Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Арэшкін: Стратэгія Пуціна «не чапайце мяне, у мяне ёсьць даведка» на НАТО больш ня дзейнічае


Дзьмітры Арэшкін

Дзьмітры Арэшкін

Расейскі палітоляг Дзьмітрый Арэшкін расказаў Свабодзе, як ў Расеі ставяцца да Варшаўскага саміту НАТО, на якім адным з галоўных пытаньняў заяўлена папярэджаньне і супрацьстаяньне расейскай агрэсіі.

— Якую рэакцыю на афіцыйным узроўні выклікае тое, што чарговы саміт НАТО дэ-факта скіраваны супраць Расеі, якая ўспрымаецца альянсам як ваенная пагроза?

— Рэакцыя распадаецца на два ўзроўні. Першы — рытарычны, у межах якога выказваецца абурэньне, шкадаваньне, а таксама тое, што «мы знойдзем, чым адказаць». Усё ў савецкай стылістыцы. І ясна, што нічога іншага прагучаць тут ня можа.

Нашмат больш цікавы другі ўзровень. Назавем яго рэальным. Ён адлюстроўвае тое, што можа быць зроблена папраўдзе. І тут усё ўпіраецца ў эканоміку. У таварыша Пуціна вялікія эканамічныя праблемы і, да таго ж, абвастраецца канфлікт паміж эканамічным і ваенна-прамысловым сэктарамі. Адныя бяруць грошы з тумбачкі, а другія павінны іх у гэтую тумбачку класьці. Адным словам, да 2025 году прэтэнзіі ваенна-прамысловага комплексу ў два разы большыя, чым гатоўнасьць фінансавага блёку іх аплочваць. А мы ўсё ж не ў СССР, калі ўвесь ВУП сыходзіў на абарону. Тады ніхто не кантраляваў гэтага працэсу — і тое не хапіла. А цяпер ёсьць сацыяльныя праблемы, ёсьць выбары, і ўладам трэба старацца ня вельмі моцна пагаршаць жыцьцё расейцам. Такім чынам ёсьць выключна матэрыяльныя абмежаваньні на тое, каб «даваць адпор агрэсіўнаму блёку НАТО».

— Што будзе рабіць кіраўніцтва Расеі?

— Чым большая напруга патрыятычнай рыторыкі, тым больш можна спадзявацца на тое, што людзі будуць і далей пагаджацца актыўней зацягваць паясы. Але зразумела, што мы не ў часы Сталіна і грамадзтва нейкае значэньне ўсё ж мае. Таму сілавікам не дадуць столькі грошай, колькі яны патрабуюць. Таму таварыш Пуцін будзе балянсаваць на лязе брытвы і палохаць Захад тым, што «не чапайце мяне, у мяне ёсьць даведка, калі што, я ядзерную бомбу магу выраніць». Нічога іншага не застаецца — рэальнай ваеннай моцы няма. Выкарыстоўваючы гэты мэтад, Пуцін шмат разоў меў рацыю — як толькі ён рабіў выгляд, што гатовы ўвязацца ў сурʼёзную вайну, Захад адразу адступаў і казаў: «Чорт з табой, абы не было вайны». Так было з Грузіяй, з Чачнёй. А з Украінай не прайшло — напэўна, гэта была кропка пералому.

Схема, якая была актуальнай яшчэ некалькі год таму, перастала працаваць — Захад раптам перастаў адступаць перад пагрозамі Пуціна

— Цяпер ужо няма той сытуацыі, і Захад будзе выступаць з пазыцыі сілы?

— Так, менавіта гэта я і кажу. І мне падаецца, што гэта надзвычай важна. Схема, якая была актуальнай яшчэ некалькі год таму, перастала працаваць — Захад раптам перастаў адступаць перад пагрозамі Пуціна. З пункту гледжаньня Пуціна, гэта дзіўна, незвычайна і неяк не па правілах.

— Гэта нечакана для Пуціна? Чым ён гатовы адказаць?

— Так, жорсткая пазыцыя НАТО і Захаду ўвогуле стала неспадзяванкай. Пуцін прывык ставіцца да Захаду як да слабых, тлустых, лянівых і баязьлівых буржуяў, якім абы не сапсаваць адносіны з пастаўшчыкамі газу і ня страціць галасы выбаршчыкаў. Але выявілася, што гэта ня так і Захад гатовы даць адпор. А яшчэ выявілася, што Пуціну няма чым адказаць. І адзінае, што ён можа зрабіць, гэта вярнуцца да стратэгіі запалохваньня.

— У выніку перадысьлякацый расейскіх войскаў, тысячы салдат перакідваюцца да мяжы зь Беларусьсю. Апошні таму факт быў зафіксаваны зусім нядаўна — у паселішчы Клінцы, што за 40 км ад мяжы зь Беларусьсю. Гэта таксама запалохваньне? Чаго можна чакаць далей?

— Так, Пуцін хацеў бы прасунуць свае войскі ня толькі да межаў з вашай краінай, але і на тэрыторыю самой Беларусі. Гэта было б моцным крокам, каб напалохаць Захад. Але беларускі прэзыдэнт Лукашэнка выдатна разумее сытуацыю і возьме за гэта вялікія грошы. Так, ён гаворыць гучныя словы пра «братні расейскі народ, разам зь якім мы разам спынялі фашызм», але за авіяцыйную базу ён будзе прасіць прыкладна столькі ж, колькі і за базу Чарнаморскага флёту на Крыме. А плаціць Пуціну цяпер няма чым. Гэта стане ясна, калі палічыць, колькі каштуе ўтрыманьне ЛНР, ДНР, санкцыі, а таксама Крым разам з мастом. Кошт гэтай радасьці вымяраецца трыльёнамі рублёў. А ў нас увесь ВУП вымяраецца трыльёнамі рублёў. Прытым не дзясяткамі трыльёнаў.

— Ці можна казаць, што, як і падчас «халоднай вайны», Захад перамог?

— Пра канчатковую перамогу гаварыць яшчэ рана, але дакладна можна адзначыць, што Захад мае такую стратэгію, у выніку якой нават такія пыльным мехам стукнутыя краіны, як, напрыклад, Іран, вымушаныя рэагаваць на санкцыі і эканамічны ціск. Тое самае будзе і з Расеяй. НАТО гаворыць, што будзе нарошчваць сваю прысутнасьць на ўсходніх межах. Дададуць, напрыклад, чатыры батальёны, і эканамічна гэта нічога ня будзе значыць для Захаду. Адказваючы на гэта, Пуцін вымушаны рэагаваць разьмяшчэньнем трох дадатковых дывізій, а гэта 30 тысяч чалавек і значныя выдаткі для адной краіны.

— Такім чынам, усё вызначае эканоміка?

— Так, праблема гэтая разьвязваецца ў сфэры эканомікі. А вайна — гэта пакуль яшчэ сфэра страшылак. У Расеі ёсьць рытарычная перавага за кошт прапаганды, але эканамічная перавага відавочна на баку Захаду. Але Расея можа павялічыць колькасьць дэманстрацыйных пралётаў самалётаў над караблямі НАТО, гэта так. Я маю на ўвазе розныя дэманстратыўныя мэтады запалохваньня, але палітыкі на Захадзе гатовыя да гэтага, яны гэтага чакаюць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG