтыйскім морам некалі могуць прывесьці да інцыдэнту, які раскруціць сьпіраль вайсковага канфлікту.

Мне падаецца, што зараз НАТО спрабуе знайсьці балянс паміж страхамі сваіх чальцоў на ўсходзе і сваім жаданьнем знайсьці кампраміс з Расеяй.

Падчас Саміту НАТО ў Варшаве

Падчас Саміту НАТО ў Варшаве

Дракахруст: Андрэй, а як вы ацэньваеце гэты балянс? Усе ведаюць знакамітае дасьледаваньне RAND Corporation, паводле якога расейскай арміі спатрэбіцца 72 гадзіны, каб захапіць усе тры балтыйскія краіны. Паводле ацэнак экспэртаў, каб перадухіліць гэты сцэнар, трэба разьмясьціць у краінах Балтыі некалькі дывізіяў НАТО.

Ну і вось вынік — тры батальёны. Ці ня ёсьць гэта слабы адказ?

Зь іншага боку, як ні парадаксальна, можна спаслацца на досьвед Расеі. У 2008 годзе Грузія не нападала на Расею. Грузія сілавым шляхам вырашала канфлікт з уласным сэпаратысцкім рэгіёнам Паўднёвай Асэтыяй. Але там стаялі расейскія міратворцы і ў выніку абстрэлаў Цхінвалі страты несьлі і яны. І Расея ў абарону сваіх міратворцаў кінула танкі.

Ці ня будуць выконваць гэтыя тры новыя батальёны ў Літве, Латвіі і Эстоніі ролю тых расейскіх міратворцаў у Паўднёвай Асэтыі?

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

Фёдараў: Гэта менавіта так. Але я хацеў бы сказаць некалькі словаў наконт вашага папярэдняга пытаньня — пра тры дывізіі супраць чатырох батальёнаў. Я абсалютна ўпэўнены, што расейскае кіраўніцтва насамрэч не баіцца ні пашырэньня НАТО, ні набліжэньня яго інфраструктуры да расейскіх межаў, тым больш у колькасьці чатырох батальёнаў. У Маскве ведаюць, што ніякай ваеннай пагрозы для Расеі Паўночнаатлянтычны альянс не ўяўляе, ён ніколі на яе нападаць ня будзе.

А вось што Маскве не падабаецца, дык гэта тое, што ў такіх абставінах робіцца цяжэй ажыцьцяўляць сёньняшнюю экспансіянісцкую палітыку і аднаўляць імпэрыю. Менавіта гэта ёсьць прычына неадэкватнай расейскай рэакцыі.

І разьмяшчэньне гэтых батальёнаў — вялікі крок наперад. Калі Расея захоча захапіць краіны Балтыі, яна будзе забіваць немцаў, канадцаў і брытанцаў. І яна будзе ведаць, што адказ тут будзе абавязкова.

Гітлер, Сталін і Пуцін

Дракахруст: Публіцысты і нават палітыкі на Захадзе даволі часта параўноўваюць Уладзімера Пуціна з Гітлерам. Але ў сьвятле абвешчанай у Варшаве палітыкі стрымліваньня варта зрабіць адну гістарычную заўвагу — Гітлера немагчыма было стрымліваць.

Сталіна — можна, Гітлера — не. Гітлер не баяўся і нават хацеў вайны. Дылема была ці перад ім капітуляваць ці зь ім ваяваць. Са Сталіным і яго пераемнікамі набор варыянтаў быў больш шырокі.

Пуцін=Гітлер — гэта проста лаянка ці паліталягічнае вызначэньне? Вы, Андрэй, зараз сказалі, што ён хоча аднавіць імпэрыю. Дык можа і будзе аднаўляць любой цаной? Калі вайной — то вайной. Так?

Фёдараў: Тут пытаньне, наколькі ён зьяўляецца абсалютным кіраўніком Расеі, ці можа ён насуперак меркаваньням хеўры сваіх прысьпешнікаў пачаць вайну. Ці можа ён пачаць вайну насуперак ім? Я ў гэтым пакуль што не ўпэўнены. Мне здаецца, што ня так там усё адназначна.

А тое, што ён чалавек не зусім адэкватны, гэта, на жаль, так і ёсьць і небясьпека існуе. Таму, магчыма, альянс і робіць менш, чым мог бы, для стрымліваньня агрэсіі. НАТО ўлічвае гэты чыньнік і ня хоча залішне правакаваць Расею.

Алесін: Ёсьць пэўная памылка адносна Пуціна. Насамрэч гэта чалавек халоднага разьліку, які рацыянальна ацэньвае суадносіны сілаў. Ён наносіць удар толькі там, дзе мае вялікую перавагу, дзе ёсьць слабае месца.

Таму не варта чакаць, што ён будзе нападаць на краіны Балтыі, што ён у Эўропе працягне сваю агрэсіўную палітыку.

Ён разумее, што трэба пераварыць тое, што ён ужо захапіў. Таму ён, як вопытны баксёр, будзе абазначаць удар, але сапраўдны ўдар нанясе там, дзе яго не чакаюць і дзе ў яго будзе перавага.

У чым сутнасьць гібрыднай вайны? У тым, каб стварыць слабасьць унутры праціўніка і скарыстацца ёй.

Захад разумее, што Пуцін зараз ня пойдзе на краіны НАТО. Адсюль і гэтыя батальёны. Яны сапраўды своеасаблівыя закладнікі. Бо з ваеннага пункту гледжаньня краіны Балтыі немагчыма абараніць.

Пуцін ударыць пад дых там, дзе мы не чакаем. Магчыма, гэта будзе і наша краіна.

Астапеня: Мне здаецца, што краіны НАТО абароненыя абсалютна. Чакаць пагрозы ў Літве, Латвіі ці Эстоніі і тым больш у Польшчы не выпадае. Адказваючы на вашае, Юры, пытаньне, я б сказаў, што Пуцін бліжэй да Сталіна, чым да Гітлера.

Расейскія базы ў Беларусі: пытаньне рубам ці рублём

Дракахруст: Ну і нарэшце — пра Беларусь. Напярэдадні саміту міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей быў з візытам у Рызе. Там на пытаньне журналістаў, ці зьявіцца ўсё ж у Беларусі расейская авіябаза, адказаў дыпляматычна, спаслаўшыся на папярэднія заявы прэзыдэнта Лукашэнкі. Калі прыгадаць гэтыя заявы, то гэта хутчэй «не» ці пэўна «не».

Але гэтае «не» — да варшаўскага саміту НАТО. А калі пасьля яго Масква паставіць пытаньне рубам? Ці рублём — у сэнсе шчодра заплаціць. Заходнія экспэрты і зараз разглядаюць Беларусь у ваенным сэнсе як частку Расеі. Такія ацэнкі маюць рацыю? Ці будуць мець рацыю пасьля варшаўскага саміту НАТО?

Алесін: Я мяркую, што гэта прымітызаваны пункт гледжаньня. Зразумела, ўзброеныя сілы Беларусі не зьяўляюцца часткай расейскіх узброеных сілаў. Мы саюзьнікі толькі таму, што гэта рашэньне кіраўніцтва нашай дзяржавы. Яно сыходзіць з эканамічнай прывязкі Беларусі да Расеі і адсутнасьці альтэрнатыўных рынкаў.

Пакуль нашая краіна будзе гандляваць прадукцыяй свайго машынабудаўнічага комплексу толькі з Расеяй і атрымліваць сыравіну ізноў жа з Расеі, я мяркую, сытуацыя будзе такая ж, як зараз.

Большага чакаць ня варта, бо Лукашэнка разумее, што перадавыя тэхналёгіі і інвэстыцыі можна атрымаць на Захадзе. Пакуль спадзеў на гэта не страчаны, ён будзе працягваць палітыку балянсу. Захад яго заваблівае ў гэты бок.

Прымусіць Лукашэнку зьмяніць гэтую пазыцыю можа рэзкае пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ў нашай краіне і патрэба ў тэрміновым фінансаваньні.

Вось тады пазыцыя можа завагацца, а да тае пары ён будзе балянсаваць, разумеючы, што безаглядна кідацца ў абдымкі Расеі вельмі небясьпечна.

Астапеня: Мне здаецца, што за шмат гадоў Лукашэнка прадэманстраваў, што ён не выконвае прамых загадаў Крамля. Апошнія гады паказалі, што беларускае войска знаходзіцца пад поўным кантролем прэзыдэнта. Зьменшылася колькасьць беларускіх навучэнцаў у расейскіх вайсковых вучэльнях і акадэміях, зьменшылася колькасьць беларускіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у супольных з РФ вучэньнях, павялічылася колькасьць уласных, не зьвязаных з РФ, праектаў у сфэры ВПК, як той жа «Палянэз».

Аднак гэта ўсё пры Лукашэнку. А што будзе, калі яго ня стане? НАТО гэта таксама ўлічвае. Ёсьць пытаньне, пад чыім кіраўніцтвам апынецца беларускае войска пасьля Лукашэнкі — пад беларускім ці пад вонкавым.

Таму ў НАТО няма іншага выйсьця, як лічыць, што ў пэўных абставінах беларускае войска сапраўды можа быць часткай расейскага ў той ці іншай ступені.

Але ў дадзены момант такія сьцьвярджэньні — проста хлусьня.

Фёдараў: Тое, што Масква ў пэўнай сытуацыі можа даціснуць Менск — для мяне гэта адназначна. Вагароў у яе хапае.

Але ёсьць варыянты. Дапусьцім, адновіцца «халодная вайна» і ў Беларусі зьявіцца расейская авіябаза. Гэта вельмі непрыемна маральна, гэта будзе шкодзіць нашым адносінам з Захадам, але адна база — гэта непрынцыпова.

Іншая сытуацыя, калі справа дойдзе да вайны паміж Захадам і Расеяй. Але і тут вырашальным чыньнікам будзе тое, што нападзе на каго. Калі гэта будзе Захад — гэта адна справа. Я ў такую магчымасьць ня веру, але калі яна рэалізуецца, то ўсё будзе проста.

А калі нападнікам будзе Расея, ўцягнуць Беларусь у вайну будзе значна цяжэй. Наўрад ці Крэмль здолее гэта зрабіць праз галаву беларускай улады, а вось наконт яе гатоўнасьці далучыцца да такой афёры ў мяне ёсьць вялікія сумневы.

Але ў любым выпадку зразумела, што мы апынуліся ў закладніках нашай шматгадовай залежнасьці ад Расеі, і нічога асабліва добрага ў гэтай сытуацыі нам чакаць не выпадае.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG