Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Конрад Паўлік: На Беларусі і Польшчы вялікая адказнасьць, таму што мы мяжуем і з Украінай і з Расеяй


Конрад Паўлік
Конрад Паўлік

«СБ-Беларусь сегодня» ў дзень пачатку Варшаўскага саміту НАТО надрукавала артыкул амбасадара Польшчы, у якім ён піша пра задачы саміту і польска-беларускія дачыненьні.

«Для Польшчы як гаспадыні саміту важна, каб нашы суседзі і партнэры, у тым ліку Беларусь, атрымалі пра яго вычарпальную інфармацыю зь першых рук. Мы імкнемся да прыняцьця на саміце якасна новага ваеннага Варшаўскага пакету дакумэнтаў. Ён будзе грунтавацца на канцэпцыі „ўзмоцненай сталай прысутнасьці“, а ня толькі на тактыцы хуткага перакідваньня сіл, прынятай падчас папярэдняга саміту ў Ньюпорце», — піша Конрад Паўлік.

Паводле Паўліка, новая канцэпцыя павінна забясьпечыць эфэктыўнае адпалохваньне (у першую чаргу на ўсходнім флянгу) і абарону ўсяго НАТО і павінна дапаўняць рашэньні, прынятыя ў 2014 годзе.

«Гэта лягічна і цалкам адпавядае прынцыпу забесьпячэньня роўнай ступені бясьпекі ўсім сябрам альянсу. Мы адкрыта гаворым, які характар будзе насіць узмоцненая пастаянная прысутнасьць НАТО на ўсходнім флянгу. Перш за ўсё, яна будзе шматнацыянальнай і здольнай рэагаваць на розныя пагрозы».

Амбасадар адзначае, што Польшча і Беларусь маюць аднолькавыя мэты на міжнароднай арэне — абарона сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці:

«Аналізуючы сучасны сьвет, Польшча і Беларусь шмат у чым падобныя. Для палякаў найвышэйшая каштоўнасьць — абарона сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці. Пра гэтыя ж прыярытэты кажа і прэзыдэнт Лукашэнка. Мы надаём вялікае значэньне захаваньню нормаў міжнароднага права, статуту ААН і пастановам дакумэнтаў АБСЭ, паколькі менавіта яны зьяўляюцца гарантам стабільнасьці і міру ў Эўропе. Мы ў роўнай ступені зацікаўленыя ў мірным супрацоўніцтве, захаваньні і ўмацаваньні стабільнасьці ў нашым рэгіёне. Але НАТО не імкнецца да канфрантацыі. Наша адзіная мэта — забесьпячэньне бясьпекі краінам-сябрам альянсу. Я перакананы, што гэта яшчэ адна кропка судакрананьня паміж Польшчай і Беларусьсю. На нашых краінах сёньня ляжыць вялікая адказнасьць за бясьпеку і стабільнасьць у рэгіёне, паколькі толькі нашы дзяржавы мяжуюць як з Украінай, так і з Расеяй. Арганізаваўшы менскія перамовы па завяршэньні канфлікту ва Ўсходняй Украіне, Беларусь даказала, што можа быць донарам стабільнасьці ў рэгіёне, прымаць захады па згладжваньні напружанасьці, весьці дыялёг і шукаць кампрамісы. Польшча хоча падтрымліваць гэты важны працэс. Але каб адчуваць сябе камфортна і ўпэўнена, мы павінны быць таксама гатовыя да самых складаных сцэнароў для таго, каб іх прадухіляць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG