Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня выключана, што пасьля саміту Расея зробіць на беларускія ўлады вельмі моцны ціск, значна больш моцны, чым раней, для таго, каб Беларусь устала нейкім чынам у расейскі вайсковы шыхт».

Якія наступствы для ваеннай і зьнешняй палітыкі Беларусі будуць мець вынікі Варшаўскага саміту НАТО і рэакцыя на іх Расеі?

Абмяркоўваюць: Валер Карбалевіч, Юры Дракахруст, ВІталь Цыганкоў.

Карбалевіч: Саміт НАТО, які праходзіў у Варшаве 8 і 9 ліпеня, зробіць значны ўплыў на геапалітычныя працэсы ў рэгіёне Ўсходняй Эўропы. На парадку дня гэтага форуму было шмат пытаньняў, але асноўнай тэмай быў адказ Паўночнаатлянтычнага альянсу на дзеяньні Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны. НАТО разглядае гэта як пагрозу ўсяму рэгіёну і абвясьціла палітыку стрымліваньня РФ. Паводле генэральнага сакратара альянсу Енса Столтэнбэрга, рашэньні саміту сталі самым значным узмацненьнем калектыўнай абароны з часоў заканчэньня халоднай вайны.

На самай справе кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў Паўночнаатлянтычнага альянсу ў Варшаве не распачалі нічога такога, што прынцыпова зьмяніла б стратэгічны балянс сілаў у рэгіёне. Было заяўлена, што НАТО бярэ пад кантроль супрацьракетную сыстэму ў Эўропе. Нагадаю, што будаўніцтва гэтай сыстэмы спачатку ажыцьцяўлялася як толькі амэрыканскі праект.

На саміце НАТО прынятае рашэньне аб разьмяшчэньні з 2017 году чатырох батальёнаў у краінах Балтыі і Польшчы колькасьцю до 1000 вайскоўцаў. Наўрад ці гэтыя маленькія кантынгенты напалохаюць Расею ці будуць ёй рэальна пагражаць. Гэта хутчэй сымбалічны палітычны жэст, закліканы прадэманстраваць Маскве, што НАТО прыняў выклік і гатовы абараняць сваіх членаў.

Рашэньні саміту сталі самым значным узмацненьнем калектыўнай абароны з часоў заканчэньня халоднай вайны.

На саміце НАТО ў Варшаве прысутнічалі лідэры многіх дзяржаваў, якія не зьяўляюцца чальцамі альянсу, напрыклад, прэзыдэнты Ўкраіны, Малдовы, Армэніі, Азэрбайджану. Толькі Беларусь зьзяла сваёй адсутнасьцю. Тым ня менш, у кулюарах саміту Беларусь згадвалася некалькі разоў.

Так, міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус, адказваючы на пытаньні журналістаў, заявіў, што з-за шчыльнай «інтэграцыі ваенных сілаў» Беларусі і Расеі дзьве краіны ўспрымаюць як «адно цэлае». Ён выказаў афіцыйную пазыцыю НАТО.

Такім чынам, нягледзячы на ўсе намаганьні афіцыйнага Менску дэманстраваць нэўтралітэт і дыстанцыявацца ад канфліктаў Расеі зь іншымі краінамі, стратэгічнае плянаваньне Паўночнаатлянтычнага альянсу разглядае Беларусь у якасьці безумоўнага ваенна-палітычнага саюзьніка Расеі, кіруючыся інстытуцыйнымі фактарамі. То бок тым, што Беларусь зьяўляецца членам АДКБ, зьвязаная ваеннымі пагадненьнямі з РФ у рамках саюзнай дзяржавы. Лёгка ўявіць, што гэта будзе азначаць на практыцы ў выпадку ваеннага канфлікту паміж Расеяй і НАТО.

І яшчэ адзін сюжэт. Міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі на прэсавай канфэрэнцыі перад пачаткам саміту заявіў: «Польшча хоча адыгрываць ролю пасярэдніка, які дапаможа збліжэньню Беларусі з НАТО». На гэта адразу ж нэгатыўна адрэагаваў МЗС Беларусі. Начальнік аддзелу прэсавай службы міністэрства Марыя Ваньшына заявіла: «Беларусь заўсёды выступала і выступае за прамы, без пасярэднікаў, дыялёг з усімі партнэрамі, уключаючы НАТО».

Гэта азначае, што Менск не зацікаўлены ў тым, каб нейкая краіна манапалізавала працэс разьвіцьця адносінаў Беларусі з Захадам. Яму карысная дыпляматычная дывэрсыфікацыя. Калі партнэраў шмат, можна прапаноўваць эксклюзіўныя праекты, улічваючы іх асаблівыя інтарэсы, гуляць на супярэчнасьцях.

Дракахруст: Можа быць, тон варшаўскага саміту быў значна больш важным, чым яго ваеннае рашэньне. Сапраўды чатыры батальёны, у чатырох краінах, ніякай ваеннай пагрозы нікому не ўяўляюць, увогуле гэта даволі абмежаваная ваенная сіла. Але вось ідэалягічны пасыл выглядае куды больш важным.

Таму што там ішла размова пра тое, што цяпер гэта батальёны, але паглядзім, як будзе сябе паводзіць Расея, можа гэта стануць брыгады ці штосьці большае. Так што, магчыма, гэта сапраўды пачатак нейкага больш шырокага працэсу.

На што ўплывае гэты тон? Так выглядае, што Расея, ці жывучы ў сьвеце сваіх уяўленьняў, ці рэагуючы на тон, успрымае саміт як ледзь ня саміт абвяшчэньня вайны, прынамсі «халоднай вайны». І ў гэтай сытуацыі гэта тычыцца Беларусі наўпрост, таму што беларуская тэрыторыя — гэта магчымасьць для рознага кшталту адказаў. І ня выключана, што менавіта пасьля саміту на беларускія ўлады будзе зроблены вельмі моцны ціск, значна больш моцны, чым раней, для таго, каб Беларусь устала нейкім чынам у расейскі вайсковы шыхт. Ня ведаю, у якой форме, але ў нейкай. Гэта і базы, гэта і іншая зьнешняя палітыка.

Беларусь сапраўды ваенны саюзьнік Расеі. І калі Захад кажа, што мы пачынаем стрымліваць гэтага саюзьніка, то Беларусі будзе складана праводзіць лінію «наша хата з краю». Магчыма, расейцы будуць пераконваць афіцыйны Менск у тым, што «ня з краю».

Беларусі будзе складана праводзіць лінію «наша хата з краю».

Аднак менавіта ў сувязі з гэтым я б не перабольшваў значэньня заяваў пра тое, што нехта разглядае Беларусь і Расею «як адно цэлае» ў ваенным сэнсе. Я думаю, што калі ўжо абвяшчаецца палітыка стрымліваньня, то зь вялікай увагай ставяцца да ня цалкам ляяльных і надзейных саюзьнікаў таго, каго стрымліваюць. У савецкія часы, у 1960-80-я гады Румынія Чаўшэску ў ваенным сэнсе была часткай савецкай сыстэмы. Але некаторыя крокі Бухарэсту ўбок з гэтага адзінага шыхта вельмі ўзнагароджваліся Захадам. Так што ня выключана, што і зараз за некаторыя крокі ўбок з расейскага шыхта Беларусь можа атрымаць больш, чым за гэтыя самыя крокі атрымала б месяц ці год таму.

Заява спадара Вашчыкоўскага выглядала неяк дзіўна, гэта такія польскія мары. Яна нават дзіўна гучала функцыянальна: Польшча будзе пасярэднікам паміж Беларусьсю і НАТО. Ну дык Польшча і ёсьць НАТО. І як чалец палітычнай і ваеннай арганізацыі можа быць пасярэднікам паміж усёй арганізацыяй і трэцім бокам? І ў дадзеным выпадку рэакцыя МЗС Беларусі была даволі натуральнай.

Цыганкоў: Канстатацыя таго факту, што Беларусь цяпер зьяўляецца дэ-факта ваенна-палітычным і ваенна-стратэгічным саюзьнікам Расеі, гэта, з аднаго боку, ацьверазеньне для тых, хто думаў, што Беларусь дастаткова далёка сышла з гэтага шляху, з другога — гэта канстатацыя рэальнасьці з мэтай задаць пытаньне, а ці правільная гэтая рэальнасьць?

А ці нельга яе зьмяніць? Калі Беларусь так ці іначай асьцярожна будзе рабіць крокі ўбок ад гэтай рэальнасьці, зразумела, што яны будуць вітацца і больш прыкметна, чым раней.

Беларусь на дадзены момант з пункту гледжаньня НАТО разглядаецца як адзіная з Расеяй ваенна-стратэгічная структура.

Некаторыя сытуацыі паказваюць, як працуе АДКБ. Нібыта ваенна-палітычная структура, але ў рамках яе атрымліваецца, што іншыя сябры гэтай структуры не сьпяшаюцца на дапамогу аднаму з чальцоў, што паказаў армяна-азэрбайджанскі канфлікт. Хутчэй наадварот, афіцыйныя сувязі Беларусі больш моцныя з Азэрбайджанам, чым з яе саюзьнікам па АДКБ — Армэніяй. Хаця, натуральна, што беларуска-расейскія дачыненьні — гэта не беларуска-армянскія.

Беларусь на дадзены момант з пункту гледжаньня НАТО разглядаецца як адзіная з Расеяй ваенна-стратэгічная структура. Але і Расея ўжо пачынае не зусім давяраць Беларусі. Менавіта так экспэрты, у тым ліку Аляксандар Алесін, ацанілі тое, што Расея ў Смаленску разьмясьціла сваё вайсковае злучэньне. Цяпер для Масквы ў ваенным сэнсе Беларусь ужо менш важная, чым раней, калі, паводле Лукашэнкі, ад Берасьця да Масквы ў Расеі была толькі беларуская армія. Да таго ж вайсковае злучэньне ля межаў Беларусі — гэта пэўны ціск на яе.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG